Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Выезд 3 Рыгі ў Нарву

ПЕРШАЕ ПАДАРОЖЖА Ў СТАМБУЛ | МАЯ ДРУГАЯ АВАНТУРА Ў СТАМБУЛЕ | ТРЭЦЯЯ АВАНТУРА Ў СТАМБУЛЕ. 1735 ГОД | ЦУД, ЯКІ МНЕ ВОЛЯ БОЖАЯ НА ПАЧАТКУ ЛЕКАРСКАЕ ПРАКТЫКІ ДЗІВОСНА ПАСЛАЛА | ГАБРАЙ-КУПЕЦ У АДРЫЯНОПАЛІ | ПАДАРОЖЖА 3 ФІЛШБЕЯ Ў САФІЮ | Я ПРЫЕХАЛА Ў САФІЮ | ПАДАРОЖЖА I ПРЫГОДЫ У РУШЧУКУ | СМЕПІНЫ ВЫПАДАК ЗДАРЫЎСЯ Ў РУШЧУКУ | Я ДРУГІ РАЗ ІДУ ЗАМУЖ ЗА ЯГО МОСЦЬ ПАНА ПІЛЬШТЫНА |


Читайте также:
  1. ВЫЕЗД 3 НЯСВІЖА Ў ПЕЦЯРБУРГ
  2. Выезд в с. Новые Петровцы.
  3. Выезд за пределы гарнизона. Увольнение из расположения полка
  4. Выезд и следование к месту вызова
  5. Выезд из Тюмени
  6. Выезд на соревнования по спасработам в Самару Около хижины Укю-Кош, Безенги

 

Прыехаўшы ў Нарву [21] выдатную фартэцу і прыгожы горад, які яшчэ Пятро Аляксеевіч [22], імператар расійскі, адабраў у шведаў (бо раней ён шведскі быў), і пайшла я там да вяльможнага яго мосці пана генерала Тараса Абрамавіча Шацілава [23], які быў камендантам гарнізона, і пыталася пра маіх туркаў, і мела дазвол пайсці да турэцкіх нявольнікаў і пытацца, і атрымала добрыя весткі пра іх, а вяльможны яго мосць пан генерал быў такі ласкавы і гжэчны, што ўзяў да свайго палаца мяне, і людзей маіх, і каляску, і аддала я яму ад яго мосці пана генерала Лівена ліст, што мне яшчэ быў дадзены ў Літве пад Наваградкам. Лячыла я там пані генераліху Шацілаву, жылося мне добра, бо былі гэта людзі бескарыснае дабрыні і пабожнасці. Мела пашану і некалькі дзясяткаў рублёў на дарогу і ліст ад яе мосці пані генераліхі да яе роднага брата ў Пецярбург, да яснавяльможнага яго мосці пана Сямёна Юр'евіча, брыгадзіра, ад сястры ягонай Марыі Юр'еўны. I вось шчасліва прыехала я ў Пецярбург, проста да палаца князя Шарамецьева на Васільеўскім востраве на 25-й лініі, дзе жыў Сямён Юр'евіч Каравулаў [24], брыгадзір, які некалі быў камендантам у Кракаве ў час інкурсіі [25]. I тут была я па-чалавечы прынята гэтымі ягамосцямі, бо ягоная сястра Марыя Юр'еўна добрую мне рэкамендацыю дала. Яе мосць пані Каравулава, брыгадзірыха, цяжарная была і вельмі баялася, бо гэта ўжо сёмае дзіцё, а ранейшыя пры родах паміралі. Дык я яе запэўніла, што з дапамогаю Пана Бога і маёй дасведчанасці не памрэ тое дзіця, што цяпер народзіцца. Я некалі на вёсцы была пры родах аднае беднае шляхцянкі, якую звалі Ганна Стрынкевічоўна (пайшла замуж за яго мосць пана Якубоўскага), а мела гэта панна гадоў сорак і зацяжарала і нарадзіла сына, але ён не крычаў, як звычайна плачуць нованароджаныя дзеці, дык узяла тая баба-прасцяча дзежку, у якой хлеб рашчыняюць, і накрыла ёю тое дзіця, і пакуль палову малітвы прачытала, дзіця заплакала і жыло. Я, ведаючы гэты сакрэт, учыніла тое ж самае з дзіцём яго мосці пана Сямёна Юр'евіча, і назвалі яго Іван Сямёнавіч, і цяпер, дзякуй Богу, жыве, і быў у Кіеве на пакланенні св. Барбары, бо яго ў гэты дзень ахрысцілі.

