Читайте также:
|
|
У другой палове XIX стагоддзя працягвалася фарміраванне беларускай нацыі, хаця гэты працэс ішоў даволі складана з-за этнічнай разнастайнасці насельніцтва, адрозненняў у рэлігіі. Тым не менш усё больш выразна адчувалася агульнасць эканамічнай прасторы, мовы, культуры. Нягледзячы на апалячванне, а затым на русіфікацыю, расла самасвядомасць беларусаў. Так, ужо згодна з перапісам 1897 года 74% насельніцтва беларускіх губерняў лічылі сваёй роднай мовай беларускую.
Вялікую ролю ў складванні беларускай нацыі адыграла развіццё ў другой палове XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя пісьмовай літаратурнай мовы. Спачатку шырока прымянялася “лацініца” – запіс беларускіх слоў лацінскімі літарамі, а затым і “кірыліца” – славянскі алфавіт. У 1870 годзе
І. І. Насовіч выдаў “Слоўнік беларускай мовы”, а ў 1885 г. Я. Карскі – “Агляд гукаў і форм беларускай мовы”. Узнікаюць беларуская опера і тэатр. У 1884 годзе пачала выходзіць першая недзяржаўная беларуская газета ліберальнай накіраванасці – “Минский листок”.
Пад уплывам рэвалюцыі ўлады былі вымушаны дазволіць выкарыстанне ў друку беларускай мовы, хаця афіцыйнай лічылася руская. У верасні 1906 года пачала выходзіць беларускамоўная газета “Наша доля”, а пасля яе закрыцця – “Наша ніва”. На беларускай мове выдаваліся і часопісы: дзіцячы “Лучынка”, сельскагаспадарчы “Саха”, сатырычны “Крапіва”. Выйшлі таксама і першыя беларускамоўныя падручнікі для школ, аўтарамі якіх былі Э. Пашкевіч (Цётка) і Янка Купала.
Складванне беларускай нацыі, галечнае становішча беларускіх працоўных, узмацненне іх рэвалюцыйнай актыўнасці садзейнічалі актывізацыі нацыянальна-вызваленчага руху. У 1902 годзе студэнты – беларусы ў Пецярбургу заснавалі першую беларускую партыю, атрымаўшую назву “Беларуская рэвалюцыйная грамада” (БРГ). Яна ставіла мэтай дасягненне раўнапраўя беларусаў, свабоднага карыстання беларускай мовай, развіццё беларускай літаратуры, культуры. У яе ўліліся гурткі самаадукацыі, якія існавалі ў Вільні, Мінску, Гродна, Слуцку. Пасля разгрома арганізацыі ўцалелыя члены БРГ, перш за ўсё браты Іван і Антон Луцкевічы, заснавалі “Беларускую сацыялістычную грамаду” (БСГ). Грамадоўцы пайшлі далей патрабаванняў культурна-нацыянальнай аўтаноміі і выступілі з праграмай, дзе прадугледжвалася звяржэнне самадзяржаўя, дасягненне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, стварэнне мясцовага парламента – сойма ў Вільне. У гады рэвалюцыі БСГ таксама выступіла разам з іншымі рэвалюцыйнымі сіламі. Пасля яе паражэння Беларуская сацыялістычная грамада перайшла на памяркоўныя, ліберальныя пазіцыі, пачала барацьбу за рэформы ў рамках манархіі.
Пад уплывам БСГ знаходзіліся газета “Наша ніва”, многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. У маі 1907 года ў Вільні прайшоў з’езд выкладчыкаў школ, які пад уплывам БСГ выступіў за навучанне дзяцей на беларускай мове і па беларускіх падручніках. Некаторыя дэлегаты з’езда былі арыштаваны паліцыяй.
1 жніўня 1914 года пачалася першая сусветная вайна. Паступова ў яе былі ўцягнуты 33 дзяржавы з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек. Вайна была імперыялістычнай, захопніцкай з боку ўсіх удзельнікаў, за выключэннем Сербіі, якая ваявала за захаванне сваёй нацыянальнай незалежнасці. Яе мэтамі былі перадзел сфер уплыву, барацьба за калоніі, разгром эканамічных канкурэнтаў, атрыманне сверхпрыбыткаў. Барацьбу вялі два ваенна-палітычные блокі – “Траісты саюз” (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя і Балгарыя) і “Антанта” (Францыя, Англія, Расія), а таксама далучыўшыеся да іх пазней ЗША, Італія, Румынія, Японія. Расійская імперыя ваявала за захоп усёй Польшы, Галіцыі, Канстанцінопаля і праліваў Басфор і Дарданелы ў Міжземнамор’і, аслабленне Германіі і Аўстра-Венгрыі, устанаўленне ўплыву Расіі на Балканах. Акрамя таго, царызм разлічваў хуткімі і значнымі перамогамі ў атмасферы шавінізму, ва ўмовах ваеннага палажэння падавіць нарастаючы рэвалюцыйны рух.
Усе партыі ў Расіі падтрымалі дзеянні ўрада ў вайне, за выключэннем бальшавікоў, якія вылучылі лозунг ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую і звяржэння ўлады цара, буржуазіі і памешчыкаў.
