|
Яснавяльможны яго мосць пан Кізерлінг [39], шамбелян найяснейшае яе мосці імператрыцы, падчас маёй бытнасці спраўляў вяселле з адной дамаю верхняга фраўцымеру. У ягоным почце былі ўсе міністры: яснавяльможны яго мосць пан Остэрман, яснавяльможны яго мосць пан Валынскi [40], ясна-вяльможны князь Аляксей Міхайлавіч Чаркаскі і шмат іншых паноў, кавалераў ордэнаў і незлічоная колькасць дам. Дыяментавая карона, кулянт [41] і бранзалеткі коштам 10 000 рублёў, ложак за 20 000 рублёў з табакеркамі і з будуарам, са шпалерамі, et mobilia [42], дванаццаць калясак, запрэжаных шасцерыком, парадныя каляскі, срэбранымі шынамі колы кутыя, былі ядвабныя шторы з золатам, срэбраныя, з пазалотаю бляхі з царскімі гербамі, каля кожнае каляскі два ганцы, шчодра ўбраныя ківеры на галовах, дыяментамі аздобленыя, залатыя жэзлы ў руках, аздобленыя дыяментамі, і кожны ганец, ці скараход, меў запаленую паходню ў руках. Гэты пышны парад быў ужо раней гатовы, бо таго ж года выдала яе мосць царыца замуж сваю нябогу за Ульрыха, князя Гальштынскага [43], якая пасля смерці святое памяці Анны Іванаўны была спадкаеміцаю і царавала сем гадоў.
Гэтая цырымонія пачалася ад царскага палаца і доўжылася аж да палаца яснавяльможнага яго мосці пана Кізерлінга, шамбеляна, актора гэтага вяселля. Калі яны прыехалі, паводле расійскага звычаю, праз якую хвіліну ўцякае яснавяльможны пан малады ў адной толькі кашулі, у шлафроку, у начным каптуры і ў гальштуку, а начныя чаравікі яму павінна даць яе мосць маладая. Гэтыя рэчы былі коштам дзве тысячы рублёў. I вось яго мосць пан малады, як можа, уцякае ў іншы пакой, а тут да ягонага пакоя колькі ёсць людзей, годных дам, кавалераў старых, і маладых, і чужых, нават фурманы і конюхі – штурхаюцца ў пакой, дзе ложак панны маладое, і вось яе ў адной кашулі ставяць на ногі і даюць яе мосці панне маладой вялікую срэбраную тацу ў рукі, на якой колькі дзясяткаў кубачкаў з чыстага золата, поўных цукровае гарэлкі, і вось кожнаму прысутнаму яна з пакораю падае, просячы, каб пілі, і кожны бярэ і п'е, і шчыра Пана Бога хваліць, і бласлаўляе маладых на шчаслівае жыццё і добрае здароўе, і каб блаславенне Божае мелі, і дочкі гэтай панны маладое, каб такімі ж цнатлівымі паннамі замуж пайшлі, «як і маці іх цяпер у вачах нашых цнатлівая панна з дару Божага». Пасля прыйшлі адзін пачцівы і прыстойны кавалер з дамаю замест бацькі і маці яго мосці пана маладога і прынеслі сабалінае футра, зялёнае, аксамітнае з дыяментавымі пятліцамі, шырокае і вельмі доўгае, і акрылі панну маладую, і павіншавалі яе, і паклалі на ложку, і ўсе прысутныя выйшлі ў іншыя пакоі, дзе ім далі шчодра есці і піць, царскую капэлу, танцы, скокі, як звычайна бывае на вяселлі.
Толькі цяпер яго мосць пан малады ціха таемнымі пакоямі прыходзіць да панны маладое, і яны просяць даць ім піць і есці, і застаюцца самі двое толькі са сваімі хатнімі лёкаямі і пакаёўкамі на 24 гадзіны, а пасля абое выходзяць, вельмі пышна ўбраныя, да людзей, што ўдзельнічалі ў вяселлі, і просяць людзей, каб весяліліся, і садзяцца абое на аксамітных крэслах і сядзяць. Як час быў абеду альбо вячэры, дык елі разам з гасцямі. Пра срэбраныя крэдансы і знешні выгляд пакояў, пра мундзіры людзей цяжка пісаць, так багата і стройна гэтае вяселле 8 дзён працягвалася, але пан малады і панна маладая не скакалі, толькі глядзелі і цешыліся; я іх у добрым здароўі пакінула ў Пецярбургу.
Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 74 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
КНЯЗЬ ГАЛІЦЫН З АДНОЮ ДАМАЮ З ВЕНЫ | | | АВАНТУРА КНЯЗЁЎ ДАЎГАРУКІХ |