Читайте также:
|
|
Устанаўленне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і стварэнне органаў дзяржаўнага кіравання.
Пасля інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена расійская сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Уся тэрыторыя падзялялася на генерал-губернатарствы, губерні і паветы. З 1801 г. яна набыла наступны выгляд:
генерал-губернатарствы | ||||||||||
Літоўскае | Беларускае | |||||||||
Губерні | губерні | |||||||||
Віленская | Гродзенская | Мінская | Віцебская | Магілёўская | Смаленская | |||||
Паветы | ||||||||||
Выканаўчая ўлада ў губернях належала генерал-губернатарам і губернатарам, якія прызначаліся непасрэдна імператарам. На чале павятовай адміністрацыі знаходзіўся павятовы начальнік, якога прызначаў міністр унутраных спраў. У губернскіх гарадах ствараліся органы расійскага адміністрацыйнага кіравання: губернскія ўправы, казённыя палаты, прыказы і г.д. Уся сістэма дзяржаўнай улады была сфарміравана паводле вертыкальнага прынцыпу. Кіруючыя пасады займалі чыноўнікі, прысланыя з расійскіх губерняў. Аднак пры гэтым другарадныя пасады ў губернскай і павятовай адміністрацыі займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай шляхты.
Характэрнай рысай прававой сістэмы з’яўлялася захаванне дзейнасці тых палажэнняў Статута ВКЛ 1588 г., якія не супярэчылі расійскаму заканадаўству. У сістэме судовых органаў улады паводле расійскага ўзору былі створаны ў губернях палаты грамадзянскага і крымінальнага судоў, верхнія земскія суды; у паветах – павятовыя і ніжнія земскія суды. Сярод чыноўнікаў судовага апарату ў канцы 18 – першай палове 19 стст. пераважалі прадстаўнікі мясцовай шляхты. У справаводзстве часткова выкарыстоўвалася польская мова.
Саслоўная палітыка царызму.
Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст. мела спецыфічныя рысы ў дачыненні да асобных саслоўяў. Можна вылучыць палітыку ў адносінах да шляхты, гарадскога насельніцтва, сялянства і яўрэяў.
Палітыка царызму ў адносінах да шляхты.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай шляхта атрымала правы расійскага дваранства і захоўвала свае зямельныя ўладанні пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расійскай імперыі. Пераважная большасць шляхты прысягнула новай уладзе. Частка шляхты адмовілася прыносіць вернападданніцкую прысягу і накіраваліся ў эміграцыю, а яе маёнткі былі канфіскаваны ў дзяржаўны зямельны фонд.
На тэрыторыю Беларусі была распаўсюджана дзейнасць “ Даравальнай граматы расійскаму дваранству ” 1785 г. Паводле яе, ствараліся органы дваранскага самакіравання – губернскія і павятовыя дваранскія сходы на чале з выбарнымі прадвадзіцелямі дваранства. Акрамя таго шляхта атрымлівала права выбіраць членаў губернскіх і павятовых земскіх судоў, вызвалялася ад падаткаў. Разам з тым у параўнанні з часамі Рэчы Паспалітай шляхта страціла ўплыў на працэсы дзяржаўна-палітычнага кіравання: адменена дзейнасць сойму і соймікаў, забаронены правы на стварэнне канфедэрацыі, прыватных войскаў і ўмацаванняў.
У канцы 18 – пачатку 19 стст. царызм актыўна насаджаў буйное расійскае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі шляхам падараванняў дзяржаўных зямель і зямель, канфіскаваных у шляхты, расійскім арыстакратам (Г. Пацёмкін, А. Сувораў і інш.). Аднак вялікія памеры падараванняў (па 5-25 тыс. сялян на аднаго ўладальніка) не садзейнічалі з’яўленню ў Беларусі вялікай колькасці расійскіх дваран. Большасць расійскіх землеўладальнікаў (таксама як і мясцовыя магнаты) аддавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду.
Асаблівасцю тэрыторый былой Рэчы Паспалітай з’яўлялася наяўнасць вялікай праслойкі дробнай беззямельнай і малазямельнай шляхты, якая ў выніку ліквідацыі шляхецкіх вольнасцяў варожа ставілася да расійскіх уладаў. У дачыненні да яе царызм праводзіў палітыку “ разбору шляхты ”. Сутнасць яе палягала ў захаванні правоў шляхецтва толькі за тымі асобамі, якія здолелі дакументальна засведчыць сваё шляхецкае паходжанне. Адсутнасць падобных сведчанняў прыводзіла да пераводу іх ў стан дзяржаўных сялян ці мяшчан.
Палітыка царызму ў адносінах да гарадскога насельніцтва.
Пасля ажыццяўлення падзелаў Рэчы Паспалітай ў беларускіх гарадах былі ліквідаваны магдэбургскае права, а таксама шляхецкія юрыдыкі. Прыватныя гарады і мястэчкі, якія сталі адміністрацыйнымі цэнтрамі, былі выкуплены дзяржавай. Для кіравання гарадскім жыццём ствараўся выбарны прадстаўнічы орган улады – гарадская дума на чале з гарадскім галавой. Але дума ў сваёй дзейнасці была цалкам падпарадкавана царскай адміністрацыі.