Пражыла тыдні тры ў спакоі, у пашане ў вяльможнага яго мосці пана Сямёна Юр'евіча з людзьмі, з коньмі, але мяне хвалявала, як бы даступіцца да найяснейшай яе мосці царыцы Анны Іванаўны. Аднак мне ўсе адно сцвярждалі, што цяжка заслужыць такі гонар, людзі па году сядзяць і не могуць падступіцца, каб пагаварыць з ёю, нават супліку даць цяжка, але ёсць тут адна княгіня, з дому Трубяцкіх, а замужам за князем Чаркаскім [26], які быў у той час першым міністрам, дык яе надзвычай шануе яе мосць царыца. Пытаюся, ці магу я знайсці доступ да княгіні Чаркаскае [27]. Кажа мне яго мосць пан Каравулаў: «Можаш з маёю жонкаю; пачакай, няхай яна ўстане пасля родаў і паедзе з візітам, дык разам з маёю жонкаю і ты паедзеш». I вось я паехала з жонкаю яго мосці пана брыгадзіра да светлае княгіні яе мосці Чаркаскае, але мне казалі, што гэтая княгіня скрытая, суровая, хоць бы і якая панна-прыслужніца ці мужчына, а ўсё роўна біць загадае, але тут інакш нельга, трэба да яе на службу прасіцца, бо рада яна розных нацый людзей у двары сваім мець. Адважылася я на ўсё, што Пан Бог і на мяне пашле.

I вось першы раз прыехалі мы да княгіні ў самы Пецярбург, перабраўшыся праз Няву (бо між Васільеўскім Востравам і Пецярбургам цячэ рэчка Нява), княгіня мае палац на Мільённай вуліцы, непадалёку ад асударскага дварца (гэта значыць каля царскага палаца), і вось пра мяне яе мосць княгіня запытала. Адказваю: «Я бязродная шляхцянка, белагаловая, крыху разбіраюся ў лекарстве». Дык мне яе мосць княгіня дазволіла ёй служыць. Гэтая княгіня мела адзіную дачку Варвару Аляксееўну, вялікай годнасці і пабожнасці даму, багацця невыказнага, бо бачыла я сярод іх скарбаў срэбныя бочкі для перавозкі вады, срэбныя насілы, каб насіць тыя бочкі, срэбраныя цэбры, срэбраныя жароўні, адна жароўня, alias срэбраная печка, за 7000 рублёў, такія ж міскі, вазы, кружкі, талеркі, балеі купаць дзяцей, срэбраныя ванны для купання дарослых дам і паноў, такія сервізы майстэрскай работы і калі іх на стол ставілі, дык верх даставаў да бэлькі. Там клалі садавіну, цукар, свечкі і іншае надзвычайнае прыгажосці, такога сервізу я нідзе не бачыла. I мела я ад яе вялікую ласку і ўсялякую павагу, бо мяне яна не выкарыстоўвала на чорнай рабоце, а куды еду — заўсёды ў калясцы. Дачка яе мела каля сябе ледзь не ўсіх дам каталічак, напрыклад, мадмазель францужанку дзеля навучання французскай мове і іншыя дамы для паслуг, і заўсёды нам у нядзелю і на святы была падрыхтавана каляска ехаць у касцёл да айцоў-капуцынаў на святую імшу, і ўсялякая нам абслуга і чалавечнасць. Я сядала за стол заўсёды з яго мосцю князем, а княгіня мая Марыя Юр'еўна часта мела галавакружэнне і з гэтае прычыны не магла бываць часта ў яе мосці царыцы, але з дапамогаю Пана Бога, калі я дала ёй пэўныя дзейсныя лекі, галавакружэнні прайшлі, і яна на доказ нашае дружбы ці майго добрага імя паехала сама да яе мосці царыцы і хвалілася: «Маю такую лекарку, што мяне вылечыла ад мае хваробы».

