Читайте также:
|
|
Шырокі ўдзел шляхты з тэрыторый Беларусі і Літвы ў паўстанні 1830-1831 гг. абумовіў змены ў палітыцы царызму ў 1830-1850-я гг. У гэты перыяд адбываецца адыход ад палітыкі кампрамісу ў адносінах да мясцовай шляхты і рэалізуецца курс на паслядоўную русіфікацыю краю. У 1832 г. пры ўрадзе Расійскай імперыі быў створаны “ Асобны камітэт па справах заходніх губерняў ” з мэтай распрацоўкі і ажыццяўлення мерапрыемстваў па русіфікацыі краю ў розных сферах сацыяльнага жыцця.
Можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму ў разглядаемы перыяд:
1) Русіфікацыя заканадаўства: У 1830–1831 г. была адменена дзейнасць Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. на ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ. Замест яго ўводзілася расійскае заканадаўства.
2) Русіфікацыя адміністрацыйнай сістэмы: На падставе царскіх указаў ад 30 кастрычніка 1831 г. і 11 студзеня 1832 г. усім дзяржаўным установам і пасадам на землях былога ВКЛ былі дадзены расійскія назвы. Паводле указаў ад 1832 г. дзейнасць усіх судовых устаноў пераведзена на рускую мову. У мясцовыя адміністрацыйныя і судовыя ўстановы сталі запрашацца чыноўнікі з уласна расійскіх губерняў, якіх заахвочвалі павышанымі акладамі і хуткім ростам кар’еры, магчымасцю на ільготных умовах набыць зямельныя ўладанні. Указам ад 18 чэрвеня 1840 г. цар Мікалай I забараніў выкарыстоўваць назвы “Беларусь” і “Літва”. Замест іх уводзілася назва “ Северо-Западный край ”.
3) Русіфікацыя землеўладання: Адбылася канфіскацыя зямельных уладанняў удзельнікаў паўстання, якія на ільготных умовах раздаваліся расійскім дваранам. Тым не менш у структуры памешчыцкага землеўладання колькасна пераважала мясцовае “польскае”.
4) Узмацненне палітыкі “разбору шляхты”: Паводле царскіх указаў ад 1831, 1847 і 1857 гг. зрабіліся больш жорсткімі ўмовы пацвярджэння шляхецкага статусу – доказам гэтага маглі быць толькі арыгіналы прывілеяў і граматы вялікіх князёў або каралёў. Тыя, хто іх не меў, пазбаўляліся права валодання маёнткамі з прыгоннымі і пераводзіліся ў падатковыя саслоўі. Усё гэта прывяло да таго, што за некалькі дзесяцігоддзяў колькасць шляхты ў Беларусі скарацілася з 12-13% да 3% ад агульнай колькасці насельніцтва.
5) Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў: Пасля падаўлення паўстання на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны 191 з 304 каталіцкіх кляштараў. Большасць з іх была пераўтворана ў прыходскія касцёлы ці перададзена праваслаўнай царкве. Таксама зачыняліся або пераўтвораліся ў праваслаўныя цэрквы некаторыя каталіцкія касцёлы. У кастрычніку 1836 г. улады забаранілі службовым асобам касцёла ў Беларусі весці публічныя пропаведзі на польскай мове без папярэдняй цэнзуры. У 1836 г. быў выдадзены указ аб забароне духавенству неправаслаўнага веравызнання набываць у прыгоннае ўладанне праваслаўных сялян, а ў 1841 г. адбылася канфіскацыя нерухомасці ў каталіцкага духавенства. У адносінах да уніяцкай царквы была ажыццёўлена яе поўная ліквідацыя. У лютым 1839 г. у Полацку пад кантролем дзяржаўных улад быў скліканы сабор іерархаў уніяцкай царквы, на якім прыняты акт аб далучэнні да праваслаўнай царквы. Усе уніяты, якія складалі на той час большасць насельніцтва Беларусі, прымусова пераводзіліся ў праваслаўе.
6) Русіфікацыя адукацыі: У 1832 г. улады зачынілі Віленскі ўніверсітэт як ачаг вальнадумства і распаўсюджвання польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Таксама былі зачынены ўсе навучальныя ўстановы, арганізаваныя каталіцкімі ордэнамі. Навучанне ў школах цалкам пераводзіцца на рускую мову. 3 1836 г. забараняецца выкладанне польскай мовы ў школах як вучэбнага прадмета. Для працы ў сістэме адукацыі актыўна прыцягваюцца настаўнікі з расійскіх губерняў.
7) Узмацненне ідэалагічнай працы сярод насельніцтва: У 1830-я гг. канцэптуальна фарміруецца афіцыйная дзяржаўная ідэалогія Расійскай імперыі, сутнасць якой засяроджваецца ў формуле “Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць”. Спецыфіка дадзенай ідэалогіі на тэрыторыі Беларусі праяўляецца ў фарміраванні канцэпцыі т.зв. заходнерусізму. Паводле яе карэннае насельніцтва Беларусі абвяшчаецца заходняй часткай адзінага рускага народу, а фундаментам дадзенага адзінства разглядаецца праваслаўе. Цэнтрамі прапаганды дзяржаўнай ідэалогіі становяцца праваслаўная царква, школа і афіцыйны друк, галоўную ролю сярод якіх мелі мясцовыя перыядычныя выданні “Губернские ведомости”, якія пачалі выдавацца з канца 1830-х гг. ва ўсіх губернскіх цэнтрах.
У выніку ажыццёўленых мерапрыемстваў узмацніўся рэпрэсіўны характар дзяржаўнай улады, умацаваліся пазіцыі рускага дваранства і чыноўніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця Беларусі. Але разам з тым польская шляхта здолела захаваць значны ўплыў у сістэме землеўладання, у пэўнай ступені таксама ў сістэме адміністрацыі і культуры. Дадзеная сітуацыя з’яўлялася глебай для ўзнікнення новых сацыяльна-палітычных канфліктаў.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 104 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Паўстанне 1830-1831 гг. і Беларусь. | | | Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі ў 1830-1850-я гг. |