Читайте также: |
|
Анна Іванаўна была дачкою Івана, роднага брата Пятра Аляксеевіча. Калі гэтая Анна Іванаўна была яшчэ маладою прынцэсаю, у яе бацькі Івана Аляксеевіча быў князь курляндскі [45] прыдворным кавалерам. Гэты кавалер быў годны, прыгожы, меў усе добрыя чалавечыя якасці, і вось па волі Пана Бога гэты князь курляндскі закахаўся ў Анну Іванаўну так, што яму цяжка і жыць без яе было, як таксама і Анна Іванаўна гэтага князя курляндскага ўзаемна пакахала. Тут даведаўся яе бацька, Іван Аляксеевіч, і быў супраць таго, каб ягоная дачка пайшла замуж за курляндскага князя, і так моцна забараніў, каб ужо больш ніколі дачка ягоная не гаварыла і не бачылася з курляндскім князем, ад чаго яны, прысягаючы ў вернасці, нясцерпны смутак і неспакой перажывалі ў пакоры і ў цярплівасці.
Але быў у князя курляндскага хлопец, які зваўся Бірон. Гэты хлопец быў годны шляхціц, добрае адукацыі, ведаў розныя мовы, ціхі, пабожны, цвярозы, верны і старанны на панскіх паслугах. Анна Іванаўна, прынцэса, таксама мела дзяўчыну-пакаёўку, надзвычай верную, вясёлую і добрасумленную, якая пані сваёй ад усяго сэрца спрыяла і любіла яе, рада была ёй зоркі з неба даставаць.
Гэты Бірон, лёкай князя курляндскага, і пакаёўка Анны Іванаўны па загадзе пана і паненкі часта бачыліся, і Бірон ад князя курляндскага лісты перадаваў ў рукі пакаёўцы Анны Іванаўны, а пакаёўка Анны Іванаўны таксама лісты аддавала Бірону, каб перадаваў князю курляндскаму. Такое ліставанне доўгі час трывала дзякуючы гэтым дваім верным лёкаям. Пасля, на гора, злавілі іх няшчасных з лістамі і моцна збілі абаіх па загадзе бацькі прынцэсы Анны, ды так сурова пакаралі, каб больш ніколі не наважыліся лісты насіць. Аднак пасля пакарання яны былі больш асцярожныя і ў вялікай таямніцы лісты насілі. Гатовыя былі не тое што пакаранне, а нават вечнае зняволенне альбо смерць вытрываць, толькі б паноў сваіх волі паслухмянымі быць.
Аднаго разу заспела Анна Іванаўна свайго бацьку ў добрым гуморы, кінулася яму ў ногі і сказала: «Тату мой і пане міласцівы, дазвольце мне, ваша царская мосць, быць клятваю злучанаю сяброўкаю князя курляндскага, за што і Бог сам і неба ласкавыя да цябе будуць, бо яшчэ ніколі кепскага прыкладу ў доме нашым расійскім не было. Крый божа, каб я сама пачаткам чаго непрыстойнага была. Стаю перад табою, тату мой, маеш моц за мае смелыя словы ўладаю вашае царскае мосці загадаць злітавацца з мяне альбо пакараць».
Разважлівы бацька, убачыўшы звар'яцелую сваю дачку і значную перамену яе здароўя, дазволіў, але сказаў так: «Калі хочаш ісці замуж за каго сама хочаш, нічога ў пасаг не возьмеш з дому майго». Згодная Анна Іванаўна і без пасагу пакінуць дом бацькі свайго. Яна адразу пасылае князю з пакаёўкаю сваёю ліст, які атрымлівае Бірон і перадае стомленаму чаканнем свайму пану, князю курляндскаму. Як прачытаў князь такі чаканы ліст, дык адразу ж загадаў вызваліць усіх нявольнікаў у сваім княстве і 3000 рублёў раздаў у той дзень убогім. Пасля смела пайшоў у палац, кінуўся ў ногі Івану Аляксеевічу з годнымі панамі міністрамі, і прасіў рукі ягонае дачкі Анны Іванаўны, і запісаў ёй перад шлюбам сваё княства Курляндскае на вечнае карыстанне і ўсё, што мае і мець будзе. Такія пачуцці меў князь да жонкі свае.