Гарадское насельніцтва належала пераважна да саслоўяў купцоў і мяшчан. Прадстаўнікі дадзеных саслоўяў мелі розныя правы, а таксама выконвалі розныя павіннасці на карысць дзяржавы. Галоўнай павіннасцю купцоў была выплата падаткаў з капіталу. Мяшчане плацілі падушны падатак (падаткаабкладанне ажыццяўлялася з кожнай асобы мужчынскага полу). Акрамя таго на мяшчан была ўскладзена рэкруцкая павіннасць (абавязак пастаўляць пэўную колькасць асоб для вайсковай службы, якая ў той час працягвалася 25 год).
Палітыка царызму ў адносінах сялянства.
Становішча сялянства ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у асноўным засталося без змен. Захавалася і нават узмацнілася феадальная эксплуатацыя сялян, што выяўлялася ў павелічэнні павіннасцяў, асабліва паншчыны, здачы прыгонных сялян у наём падрадчыкам на будаўнічыя работы, практыцы продажу сялян без зямлі. У выніку падараванняў расійскім арыстакратам дзяржаўных і канфіскаваных зямель павялічылася колькасць прыватнаўласніцкіх сялян. На сялян Беларусі была распаўсюджана расійская сістэма дзяржаўных павіннасцяў, сярод якіх галоўнае месца займалі падушны падатак, земскі збор і рэкруцкая павіннасць. Да 1811 г. сяляне з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай плацілі падатак серабром, у той час як у расійскіх губернях – асігнацыямі, рыначны курс якіх у адносінах да сярэбраных грошай быў у некалькі разоў меншы.
Палітыка царызму ў адносінах да яўрэяў.
Паводле ўказа ад 23 чэрвеня 1794 г. устанаўлівалася асобная мяжа яўрэйскай аселасці на тэрыторыі беларускіх, літоўскіх, латышскіх і часткова ўкраінскіх губерняў. Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах і мястэчках толькі гэтых губерняў, займацца рамяством і гандлем. Земляробствам займацца ім не дазвалялася. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай выплаты дзяржаўных падаткаў у падвойным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. У канцы 18 – пачатку 19 стст. адбываўся працэс прымусовага перасялення яўрэяў, якія жылі ў вёсках, у гарады і мястэчкі.
Да 1844 г. яўрэйскае насельніцтва падпарадкоўвалася паводле эканамічных, грамадзянскіх і адміністрацыйных пытанняў непасрэдна кіраўніцтву сваёй абшчыны – кагала. Кагал выступаў як прадстаўнічая арганізацыя яўрэяў перад дзяржаўнымі органамі ўлады, адказвала за выкананне павіннасцяў і выплату падаткаў.
Канфесійная палітыка царызму.
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі пануючай канфесіяй становіцца праваслаўе. Дзяржава аказвала актыўную матэрыяльную і маральную падтрымку праваслаўнай царкве. У пачатку 19 ст. на тэрыторыі Беларусі існавала 5 праваслаўных епархій: Гродзенская, Літоўская, Магілёўская, Мінская, Полацкая.
Палітыка царызму ў дачыненні рымска-каталіцкай царквы мела супярэчлівы характар. З аднаго боку, імкнучыся знайсці сацыяльную базу ўлады ў асяроддзі мясцовай шляхты, дэкларавалася свабода веравызнання для католікаў. Захоўвалася ў недатыкальнасці ўласнасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў. Ва ўсходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі ў 1772 г., працягвалася дзейнасць ордэна езуітаў (нягледзячы на афіцыйнае скасаванне ордэна паводле булы папы рымскага Клімента XIV 1773 г.). Езуіты захавалі ўсю сваю маёмасць, а таксама атрымалі прывілей на вызваленне ад падаткаў. З другога боку, царызм імкнуўся абмежаваць ўплыў Ватыкана на каталіцкую царкву ў межах Расійскай імперыі і падпарадкаваць яе самадзяржаўю. У 1774 г. згодна з імператарскай даравальнай граматай было заснавана Беларускае каталіцкае біскупства з цэнтрам у Магілёве. Беларускі, як і іншыя каталіцкія біскупы ў Расійскай імперыі, фактычна знаходзіліся ў залежнасці ад царскай адміністрацыі.
Іншую палітыку праводзілі расійскія ўлады ў дачыненні да уніяцкай царквы. Падчас царавання Кацярыны ІІ быў прыняты план аб паступовым далучэнні уніятаў да праваслаўнай царквы. У канцы 18 – пачатку 19 стст. перыяды масавага прымусовага пераводу уніятаў у праваслаўе змяняліся перыядамі, калі навернутым дазвалялася вяртанне ва уніяцтва.
Сярод рэлігійных меншасцяў у Беларусі ў гэты час дзейнічалі таксама хрысціянскія (лютэране, кальвіністы, стараверы) і нехрысціянскія канфесіі (іудзеі, мусульмане).
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 102 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Адукацыя і навука. | | | Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г. |