Читайте также:
|
|
У ІХ ст. на аснове племяннога княжання крывічоў–палачан узнікла Полацкае княства. Яно ахоплівала паўночную і часткова цэнтральную частку сучаснай Беларусі. Цэнтрам княства становіцца Полацк – самы першы горад на тэрыторыі Беларусі, які ўзгадваецца ў летапісах пад 862 г. Полацкае княства размяшчалася на гандлёвых шляхах “з вараг у грэкі” і кантралявала частку гэтых шляхоў уздоўж Заходняй Дзвіны і міжрэчча Дзвіны і Дняпра.
Полацкае княства перыядычна падтрымлівала саюзныя адносіны з іншымі славянскімі княствамі ва Ўсходняй Еўропе, буйнейшыя з якіх мелі цэнтры ў Кіеве і Ноўгарадзе. На чале гэтых славянскіх княстваў часта знаходзіліся варажскія (скандынаўскія) князі са сваімі дружынамі. Часам Полацк трапляў у непасрэднае падпарадкаванне гэтых княстваў. Палачане ў якасці саюзнікаў нярэдка прымалі ўдзел ў набегах славян і варагаў на сталіцу Візантыі – Канстанцінопаль. Пасля аднаго з іх, у 907 г. сярод шэрагу князёў, якія атрымалі долю здабычы, узгадваецца полацкая князёўна – Прадслава.
У другой палове Х ст. буйнейшай дзяржавай ва Ўсходняй Еўропе стала Кіеўскае княства. Паступова яе князі шляхам ваенных захопаў або дагавораў з мясцовымі князямі падначалілі сваёй уладзе большасць іншых славянскіх дзяржаў у рэгіёне. На чале Кіеўскай дзяржавы знаходзілася дынастыя варажскіх князёў – Русь, першым прадстаўніком якой з’яўляўся Рурык. Паступова паняцце “Русь” пачынае ахопліваць усе тэрыторыі, на якія распаўсюджвалася ўлада князёў дынастыі Рурыкавічаў. Гісторыкі традыцыйна называюць кангламерат усходнеславянскіх княстваў на чале з вялікім князем з дынастыі Рюрыкавічаў Кіеўскай Руссю.
Першым вядомым з летапісных крыніц полацкім князем з’яўляецца Рагвалод. Па найбольш верагоднай версіі ён быў варагам, аб чым сведчаць шведскія сагі, па іншых альбо быў крывічом, альбо палабскім ці паморскім славянінам. Падчас міжусобнай барацьбы паміж кіеўскім князем Яраполкам і наўгародскім князем Уладзімірам, каля 980 г., ён і яго дачка Рагнеда становяцца на бок першага. За гэта і асабістую абразу, якую яму нанеслі, адвяргаючы сватаўство да Рагнеды, Уладзімір захапіў Полацк; паводле яго загаду былі забітыя Рагвалод і яго сыны, а Рагнеда гвалтоўна стала яго жонкай.
У канцы Х – пачатку ХІ стст. пад уладай Уладзіміра і яго дынастыі апынулася большасць усходнеславянскіх княстваў, у тым ліку і Полацкае. (канец Х ст.) Па ініцыятыве Уладзіміра ў канцы Х ст. у Кіеве, а потым ва ўсіх падначаленых яму землях пануючай рэлігіяй стала хрысціянства ва ўсходняй візантыйскай версіі. З таго часу ўсходняе хрысціянства (праваслаўе) ва Ўсходняй Еўропе называлася “рускай верай”.
У канцы Х ст. (каля 988 г.) было адноўлена Полацкае княства ў якасці ўдзельнага княства ў складзе Кіеўскай дзяржавы. На чале яго быў пастаўлены старэйшы сын Уладзіміра ад Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (988–1001 гг.). Паколькі Ізяслаў з’яўляўся непасрэдным нашчадкам Рагвалода, з устанаўленнем яго ўлады звязваецца аднаўленне полацкай княскай дынастыі. Пасля прыняцця Уладзімірам хрысціянства і няўдалага замаху на жыццё князя Рагнеда была астрыжана ў манашкі пад імём Анастасія (лічыцца першай манашкай ва Ўсходняй Еўропе) і саслана на Полаччыну, дзе яна памерла ў Ізяслаўскім манастыры ў 1000 г.
Пасля смерці Ізяслава полацкімі князямі з’яўляліся яго сыны Усяслаў (1001–1003 гг.) і Брачыслаў (1003–1044 гг.).