Бірона таксама, хлопца свайго, з той гадзіны прызначыў маршалкам свайго двара, а Анна, жонка ягоная, прызначыла сваю пакаёўку першаю дамаю верхняга фраўцымеру. I вось праз столькі гадоў у царскіх палацах і пакоях, кожны зразумець можа, калі царская дачка замуж ідзе, якое пышнае вяселле было. Пасля забірае князь курляндскі жонку сваю Анну Іванаўну з Пецярбурга ў свой край у княства Курляндскае і там, шчасліва размясціўшыся, спраўляе надзвычай шчодрае вяселле Бірона з тою старэйшаю дамаю верхняга фраўцымеру.
Але ж князь яго мосць доўгі час не мог ажыццявіць свой намер ажаніцца з Аннай Іванаўнаю, дык ад цяжкага смутку і празмерных пачуццяў ён захварэў і так прасіў жонку сваю: «Усё, што я толькі маю, падараваў вашае царскае мосці, аб адным толькі прашу, памятай пра нашага вернага лёкая Бірона, бо што толькі яму добрага ўчыніш, тое Богу будзе і, уласна, быццам мне самому, бо тое, што нас Пан Бог злучыў на гэты кароткі час, што мы пацешыліся, ад Бога быў нам на дапамогу Бірон наш каханы, а я, – кажа князь курляндскі, – памерці мушу хутка, бо не чую сэрца ў сабе». Так і сталася. Пасля пераезду з Пецярбурга ў княства сваё ўдзельнае Курляндскае разам з жонкаю сваёю, жаданаю Аннаю Іванаўнай, імператрыцаю расійскаю, праз шэсць тыдняў са светам развітаўся і Пану Богу душу сваю аддаў.
Пасля смерці князя была ягоная жонка ў смутку і жалобе і загадала мужа свайго, князя, экзентэраваць [46], і знайшлі сэрца ягонае высахлае, толькі як галубінае яйка.
Пасля пышнага пахавання князя паклікала Анна Іванаўна свайго лёкая Бірона разам з жонкаю ягонаю і так мовіла: «Забяспечвайце мае невялікія патрэбы, абы-толькі па-чалавечы жыць і госця прыстойнага прыняць магла. Я ўжо замуж, крый божа, не пайду, а цябе, Бірон, прызначаю камісарам і намеснікам маім. Уладар і кіруй княствам мужа майго, толькі з хвалою Божаю і без крыўды людское. Я хачу задаволіць волю нябожчыка мужа майго і пана твайго, хачу прызначыць цябе спадкаемцам пана твайго і гэтага княства Курляндскага». I вось з плачам, са смуткам і з вялікаю пакораю абое, ён з жонкаю сваёю, кінуліся ў ногі пані сваёй Анны Іванаўны і абяцалі ёй верна і старанна служыць да скону жыцця свайго, да апошняе кроплі крыві сваёй, калі б гэта патрабавалася, і таксама павагу і пашану абяцалі. Так і сталася. Пражыла Анна Іванаўна ўдавою ў княстве Курляндскім у спакоі, пабожна, колькі гадоў, а кіраваў Бірон.
Тут прыехалі з Пецярбурга чатыры браты, князі Даўгарукія, і кажуць ёй, што маюцца абраць яе сваёю манархіняй, імператрыцаю расійскаю. Адказала Анна Іванаўна: «Як жа гэта быць можа, калі жывая сапраўдная спадкаеміца Лізавета Пятроўна, родная дачка імператара Пятра? А як жа я магу панаваць, будучы далёка ад трона, бо я ж дачка царскага брата, Івана Аляксеевіча?»
