Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Беларусь у вайне 1812 года. Грамадска-палітычны рух у першай палове XIX стагоддзя

Усходнеславянскія плямёны на тэрыторыі Беларусі і зараджэнне дзяржаўнасці ў Усходняй Еўропе. Кіеўская Русь. Асаблівасці развіцця Полацкага і Тураўскага княстваў | Сацыяльна-эканамічнае развіццё першых дзяржаў-княстваў | Феадальная раздробленасць. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і набегамі татара-манголаў | Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага | Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага Княства Літоўскага. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель ў складзе ВКЛ | Канцэпцыі паходжання беларусаў. Развіццё беларускага этнасу | Люблінская унія 1569 года. Утварэнне Рэчы Паспалітай і яе палітычны лад | Рэлігійныя адносіны ў Рэчы Паспалітай. Брэсцкая царкоўная ўнія і яе вынікі для Беларусі | Знешнепалітычнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай | Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII – XVIII стст. |


Читайте также:
  1. Bob Marley ушел из жизни 11 мая 1981 года. Ему было 36 лет.
  2. II. Основные факторы, определяющие состояние и развитие гражданской обороны в современных условиях и на период до 2010 года.
  3. Quot;Палажэнні" 19 лютага 1861 г. Ix рэпянальныя асаблівасці ў Беларусь
  4. The Sick Humour of Lenny Bruce «— название альбома Ленни Брюса 14(9 года.
  5. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
  6. Адмена прыгоннага права і буржуазныя рэформы другой паловы XIX стагоддзя
  7. Адукацыя, навука, культура ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

У канцы ХVIII стагоддзя ў Францыі да ўлады прыйшоў Напалеон Банапарт, які абвясціў сябе імператарам і падпарадкаваў амаль усю Еўропу. Каб спыніць французскую агрэсію і распаўсюджванне рэвалюцыі, буйнейшыя еўрапейскія краіны пачалі ствараць антыфранцузскія кааліцыі. Аднак яны не мелі ніякага поспеху ў барацьбе з рэвалюцыйнай Францыяй. У 1806 годзе супраць Францыі склалася чацвёртая кааліцыя, у якую ўвайшлі Англія, Прусія, Швецыя і Расія. Аднак і яна не мела поспеху. Пасля яе разгрому Напалеон прымусіў саюзнікаў далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. У 1807 годзе пасля разгрому аўстра-расійскага войска пад Аўстэрліцам Напалеон вымусіў расійскага цара падпісаць Тыльзіцкі мір, паводле якога Расія абавязалася далучыцца да кантынентальнай блакады. Акрамя таго, Расія мусіла даць згоду на ўтварэнне з дазволу Напалеона на польскіх землях, якія раней належылі Прусіі, польскай нацаянальнай дзяржавы – герцагства Варшаўскага.

Кантынентальная блакада цяжка адбівалася на эканоміцы Расіі, бо Англія была яе асноўным гандлёвым партнёрам у Еўропе. Таму праз некаторы час Расія пачала парушаць умовы Тыльзіцкага міру і ўзнавіла гандаль з Англіяй. Менавіта гэта стала фармальнай прычынай для напалеонаўскай Францыі распачаць ў 1812 годзе вайну супраць Расіі.

12 чэрвеня 1812 года 600-тысячнае французскае войска пераправілася праз Нёман і ўступіла ў межы Расійскай імперыі. Напалеон разлічваў разграміць асноўныя сілы рускіх у памежных бітвах і прадыктаваць рускаму імператару свае ўмовы міру. Аднак выканаць гэта яму не ўдалося. Тры расійскія арміі, якія процістаялі французам, разам налічвалі каля 200 тысяч салдат.

Галоўнакамандуючы расійскай арміі і камандуючы 1-й арміі генерал Барклай дэ Толі аддаў загад 1-ай і 2-ой арміям адступаць углыб краіны з тым, каб аб’яднацца ў Віцебску. Аднак французы наступалі імкліва: 16 чэрвеня яны занялі Вільню, а праз 8 дзён – Мінск. Таму аб’яднанне рускіх армій у Віцебску стала немагчымым і 2-я армія генерала П. Баграціёна вымушана была адступаць праз Слонім, Слуцк, Магілёў і далей на Смаленск.