Пасля смерці князя Уладзіміра Святаславіча ў Кіеўскай дзяржаве пачынаецца барацьба за ўладу паміж яго нашчадкамі, адным з якіх быў полацкі князь Брачыслаў. Пад яго кіраваннем палачане ў 1021 г. захапілі і разрабавалі г. Ноўгарад. Войска сына Ўладзіміра наўгародскага і кіеўскага князя Яраслава Мудрага дагнала іх на р. Судамір. Пасля ўзброенай сутычкі быў заключаны мір, паводле якога да Полацкага княства былі далучаны Віцебск, Усвяты і валокі паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной. Брачыслаў меў поўную ўладу ў Полацкай зямлі. Па сутнасці Полацкае княства аднаўляе сваю дзяржаўную самастойнасць.
Падчас княжання Брачыслава Полацкае княства захоўвала саюзніцкія адносіны з Кіеўскай дзяржавай. Дружыны полацкіх і кіеўскіх князёў сумесна ўдзельнічалі ў паходах на суседнія балцкія землі, у заснаванні Браслава і, верагодна, Новагародка.
Найвялікшага росквіту Полацкае княства дасягнула падчас княжання Усяслава Брачыслававіча “Чарадзея” (1044–1101гг.). У гэты час абвастраюцца адносіны Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай і падуладнымі ёй княствамі.
У 1065–1066 гг. палачане на чале з Усяславам здзейснілі рабаўнічыя паходы на Пскоў і Ноўгарад. У адказ князі Кіеўскай Русі накіравалі супраць Полацкага княства вялікія сілы, якія спалілі Менск. 3 сакавіка 1067 г. паміж імі і палачанамі адбываецца бітва на р. Нямізе, якая скончылася велізарнымі стратамі для абодвух бакоў. Запрошаны на перамовы Ўсяслаў з сынамі быў захоплены ў палон і пасаджаны ў Кіеве ў поруб (турму). У выніку народнага паўстання кіян ў 1068 г. Усяслаў Чарадзей на 7 месяцаў стаў князем у Кіеве. Але ў 1069 г. быў пазбаўлены пасады і вымушаны змагацца за полацкі трон. У 1071 г. ён канчаткова вярнуў сабе ўладу ў Полацку. У 1077 і 1084 гг. адзін з кіеўскіх князёў Уладзімір Манамах здзейсніў паходы на Полацк і Менск. У 1078 г. палачане спалілі Смаленск. Полацкае княства ў часы Ўсяслава Чарадзея заставалася палітычна цалкам незалежным.
Яшчэ адным з накірункаў знешняй палітыкі Усяслава з’яўлялася экспанія на землі балцкіх плямёнаў. Полацкае княства ўстанавіла сваю ўладу, якая выяўлялася ў выплаце даніны, над плямёнамі яцвягаў, літвы (на тэрыторыі сучасных усходняй Літвы і заходняй Беларусі), латгалаў і ліваў (на тэрыторыі сучаснай Латвіі). На землях латгалаў ствараюцца славянскія гарады – Кукенойс і Герцыке.
Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. тэрыторыя Полацкага княства была падзелена на шэраг удзельных княстваў: Віцебскае, Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Друцкае, Лукомскае. Пачаўся перыядфеадальнай раздробленасці. Кожнае з удзельных княстваў мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму. У той жа час яны падпарадкоўваліся полацкаму князю (выплата даніны, адзіная знешняя палітыка, сумесныя ваенныя паходы). На чале ўдзельных княстваў станавіліся князі полацкай дынастыі. Вялікі князь полацкі з’яўляўся свайго роду старшынёй федэратыўнага саюзу князёў Полацкай зямлі.
У першай трэці ХІІ ст. працягваецца барацьба Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай. Найбольш актыўную палітыку, скіраваную супраць Кіева, праводзіў менскі ўдзельны князь Глеб Усяславіч, які ў 1116 г. здзейсніў паход на Слуцк, а ў 1117 г. – на Оршу і Копысь. У выніку паходу кааліцыі князёў на чале з Уладзімірам Манамахам Глеб быў захоплены ў палон, дзе быў атручаны ў 1119 г.
У 1127 г. быў арганізаваны вялікі паход на чале з кіеўскім князем Мсціславам супраць Полацкай зямлі. Падчас яго былі захоплены Лагойск, Ізяслаўль; Полацкае княства фактычна было падпарадкавана Кіеву. У 1129 г. шмат удзельных полацкіх князёў разам з сем’ямі былі высланы ў Візантыю, адкуль вярнуліся толькі ў 1139 г.
З 1230-х гг. адбываецца распад Кіеўскай дзяржавы і яна паступова губляе пануючы ўплыў у рэгіёне. У 1132 г. полацкае веча выгнала кіеўскага стаўленіка Ізяслава і выбрала на княжанне прадстаўніка полацкай дынастыі Васільку Святаславіча.