Адказалі князі: «Прысягні толькі нам у тым I і тым, што, уступіўшы на трон, стрымаеш, і не хвалюйся. Лёгка цябе мы імператрыцаю расійскаю ўкарануем». Пасля доўгіх размоў згадзілася Анна Іванаўна і прысягнула таму, чаго хочуць і жадаюць князі Даўгарукія, і адразу выбіраецца ў дарогу да сталіцы Масквы, дзе па традыцыі імператараў карануюць. Блізка быў дзень каранацыі, дык, паводле звычаю, трэба было падрыхтавацца да сакраментальнай споведзі, і мусіла Анна Іванаўна спавядацца перад архірэем Божым, што абяцала князям Даўгарукім, а тое абяцанне супярэчыла старому праву і артыкулам царскіх продкаў. I вось ёй духоўны архірэй дазволіў: лепш прысягу парушыць, што давала Даўгарукім, якая супярэчыць Пану Богу і сапраўднаму праву, і лепей цяпер пры каранацыі прысягнуць таму, што належыць да справядлівасці і да айчыны. Каранаваная была Анна Іванаўна, імператрыца маскоўская, у 1730 годзе.
А князёў Даўгарукіх, чатырох родных братоў, загадана па ўказе найяснейшае імператарскае яе мосці Анны Іванаўны ўзяць пад арышт, і Анна Іванаўна пасля свае каранацыі паехала ў Пецярбург. Аднак князі Даўгарукія не думалі адмовіцца ад свайго намеру і, пад арыштам будучы, шукалі магчымасці выступіць супраць найяснейшае манархіні. I вось у бытнасць маю ў Пецярбургу ў 1739 годзе па ўказе Анны Іванаўны загадана ўсіх братоў Даўгарукіх пакараць смерцю, і ўсе чатыры пад катаў меч пайшлі.
Тым часам я, узяўшы на дапамогу Пана Бога, дбала пра тое, каб сабе ў людзей рознага стану ласку мець, а найперш у яе мосці царыцы, хоць я заўсёды за гэта мела розныя непамыслоты, зайздрасць, што яе мосць царыца да мяне вельмі ласкавая была, але я гэта з ласкі Пана Бога цярплівасцю перамагла, нічога кепскага ні пра кога ў адказ не кажучы, і такім чынам зразумела, што маю надзвычай ласкавую найяснейшую імператрыцу.
У маю бытнасць быў там у няволі Ях'я-паша, турак паважны і выдатнага розуму, цудоўны мужчына, і Калчак-паша, таксама вялікае павагі чалавек, з гэтымі панамі мела я магчымасць хоць штодзённа размаўляць, што не кожнаму дазволена, але мае Ях'я-паша і Калчак-паша вельмі мяне шанавалі, паважалі справядлівасць маю, што я абодвум бакам усяго добрага зычыла, як маскалям, так і туркам, бо некалі такая спрэчка адбылася ў прысутнасці яе мосці царыцы.
Была там старая белагаловая Аўдоцця Міхайлаўна, што жыла ў Стамбуле ў няволі гадоў 40; адзін пасол Аляксандр Віснякоў выкупіў яе ў Стамбуле з няволі і прывёз у Пецярбург, і засталася з літасці ў яе мосці царыцы тая Міхайлаўна ў царскім двары. I пыталіся ў гэтае белагаловае пра звычаі турэцкія. Яна моцна хлусіла, выдумляла пра туркаў, што жалезнымі распаленымі абцугамі цела яе палілі і шмат разоў, купіўшы ёй абутак, насыпалі ў яго распаленых вуглёў і загадвалі ёй абувацца. Дык яе мосць царыца кажа мне: «Саламанида Ефимовна, какая ты противница, ты гаварыш, как бы твои турки люди срадные, а посмотри, какие враги, как бедную Михайловну попортили». Адказваю: «Смилостивша асударыня, Михайловна врет, няхай пакажа тыя знакі на целе сваім, дзе яе палілі». У мяне ў дзяцінстве быў парэзаны нажом палец, я паказваю: «Гэтаму парэзу ўжо больш дзесяці гадоў, аднак знак застаўся, дык і ў цябе, Міхайлаўна, павінны быць знакі, ці ты мусіла быць, даруй мне, зладзейкаю альбо якою распутніцаю і маглі б цябе і хрысціяне мучыць, не тое што туркі. Я, дзякуючы Богу майму, паехала ў Турцыю ў маладыя гады мае, у чатырнаццаць гадоў, з мужам маім, але ў мяне ніводзін турак нічога не ўзяў, не біў, не лаяў, бо я заўсёды кепскае кампаніі асцерагалася. Прытым калі турак купіць каня альбо карову ці нешта падобнае, ён іх корміць, гадуе, а за нявольніцу трэба даць колькі соцень леваў і паліць ёй ногі, калечыць? Гэта ніколі быць не можа». Так яе мосць царыца пагадзілася з мае праўдаю і сумленнасцю.