Адступаючы, рускія арміі вялі цяжкія ар’ергардныя баі. Армія Баграціёна нанесла паражэнні французам каля м. Мір і в. Салтанаўка пад Магілёвам. 1-я армія Барклая дэ Толі нанесла французам паражэнні пад Полацкам каля в. Клясціцы, а таксама каля м. Астроўна і в. Кукавячына пад Віцебскам. Каб прыкрыць французам дарогу на Санкт-Пецярбург, паўночней Полацка быў пакінуты 25-тысячны корпус генерала П. Вітгенштэйна. Пасля таго, як французы занялі Магілёў, яны паспрабавалі ўзяць Бабруйскую крэпасць, аднак гэта спроба аказалася безвыніковай. У сярэдзіне ліпеня ў баявыя дзеянні з французамі ўключылася і 3-я армія генерала Тармасава, што знаходзілася на Валыні. Яна нанесла французам паражэнне пад Кобрынам, аднак развіць поспех не змагла і вымушана была зноў адступіць на Валынь.

22 ліпеня рускія арміі злучыліся пад Смаленскам і працягвалі адступленне. Пасля Смаленска галоўнакамандуючым расійскай арміі стаў фельдмаршал М. І. Кутузаў. Ён вырашыў працягваць адступленне ўглыб Расіі, пазбягаць генеральнай бітвы з Напалеонам і знішчаць сілы яго арміі ў дробных сутычках.

У пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі многія сустракалі Напалеона і яго армію як вызваліцеляў. Шляхта спадзявалася на аднаўленне Рэчы Паспалітай, а сяляне – на адмену прыгоннага права. У многіх месцах яшчэ да прыходу французаў ствараліся ўзброеныя атрады з шляхты, якія перашкаджалі рускім праводзіць рэквізіцыі.

1 ліпеня 1812 года з мясцовай шляхты быў створаны ўрад – Часовая камісія Вялікага Княства Літоўскага, якой падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць. Аднак фактычна у гэтага ўрада не было ніякіх паўнамоцтваў, а яго асноўным абавязкам стала забяспячэнне французскай арміі харчаваннем, фуражом і рэкрутамі. Часовы ўрад павялічыў падаткі і аб’явіў рэкруцкія наборы, што прывяло да страты падтрымкі ў насельніцтва. Тым не менш яму ўдалося мабілізаваць у французскую армію каля 33 тыс. жыхароў Беларусі. Неабходна адзначыць, што перад вайной у рускую армію было мабілізавана каля 180 тыс. ўраджэнцаў Беларусі. Такім чынам, беларусы мусілі змагацца як за інтарэсы Францыі, так і за інтарэсы Расіі.

Сяляне хутка зразумелі, што Напалеон не дасць ім свабоды. Больш таго, французскія салдаты вялі сябе не як вызваліцелі, а як рабаўнікі і гвалтаўнікі. Значна выраслі і падаткі. Таму ў многіх мясцовасцях супраць французаў распачалася партызанская барацьба. Партызанскую барацьбу падтрымлівала расійская армія, яна імкнулася забяспечыць партызан узбраеннем. Найбольш вядомыя беларускія партызаны часоў вайны 1812 года – гэта Дзяніс з – пад Стоўбцаў, які быў правадніком дывізіі генерала Платава; Фядора Міронава з вёскі Пагуршчына Полацкага павета, якая была разведчыцай і хадзіла на заданні ў Полацк, за што ўзнагароджана сярэбраным медалём; атрад жыхароў вёскі Жарцы пад кіраўніцтвам Максіма Маркава і казака Льва Грушына.

26 жніўня 1812 года М. І. Кутузаў даў французам генеральную бітву на Барадзінскім полі. У выніку яе расійская армія панесла значныя страты. Каб пазбегнуць гібелі арміі, Кутузаў аддаў загад здаць французам Маскву.

