Читайте также:
|
|
Фарміраванне рабочага класа ў выніку развіцця капіталістычных адносін прывяло да з’яўлення новага феномена ў грамадскім жыцці Беларусі – рабочага руху – руху наёмных рабочых за паляпшэнне свайго эканамічнага і палітычнага становішча.
У сілу спецыфікі прамысловага развіцця рэгіёну (наяўнасць мноства дробных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю занятых на іх рабочых) становішча пралетарыяту Беларусі было больш цяжкім, чым у Расійскай імперыі ў цэлым. Яго характарызавалі 13-14-гадзінны працоўны дзень, нізкая аплата працы, адвольныя штрафы, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, адсутнасць страхавога і пенсійнага забеспячэння, тэхнікі бяспекі на працы.
Першапачаткова (у 1860-1870-я гг.) асноўнай формай супраціўлення рабочых з’яўляліся стыхійныя выступленні, галоўным чынам уцёкі з месца працы. Гэтыя выступленні мелі пераважна абарончы характар, былі выкліканы несвоечасовымі выплатамі заробкаў і іншымі формамі невыканання дамоўленасцяў з боку наймальнікаў.
Паступова асноўнай формай рабочага руху становіцца стачка – арганізаванае спыненне працы рабочымі з мэтай выканання наймальнікамі канкрэтных патрабаванняў у сферы вытворчых адносін. У 1870-я гг. на тэрыторыі Беларусі адбылося 7 стачак, у 1880-я – 10, у 1890-я – 59. Найбольш значныя стачкі адбыліся на будаўніцтве чыгуначных дарог Вільня-Баранавічы (1884 г.), Лібава-Ромны (1886, 1894, 1899 гг.), а таксама ў чыгуначных майстэрнях у Пінску (1893 г.), прамысловых прадпрыемствах у Смаргоні (1896 г.), на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гродне (1899 г.). Патрабаванні рабочых былі накіраваны на паляпшэнне матэрыяльнага становішча (павышэнне заработнай платы, скарачэнне працоўнага дня, паляпшэнне ўмоў працы, спыненне адвольнага спагнання штрафаў).
З 1880-х гг. пэўны ўплыў на рабочы рух пачынаюць аказваць рэвалюцыйныя палітычныя арганізацыі. У буйнейшых гарадах з’яўляюцца рабочыя гурткі, у межах якіх праводзілася палітычная самаадукацыя рабочых. З другой паловы 1890-х гг. радыкальныя палітычныя арганізацыі, у першую чаргу марксісцкія, пачынаюць актыўна ўдзельнічаць у барацьбе рабочых за свае эканамічныя правы. Пад іх уплывам у некаторых гарадах адбываецца святкаванне рабочымі 1 мая – дня міжнароднай салідарнасці рабочых.
Пад уплывам рабочага руху царскі ўрад у 1880-1890-я гг. вымушаны быў абмежаваць выкарыстанне дзіцячай і жаночай працы (1882, 1885 гг.), памеры штрафу (1886 г.), працягласць працоўнага дня 11,5 гадзінамі (1897 г.). Для выканання гэтых і іншых абмежаванняў была ўведзена ў 1882 г. фабрычная інспекцыя. Аднак кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым; да таго ж яны не распаўсюджвалiся на дробную і рамесна-саматужную вытворчасць, якая пераважала менавіта на тэрыторыі Беларусі.
Такім чынам, у апошняй трэці 19 ст. у Беларусі ўзнікае новая сацыяльная з’ява – рабочы рух, які паступова становіцца істотным фактарам сацыяльна-палітычнага жыцця.
Асноўныя паняцці:
Паўстанне 1863-1864 гг., патрыятычныя маніфестацыі, “белыя”, “чырвоныя”, Цэнтральны нацыянальны камітэт, Літоўскі правінцыйны камітэт, “Мужыцкая праўда”, Часовы нацыянальны ўрад Польшчы, Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, Аддзел кіравання правінцыямі Літвы, буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, шляхецкае нацыянальна-вызваленчае паўстанне, земская рэформа 1864 г., гарадская рэформа 1870 г., судовая рэформа 1864 г., ваенная рэформа 1874 г., адукацыйная рэформа 1864 г., гарадскія думы, гарадскія ўправы, судовыя палаты, акруговыя суды, міравыя суды, контррэформы, земскія начальнікі, рэвалюцыйнае народніцтва, сацыялізм, “хаджэнне ў народ”, “Зямля і воля”, “Народная воля”, “Чорны перадзел”, “Гоман”, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ліберальнае народніцтва, “Минский листок”, марксізм, Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Бунд, Польская партыя сацыялістычная на Літве, Беларуская Сацыялістычная Грамада, рабочы рух.
Кантрольныя пытанні і заданні:
1. Якія змены адбыліся ў палітыцы царызму ў другой палове 1850 – пачатку 1860-х гг.? Чым яны былі выкліканы?
2. Чым выкліканы грамадскі ўздым у Польшчы, Беларусі і Літве на мяжы 1850-1860-х гг.? Якія факты сведчаць пра наяўнасць ўздыму?
