Читайте также:
|
|
Бібліяграфічныя і фактаграфічныя краязнаўчыя картатэкі вядуцца бібліятэкамі ўсіх тыпаў. Сістэматычныя краязнаўчыя картатэкі вядуцца у ЦБС, школьных бібліятэках і некаторых іншых спецыяльных бібліятэках. Тэхналогія па ўзору краязнаўчых каталогаў.
ЦБС вядуць бібліяграфічныя картатэкі афіцыйных дакументаў мясцовых органаў улады і кіравання, картатэкі па экалагічных праблемах рэгіёнаў і па іншых актуальных тэмах. Адметнасцю бібліяграфічных краязнаўчых картатэк з'яўляецца шырокае адлюстраванне матэрыялаў з мясцовай перыёдыкі і іншых рэгіянальных выданняў.
Фактаграфічныя картатэкі прысвечаюцца хроніцы рэгіёнаў, падзеям, асобам. Гэта картатэкі народных лекараў, майстроў, тапанімічных назваў, дзелавой інфармацыі, дзяцей інвалідаў, замоў, народных прымет і інш. У залежнасці ад тэматыкі ў такіх картатэках каротка фармулююць асноўныя фактычныя даныя. Так, калі адлюстроўваюцца персаналіі, неабходна указаць поўнае імя, звесткі аб дзейнасці, якой вызначыўся чалавек, магчыма яго адрас (калі гэта лекар, майстар), узнагароды. Напрыклад, Стаўбцоўская ЦБС вядзе “Зводную картатэку народных лекараў раёна”, “Замовы і народныя прыметы” і інш.
Агульныя фактаграфічныя картатэкі тыпу “Факт” адлюстроўваюць найбольш значныя падзеі, мерапрыемствы, даты рэгіёна. Напрыклад, у Віцебскай АБ картатэка “Факт” вядзецца сектарам краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі (галоўным бібліятэкарам). Загалоўкам з'яўляюцца назвы найбольш значных мерапрыемстваў, падзей, дат горада, час і месца іх правядзення. Па меры ўкаранення сродкаў аўтаматызацыі карткавыя картатэкі пераўтвараюцца ў БД.
Базы даных. На сучасным этапе актыўна ствараюцца і выкарыстоўваюцца краязнаўчыя бібліяграфічныя, фактаграфічныя і поўнатэкставыя БД. Яны належаць да найбольш перспектыўных элементаў інфармацыйных рэсурсаў сучаснага бібліятэчна-бібліяграфічнага краязнаўства. Чотка вызначыць відавую прыналежнасць той ці іншай БД не заўсёды магчыма, паколькі развіваецца тэндэнцыя да сінтэзу відаў прадстаўляемай інфармацыі.
БД краязнаўчага характару ствараюцца абласнымі, публічнымі і спецыяльнымі бібліятэкамі, а таксама іншымі арганізацыямі і ўстановамі. Наогул значная частка БД, якая ствараецца рознымі арганізацыямі і ўстановамі ў рэгіёне, можа быць выкарыстана ў мэтах краязнаўчай дзейнасці, таму абласным і публічным бібліятэкам пажадана мець звесткі аб БД з рэгіянальным аспектам зместу.
Пры падрыхтоўцы краязнаўчых БД важнымі з'яўляюцца: 1) семантыка, звязаная з вызначэннем склада, структуры і напаўнення БД і 2) прадастаўленне БД на машыначытальным носьбіце.
Бібліяграфічныя БД. Генерацыя і выкарыстанне краязнаўчых БД істотна, нават кардынальна, паўплывала на методыку бібліяграфавання і вядзенне КДБА. Сусветная практыка паказвае, што тыповымі бібліяграфічнымі БД з'яўляюцца універсальныя БД аб рэгіёне/населеным пункце, а таксама шырока распаўсюджаны БД па актуальных тэмах рэгіянальнага развіцця ў мінулым і на сучасным этапе.
У беларускіх ЦБС і абласных бібліятэках ў 1993 – 1995 гг. пачалі стварацца бібліяграфічныя БД “Краязнаўчая літаратура”, якія з'яўляюцца падбазамі універсальных БД “Аналітыка”. Адлюстроўваюцца пераважна матэрыялы аб вобласці, раёне ці горадзе з перыядычных выданняў. З найбольшай паўнатой распісваецца мясцовы перыядычны друк. Гэтыя БД дазваляюць выпускаць друкаваныя універсальныя паказальнікі новай краязнаўчай літаратуры, выкарыстоўваць матэрыял на дыскетах і інш. У БД забяспечаны пошук матэрыялаў па многіх прыметах (палях уводу). Зараз у абласных бібліятэках ахопліваюць каля 25 тысяч бібліяграфічных запісаў.
Увод бібліяграфічнай інфармацыі здзяйсняецца з дапамогай фармату каталагізацыі. Палі ўводу дазваляюць стварыць поўны бібліяграфічны запіс, праіндэксаваць кожны дакумент па шэрагу класіфікацыйных схем: па “Тыпавой схеме для краязнаўчых каталогаў (картатэк) бібліятэк Рэспублікі Беларусь”, ГАСНТІ, рубрыкатару Інформкультуры, схеме паказальніка “Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках”; адлюстраваць ключавыя словы.