1 верасня напалеонаўская армія ўступіла ў Маскву, якую адразу ж ахапілі пажары. Больш за месяц чакаў Напалеон прапаноў Аляксандра І аб міры. У арміі пачалося разлажэнне. Ён прымае рашэнне рушыць на поўдзень Расіі з мэтай там перазімаваць. Аднак руская армія вымусіла Напалеона павярнуць на зруйнаваную ім жа старую Смаленскую дарогу. Хутка адступленне ператварылася ў уцёкі, а ў напалеонаўскай арміі пачаўся голад. На момант пераправы праз Бярэзіну ў распараджэнні Напалеона было каля 80 тысяч французскіх салдат і рэшткі польскага корпуса пад камандаваннем генерала Дамброўскага.

Менавіта з гэтымі рэшткамі сваёй арміі Напалеон падышоў да Барысава, дзе яго ўжо чакалі рускія войскі пад камандаваннем генерала П. Вітгенштэйна і адмірала А. Чычагова, якія да гэтага часу занялі амаль усю тэрыторыю Беларусі. Тут пры пераправе праз р. Бярэзіну рускае камандаванне планіравала канчаткова разбіць французаў і ўзяць у палон Напалеона Банапарта. Аднак Напалеон перахітрыў рускіх генералаў. Ён загадаў польскаму корпусу Дамброўскага пачаць дэманстрацыю пераправы ля вёскі Ухалоды, што знаходзіцца за 8 км на поўдзень ад Барысава. Туды рушылі асноўныя рускія сілы. Адначасова ён наладзіў пераправу каля в. Студзёнка, што за 11 кіламетраў паўночней Барысава. Толькі пад вечар другога дня пераправы рускія даведаліся аб гэтым. Да в. Студзёнка былі кінуты ўсе сілы, але Напалеон і яго гвардыя былі ўжо далёка ад Барысава. Рэшткі напалеонаўскай арміі былі разбітыя ці трапілі ў палон. 24 лістапада ў Смаргоні Напалеон пакінуў сваё войска і з’ехаў у Парыж. У Францыю вярнулася ўсяго 35 тыс. салдат яго былой Вялікай арміі.

Вайна супраць Напалеона працягвалася да 1815 года. Пасля перамогі Расійскай імперыі дасталася большая частка этнічнай тэрыторыі Польшчы разам з Варшавай.

Беларусі вайна прынесла цяжкія страты: былі разбураны дзесяткі гарадоў і сотні вёсак, скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Дзесяткі тысяч беларусаў загінулі ў баях, памерлі ад голаду і хвароб. Пасля вайны гарадское насельніцтва скарацілася ўдвая. Царызм быў міласэрдным да шляхты, якая служыла Напалеону: Аляксандр І ім усё дараваў. Для народа, які змагаўся супраць Напалеона, імператар зрабіў нямнога. Нават удзельнікі партызанскага руху з в. Жарцы, якія атрымалі ўзнагароды, былі выкуплены з прыгоннай няволі ўрадам толькі ў 1819 годзе.

Грамадска-палітычны рух у Беларусі ўпісваўся ў агульнаеўрапейскую палітычную сітуацыю і быў яе неад’емнай часткай. Гэта знаходзіла адлюстраванне як ў адзінстве ідэалаў, за якія змагаліся дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага рухаў у краінах Еўропы, так і ў падабенстве арганізацыйных формаў, у якіх яны праяўляліся.

У першай палове ХІХ стагоддзя галоўнай арганізацыйнай формай грамадскага руху былі тайныя і паўлегальныя таварыствы. У еўрапейскіх краінах масавы характар набыло стварэнне розных таварыстваў: навуковых, палітычных, культурна-асветніцкіх, самаўдасканалення і інш. Шмат хто з даследчыкаў бачыць у гэтым ўплыў найбольш магутнай у тую эпоху арганізацыі – масонства. Цесна звязаны з масонствам былі таксама тайныя таварыствы студэнцкай і вучнёўскай моладзі, якія дзейнічалі ў Літве і Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст., а таксама дзекабрысцкія арганізацыі. У Заходняй Еўропе масонства зарадзілася як рух людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку сапраўдных шляхоў духоўнага абнаўлення грамадства. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. масонскія ложы выкарыстоўваліся для абмеркавання праблем развіцця асобы і грамадства ў цэлым.