Даведаліся пра гэта мае два пашы, якія ў той час у няволі былі ў Пецярбургу, Ях'я-паша і Калчак-паша і іншыя годныя туркі, што я адстойваю праўду пра туркаў і не даю беспадстаўна зняслаўляць іх гонар, надзвычай былі задаволеныя і абяцалі мне шмат добрага засведчыць, калі Пан Бог вызваліць іх шчасліва з маскоўскае няволі.
Аднойчы ўбачыла я найяснейшую імператарскую яе мосць ласкаваю да сябе, дык прыніжана прасіла яе, каб яна паслухала мае нягоднае просьбы і падарыла мне двух туркаў, нявольнікаў з горада Рушчук, на гэта яна мне ласкава адказала: «Толькі двух туркаў? Я табе і чатырох туркаў падарую». Я разумела, што сказаць лёгка, а пасля гэта забудзецца. Ёсць іншыя патрэбы, хто пра мае інтарэсы помніць будзе, але дакучаць пра гэтую рэч баялася, каб не апрыкраць. Аддалася цалкам на волю Пана Езуса і пайшла тае начы спаць.
Назаўтра падымаюся і знаходжу ў сябе ля падушкі загад з царскаю пячаткаю на вызваленне чатырох туркаў: з фартэцыі рэвельскае двух і двух з фартэцыі нарвскае. Я супакоілася, бо мяне Бог мой пацешыў у намерах маіх, дык з гэтага дня пачала я старацца пра дазвол, каб магла выбрацца з маімі туркамі ў дарогу, у Польшчу.
Быў там адзін міністр Арцём Пятровіч Валынскі. Мяне аддалі яму ў апеку, каб забяспечыў мяне і мае патрэбы на дарогу. Запрасіў мяне той міністр з сабою ў міністэрскі палац. Аднаго дня пачаў са мною той міністр Валынскі размаўляць, колькі будзе каштаваць дарога з Пецярбурга да Польшчы мне, людзям маім і туркам маім. Даволі, кажа, рублёў пяцьдзясят. Вельмі мне не даспадобы быў гэты кепскі план скнары міністра, бо то не з яго ласкі, а з ласкі Пана Бога і найяснейшае яе мосці царыцы. Дык я, паціху забраўшы свае рэчы, перабралася ў палац Аляксея Міхайлавіча, князя Чаркаскага, майго вялікага дабрадзея, што меў жонку Марыю Юр'еўну, княгіню Трубяцкую, якой я з Польшчы, з Вільні лісты прывезла ад аднае сенатаркі, што была за Дуніным, княгіні Трубяцкое. Паскардзілася я князю яго мосці Чаркаскаму, які таксама быў міністр, што мне яснавяльможны яго мосць пан Валынскі толькі 50 рублёў на дарогу дае, а ён яе мосці царыцы паскардзіўся, і загадала яна мне яшчэ раз да яе прыйсці.
Стала назаўтра я перад яе мосцю царыцаю, якая мне вельмі лёгка аўдыенцыю дала, і руку пацалаваць, і смяялася: «Дык гэта табе так міністр Валынскі дапамог?» Адказваю: «Найяснейшая манархіня, усё ж гэта не доўг. Я і за гэтую дробязь прысягаю Пана Бога прасіць заўсёды за вашае царскае мосці здароўе і шчаслівае панаванне». Дык мне яе мосць царыца загадала са скарбцу свайго адлічыць 1000 рублёў, тканіны, кубкаў вялікіх 12 і кубкаў малых срэбраных 12, нават сурвэтак тузін з царскімі гербамі ды іншае, за што я, укленчыўшы перад Богам і гэтаю манархіняю, паводле звычаю, падзякавала Пану Богу і гэтай манархіні, дабрадзейцы маёй, і развіталася з ёю, і ўзяла бласлаўленне з вуснаў яе, і развіталася ў двары з усімі знаёмымі і прыяцелямі маімі, і вярнулася зноў у палац князя Чаркаскага.
