Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.

Сельская гаспадарка. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. | Прамысловасць. | Гарады. Гандаль. | Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі. | Сельская гаспадарка. | Прамысловасць. | Гарады, гандаль, транспартная сістэма. | Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі. | Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. | Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст. |


Читайте также:
  1. Абвяшчэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР.
  2. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі ў пасляваенныя гады. Грамадска-палітычнае жыццё і спробы рэфарміравання эканомікі ў 1950 – 1960-я гг.
  3. АСАБЛIВАСЦI КIРАВАННЯ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
  4. Ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў 1918 г. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
  5. Люблінская унія. Яе перадумовы і вынікі.
  6. Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.
  7. Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.

Эпоха прамысловай рэвалюцыі і капіталістычнай мадэрнізацыі ў гісторыі Еўропы, якая ахоплівае канец 18 – 19 стст., разглядаецца адначасова як эпоха фарміравання нацый. Нацыя – гэта пэўная сацыяльная супольнасць, для якой характэрныя:

- агульная тэрыторыя пражывання;

- агульная літаратурная мова;

- наяўнасць адносна трывалых эканамічных і культурных сувязяў;

- развітая нацыянальная самасвядомасць (атаясамленне асобных індывідаў з пэўнай нацыянальнай супольнасцю).

Фарміраванню нацый, як правіла, папярэднічалі наступныя фактары:

- стварэнне суверэнных цэнтралізаваных дзяржаў;

- пэўны ўзровень сацыяльнай камунікацыі, сфарміраваны эканамічнымі і тэхнічнымі фактарамі ва ўмовах прамысловай рэвалюцыі;

- распаўсюджанне пісьменнасці сярод значнай часткі насельніцтва.

Фарміраванне нацый у Еўропе ў разглядаемы перыяд адбывалася двума асноўнымі шляхамі:

1) Канструяванне нацый у межах асобных цэнтралізаваных дзяржаў дзякуючы дзяржаўнай палітыцы (нацыянальная свядомасць пры гэтым атаясамлівалася з грамадзянскай прыналежнасцю: напрыклад, француз – г.зн. грамадзянін Францыі). Такім шляхам адбывалася складаванне большасці нацый у Заходняй Еўропе: англійскай, французкай, шведскай і інш.

2) Складванне нацый на базе гістарычна ўзнікшых у даіндустрыяльную эпоху этнічных супольнасцяў (народнасцей). Фарміраванне такіх нацый адбывалася па-за межамі дзяржаўных утварэнняў (нацыянальная самасвядомасць атаясамлівалася не з грамадзянскай, а з этнічнай прыналежнасцю: напрыклад, чэх – г.зн. той, хто размаўляе на адным з чэшскіх моўных дыялектаў, прытрымліваецца чэшскіх этнакультурных традыцый). Галоўным каталізатарам складвання нацый з’яўляліся нацыянальныя рухі. Такім шляхам ішло фарміраванне большасці нацый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе: чэшскай, польскай, украінскай і інш.

Фарміраванне беларускай нацыі адбывалася па другім шляху. Аб’ектыўнымі перадумовамі дадзенага працэсу з’яўляліся:

- наяўнасць спецыфічных этнічных (моўных, культурных) прыкмет у большасці насельніцтва, што пражывала на тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, часткова Смаленскай і Чарнігаўскай губерняў Расійскай імперыі;

- развіццё рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, што спрыяла пашырэнню міжрэгіянальных эканамічных і культурных сувязяў.

Аднак станаўленне нацыі на тэрыторыі Беларусі запавольвалася наяўнасцю спецыфічных умоў:

1) Працэсы капіталістычнай мадэрнізацыі ў дадзены перыяд толькі пачыналіся: Беларусь з’яўлялася аграрным краем; сельская гаспадарка мела перважна натуральны характар; эканамічныя і культурныя сувязі паміж рэгіёнамі былі слабыя; большая частка насельніцтва з’яўлялася непісьменнай; захоўваўся саслоўны падзел грамадства – у такіх умовах не існавала аб’ектыўных фактараў для шырокага распаўсюджання нацыянальнай самасвядомасці; пераважалі дамінуючыя ў ранейшыя часы рэгіянальная, канфесійная, саслоўная самасвядомасць.

2) Адсутнасць самастойнай дзяржаўнасці: землі Беларусі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, улады якой праводзілі русіфікатарскую палітыку ў розных сферах грамадскага жыцця.

3) Канфесійны падзел грамадства на праваслаўных і католікаў; дадзеная акалічнасць выкарыстоўвалася расійскімі ўладамі і польскімі элітамі, якія спрабавалі навязаць адпаведна ўсім праваслаўным расійскую, а католікам – польскую нацыянальную самасвядомасць.

4) Перавага іншаэтнічнага насельніцтва (перадусім яўрэяў) у гарадах ва ўмовах мяжы яўрэйскай аседласці і забароны яўрэям пасяляцца ў сельскай мясцовасці. Збяднелыя сяляне з беларускіх вёсак адыходзілі на працу ў прамысловасці і будаўніцтве ў буйнейшыя гарады Расійскай імперыі (Пецярбург, Масква, Адэса). У беларускіх гарадах, дзе панавала дробная прамысловасць, попыт на працоўную сілу цалкам задавальняўся за кошт яўрэйскага насельніцтва (на 1897 г. у гарадах пяці заходніх губерняў пражывала ўсяго 14,5% беларусаў, у той час як яўрэяў – 53,5%; на 1897 г. з 90 тыс. жыхароў Мінска толькі 8,2 тыс. былі беларусамі, у той час як у Пецярбургу пражывала 66,5 тыс. беларусаў).