У першай чвэрці ХІХ стагоддзя і асабліва пасля 1812 года яны ўжо дзейнічалі ў многіх гарадах Беларусі. Кіруючым цэнтрам масонства ў Беларусі быў малы Капітул “Святыня спакою”, што знаходзіўся ў Нясвіжы і быў падпарадкаваны віленскай ложы “Дасканалае адзінства”, а праз яе “Вялікаму Усходу Польшчы”. Працавалі таксама масонскія ложы “Шчаслівае вызваленне” ў Нясвіжы, “Паўночная Паходня” ў Мінску, “Сябар чалавецтва” ў Гродне і інш.

Сярод мясцовых масонскіх ложаў вылучалася “Руплівы ліцвін” ў Вільні, членамі якой былі ў асноўным студэнты і выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта. У 1818 годзе члены гэтай ложы спрабавалі змяніць масонскі статут, адмовіцца ад таямнічасці і прысвяціць сябе адкрытаму служэнню грамадству. “Першым абавязкам ложы, – гаварылася ў новым статуце, прынятым на адным з яе паседжанняў, – з’яўляецца дапамога насельніцтву шляхам навучэння бедных рамёствам, удасканалення тэхнікі, выкаранення прычын галечы і заган, развіцця прамысловасці”. Але такая пазіцыя выклікала нездавальненне масонскага кіраўніцтва. У хуткім часе ложа “Руплівы ліцвін” была вымушана спыніць сваю дзейнасць.

Адносіны царскіх ўлад да масонскіх арганізацый былі неадназначнымі. Спачатку царызм падазрона адносіўся да масонаў, але жорстка не праследаваў іх. Пасля вайны 1812 года ён нават рэкамендаваў ствараць масонскія ложы, асабліва ў войску, разлічваючы на тое, што афіцэры, трапіўшы ў палон, змогуць скарыстацца дапамогай іншаземных сяброў – масонаў. Аднак ў 1822 годзе спецыяльным загадам цара ўсе масонскія ложы на тэрыторыі Расійскай імперыі былі забаронены.

Амаль усе кіраўнікі або актыўныя дзеячы тайных таварыстваў у гэты час былі масонамі. Сярод іх – А. І. Вягелін, К. Г. Ігельстром, Я. Чачот, Т. Зан і інш. Усяго ў Беларусі ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя налічвалася больш за 500 масонаў. Пасля вайны 1812 года шырокае распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі атрымалі тайныя таварыствы студэнцкай і вучнёўскай моладзі і таварыствы вайскоўцаў. Сябрамі гэтых таварыстваў былі вядомыя ў далейшым таленавітыя культурныя і грамадскія дзеячы – паэты А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, геолаг І. Дамейка, мастак М. Кулеша і інш.

У 1817 годзе ў Віленскім універсітэце па ініцыятыве студэнтаў Т. Зана, А. Міцкевіча, А. Петрашкевіча, Я. Чачота і іншых было заснавана тайнае таварыства філаматаў. Адначасова з імі і крыху пазней утварыліся тайныя і паўлегальныя арганізацыі ў Віленскім універсітэце і гімназіях: “Заране” ў беластоцкай і свіслацкай гімназіях, “Прамяністыя” ў віленскім універсітэце, тайнае таварыства гімназістаў у Крожах і інш. Усе гэтыя арганізацыі знаходзіліся пад уплывам або кіраўніцтвам філаматаў. У 1820 годзе было створана больш шырокае таварыства філарэтаў, таксама падпарадкаванае філаматам.

