Читайте также: |
|
Брачыслаў – полацкі князь з 1003 г. па 1044 г., сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча. Першы князь адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў. Пашырыў межы Полацкага княства, далучыў землі паміж Заходняй Дзвіной і Дзісной, дзе заснаваў горад Браслаў.
Еўфрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава) – полацкая князёўна, унучка Усяслава Чарадзея, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, першая жанчына на Русі, якая была кананізавана ў святыя.
Ізяслаў Уладзіміравіч – полацкі князь з 988 г., сын кіеўскага князя Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды. Узнавіў полацкую дынастыю. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёю адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаў (цяпер г. Заслаўе пад Мінскам). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полацкай зямлі, створана адно з першых епіскапстваў (992 гг.), уведзена пісьменства.
Кірыла і Мяфодзій – славянскія асветнікі, стваральнікі славянскай азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Кананізаваны праваслаўнай і каталіцкай царквамі. Свята 11 мая старога стылю ў Балгарыі, а з 1986 г. у славянскіх рэспубліках былога СССР, у тым ліку ў Беларусі, адзначаецца як дзень славянскага пісьменства і культуры. У Мінскай Святадухаўскай царкве ёсць прытвор Кірылы і Мяфодзія, дзейнічае Кірыла-Мяфодзіеўскае брацтва.
Кірыла Тураўскі – епіскап, славуты пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч, майстар аратарскай прозы. Захавалася каля 70 твораў К. Тураўскага розных жанраў: малітвы, павучанні, прытчы, каноны. Ужо ў пачатку ХІІІ ст. шанаваўся як святы (пра афіцыйную яго кананізацыю звестак няма).
Лазар Богша – полацкі майстар ювелір ХІІ ст., вольны рамеснік. У 1161 г. стварыў па заказу полацкай князёўны Еўфрасінні – шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі – крыж Еўфрасінні Полацкай. Крыж шасціканцовы (даўжыня 51 см.), аснова яго драўляная. На пярэдняй і адваротнай плоскасці прымацавана па 11 залатых пласцін, аздобленых перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, каштоўнымі камянямі. Бакі крыжа абкладзены сярэбранымі пазалочанымі пласцінамі. На іх прасечаны надпіс, у якім паведамляецца гісторыя стварэння рэліквіі, дата, імя майстра. Да 1941 г. зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, а потым страчаны.
Рагвалод – першы гістарычна вядомы полацкі князь. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 г. быў забіты разам з жонкаю і 2 сынамі наўгародскім князем Уладзімірам Святаславічам.
Рагнеда – полацкая князёўна, дачка князя Рагвалода. Пасля захопу Полацка вымушана была стаць жонкай князя Уладзіміра. Маці князёў Ізяслава і Яраслава Мудрага. Пасля высылкі з Кіева на радзіму пастрыглася ў манахіні пад імем Анастасіі.
Рурыкавічы – назва прадстаўнікоў правячай дынастыі ў княствах Кіеўскай Русі ў Х–ХІІІ стст. і княжацкіх родах, што паходзілі ад Рурыка. Мяркуецца, што пачынальнік рода. – варажскі князь Рурык, быў прызваны на княжанне наўгародцамі ў 862 г.
Уладзімір Святаславіч – князь наўгародскі з 969 г., потым кіеўскі, брат Яраполка. Каля 980 г. захапіў Полацк і Кіеў. У 988 – 989 гг. увёў на Русі хрысціянства як дзяржаўную рэлігію. У гады яго княжання Кіеўская Русь дасягнула высокага палітычнага, эканамічнага і культурнага ўзроўню. У канцы княжання пачалі з’яўляцца прыкметы раздробленасці Кіеўскай Русі. Кананізаваны праваслаўнай царквой. У народнай памяці застаўся шчодрым князем, якога ўслаўляюць быліны і называюць «Красное солнышко».
Усяслаў Брачыслававіч – князь полацкі з 1044 г. Змагаўся з кіеўскімі князямі за самастойнасць і незалежнасць Полацкага княства, у час Кіеўскага паўстання 1068 – 1069 гг. 7 месяцаў быў вялікім князем кіеўскім. У гады яго княжання Полацкае зямля дасягнула найвышэйшай магутнасці. Пабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. За рашучасць, розум і энергію празваны Чарадзеем.
Літаратура:
1. Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Т.У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2011. – Т. 2: Л–Я.
2. Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. А-К / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]; склад. Ю. У. Каласоўскі. – Мінск, 2009.
3. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. / пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. – Мінск, 2007.
4. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый / пад рэд. В. І. Галубовіча, Ю. М. Бохана. – Мінск, 2007.
5. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2000-2006. – Т. 1: Старажытная Беларусь: ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст.
6. Ковкель, И. И. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени / И. И. Ковкель, Э. С. Ярмусик. – Минск, 2006.
7. Трещенок, Я. И. История Беларуси: учеб. пособие: в 2 ч. / Я. И. Трещенок. – Могилев, 2004. – Ч. 1: Досоветский период.
8. Эканамічная гісторыя Беларусі: вучэб. дапам. / пад рэд. В. І. Галубовіча. – Мінск, 1999.
9. Чарняўскі, М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: першабытны перыяд. – Мінск, 2003.
10. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1993 – 2003.
11. Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. – Мінск, 1989.
Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 379 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК | | | ТЭМЫ РЭФЕРАТАЎ |