Але пані мая з ласкі Бога дабрадзейка, яе мосць царыца падумала сабе, што цяпер дала мне 1000 рублёў і галантарэі ўсякае і вызваліла мне чатырох туркаў-нявольнікаў і, баючыся, каб мяне праз тыя грошы туркі ў дарозе, крый божа, не забілі, загадала яшчэ адзін указ даць, абы мне ў Нарве пасля выдання першых двух туркаў далі канвой, гэта значыць капрала і шэсць жаўнераў, якія б мяне суправаджалі аж да Польшчы, да маёнткаў светлых князёў Радзівілаў, да Біржаў.
I вось я развіталася з князем Чаркаскім, панам маім, і княгіняю Марыяй Юр'еўнаю (з дому князёў Трубяцкіх, жонкаю гэтага князя), і дачкою іх Варвараю Аляксееўнаю, і з усім дваром іх пабожным, усялякае пахвалы ад Бога і ад людзей вартага. Гэта княжна Варвара Аляксееўна пайшла хутка замуж за князя Шарамецьева, вялікага князя, сведчу Богам і не таму хвалю, што мне шмат у чым спрыялі, бо калі спытацца ў таго, хто быў у гэтым краі і ведаў тых дам, той мяне падтрымае. Ах, Пане Божа, калі хто з іх жывы, дай ім, Божа, шчасця, аман.
Я выехала з Пецярбурга ў Нарву, заехала да яснавяльможнага яго мосці пана Тараса Абрамавіча Шацілава, генерала і каменданта тае фартэцыі, і паказала свой ардынанс. Мне ён выдаў са свае фартэцыі двух сіпахаў [47], гэта значыць вайскоўцаў, і ў Нарве ўзяла сем жаўнераў канвою, двух туркаў і паехала ў Нарву [48] і там, прыехаўшы, спынілася ў адной аўстэрыі, бо не адважылася да пана генерала, таму што не была знаёмая з ім, як у Нарве.
Але як даведаўся яго мосць пан Бісмарк, генерал і камендант фартэцыі рэвельскае, пра мой прыезд, дык адразу ж паслаў па мяне экіпаж, і я пераехала ў ягоны палац. Прачытаўшы ардынанс найяснейшае царыцы, з вялікаю ахвотаю аддаў мне той годны кавалер двух туркаў-янычараў, таксама з Рушчука, бо я сама, прынамсі, з Рушчука хацела, і не дазваляў мне тры дні ў дарогу выязджаць, таму што лютая зіма была. Бог яму заплаціць за дабрадзейства і спагаду, якія мне гэты цудоўны кавалер засведчыў, бо я штодзённа з яго мосцю і з ягонаю паняю генераліхаю па некалькі візітаў рабілі да найвыдатнейшых асоб у горадзе Рэвелі разам з самім панам генералам Бісмаркам і ягонай жонкаю ў адным экіпажы, запрэжаным шасцерыком, і вельмі нам усюды радыя былі, і гэта ўсё ішло з ласкавага сэрца абаіх ягамосцей, хвалілі мяне за маю адвагу і добрасумленнасць, што такога дабіцца ў яе мосці царыцы змагла белагаловая, чаго і мужчыне цяжка.
Развітаўшыся з генеральскаю сям’ёю і ўсімі добрымі прыяцелямі і знаёмымі, паехала я з Імем Бога ў Рыгу з двума людзьмі маімі, гэта значыць з пачцівым пабожным чалавекам Бенядыктам Скалубовічам і з другім сякім-такім Юзафам Бяліцкім, з чатырма туркамі, сем жаўнераў-маскалёў канвою, адною маскоўскаю кібіткаю, ці будкаю, запрэжаную шасцерыком, якую мне падаравала яе мосць царыца, вазком, запрэжаным чацвёркаю коней, і двума коньмі і санямі для туркаў. Так мы шчасліва паехалі з Рэвеля ў Рыгу.
Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 85 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
АВАНТУРА КНЯЗЁЎ ДАЎГАРУКІХ | | | АВАНТУРА Ў ДАРОЗЕ НА НАЧЛЕЗЕ |