Дзейнасць “таварыства філаматаў” праходзіла пад дэвізам “Айчына. Навука. Годнасць”. Сябры таварыства займаліся ўдасканаленнем сваіх навуковых ведаў, мастацкіх густаў, літаратурнай творчасці. Філаматы не ставілі сваёй мэтай узброенае звяржэнне існуючага ладу. Галоўным сродкам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне яны лічылі асвету і выхаванне ў падрастаючага пакалення нацыянальнай самасвядомасці. На фарміраванне поглядаў філаматаў вялікі ўплыў аказаў Іахім Лялевель, які быў прафесарам Віленскага ўніверсітэта. Паралельна з таварыствам філаматаў і філарэтаў у Беларусі дзейнічалі гурткі тайнага польскага “Патрыятычнага таварыства”. У Літоўскі камітэт гэтага таварыства ўваходзілі М. Ромер, К. Прозар і інш. Яны ставілі мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і тайна рыхтавалі паўстанне.

У пачатку 1820-х гг. у Беларусі атрымалі распаўсюджанне ідэі рускіх дваранскіх рэвалюцыянераў – дзекабрыстаў. Гэта было звязана з перамяшчэннем з Пецярбурга ў Беларусь гвардзейскага корпуса. У ім праходзілі службу многія дзеячы дзекабрысцкага руху. Кіраўнік Паўночнага таварыства М. Мураўёў у Мінску ў 1821 годзе напісаў першы варыянт расійскай канстытуцыі. Вялікая група афіцэраў-дзекабрыстаў служыла ў Бабруйскай крэпасці: С. І. Мураўёў-Апостал, М. П. Бястужаў-Румін і інш. З іх удзелам распрацоўваўся план арышту цара і яго світы ў Бабруйску ў час агляду войскаў у 1823 годзе. З гэтым планам звязвалася абвяшчэнне Расіі рэспублікай і пачатак паўстання ў Пецярбургу. Але план ажыццявіць не ўдалося.

Дзекабрысты выступалі за абмежаванне або поўную ліквідацыю самадзяржаўя, нацыяналізацыю часткі памешчыцкіх зямель, адмену прыгоннага права з надзяленнем сялян зямлёй. Яны ігнарыравалі права на нацыянальнае самавызначэнне народаў Расіі. Права на незалежнасць прызнавалася толькі за Польшчай. У пачатку 1823 года ў Ноўгарад-Валынску (Украіна) братамі афіцэрамі А. І. і П. І. Барысавымі было заснавана Таварыства з’яднаных славян. Яно мела сваіх прадстаўнікоў у Беларусі, выступала за ліквідацыю самадзяржаўя, увядзенне дэмакратычнага прадстаўнічага праўлення ў Расіі, аб’яднанне ўсіх славян ў адну дэмакратычную федэратыўную рэспубліку. У верасні 1825 года таварыства аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў. Яго 12 членаў увайшлі ў атрад царазабойцаў, створаны М. П. Бясстужавым-Руміным.

У 1825 годзе ў Літоўскім асобным корпусе, раскватэраваным у заходніх губернях, было створана канспіратыўнае “Таварыства ваенных сяброў”. Яго членамі былі філамат М. І. Рукевіч, капітан К. Г. Ігельстром, паручнік
А. І. Вягелін і інш. У арганізацыю ўваходзілі таксама “Таварыства згоды”, якое складалася з цывільных асоб, і таварыства “Заране”, якое дзейнічала ў Беластоцкай гімназіі.

У сувязі са смерцю Аляксандра І 14 снежня 1825 года дзекабрысты Паўночнага Таварыства вывелі на Сенацкую плошчу ў Пецярбургу некалькі падначаленых ім палкоў з мэтай ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Але паўстанне было падаўлена.

24 снежня 1825 года ў Браньску каля Беластока “ваенныя сябры” адмовіліся прысягнуць новаму імператару Мікалаю І, але іншыя вайсковыя фарміраванні корпуса іх не падтрымалі і выступленне таксама было падаўлена. Арганізатары выступлення М. І. Рукевіч, А. І. Вягелін, К.
Г.Ігельстром былі асуджаны на 10 год катаргі з пажыццёвым пасяленнем у Сібіры.

У лютым 1826 года С. П. Трусаў, член “Таварыства з’яднаных славян”, спрабаваў падняць на паўстанне раскватараваны ў Бабруйску Палтаўскі пяхотны полк, аднак тут жа быў арыштаваны.

