Читайте также: |
|
У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ стагоддзяў ў Еўропе інтэнсіўна ішоў працэс фарміравання індустрыяльнага грамадства – завяршаўся перыяд буржуазных рэвалюцый, у выніку якіх капіталістычная ўласнасць выцясніла феадальную, свабодная канкурэнцыя канчаткова перамагла цэхавую сістэму, а буржуазнае права – саслоўныя прывілегіі. Буржуазная ідэалогія паступова пранікала і ў Расійскую імперыю, у склад якой у канцы ХVІІІ стагоддзя трапілі беларускія землі. Менавіта ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі з’яўляецца важнейшай падзеяй ў гісторыі беларускага народа, якая аказала велізарны ўплыў на далейшы яго гістарычны лёс.
Сярод гісторыкаў да нашых дзён ідуць спрэчкі вакол ацэнкі гэтай падзеі. Адны – прыхільнікі “заходнерусізму” – разглядаюць гэту падзею як “уз’яднанне” Беларусі і Літвы з Расіяй і “выратаванне” заходнерускага народа ад канчатковага апалячвання. Другія – прадстаўнікі “польскай” плыні ў гістарыяграфіі – адназначна адмоўна ацэньваюць падзелы Рэчы Паспалітай і палітыку царызму на беларускіх землях. Трэція, пачынаючы з М.В. Доўнар-Запольскага, разглядваюць гэту падзею з беларускіх пазіцый: наколькі яна паспрыяла станаўленню беларускай нацыянальнай ідэі і беларускай нацыі. Яны, не ўхваляючы палітыку царызму ў Беларусі ў цэлым, віталі рэпрэсіўныя мерапрыемствы царызму ў дачыненні да польскай культуры і паланізаванай беларускай шляхты. Таму вывучэнне дадзенага перыяду гісторыі Беларусі, безумоўна, неабходна пачынаць з разгляду гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, якія істотным чынам змянілі геапалітычную сітуацыю на беларускіх землях, далейшая гісторыя якіх цяпер непарыўна была звязана з гісторыяй і лёсам Расійскай імперыі.
У 50-я гады ХVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай пачаліся прагрэсіўныя рэформы, скіраваныя на ўмацаванне дзяржавы. Яны ўзмацніліся, калі каралём стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пры ім робяцца спробы абмежаваць шляхецкія вольнасці і пераадолець бязладдзе ў краіне і, у першую чаргу, ліквідаваць права liberum veto. Занепакоеныя гэтым суседзі – Аўстрыя, Прусія і Расія пачалі шукаць выпадак для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Яны вырашылі выкарыстаць для гэтага дысідэнцкае пытанне – абмежаванне ў палітычных правах некатолікаў (дысідэнтаў). С. Панятоўскі і яго ўрад адмовіліся выканаць патрабаванні Расіі і Прусіі аб гарантыях правоў дысідэнтаў, бо баяліся страціць падтрымку каталіцкай шляхты, якая складала апору дзяржаўнай ўлады. У адказ на гэта ў Слуцку пры падтрымцы Расіі была створана праваслаўная, а ў Торуні пры падтрымцы Прусіі пратэстанцкая канфедэрацыі, якія запатрабавалі вырашыць дысідэнцкае пытанне і пагражалі вайной каралю.
У кастрычніку 1767 года пачаў працу сойм, які, насуперак процідзеянню католікаў, ураўняў дысідэнтаў у правах з католікамі. Аднак ў лютым 1768 годзе ў крэпасці Бар на Украіне каталіцкая шляхта стварыла канфедэрацыю, якая выказалася за адмену рашэння сойма аб дысідэнтах і аб’явіла вайну каралю. На дапамогу яму прыходзіць расійская армія. Доўгая грамадзянская вайна з канфедэратамі, дзякуючы расійскаму ўмяшальніцтву, завяршылася поўным разгромам канфедэратаў. Вайна істотна аслабіла Рэч Паспалітую і яе магчымасць процістаяць больш моцным суседзям. 5 жніўня 1772 года ў Санкт-Пецярбургу Аўстрыя, Прусія і Расія падпісалі канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Да Аўстрыі адышла Галіцыя і частка Малой Польшчы, да Прусіі – Памор’е (без Гданьска і Торуня), а Расія атрымала землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – ўсяго 92 тыс. кв. км. і 1 млн. 300 тыс. жыхароў.