Палі 001, 002, 003, 004, 005 з'яўляюцца спецыфічнымі і выкарыстоўваюцца для састаўлення ў аўтаматызаваным рэжыме паказальніка “Новая літаратура аб вобласці” (па іх праграма складае дапаможныя паказальнікі).
Праграмнае забеспячэнне ўключае некалькі слоўнікаў:
1) тэматычны рубрыкатар вядзецца на аснове “Тыпавой схеме для краязнаўчых каталогаў (картатэк) бібліятэк Рэспублікі Беларусь”.
2) Імянны слоўнік (слоўнік персаналій), у якім звесткі аб кожнай асобе адлюстроўваюцца па магчымасці з максімальнай паўнатой; у т.л. прадстаўляюцца варыянты напісання прозвішчаў, псеўданімы, мянушкі. У імянным слоўніку апарат спасылак павінен забяспечваць выдачу бібліяграфічных запісаў па ўсіх варыянтах напісання імя (псеўданіму, крыптаніму, свецкаму ці духоўнаму імені, па розных варыянтах напісання прозвішча і інш.)
3) Геаграфічны слоўнік, у якім адлюстроўваюцца ўсе геаграфічныя аб’екты, у т л. тыя, якія не існуюць зараз і аб’екты, якія адносіліся да данай тэрыторыі ў мінулым. Неабходна пазначэнне варыянтаў назвы кожнага аб’екта, звестак аб зменах назвы і тыпу аб’екта. Неабходна пазначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць населенага пункта. Вельмі важна адлюстраваць усе ўзроўні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (з улікам гістарычных змяненняў).
Вядзенне геаграфічных і імянных слоўнікаў як лінейнага пераліку імён і аб’ектаў, размешчаных у алфавітным парадку, з'яўляецца нездавальняючым для краязнаўчых БД. Пры любым запыце, напрыклад, па варыянту напісання імя, па гістарычнай назве і т.п. павінен выдавацца станоўчы адказ без дадатковых умоў.
4)Слоўнік прадметных рубрык. Гэты слоўнік дапаўняе тэматычны рубрыкатар і не паўтарае яго найменняў. Прадметныя рубрыкі фармулюцца з дапамогай даведачных выданняў – энцыклапедый і слоўнікаў (у т.л. АПП ББК).
5) Спіс перыядычных выданняў, які служыць асновай для фарміравання поля БД “Крыніцы інфармацыі” і інш.
У кожнай бібліятэцы неабходна распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы такіх слоўнікаў. Іх нармалізацыя ў далейшым будзе асновай для стварэння рэгіянальных аўтарытэтных файлаў. Акрамя таго важна падрыхтаваць “Слоўнік карыстальніка краязнаўчымі БД”, які павінен ахопліваць індэксы “Тыпавой схемы”, ключавыя словы, іншыя слоўнікі, а таксама агульныя паняцці і словы, неабходныя для ўводу. Такі слоўнік, як паказвае замежны вопыт, неабходны для уніфікаванага ўводу інфармацыі і з'яўляецца рабочым дакументам, які бесперапынна папаўняецца і перавыдаецца.
БД прававой інфармацыі (заканадаўства края). У сувязі з фарміраваннем на базе публічных бібліятэк Беларусі цэнтраў прававой інфармацыі, асобныя БД сучасных прававых дакументаў не вядуцца. БД НЦПІ забяспечваюць адлюстраванне тэкстаў прававых дакументаў розных узроўняў улады, у т.л. рэгіянальнай і пошук па прыметах рэгіянальнай прыналежнасці.
Магчыма стварэнне ведамствамі, рэгіянальнымі ВНУ і бібліятэкамі БД афіцыйных гістарычных дакументаў, напрыклад, “Край у заканадаўстве ВКЛ” і т.п.
У суседніх краінах атрымалі распаўсюджанне бібліяграфічныя БД: універсальныя, “Край у цэнтральным і мясцовым друку”, “Перыёдыка края”, “Кнігі края”, “Заканадаўства края” і многія інш.
Фактаграфічныя БД ствараюцца па актуальнай тэматыцы, адлюстроўваюць старанна сабраныя звесткі, якіх не хапае ў наяўных даведачных выданнях. Як правіла, збор звестак вядзецца па многіх крыніцах і патрабуе шмат часу і апрацоўкі. Да ліку распаўсюджаных фактаграфічных БД можна аднесці: “Установы і арганізацыі края”, “Дзеячы края”, “Навучальныя установы края”, “Хроніка края” (“Летапіс края”), “Край ў лічбах і фактах”, “Помнікі і памятныя мясціны края” і інш. Асноўнымі элементамі інфармацыйнага паведамлення ў іх з'яўляюцца фармалізаваныя фактаграфічныя даныя: звесткі біяграфічнага характару, апісанні падзей, даты і інш. Дадаткова указваюцца крыніцы звестак, г.зн. бібліяграфічныя звесткі.