Паўстанне 1830 – 1831 гг. стала найважнейшай падзеяй ў грамадска-палітычным руху першай паловы ХІХ стагоддзя. Прычынай паўстання стала ўзмацненне рэакцыйнага курса царызму ў Польшчы. Урад Мікалая І пачаў груба парушаць Канстытуцыю Царства Польскага, абмяжоўваць дзейнасць сойма, арыштоўваць дэпутатаў, якія крытыкавалі расійскі ўрад. З 1828 года ў Варшаве дзейнічала тайная арганізацыя, асноўнай мэтай якой было аднаўленне польскай дзяржаўнасці шляхам паўстання. Яна мела шырокі ўплыў у арміі Царства Польскага. Восенню 1830 года Мікалай І планіраваў накіраваць польскія фарміраванні на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі. У адказ у ноч з 29 па 30 лістапада 1830 года ў Варшаве выбухнула паўстанне. Яго пачалі курсанты школы падхарунжых, якія напалі на палац вялікага князя Канстанціна Паўлавіча.

Расійскія войскі вымушаны былі пакінуць Варшаву. Сярод паўстанцаў не было адзінства ні адносна мэт паўстання, ні адносна тактыкі яго правядзення. Акрамя прыхільнікаў барацьбы за поўную незалежнасць Рэчы Паспалітай сярод паўстанцаў былі і тыя, хто патрабаваў толькі захавання Канстытуцыі Царства Польскага 1815 года. Вышэйшым кіруючым органам паўстання быў Часовы урад, кіраўніком якога стаў А. Чартарыйскі, які ўзначальваў кансерватыўную плынь. Яго прыхільнікі ў большай ступені разлічвалі на дапамогу еўрапейскіх краін, чым на ўласныя сілы. Радыкальную плынь у паўстанні ўзначальваў І. Лелявель, які імкнуўся пераадолець шляхецкі характар паўстання і прыцягнуць да яго прадстаўнікоў усіх саслоўяў.

Царскі ўрад рабіў усё магчымае, каб не дапусціць пашырэння паўстання на Беларусь, Літву і Украіну. Яшчэ 1 снежня 1830 года ён абвясціў аб увядзенні ваеннага становішча, накіраваў сюды значную колькасць войскаў. У гарадах Заходняй Украіны, Беларусі і Літвы пачалася канфіскацыя зброі ў насельніцтва, з дзяржаўных устаноў пачалі звальняць чыноўнікаў-палякаў, уплывовых польскіх памешчыкаў бралі пад хатні арышт. Тым не менш, прадухіліць паўстанне ў Беларусі не ўдалося. У студзені – лютым 1831 года ў Вільні для кіраўніцтва паўстаннем ў Літве і Беларусі быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Але кіраўніцтва камітэта не змагло забяспечыць каардынацыю дзеянняў паўстанцкіх сіл. Паўстанне працякала стыхійна, ізалявана, хваляванні насілі лакальны характар. У канцы сакавіка – красавіку 1831 года асобныя выступленні ахапілі Літву і заходнія паветы Гродзенскай і Віленскай губерняў. У чатырох паўночна-заходніх паветах Беларусі колькасць ўдзельнікаў паўстання складала каля 10 тыс. чалавек. У асноўным гэта была шляхецкая моладзь. Сяляне паўстанне не падтрымалі. Гэтаму садзейнічала палітыка царызму. Згодна з Указам Мікалая І ад 22 сакавіка 1831 года сялянам дараваўся іх удзел у паўстанні, калі яны добраахвотна пакідалі атрады і вярталіся дадому. Шляхцічы – удзельнікі паўстання падвяргаліся суду, а іх маёнткі канфіскоўваліся.

У канцы мая 1831 года з Польшчы ў Літву прыбыў 12-тысячны корпус генерала А. Гелгуда і атрад генерала Д. Хлапоўскага ў 820 чалавек. Да іх далучылася каля 5 тысяч мясцовых паўстанцаў. 19 чэрвеня 1831 года каля Вільні адбыўся рашаючы бой паміж аб’яднанымі сіламі паўстанцаў і царскімі войскамі. Паўстанцы былі разгромлены. У пачатку жніўня 1831 года паўстанне было ўжо падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі, а ў верасні расійская армія авалодала Варшавай.