3. Чым можна патлумачыць радыкалізацыю польскага нацыянальна-вызваленчага руху на пачатку 1860-х гг. у Польшчы і на тэрыторыі былога ВКЛ?
4. Якія плыні сфарміраваліся ў межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху на пачатку 1860-х гг.? У чым паміж імі існавалі адрозненні паводле сацыяльнага складу, праграм нацыянальна-дзяржаўнага і сацыяльна-палітычнага будаўніцтва, метадаў рэалізацыі пастаўленых мэтаў?
5. Укажыце асноўныя падзеі падчас паўстання 1863-1864 гг. Якім чынам на развіццё паўстання маглі паўплываць супярэчнасці сярод кіраўніцтва паўстаннем?
6. Якія асноўныя мерапрыемствы праводзіла адміністрацыя М. Мураўёва для падаўлення паўстання 1863-1864 гг.? Які яны мелі эфект?
7. Паспрабуйце растлумачыць, чаму сяляне беларукіх зямель у асноўнай масе не падтрымалі паўстанне 1863-1864 гг.
8. Да якіх вынікаў прывяло падаўленне паўстання 1863-1864 гг.? Вызначце асноўныя прычыны паражэння паўстання.
9. Якія існуюць асноўныя падыходы ў гістарычнай навуцы пры вызначэнні характару паўстання 1863-1864 гг.? Які з гэтых падыходаў здаецца Вам больш правільным і чаму?
10. Якія адбыліся змены ў палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі пасля паражэння паўстання 1863-1864 гг.?
11. Якія грамадскія рэформы былі праведзены царызмам у 1860-1870-я гг.? Падумайце, якое яны мелі значэнне для капіталістычнай мадэрнізацыі.
12. У чым заключалася спецыфіка правядзення рэформ 1860-1870-х гг. на тэрыторыі Беларусі? Чаму на гэтых землях яны праводзіліся са спазненнем і не ў поўным аб’ёме?
13. Што такое контррэформы? Падумайце, чаму царызм у 1880-я гг. адмовіўся ад працягу рэформ, праводзімых у 1860-1870-я гг.
14. Назавіце асноўныя контррэформы 1880-1890-х гг. Якую ролю яны мелі для далейшага развіцця грамадства?
15. У чым выяўлялася спецыфіка правядзення контррэформ на тэрыторыі Беларусі? Чаму прадваранская палітыка царызму не была на землях Беларусі дастаткова паслядоўнай?
16. Які ўплыў мела падаўленне паўстання 1863-1864 гг. на грамадскае жыццё Беларусі? Якая афіцыйная ідэалогія панавала ў другой палове 19 ст.?
17. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца ажыўленне рэвалюцыйнага руху? У чым адрозненне антыцарскага руху на землях Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. ад антыцарскіх рухаў папярэдніх перыядаў?
18. Якія вылучаюцца асноўныя накірункі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст.? У чым адрозненне паміж імі?
19. Якім быў сацыяльны склад рэвалюцыйных арганізацый на тэрыторыі Беларусі ў апошняй чвэрці 19 ст.?
20. Вызначце асноўныя этапы ў развіцці рэвалюцыйнага народніцтва на землях Беларусі? Назавіце асноўныя арганізацыі?
21. Што такое ліберальнае народніцтва? Якія яго асноўныя ідэі?
22. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца распаўсюджанне марксізму? Якія этапы можна вылучыць у развіцці марксісцкага (сацыял-дэмакратычнага) руху да пачатку 20 ст.?
23. Назавіце палітычныя партыі марксісцкага кірунку, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі на мяжы 19-20 стст.
24. Якая палітычная партыя рэвалюцыйнага кірунку на мяжы 19-20 стст. абараняла задачы беларускага нацыянальнага руху? У чым спецыфіка прагарамы дадзенай партыі?
25. Што такое рабочы рух? Калі ён фарміруецца на тэрыторыі Беларусі? Якімі прычынамі было выклікана яго развіццё?
26. Які характар мела дынаміка рабочага руху ў Беларусі ў 1870-1890-я гг.? Растлумачце прычыны падобнай дынамікі?
27. Якія Вы ведаеце асноўныя формы рабочага руху на тэрыторыі Беларусі?
28. Якія асноўныя нарматыўныя акты складалі рабочае заканадаўства Расійскай імперыі канца 19 ст.? Ці распаўсюджвалася дадзенае заканадаўства на ўсіх рабочых?
Тэмы дакладаў і рэфератаў:
1. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг.
2. “Мужыцкая праўда”: аналіз асноўных ідэй.
3. Адносіны да паўстання 1863-1864 гг. розных сацыяльных груп насельніцтва Беларусі.
4. Каталіцкая царква ў Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.
5. Контррэформы ў Беларусі: спецыфіка правядзення.
6. Газета “Минский листок” і яе ўплыў на ідэалогію ліберальнага народніцтва Беларусі.
7. Станаўленне палітычных партый на тэрыторыі Беларусі на мяжы 19-20 стст.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 100 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст. | | | Перадумовы фарміравання беларускай нацыі. |