Поўнатэкставыя БД ствараюцца ў мэтах захавання найбольш каштоўных і рэдкіх краязнаўчых дакументаў і забеспячэння даступнасці да іх. (Многа такіх дакументаў знаходзіцца не толькі ў бібліятэках, а ў музеях, архівах, прыватных зборах. Рассеянасць дакументаў, іх дрэнны стан і адзінкавасць экземпляраў вельмі актуалізуюць пытанне алічбоўкі). Падчас генерацыі паўнатэкставых БД паралельна ствараюцца графічныя БД, якія адлюстроўваюць тэксты і бібліяграфічныя БД, якія спрыяюць удасканаленню пошукавых магчымасцей поўнатэкставых БД. Напрыклад, з мясцовых перыядычных выданняў выяўляюцца артыкулы з фактычнай інфармацыяй аб рэгіёне, яны атрымліваюць БА, індэксы; у асобнае поле заносяцца звесткі аб назве файла, у якім заховаецца графічны вобраз старонкі і каардынаты верхняга левага і ніжняга правага вуглоў газетнай старонкі. Калі артыкул складаецца з некалькіх фрагментаў, то поле паўтараецца.
Бібліяграфічная і графічная БД звязаны паміж сабою спецыяльнай пошукавай праграмай, якая ў адказ на запыт хутка фарміруе графічны вобраз дакумента, напрыклад, артыкула з газеты, выразаючы яго з газетнай паласы, ці па жаданні карыстальніка, прадстаўляючы газетную паласу цалкам.
Суцэльны прагляд газет вядзецца з дапамогай каляндарных табліц, у якія занесены нумар газеты і кожная яго газетная паласа. З рэжыма табліцы можна выйсці ў рэжым асобнай газетнай паласы і прачытаць поўнасцю нумар газеты, уключаны ў графічную базу.
Уключаныя ў БД артыкулы магчыма шукаць па шэрагу прымет: аўтару, назве, тэме, назве мерапрыемства, назве арганізацыі, прымеце персаналіі, па ключавому слову. Кожнае бібліяграфічнае апісанне можа быць выведзена на экран з усімі пошукавымі элементамі: прадметнымі рубрыкамі, ключавымі словамі. Хаця ў бібліяграфічныя БД трапляюць, як правіла, не ўсе артыкулы з перыядычных выданняў, карыстальнікі пры неабходнасці могуць весці пошук патрэбных звестак шляхам прагляду графічнай базы, дзе можна бачыць, напрыклад, усю паласу газеты. Класічных поўнатэкставых краязнаўчых БД у беларускіх бібліятэк пакуль яшчэ няма.
Многія БД сумяшчаюць бібліяграфічную, фактаграфічную і поўнатэкставую інфармацыю і даныя ў пэўных суадносінах. Такія БД уключаюць тэкставую інфармацыю, фатаграфіі, аўдыёматэрыялы і інш.
Да ліку буйнейшых належаць БД Гомельскай АУНБ “Спадчына Гомельшчыны” (уведзена ў 1998 г.) і Мінскай АУНБ “Памяць Міншчыны” (уведзена ў 2001г.) Гэтыя БД утрымліваюць блокі звестак актуальнай краязнаўчай тэматыкі: аб персаналіях, адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры, падзеях, помніках, эканоміцы і інш. Часта такія БД ствараюцца абласнымі бібліятэкамі сумесна з ЦБС, г. зн., перадаюць у АБ масівы даных, створаныя імі аб гарадах і раёнах і могуць карыстацца агульным інфармацыйным рэсурсам. Так арганізавалі работу Гомельская, Магілёўская і Віцебская АБ. У сеткавым рэжыме даступнымі з'яўляюцца БД Магілёўскай АУНБ “Мой край – Магілёўшчына” (www. Mlib.basnet.by/kraу/) і Віцебскай АУНБ “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць (http: // lib. vitebsk.net/”. Прызначэнне гэтых БД даць комплекс даных рознага зместу аб раёнах і гарадах. Матэрыялы збіраюцца ўсімі ЦРБ і структурыраваны па раёнах, асобна – аб абласных цэнтрах. Так, у БД “Мой край – Магілёўшчына” асноўнымі раздзеламі з'яўляюцца “Гісторыя раёна”, “Знакамітыя людзі раёна” і “Эканоміка раёна”. Такое напаўненне прадстаўляе значны інтарэс для многіх карыстальнікаў, у т.л. для студэнтаў і навучэнцаў пры вывучэнні рэгіёназнаўчых дысцыплін і тэм. У БД сканіраваны тэксты з сучасных і каштоўных рэтраспектыўных выданняў. Лакальныя копіі зводнай БД выстаўлены ва ўсіх ЦРБ на рабочыя месцы “Абслугоўванне чытачоў”, а таксама ў бібліятэках аграгарадкоў. На жаль, раздзелы “Знакамітыя людзі раёна” і “Эканоміка раёна” не даступны праз інтэрнет.
Дата добавления: 2015-09-06; просмотров: 344 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Электронны краязнаўчы каталог | | | Пытанне 5. Краязнаўчы даведачна-бібліяграфічны фонд (КДБФ) бібліятэкі |