Таго дня, калі княгіня яе мосць Чаркаская паехала да яе мосці царыцы ў палац, мяне прасіў адзін сляпы бандурыст у двор яе мосці царыца Лізаветы Пятроўны [28], каб што можна дапамагла адной дзяўчыне, прачцы, з 14 гадоў сляпой. На шчасце, гэтая дзяўчына мела нястрашную катаракту, дык я ў гэты ж дзень інструментам зняла тую катаракту, і дзяўчына пачала бачыць на абодва вокі. Прысутныя лёкаі і іншага стану людзі надзвычай дзівіліся, што дзяўчыну, якая была доўгі час сляпою, я так хутка вылечыла. Былі там лёкаі і з вялікага палаца найяснейшае царыцы Анны Іванаўны і князя Бірона [29], Анны спадкаеміцы [30], жонкі Ульрыха дэ Брунсвік, і гэтая слава хутка па тых дварах разнеслася, і мне загадана было з'явіцца да найяснейшае манархіні Анны Іванаўны, расійскае імператрыцы. Мяне старанна шукалі, але не знайшлі ў палацы княгіні Чаркаскае, дзе я ў той час жыла. Пасля ўвечары я прыйшла ў палац, і вялікую мне радасць учыніла яе мосць княгіня, якая таксама ад яе мосці царыцы вярнулася ў свой палац і апавядала, што мяне яе мосць царыца загадала старанна шукаць, бо ведае ўжо, што я адной прачцы інструментам вочы адчыніла, дык тут жа, не бавячыся, загадала яе мосць княгіня Чаркаская, Марыя Юр'еўна, каляскаю сваёю завезці мяне да асударскага дварца; і было гэта ўжо змрокам.

I стала я перад яе мосцю царыцаю Аннай Іванаўнаю. I трэба было тры разы ўкленчыць, пакуль да яе падысці, яна ласкава дала мне пацалаваць руку і запыталася, адкуль я. Кажу: «Полька». Пытаецца яе мосць царыца: «А чаго ў Маскву прыехала?» Кажу: «Была ў Турцыі, у Стамбуле, служыла султанскім дочкам і шмат якім іншым людзям, бо крыху ведаю лекарства. Там пачула, што ў Маскве кіруе дама, і я зычыла сабе такога шчасця ад Пана Бога, каб учыніў мяне годнаю ўбачыць тое сваімі вачамі, пра што чула, і спадзяюся на Бога, што ён і тут, у Пецярбургу, забяспечыць мае патрэбы». Найяснейшая імператрыца Анна Іванаўна так мне мовіла: «Дык ты ў такую далёкую дарогу выбралася і за свой уласны кошт, каб пабачыць мяне?» Я кажу: «Хоць бы і ў некалькі разоў далей было ехаць і яшчэ большыя выдаткі, нічога мяне не хвалюе, нічога я не шкадую, задаволена тым, што ад Бога атрымала такое шчасце: бачу найяснейшую расійскую імператрыцу». Яе мосць царыца прамовіла: «Калі ты хочаш мяне бачыць дык будзеш мець месца ў мяне пры двары маім, нават у маіх ніжніх пакоях». Тут павярнулася яе мосць царыца да тых кавалераў і дам, што стаялі каля яе, і сказала: «Мой бацька пасылаў некалі ў Парыж па слаўнага акуліста і прывёз яго сюды ў Пецярбург за вялікі кошт лячыць нейкага добрага сляпога прыяцеля, але ж той акуліст цэлы год бавіўся тут у Пецярбургу і лячыў таго сляпога і шмат іншых, аднак нікога не вылечыў, а гэтая новая лекарка вылечыла прачку царэўны Лізаветы Пятроўны, як мне казала Марыя Юр’еўна, княгіня Чаркаская». Яе мосць царыца пыталася, як мяне завуць. Кажу: «Саламея». – «А бацьку?» Кажу: «Яўхім». Тады яе мосць царыца назвала мяне: «Саламаніда Яфімаўна, ідзі з маім надворным маршалкам у свой пакой, які табе прызначаны». Яе мосць царыца зноў дала мне пацалаваць руку. А сам яснавяльможны пан надворны маршалак адвёў мяне ўніз, у першы пакой пад пакоем яе мосці царыцы, і загадаў імем яе мосці царыцы тым дамам, што ў гэтым пакоі жылі (сямёра, а я восьмая), каб мяне шанавалі, на што тыя дамы з вялікай ахвотаю згадзіліся быць ласкавымі да мяне. Мяне раптам паклікалі да яе мосці царыцы, дык я нічога з сабою не мела, ні пасцелі, ні лёкаяў, але мне ложак паказваюць, засланы пад кармазынавым аксамітным балдахонам, і коўдру, таксама чырвоную аксамітную, пешкамі падшытую, бо ў Пецярбургу надзвычай холадна, а гэта перад Божым Нараджэннем было. Так я шчасліва засталася ў двары найяснейшае расійскае імператрыцы.

 


Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 93 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
ВЫЕЗД 3 НЯСВІЖА Ў ПЕЦЯРБУРГ| ЗАЙЗДРАСЦЬ ЛЕКАРСКАЯ

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.01 сек.)