Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Расійскі шлях палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі (другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст.).

Читайте также:
  1. Влади (кін. IX – поч. XI ст.).
  2. Прычыны і пачатак Другой сусветнай вайны.
  3. Тема 3. Україна в складі Російської та Польської держав (1708 р. – кін. XVIII ст.).
  4. Тема3. Українські землі в складі Великого князівства Литовського (XIV-XVI ст.).
  5. Эвалюцыя палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь

19 лютага 1861 г. цар Аляксандр II (1855-1881 гг.) падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і заканадаўчыя акты (палажэнні) аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці. 5 сакавіка 1861 г. гэтыя дакументы былі апублікаваны.

“Агульнае палажэнне” дэкларавала аб скасаванні назаўсёды прыгоннага права, вызначала асабістыя і маёмасныя правы сялян, парадак утварэння сельскага кіравання і выканання сялянамі дзяржаўных, земскіх і мірскіх павіннасцяў. “Мясцовыя палажэнні” ўстанаўлівалі ў залежнасці ад мясцовых умоў парадак надзялення сялян зямлёй і выканання імі павіннасцяў на карысць памешчыкаў. У Магілёўскай і васьмі паветах Віцебскай губерняў землеўпарадкаванне сялян праводзілася па “Мясцоваму палажэнню для велікарускіх, новарасійскіх і беларускіх губерняў”, а ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і чатырох паветах Віцебскай губерняў –па асобнаму “Мясцоваму палажэнню”.

Паводле “Агульнага палажэння” памешчык заставаўся ўласнікам усёй належачай яму да рэформы зямлі, але частку яе ён быў вымушаны адвесці для сялянскіх надзелаў. Сяляне атрымлівалі зямельны надзел не ў асабістую ўласнасць, а ў пастаяннае карыстанне. Да заключэння выкупной здзелкі селянін знаходзіўся ў станечасоваабавязанага і выконваў на карысць памешчыка вызначаныя павіннасці. Толькі пасля заключэння выкупной здзелкі з памешчыкам сяляне станавіліся ўласнікамі зямельнага надзелу. Памер выкупной сумы зямельнага надзелу вызначаўся на аснове 6%-най капіталізацыі гадавога аброку. Сяляне былі павінны заплаціць памешчыку 20 – 25 % гэтай сумы, а астатнюю частку (80–75 %) памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Для ажыццяўлення выкупной аперацыі дзяржава давала сялянам доўгатэрміновую грашовую пазыку (на 49 гадоў). Памер выкупу значна перавышаў фактычны кошт зямлі. Так, рыначны кошт зямлі ў Мінскай губерні складаў 18 руб. за дзесяціну, а па выкупу сяляне павінны былі заплаціць за яе 79 руб. 20 кап.

У сувязі з паўстаннем 1863-1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі царызм вымушаны быў увесці пэўныя змены ў правядзенні рэформы для беларускіх губерняў:

ліквідацыю “часоваабавязаннага” становішча сялян і ўвядзенне абавязковага выкупа сялянскіх надзелаў;

- памяншэнне на 20% выкупных плацяжоў;

- вяртанне сялянам зямлі, адабранай у іх з 1857 г. (адрэзкі);

- надзяленне беззямельных сялянскіх сем’яў трыма дзесяцінамі зямлі;

- перадачу сялянам часткі зямлі ўдзельнікаў паўстання.

Адмена прыгоннага права спалучалася з шэрагам іншых рэформаў (ваенная, судовая, школьная, гарадская), якія спрыялі пераходу Расіі на капіталістычны шлях развіцця. Аднак у Беларусі гэтыя рэформы праводзіліся пазней, са змяненнямі і абмежаваннямі.

Паўстанне 1863-1864 гг. Адмена прыгоннага права супала з актывізацыяй новай хвалі рэвалюцыйнага руху на землях былой Рэчы Паспалітай. Шляхецкія рэвалюцыянеры падзяляліся на «белых» і «чырвоных». Большасць «белых» паходзіла з памешчыцкіх колаў. «Чырвоная» плынь была значна больш стракатай па паходжанні. Калі «белыя» ставілі перад сабой мэту – толькі адраджэнне былой дзяржавы ў межах 1772 г., то «чырвоныя»вырашэнне эканамічных і сацыяльных пытанняў.

Летам 1862 г. прадстаўнікі «левых» для падрыхтоўкі паўстання стварылі ў Вільні Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). На чале яго стаяў выдатны дзеяч беларускага дэмакратычнага руху Канстанцін Каліноўскі. Ён выступаў за разгортванне сялянскай рэвалюцыі. Шляхта, на яго думку, з'яўлялася «прагніўшай і разбэшчанай кастай». Разам з У. Урублеўскім і Ф. Ражанскім у 1862–1863 гг. К. Каліноўскі выдаваў першую нелегальную газету на беларускай мове «Мужыцкая праўда».

