Читайте также:
|
|
Вызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося у выніку наступлення Чырвонай Арміі пасля перамогі пад Курскам. У час бітвы за Днепр (жнівень-снежань 1943 г.) 23 верасня 1943 года быў вызвалены першы раённы цэнтр Беларусі Камарын, пры правядзенні Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 26 лістапада – першы абласны цэнтр Гомель. У ходзе Гарадоцкай аперацыі (13 – 31 снежня 1943 г.) быў вызвалены Гарадок і створаны ўмовы для наступлення ў віцебскім кірунку. З 8 студзеня па 8 лютага 1944 года праводзілася Калінкавіцка – Мазырская аперацыя, у выніку былі вызвалены гэтыя населеныя пункты, а савецкія войскі адкінулі немцаў да ракі Пціч і ў раён Петрыкава. Нарэшце, з 21 па 26 лютага 1944 года была праведзена Рагачоўска – Жлобінская аперацыя па вызваленню дадзеных гарадоў. Такім чынам, быў створаны плацдарм для разгрому германскіх войск, якія ўваходзілі ў групу армій «Цэнтр».
Беларусь была апошняй мяжой для нямецкіх захопнікаў. Яе страта адзначала ўступленне савецкіх войск на тэрыторыю Еўропы і самой Германіі, таму тут была створаная магутная лінія абароны, названая «Фатэрлянд» («Радзіма»). Кожны прыфрантавы горад быў пераўтвораны ў крэпасць. Жыхары былі выселены, а за магутнымі ўмацаваннямі засяродзіліся нямецкія гарнізоны. Кожны камендант такой крэпасці даваў асабіста Гітлеру падпіску, што будзе абараняць горад да канца. Група армій «Цэнтр» налічвала 1,2 млн. салдат і афіцэраў, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў, 1400 самалётаў.
Савецкае камандаванне таксама разумела ўсю важнасць і складанасць наступальнай аперацыі на тэрыторыі Беларусі. Быў распрацаваны план пад кодавай назвай «Баграціён». У яго ажыццяўленні павінны былі прыняць удзел чатыры франты: 1-ы Беларускі пад камандаваннем генерала арміі К. Ракасоўскага, 2-і Беларускі (камандуючы генерал-палкоўнік Г. Захараў), 3-і Беларускі (камандуючы генерал-палкоўнік І. Чарняхоўскі),
1-ы Прыбалтыйскі (камандуючы генерал арміі І. Баграмян). Каардынавалі іх дзейнасць Маршалы Савецкага Саюза Г. Жукаў і А. Васілеўскі. У склад савецкай групіроўкі ўваходзілі 2,4 млн. салдат і афіцэраў, больш 36 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў, 5300 самалётаў. Такім чынам, па суадносінах сіл была дасягнута шматкратная перавага Чырвонай Арміі.
Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя праходзіла ў два этапы. На першым этапе (23 чэрвеня – 4 ліпеня) былі праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая і Мінская аперацыі. Савецкія войскі акружылі і знішчылі групіроўкі ворага пад Віцебскам, Бабруйскам і Мінскам. Найбольш буйным стаў Мінскі “кацёл”, дзе ў палон трапіла 105 тыс. салдат і афіцэраў вермахта. З іх ліку 57 тыс. былі адпраўлены ў Маскву, дзе 17 ліпеня 1944 года адбыўся своеасаблівы «парад ганьбы» – палонных немцаў правялі па Садовым кальцы. Дэманстратыўна ззаду ехалі палівальныя машыны, якія змывалі бруд, пакінуты слядамі заваёўнікаў.
26 чэрвеня быў вызвалены Віцебск, 27 чэрвеня – Орша, 28 – Магілёў, 29 – Бабруйск. 3 ліпеня савецкія войскі вызвалілі сталіцу БССР г. Мінск. Першым у горад уварваўся на сваім танку экіпаж малодшага лейтэнанта Дз. Фролікава з брыгады палкоўніка А. Лосіка.
Другі этап аперацыі «Баграціён» праходзіў з 5 ліпеня па 29 жніўня 1944 года. У гэты перыяд савецкія войскі ажыццявілі Шаўляйскую, Вільнюскую, Каўнаскую, Беластоцкую і Люблін-Брэсцкую аперацыі. 28 ліпеня 1944 года быў вызвалены апошні беларускі горад – Брэст. Падчас другога этапу пачалося вызваленне Літвы і Латвіі, Чырвоная Армія перайшла мяжу і ўступіла на тэрыторыю Польшчы, адкінуўшы немцаў да сярэдняга цячэння р. Вісла. Група армій «Цэнтр» была разгромлена і спыніла сваё існаванне. 17 дывізій і 3 брыгады ворага былі цалкам знішчаны, а 50 дывізій страцілі звыш паловы свайго асабовага складу.
Велізарную дапамогу ў перыяд правядзення аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія атрымала ад партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва БССР. Па заданню Стаўкі і БШПР 20 чэрвеня 1944 года быў пачаты трэці этап рэйкавай вайны. Партызаны атакавалі чыгуначныя камунікацыі на ўсім працягу ад лініі фронту да дзяржаўнай мяжы СССР. Было ўзарвана больш 60 тыс. рэек, партызаны і падпольшчыкі дабылі і перадалі Чырвонай Арміі звесткі аб 1800 варожых гарнізонах.
Насельніцтва і антыфашысты-патрыёты аказвалі дапамогу пры пераправах савецкіх войск праз водныя перашкоды, аднаўляючы ў найкароткія тэрміны разбураныя масты, наладжваючы праходы праз багністую мясцовасць і г. д.
Насельніцтва вызваленых тэрыторый, у тым ліку і партызаны, мабілізоўвалася ў Чырвоную Армію. Усяго з тэрыторыі БССР пасля вызвалення было накіравана на ваенную службу звыш 600 тыс. чалавек, у тым ліку 180 тыс. партызан.
Акупацыя прынесла Беларусі велізарныя страты. Прамыя матэрыяльныя страты склалі не меней 75 млрд. руб. (у цэнах па стану на 1941 г.), гэта значыць, больш паловы нацыянальнага скарбу. Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак, знішчана 100465 прадпрыемстваў, разрабавана маёмасць больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасаў, 316 МТС. Нацысты знішчылі 421 тыс. дамоў, усе электрастанцыі, вывезлі ў Германію 90% станочнага абсталявання, каля 18,5 тыс. аўтамашын, 9 тыс. трактароў. Летам 1944 годы ў Беларусі засталося толькі 39 % перадваеннай колькасці каней, 31 % буйной рагатай жывёлы, усяго 11 % пагалоў’я свінняў, 22 % авечак і коз. Былі знішчаныя практычна ўсе школы, установы культуры (клубы, бібліятэкі), медустановы. Было разрабавана 5425 музеяў. Найболей цяжкімі сталі дэмаграфічныя страты: па розных дадзеных, загінула ад 2,2 да 3 млн. чалавек (з амаль 10 млн. даваеннага насельніцтва БССР), каля 400 тыс. было вывезена ў якасці остарбайтэраў.
Разам з тым, на тэрыторыі Беларусі разгарнуўся масавы партызанскі рух, які прынёс значную шкоду акупацыйным войскам нацысцкай Германіі.
Аперацыя «Баграціён» па вызваленню Беларусі з’яўляецца прыкладам ваеннага мастацтва і ўваходзіць у лік найважнейшых наступальных аперацый не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і другой сусветнай вайны.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 207 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Барацьба супраць нацысцкай Германіі на акупіраванай тэрыторыі | | | Міжнародныя адносіны пасля другой сусветнай вайны. БССР на міжнароднай арэне |