У выніку паражэння паўстання Царства Польскае, яго канстытуцыя, асобная польская армія і сойм былі ліквідаваныя. На этнічнай тэрыторыі Польшчы быў уведзены расійскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. На тэрыторыі Літвы, Беларусі і Заходняй Украіны пачала ажыццяўляцца палітыка русіфікацыі і вынішчэння польскага ўплыву.

Пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг. польская эміграцыя прыкладала вялікія намаганні, каб зноў падняць паўстанне. З гэтай мэтай на тэрыторыю Беларусі пасылаліся эмісары. Эмісарам арганізацыі “Маладая Польшча”, якая дзейнічала ў эміграцыі пад кіраўніцтвам І. Лялевеля, быў Ш. Канарскі. Разам з братамі Залескімі ён быў накіраваны ў Польшчу, Літву і Беларусь для стварэння шырокай сеткі канспіратыўных арганізацый. Яшчэ ў 1835 годзе ў Кракаве Ш. Канарскі стварыў тайную арганізацыю “Садружнасць польскага народа”, уплыў якой у хуткім часе распаўсюдзіўся на Правабярэжную Украіну, Беларусь і Літву. Да яе пачалі далучацца тайныя таварыствы, што ўжо існавалі на гэтых землях. Найбуйнейшым з іх было “Дэмакратычнае таварыства”, якое дзейнічала ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. “Дэмакратычнае таварыства” было створана ў 1836 годзе па ініцыятыве Ф. А. Савіча. Статут гэтай арганізацыі – “Прынцыпы дэмакратызму”, прадугледжваў дасягненне сацыяльнай справядлівасці, адмену прыгоннага права, паважлівыя адносіны да ўсіх народаў. У 1838 годзе паліцыя раскрыла гэту арганізацыю. Ш. Канарскі быў асуджаны да смяротнага пакарання, Ф. Савіч і яго памочнікі былі адпраўлены ў ссылку на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.

У 1840-я гг. у Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах Расіі, рэвалюцыйны і грамадска-палітычны рух набыў разначынны характар. Ужо ў арганізацыі Ф. Савіча былі не толькі дваране-шляхціцы, але і прадстаўнікі мяшчанскага і сялянскага саслоўяў.

У канцы 1840-х гг. склалася арганізацыя “Братні саюз літоўскай моладзі” або “Саюз свабодных братоў”. Яна была заснавана братамі
Ф. і А. Данілеўскімі. Цэнтр яе знаходзіўся ў Вільні, аддзяленні існавалі ў Мінску, Гродне, Лідзе, Навагрудку, Ашмянах, Слоніме, Коўне і інш. гарадах. Арганізацыя ставіла мэтай звяржэнне самаўладдзя, ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў ў Расіі і Польшчы, стварэнне назалежнай польскай рэспублікі. Дзейнасць “Саюза” асабліва актывізіравалася ў 1848 годзе, калі пачалася рэвалюцыя ў краінах Еўропы. Удзельнікі арганізацыі распрацоўвалі планы падрыхтоўкі паўстання, узбраення “простага народу”. Вялася прапаганда сярод салдат і афіцэраў. У 1849 годзе, калі афіцэры Мінскага гарнізона на чале з капітанам А. Гусевым адмовіліся ехаць на падаўленне рэвалюцыі ў Венгрыю, арганізацыя была выкрыта, да суда было прыцягнута каля 200 чалавек. Капітан А. Гусеў і яго паплечнікі былі пакараныя смерцю.

Такім чынам, грамадска-палітычны рух у Беларусі ў дадзены перыяд развіваўся ў рэчышчы расійскага і польскага рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху. У ім знайшлі адбітак усе важнейшыя падзеі грамадска-палітычнага жыцця Расіі першай паловы ХІХ ст.агоддзя.

 


Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 128 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Уключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Асноўныя напрамкі палітыкі расійскага ўрада на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст.| Сацыяльна эканамічнае развіццё беларускіх зямель у першай палове XIX стагоддзя

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.009 сек.)