5) Уключэнне эканамічнай, палітычнай і інтэлектуальнай эліты грамадства (дваранства, купецтва, духавенства, інтэлігенцыя) ў працэсы фарміравання расійскай і польскай нацый, якія гістарычна пачаліся раней; адсутнасць на тэрыторыі Беларусі вышэйшых навучальных устаноў, якія б маглі стаць цэнтрамі фарміравання новай інтэлектуальнай эліты.

Станаўленне беларускага нацыянальнага руху.

Як ужо адзначалася, у працэсе фарміравання нацый, якія не мелі ўласнай дзяржаўнасці, галоўнай рухаючай сілай з’яўляліся нацыянальныя рухі. У першай палове 19 ст. складваюцца перадумовы фарміравання беларускага нацыянальнага руху. У гэты перыяд пачынаецца навуковае гістарычнае, этнаграфічнае, археалагічнае вывучэнне Беларусі. У значнай ступені гэта звязана з панаваннем у духоўнай культуры гэтага перыяду ідэй рамантызму, для якіх уласцівы павышаны інтарэс да гістарычнага мінулага, у якім шукаліся светапоглядныя і сацыяльныя ідэалы. Навуковае вывучэнне ажыццяўлялася пераважна прадстаўнікамі мясцовай польскамоўнай, у меншай ступені рускамоўнай, інтэлігенцыі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ян і Канстанцін Тышкевічы, Тэадор Нарбут, Адам Кіркор, Павел Шпілеўскі і інш.). У першай палове 19 ст. пачынае фарміравацца беларускамоўная літаратура (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэзскі і інш.). У навуковых і літаратурных творах першай паловы 19 ст. сцвярджалася самабытнасць беларускай народнай мовы і традыцыйнай культуры. Аднак пры гэтым беларусы не разглядаліся як самастойная нацыя, а толькі як этнаграфічная супольнасць, якая павінна паступова ўліцца ў склад польскай або расійскай нацыі.

З сярэдзіны 19 ст. беларуская мова стала выкарыстоўвацца ў рэвалюцыйнай публіцыстыцы (агітацыйная літаратура падчас паўстання 1863-1864 гг., некаторыя выданні расійскіх і польскіх народнікаў).

Пасля разгрому паўстання 1863-1864 гг. царскія ўлады разгарнулі актыўную дзейнасць у накірунку навуковага гісторыка-этнаграфічнага вывучэння Беларусі, мэтай якога з’яўлялася абгрунтаванне таго, што дадзены край спрадвечна рускі. Вынікі даследаванняў, нягледзячы на іх заходнерускую скіраванасць, ускосна пацвярджалі факт існавання асобнай беларускай этнічнай культуры і мовы.

Напрыканцы 19 ст. пачынае фарміравацца беларускі нацыянальна-культурны рух. Пра гэта сведчыць станаўленне беларускай літаратуры, у межах якой паслядоўна адстойваецца ідэя пра існаванне самастойнай беларускай нацыі (Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Карусь Каганец і інш.); узнікненне гурткоў нацыянальнай інтэлігенцыі (пераважна выхадцаў з сялянства і дробнай шляхты) як у самой Беларусі, так і ў Пецярбургу і Маскве сярод беларускіх студэнтаў, выданне імі публіцыстычных твораў. Нацыянальна-культурны рух, як правіла, акцэнтаваў сябе як апазіцыйны ў адносінах да царскага рэжыму. У яго межах фарміруюцца першыя элементы палітычнага нацыянальнага руху з патрабаваннямі стварэння беларускай дзяржаўнасці (група “Гоман”). На пачатку 20 ст. палітычны нацыянальны рух афармляецца ва ўзнікненні і дзейнасці Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У межах беларускага нацыянальнага руху канца 19 – пачатку 20 стст. знайшлі ўвасабленне наступныя ідэі:

– абгрунтаванне самастойнасці беларускага этнасу, самабытнасці беларускай мовы і культуры;

– сцвярджэнне ідэі беларускай нацыі як этнічнай супольнасці (вызначальная роля надавалася развіццю беларускай мовы як галоўнага нацыятворчага фактару);

канцэпцыя беларусаў як плебейскай нацыі з няпоўнай сацыяльнай структурай, адбываецца атаясамленне сацыяльнай дыхатаміі з нацыянальнай (пануючыя сацыяльныя слаі – рускія і палякі // працоўныя масы – беларусы);

– сцвярджэнне неабходнасці фарміравання нацыянальнай інтэлектуальнай эліты з прадстаўнікоў беларускага народа, якая павінна выступаць каталізатарам абуджэння ў народзе нацыянальнага духу.

Такім чынам, да канца 19 ст. адбываецца складванне беларускага нацыянальнага руху. Аднак у той жа час яго дзейнасць абмяжоўвалася вузкім колам беларускай інтэлігенцыі і істотнага ўплыву на развіццё масавай нацыянальнай самасвядомасці не мела.

Можна зрабіць выснову, што ў 19 ст. адбываецца складванне перадумоў фарміравання беларускай нацыі, пра што сведчаць зрухі ў накірунку капіталістычнай мадэрнізацыі грамадства, зараджэнне беларускага нацыянальнага руху. Аднак разам з тым павольныя тэмпы мадэрнізацыі, спецыфічныя сацыяльна-палітычныя і этнаканфесійныя ўмовы жыццядзейнасці грамадства абумовілі тое, што працэс фарміравання нацыі знаходзіўся да пачатку 20 ст. яшчэ на пачатковай стадыі.

 


Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 99 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст.| Адукацыя і навука.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)