У ХІІ–ХІІІ стст. у Полацкай зямлі фарміруецца новая сістэма дзяржаўна-палітычнага ладу, якая можа быць ахарактарызавана як вечавая дэмакратыя. Асноўнымі органамі дзяржаўнай улады ў Полацкім і ўдзельных княствах з’яўляліся князь – кіраўнік дзяржавы, узначальваў ваенныя сілы і адміністрацыйны апарат, ажыццяўляў суд. Князь абапіраўся на дружыну – пастаянную ўзброеныя сілу. Надзвычай важную ролю ў Полацкай зямлі стала адыгрываць веча – агульны сход усіх свабодных дарослых жыхароў княства мужчынскага полу.
Такім чынам, Полацкае княства ў ІХ – ХІІІ стст. з’яўлялася буйнейшым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пасля непрцяглага перыяду палітычнай залежнасці ад Кіеўскай дзяржавы яно на працягу ХІІ – ХІІІ стст. ажыццяўляла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку. Пад уплывам феадальнай раздробленасці ў Полацкім княстве склалася спецыфічная форма дзяржаўна-палітычнага ўладкавання – вечавая дэмакратыя.
Да паўднёвых меж Полацкай зямлі прымыкала Тураўскае княства. Яго тэрыторыя ў асноўным адпавядала рассяленню дрыгавічоў. Галоўным горадам быў Тураў, упершыню ўзгаданы пад 980 г. Назва горада звязваецца з імем князя Тура, ад якога насельніцтва празвалась тураўцамі.
У 988 г. Вялікі князь кіеўскі Уладзімір аддаў Тураў свайму прыёмнаму сыну Святаполку Яраполчычу. Так закончылась існаванне княжання дрыгавічоў і пачалася гісторыя Тураўскага княства. На працягу каля 150 гадоў сваёй ранняй гісторыі яно займала важнае месца ў сістэме Кіеўскай Русі. Тураўскія князі, як правіла, пераходзілі на кіеўскі вялікакняжыцкі трон.
Святаполк Яраполчыч – першы гістарычна дакладны князь Тураўскага княства. Ён першым сярод усходнеславянскіх князёў выступіў за незалежнасць ад Кіева. Каля 1010 Святаполк жаніўся на дачце польскага князя. Адразу маладыя пачалі рыхтаваць замову супраць Уладзіміра, але няўдала. Былі схоплены і пасаджаны ў кіеўскую турму. Пагроза вайны з Польшай заставіла Уладзіміра вызваліць зняволеных. Праўда, ў Тураў Святаполка не адпусцілі. Пакінулі ў Кіеве пад наглядам. У 1015 г. Уладзімір памёр, і тураўскі князь заняў кіеўскі трон.
З 1019 па 1042 гг. Тураўскае княства знаходзілася пад уладай Вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага. Затым 70 гадоў (1042–1113) княства належыла дынастычнай лініі старэйшага сына Яраслава Мудрага – Ізяслава (Ізяслаў, яго сыны Яраполк і Святаполк). Любецкі з’езд 1097 г. князёў Кіеўскай Русі зацвердзіў праналежнасць Тураўскага княства за дынастычнай лініяй Ізяслава. Але, калі ў 1113 г. на кіеўскі трон уступіў Уладзімір Манамах, ён не перадаў Тураў нашчадкам Ізяслава, а захаваў за сабой. Да 1158 г. Тураўскае княства належыла Манамахавічам.
У 1158 г. унук Святаполка Ізяславіча Юрый Яраславіч сілай вярнуў Тураўскае княства сваёй дынастыі. Тураўцы яго подтрымалі, адбілі две кіеўскія аблогі. Дынастыя Ізяславічаў і самастойнасць Тураўскага княства аднавілісь.
Асаблівасцямі грамадска-палітычнага ладу Тураўскага княства з’яўляецца наяўнасць пасадніка, тысяцкага і роль веча. Звычайна тураўскія князі пераходзілі на вялікакняжыцкі трон у Кіеве, а Тураўскае княства пакідалі за сабой. Сюды назначаўся кіраваць княжыцкі намеснік – пасаднік. І нават калі князь вяртаўся, пасаднік працягваў працаваць. Паколькі дружына пакідала Тураў разам з князям, то ролю галоўнай ваеннай сілы адыгрывала апалчэнне. Налічвала яно каля тысячы ўзброеных гараджан. Узначальваў апалчэнне тысяцкі. У Тураве дзейнічала веча. Пры гэтым тураўцы мелі права голасу нават пры назначэнні епіскапа. Нагадаем, што ў Полацку епіскап назначаўся кіеўскім мітрапалітам.
Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 469 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Балты і славяне ў VI-ІХ стст. Усходнеславянскія саюзы плямён. | | | Беларусь у часы Вялікага Княства Літоўскага. |