Читайте также: |
|
Адмена прыгоннага права стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця прамысловасці на землях Беларусі. У другой палове 19 ст. можна вылучыць чатыры асноўныя тыпы прамысловасці:
- рамесна-саматужная прамысловасць;
-дробнакапіталістычная прамысловасць;
- мануфактурная прамысловасць;
-фабрычна-заводская прамсловасць.
Тып прамысловасці | Спецыфіка вытворчасці | Колькасць прадпрыемстваў на 1900 г. | Колькасць рабочых на 1900 г. |
Рамесна-саматужная | Вытворчы працэс ажыццяўляецца сіламі рамесніка-уладальніка прадпрыемства, членаў яго сям’і і рабочых ў колькасці менш 5 чал. без спецыялізаванага падзелу працы пры дапамозе ручных прылад працы | 58,1 тыс. | 110 тыс. |
Дробнакапіталістычная | Вытворчы працэс ажыццяўляецца сіламі рабочых ў колькасці ад 5 да 16 чал. без спецыялізаванага падзелу працы пры дапамозе ручных прылад працы | 17 тыс. | 63,5 тыс. |
Мануфактурная | Вытворчы працэс ажыццяўлялецца сіламі рабочых у колькасці ад 16 чал. пры дакладна вызначаным падзеле працы, пры дапамозе ручных прылад працы | 28,8 тыс. | |
Фабрычна-заводская | Вытворчы працэс ажыццяўляецца рабочымі пры дакладна вызначаным падзеле працы і выкарыстанні машынных прылад працы | 33,6 тыс. |
Рост колькасці прадпрыемстваў, рабочых і аб’ёмаў вытворчасці назіраўся ў межах усіх тыпаў прамысловасці разглядаемага перыяду. Асабліва хуткімі тэмпамі развівалася фабрычна-заводская прамысловасць, аб’ём прадукцыі якой на працягу 1860-1900 гг. павялічыўся ў 37 разоў. Характэрна тое, што пасля рэформы 1861 г. у Беларусі зніклі прыгонныя фабрыкі і мануфактуры; усе прамысловыя прадпрыемствы былі пераведзены на капіталістычны лад.
Аднак сярод фабрык пераважалі невялікія прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш як 50 чалавек. На канец 19 ст. на землях Беларусі налічвалася толькі 9 буйных прадпрыемстваў з колькасцю рабочых звыш 500. Да ліку буйнейшых фабрык у Беларусі належалі машынабудаўнічы і чыгуналіцейны завод Якабсона, Ліўшыца і Кº у Мінску, льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” ў Віцебску, тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, папяровая фабрыка ў Добрушы, запалкавыя фабрыкі ў Пінску і Барысаве. Таксама буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі з’яўляліся чыгуначныя майстэрні і дэпо ў Пінску, Гомелі, Мінску, Віцебску.
Развіццё прамысловасці абумовіла стварэнне акцыянерных кампаній – фінансава-прамысловых груп, у межах якіх аб’ядноўваліся капіталы некалькіх асобных уласнікаў. Паколькі канцэнтрацыя вытворчасці на землях Беларусі была невысокай, іх колькасць на канец 19 ст. не перавысіла 10. У асноўным акцыянерныя таварыствы ствараліся ў сферы эксплутацыі гарадскіх камунікацый (напрыклад, бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай” з 1898 г.).
У структуры прамысловай вытворчасці пераважалі галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Па аб’ёмах вытворчасці дамінавалі наступныя прамысловыя галіны:
харчовая (перавагу мела вінакурства);
дрэваапрацоўчая (пераважалі запалкавая і папярова-друкарская вытворчасць);
тэкстыльная;
металаапрацоўчая (разам з чыгуначнымі майстэрнямі);
сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная.
У апошняй трэці 19 ст. у эканамічным жыцці Беларусі значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Сярод іх вылучаліся:
1) Банкі, заснаваныя з дапамогай мясцовага капіталу: Віленскі камерцыйны банк з аддзяленнямі Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме; Мінскі камерцыйны банк; Беластоцкі камерцыйны банк.
2) Аддзяленні буйнейшых расійскіх банкаў: Дзяржаўнага банка, Азова-Данскога банка, Пецярбургска-Азоўскага банка.
У Беларусі, дзе пераважалі дробныя капіталістычныя і мануфактурныя прадпрыемствы, функцыяніравалі таксама невялікія банкірскія канторы, якія займаліся крэдытнымі аперацыямі па абслугоўванню дробных прамыславікоў і гандляроў. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, першасная апрацоўка лесу і льну.
Развіццё прамысловасці Беларусі знаходзілася пад уплывам сусветнага эканамічнага цыкла. Эканамічныя крызісы 1873-1875 гг. і 1881-1882 гг. прывялі да скарачэння дробнай і мануфактурнай вытворчасці, пры захаванні росту ў фабрычна-заводскай прамысловасці. У 1890-я гг. назіраецца прамысловы ўздым, які ахапіў амаль усе галіны вытворчасці. Падчас яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расійскай імперыі склала каля 5%, колькасць рабочых – 10%.
У той жа час да пачатку 20 ст. прамысловасць не пераўтварылася ў вядучы сектар эканомікі на землях Беларусі. Узровень яе развіцця быў невысокі не толькі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, але і ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Нягледзячы на рост фабрычна-заводскай вытворчасці, асноўная прамысловая прадукцыя выраблялася ў межах рамесна-саматужнай і дробнакапіталістычнай вытворчасці, заснаванай на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, пры нізкім узроўні тэхнічнага забеспячэння. Асноўнымі прычынамі маруднага развіцця буйной прамысловасці з’яўляліся:
1) Адсутнасць сыравіны, неабходнай для буйной вытворчасці. Пераважала сельскагаспадарчая, лясная і мінеральная сыравіна, на базе якой працавалі дробныя прадпрыемствы.
2) Адсутнасць буйных капіталаў. Асноўныя капіталаўкладанні ў прамысловасць ажыццяўляла мясцовае яўрэйскае насельніцтва, якое было пазбаўлена правоў на валоданне зямлёй і яе нетрамі, не мела ў сваёй большасці значных сродкаў для заснавання буйных прадпрыемстваў і займалася ў асноўным рамяством. Буйны расійскі і замежны капітал лічыў для сябе больш выгадным укладанне сродкаў у гандаль і развіццё транспартнай інфраструктуры, а не ў прамысловасць.
3) Каланіяльная палітыка царызму, які быў зацікаўлены ў паскораным развіцці найперш цэнтральных прамысловых раёнаў і ў захаванні Беларусі як аграрнага прыдатку імперыі.
Такім чынам, у другой палове 19 ст. мела месца істотнае развіццё прамысловай вытворчасці на землях Беларусі. Аднак у цэлым узровень яе развіцця ў агульнаеўрапейскім кантэксце быў невысокі.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 147 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Сельская гаспадарка. | | | Гарады, гандаль, транспартная сістэма. |