У Беларусі ў сувязі з вайной таксама было аб’яўлена ваеннае палажэнне. Да паловы мужчын было мабілізавана ў армію, рэзка скараціліся пасяўныя плошчы. З-за недахопу сыравіны былі спынены каля 600 прадпрыемстваў, з іх пры набліжэнні лініі фронту вывезена 432. Аб’ём прамысловай прадукцыі на грамадзянскія патрэбы ў пачатку 1917 года складаў толькі 15 – 16 % ад даваеннага ўзроўню. У гарадах была ўведзена картачная сістэма. Рэальная заработная плата зменшылася ў 2 – 3 разы, цэны ж узраслі ў 5 – 8 разоў. Насельніцтва прымушалі ўдзельнічаць ў будаўніцтве мастоў, дарог, абарончых збудаванняў. У Мінскай губерні ўдзельнічалі ў прымусовых работах 219 тысяч чалавек, у Віцебскай – 121 тысяча. Масавы характар набыла такая з’ява, як бежанства, калі людзі са сваім невялікім скарбам уцякалі ад жахаў вайны. Да канца 1915 года на тэрыторыю Беларусі прыбыло такім чынам з заходніх рэгіёнаў каля 1 млн. чалавек і адначасова з Беларусі на ўсход уцяклі больш за 1,3 млн. беларусаў. Бежанцы пакутвалі ад голада, холада, масавых хвароб, беспрацоўя, бо ўрад і мясцовыя ўлады не змаглі добра арганізаваць іх эвакуацыю.
Летам 1914 – вясной 1915 гг. ваенныя дзеянні ішлі ў асноўным на тэрыторыі Польшчы і ўсходняй Германіі, але восенню 1915 года ў выніку паспяховага наступлення германскіх войск імі былі захоплены Літва, частка Латвіі, захад Беларусі. З кастрычніка 1915 года па люты 1918 гг. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. На гэтым фронце з расійскага боку знаходзіліся ваенныя сілы колькасцю да 1,5 млн. салдат і афіцэраў, германская армія налічвала каля 1 млн чалавек. Асобнае месца ў баявых дзеяннях рускіх войск (сярод іх было нямала і беларусаў) заняла гераічная абарона Смаргоні, якая цягнулася 810 дзён. Немцы тут упершыню выкарысталі на рускім фронце газы. У выніку баёў у Смаргоні былі знішчаны ўсе пабудовы.
На захопленай тэрыторыі, якую германскія ўлады ўключылі ў склад ваенна-адміністратыўнага ўтварэння “Обер Ост”, быў устаноўлены акупацыйны рэжым з мэтай каланізацыі і германізацыі насельніцтва.
Рэзкае пагаршэнне ўмоў жыцця, антынародны характар вайны, ваенныя няўдачы царскіх войск і іх вялікія страты вызывалі рост рэвалюцыйных настрояў. Нягледзячы на рэпрэсіі і ўстанаўленне ваеннага палажэння, зноў пачаліся забастоўкі. Нарастаў сялянскі рух, за гады вайны ў Беларусі адбылося больш за 100 буйных сялянскіх выступленняў. Пачаліся хваляванні і сярод салдат, усяго ў Беларусі зафіксіравана 63 такіх выступленні. Армія з апоры ўлад стала ператварацца ў небяспеку для іх. Такі працэс ішоў і па ўсёй Расійскай імперыі. Супраць самадзяржаўя выступіла нават частка буржуазіі і памешчыкаў, якія вялі гаспадарку капіталістычнымі метадамі і не хацелі страты сваіх ваенных звышпрыбыткаў з-за магчымага сепаратнага міра з Германіяй. “Вярхі” не маглі кіраваць па-новаму, “нізы” не хацелі жыць па-стараму.
З 23 па 27 лютага 1917 года ў Петраградзе ў выніку масавых выступленняў працоўных, падтрыманых салдатамі гарнізона, пачалося і перамагло паўстанне. Ім кіравалі бальшавікі і эсэры пры падтрымцы меньшавікоў і бундаўцаў. Войскі, накіраваныя на яго падаўленне, перайшлі на бок паўстанцаў. Мікалай II адрокся ад трона. У Петраградзе быў створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў – орган рэвалюцыйнай улады і адначасова Часовы ўрад, орган улады буржуазіі і памешчыкаў. Узнікла двоеўладдзе. У Мінску рэвалюцыя перамагла мірным шляхам 4 – 6 сакавіка 1917 года. Утвораная пад кіраўніцтвам бальшавіка М. Фрунзэ Мінская міліцыя хутка абяззброіла паліцыю, выпусціла з турмы палітычных вязняў. 8 сакавіка быў створаны аб’яднаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова прыхільнікі Часовага ўрада арганізавалі “Часовы камітэт парадку і бяспекі”. Такім чынам, у Беларусі, як і ў Расіі, устанавілася двоеўладдзе. Пачалі стварацца сялянскія Саветы, а ў войсках – салдацкія камітэты. Наперадзе была вострая палітычная барацьба за выбар далейшага шляху развіцця Беларусі і Расіі.
Глава 8
БЕЛАРУСЬ У ПАЧАТКУ НАЙНОЎШАГА ЧАСУ. ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ БЕЛАРУСІ Ў ПАСЛЯКАСТРЫЧНІЦКІ ПЕРЫЯД (1917 – 1920 гг.)
8.1. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года і нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) і яго рашэнні
8.2. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады (сакавік - снежань 1918 г.)
8.3. Самавызначэнне Беларусі на савецкай аснове. Утварэнне ССРБ
і ЛітБел
8.4. Савецка-польская вайна і праблемы беларускай дзяржаўнасці. Другое абвяшчэнне ССРБ. Рыжскі мірны дагавор (сакавік 1921г.)
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 97 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей. Рэвалюцыі 1905 і 1917 гг. | | | Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года і нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) і яго рашэнні |