У студзені 1863 г. ў Польшчы пачалося паўстанне. 1 лютага 1863 г. ЛПК таксама звярнуўся да насельніцтва з адозвай браць у рукі зброю. У паўстанні прымала актыўны ўдзел шляхта, некалькі ў меншай ступені – сяляне. Ваенныя дзеянні паўстанцаў нагадвалі партызанскія акцыі: адкрыта ўступаць у бітву з расійскімі войскамі большасць не рашалася. 24 красавіка 1863 г. атрад Л. Звяждоўскага захапіў павятовы цэнтр Горкі. У гэтым яму дапамагалі студэнты мясцовага земляробчага інстытута.

Аднак спрэчкі паміж «белымі» і «чырвонымі», дрэнная падрыхтоўка і рэпрэсіі царскага ўрада прывялі да паражэння паўстання. 22 сакавіка 1864 г. захоплены ў палон К. Каліноўскі быў пакараны смерцю. Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад цара неабмежаваныя паўнамоцтвы, жорстка распраўляўся з паўстанцамі. 128 з іх былі пакараны смерцю, 800 – адпраўлены на катаргу, больш за 12 тысяч – высланы з Беларусі.

Памешчыкі і сяляне-католікі абмяжоўваліся ў сваіх правах. Быў зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут, апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі. Фактычна была забаронена і беларуская мова. Разам з тым, сяляне былі вызвалены ад стану часоваабавязаных. Беззямельныя сяляне атрымоўвалі невялікія надзелы. Пасля падаўлення паўстання царызм таксама правёў некаторыя ліберальныя рэформы: земскую (1864 ), судовую (1864 ), гарадскую (1870 ) і ваенную (1874 ). Аднак на Беларусі з-за недаверу царскага ўрада да мясцовага насельніцтва гэтыя рэформы ў поўным аб’ёме прайшлі толькі на пачатку ХХ ст.

У другой палове ХІХ ст. у палітычны рух актыўна ўключыліся спачатку прадстаўнікі трэцяга саслоўя – разначынцы, а на пачатку ХХ ст. – і рабочыя. Асаблівай папулярнасцю карысталіся рэвалюцыйныя ідэі, накіраваныя на радыкальныя змены ў грамадстве. З 1860-ых гг. сярод інтэлігенцыі Беларусі пачалі распаўсюджвацца народніцкія ідэі. У 1880-я гг. у розных гарадах дзейнічалі народніцкія гурткі, падпарадкаваныя расійскім арганізацыям «Чорны перадзел» і «Народная воля». У 1882 г. у Вільні была створана «Арганізацыя «Народнай волі» у Паўночна-Заходнім крае». Многія прадстаўнікі народніцтва на Беларусі актыўна цікавіліся жыццём народа, удзельнічалі ў палітычнай і асветніцкай рабоце. У асноўным, яны арыентаваліся на сялянскія масы і бачылі ў сялянскіх абшчынах правобраз будучага сацыялістычнага грамадства.

У 1880-я гг. ў Пецярбургу дзейнічала беларуская народніцкая група «Гоман», якая выдавала нелегальны часопіс на беларускай мове. У 1881 г. адзін з арганізатараў «Гоману», Ігнат Грынявіцкі, разам з рускімі рэвалюцыянерамі здзейсніў замах на Аляксандра ІІ. Бомба, кінутая ім, аказалася для цара смяротнай. Сам І. Грынявіцкі таксама загінуў.

У 1897 г. прадстаўнікі яўрэйскіх марксісцкіх колаў аб’ядналіся ва Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. пры падтрымцы ЦК Бунда ў Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП).

Працэс стварэння палітычных партый значна паскорыўся падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905–1907 гг. Асноўныя падзеі рэвалюцыі адбываліся па-за межамі Беларусі, аднак і тут праходзілі мітынгі, забастоўкі і сялянскія выступленні. 17 кастрычніка 1905 г. апошні расійскі цар Мікалай ІІ (1894–1917 гг.) падпісаў Маніфест, згодна якому ў Расіі былі дазволены асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама заканадаўчы орган – Дзяржаўная дума. 18 кастрычніка 1905 г. па загадзе губернатара Курлова ў Мінску была расстраляна мірная дэманстрацыя гараджан. Сутычкі з паліцыяй і армейскімі часцямі адбыліся і ў іншых гарадах.

У 1905–1906 гг. былі створаны Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, суполкі агульнарасійскіх партый эсэраў, кадэтаў, акцябрыстаў і інш. Актывізавалі сваю дзейнасць суполкі РСДРП, Бунда і іншых сацыялістычных партый.

Царскія ўлады актыўна падтрымлівалі стварэнне рэакцыйных крайне правых арганізацый, накшталт Саюза Рускага Народа і Рускага Акраіннага Саюза, прадстаўнікі якіх прапагандавалі вялікадзяржаўны шавінізм і арыентаваліся на манархію. 9 ліпеня 1906 г. ўладамі была распушчана І Дума, а 3 чэрвеня 1907 г. і ІІ Дума. Новае выбарчае заканадаўства павінна было садзейнічаць выбранню прыхільнікаў царскага самаўладдзя. Такім чынам, рэвалюцыя скончылася паражэннем. Але яна паказала, што сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа залежаць ад яго згуртаванасці і свядомасці.

У пачатку ХХ ст. аграрная праблема была ў ліку найбольш вострых як у Беларусі, так і ў цэлым у Расійскай імперыі, пра што сведчыў моцны выбух сялянскага руху падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Усё гэта абумовіла правядзенне царскім урадам аграрнай рэформы, накіраванай на паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, павышэнне яе прадукцыйнасці, а таксама стварэнне ў вёсцы новай апоры царызму з ліку прадпрымальных заможных сялян. Указ аб правядзенні рэформы быў выдадзены 9 лістапада 1906 г. Паколькі яе галоўным ініцыятарам з’яўляўся кіраўнік царскага ўрада Петр Сталыпін, яна атрымала назву сталыпінскай. Рэформа ўключала ў сябе наступныя накірункі:

- замацаванне за сялянамі права на выхад з абшчыны і пераход зямельных надзелаў, якія імі апрацоўваліся, у прыватную ўласнасць;

- наданне сялянам права аб’ядноўваць надзелы, якія імі апрацоўваліся ва ўмовах цераспалосіцы, у адзіным комплексе (водруб), або ўвогуле высяляцца з вёскі і фарміраваць асобную сядзібу з прылеглымі да яе сельскагаспадарчымі ўгоддзямі (хутар);

- арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё агратэхнікі, меліярацыі, распаўсюджанне сельскагаспадарчых машын і абсталявання, падрыхтоўку аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынараў, заахвочванне развіцця сельскагаспадарчай кааперацыі;

- матэрыяльная падтрымка заможнага сялянства ў набыцці зямлі, сельскагаспадарчых машын, увядзенні перадавых форм гаспадарання, у першую чаргу шляхам выдачы крэдытаў праз Сялянскі пазямельны банк;

- арганізацыя перасялення сялян на свабодныя землі Сібіры, Цэнтральнай Азіі і Далёкага Усходу з мэтай змяншэння сялянскага малазямелля ў еўрапейскай частцы імперыі;

- адмена для сялян абмежаванняў на свабодны выбар пастаяннага месца жыхарства, паступленне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Спецыфіка сітуацыі ў Беларусі складалася ў тым, што ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях абшчына на той час ужо не існавала, таму праблема фарміравання сялянскай прыватнай зямельнай уласнасці тут была неактуальнай. Рэформа праводзілася пераважна на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Блізкасць гэтых губерняў да тэрыторый з падворным землекарыстаннем, а таксама адносна высокі ўзровень развіцця рыначных адносін у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі абумовілі тут высокія тэмпы правядзення рэформы.

Правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы было спынена ў сувязі з Першай сусветнай вайной. Праведзеныя ў яе межах мерапрыемствы садзейнічалі развіццю рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Аднак дадзеныя працэсы не маглі карэнным чынам паскорыць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, галоўнымі прычынамі чаго з’яўляліся захаванне буйнога памешчыцкага землеўладання і сялянскае малазямелле. Таму рэформа толькі часткова зменшыла вастрыню аграрнай праблемы.

У прамысловасці Беларусі пасля працяглай эканамічнай дэпрэсіі 1904-1908 гг. адбываецца прамысловы ўздым 1909-1914 г. Сярэднегадовыя тэмпы росту прамысловай прадукцыі складалі 13,9%.

Прамысловы ўздым выклікаў наступныя працэсы ў прамысловасці Беларусі канцэнтрацыю вытворчасці. Адбываецца паскораны рост буйной фабрычна-заводскай прамысловасці. Сярод буйнейшых прадпрыемстваў, што ўзніклі ў пачатку ХХ ст., можна назваць мінскую шпалерную фабрыку, абутковую фабрыку “Арол” у Мінску, шклозавод “Неман” у Лідскім павеце.

У структуры прамысловасці Беларусі найбольш хутка развіваліся і мелі перавагу галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны: харчовая, дрэваапрацоўчая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая. Аднак у цэлым, нягледзячы на рост канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу, у прамысловасці Беларусі пераважала дробная і рамесна-саматужная вытворчасць.

Развіццё прамысловасці і гандлю абумовіла далейшы рост гарадоў. На пачатку ХХ ст. у якасці буйнейшых гандлёва-прамысловых цэнтраў Беларусі вылучаліся Мінск і Віцебск. Аднак працэнт гарадскога насельніцтва за перыяд 1900-1913 г. вырас нязначна – з 14% да 16%.

 


Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 723 | Нарушение авторских прав


Читайте в этой же книге: Перыядызацыя айчыннай гісторыі. | Старажытнае грамадства Беларусі. | Балты і славяне ў VI-ІХ стст. Усходнеславянскія саюзы плямён. | Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў ІХ–ХІІІ стст. | Беларусь у часы Вялікага Княства Літоўскага. | Культура ўсходніх славян у эпоху ранняга сярэднявечча. | Утварэнне Рэчы Паспалітай | Асаблівасці фарміравання канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVI–ХVII стст. | Эканамічны і палітычны стан беларускіх зямель у XVI – XVIII ст. | Культура беларускага народа ў XVII–XVIII стст. |
<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Асноўныя напрамкі палітыкі самадзяржаўя ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.| Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў пачатку ХХ ст.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.009 сек.)