Пасля першага падзелу рэформы ў Польшчы ўзмацніліся. Іх апагеем стала Канстытуцыя 3 мая 1791 года, прынятая на Чатырохгадовым сойме. Яна абвясціла спадчынную канстытуцыйную манархію, ліквідавала шляхецкія вольнасці і бязладдзе, ператварыла Рэч Паспалітую ва ўнітарную дзяржаву з рэгулярным наёмным войскам, стварыла магчымасці для буржуазнага развіцця краіны. Аднак у самой Польшчы аказалася шмат праціўнікаў Канстытуцыі. 27 красавіка 1792 года ў Пецярбургу яны пры падтрымцы правячых колаў Расіі падпісалі акт канфедэрацыі, які быў абвешчаны ў мястэчку Таргавіцы. Удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі запатрабавалі ад караля адмяніць Канстытуцыю і звярнуліся за дапамогай да Расіі. 9 студзеня 1793 года 100-тысячная руская армія ўступіла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і сойм вымушаны быў адмяніць Канстытуцыю. 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу Прусія і Расія падпісалі канвенцыю, згодна з якой адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Прусіі адышлі Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск, і Торунь, а Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі па лініі Друя – Пінск, а таксама частку Украіны – усяго 280 тыс. км. кв. і 3 млн. жыхароў.
Пасля другога падзелу тэрыторыя Рэчы Паспалітай складала ўсяго 212 тыс. кв. км. з насельніцтвам 4 млн. чалавек і фактычна аказалася пад палітычным кантролем Расіі. Праціўнікі таргавічан не змірыліся з такім становішчам. У сакавіку 1794 года яны паднялі паўстанне. Яго ўзначаліў брыгадны генерал арміі ЗША, герой вайны за незалежнасць, ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка, які на час паўстання атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы. Па яго загаду лідэры Таргавіцкай канфедэрацыі былі пакараныя смерцю.
Паўстанне пачалося пасля таго, як расійскі пасол загадаў польскай арміі скласці зброю і разыйсціся па дамах. Армія не выканала гэты загад і адышла ў Кракаў, дзе 24 сакавіка быў абвешчаны Паланецкі ўніверсал, які мэтай паўстання абвясціў аднаўленне Канстытуцыі 1791 года і польскай дзяржавы ў межах 1772 года. Першую значную перамогу над рускім войскам паўстанцы атрымалі пад Рацлавіцамі. Іх падтрымалі ў Варшаве і Вільні. Значная частка тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай апынулася пад поўным кантролем урада Т. Касцюшкі.
Урад Т. Касцюшкі змог забяспечыць мабілізацыю ўсіх матэрыяльных сродкаў і людскіх рэсурсаў і стварыць вялікую і баяздольную армію. Каб справіцца з ёю, Расія вымушана была паскорыць заключэнне мірнага дагавора з Турцыяй, а потым сваю армію перакінуць у Польшчу. У выніку супраць атрадаў Касцюшкі былі накіраваны значныя ваенныя сілы Расіі, Аўстрыі і Прусіі. 10 кастрычніка 1794 года ў бітве пад Мацяёвіцамі паўстанцы пацярпелі паражэнне, а цяжка паранены Т. Касцюшка трапіў у палон. 16 лістапада руская армія пад камандаваннем А. В. Суворава заняла Варшаву. Паўстанне было падаўлена.
Яшчэ да канчатковага падаўлення паўстання 24 кастрычніка 1795 года Аўстрыя, Прусія і Расія ажыццявілі апошні падзел Рэчы Паспалітай. У выніку яго польская дзяржава спыніла сваё існаванне. Прусія атрымала Мазовію з Варшавай і частку тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да Нёмана, Аўстрыя – тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Польшчы з гарадамі Кракавам, Сандамірам і Люблінам, Расія – Заходнюю Беларусь, Літву і Курляндыю, усяго 120 тыс. кв. км. з насельніцтвам ў 1,2 млн чалавек.
У першыя гады пасля падзелаў царскі ўрад праводзіў жорсткую, але асцярожную і памяркоўную палітыку. Пасля першага падзелу на далучаных землях быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Спачатку было створана Беларускае генерал-губернатарства ў складзе Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай да яго была далучана Мінская губерня. Пасля трэцяга падзелу на далучаных землях стварылі Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губерні і аб’ядналі іх у Літоўскае генерал-губернатарства. Да яго ў хуткім часе далучылі і Мінскую губерню.
Расійскія ўлады забаранілі магнатам мець прыватныя арміі і прымусілі іх разбурыць прыватныя крэпасці. Мясцовая шляхта была абавязана прысягнуць Кацярыне ІІ. Тым, хто не жадаў прысягаць, дазвалялася прадаць маёнткі і з’ехаць за мяжу. Тыя, хто прынёс прысягу, атрымлівалі правы расійскага дваранства. У многіх дробных шляхціцаў не было ні маёнткаў, ні прыгонных сялян, ні дакументаў аб праве на шляхецтва. Менавіта таму праз некаторы час пасля падзелаў пачаўся “разбор шляхты”, згодна з гэтай палітыкай расійскага ўрада пераважна дробная шляхта павінна была прадставіць у спецыяльную камісію дакументы, якія падцвярджаюць шляхецкае паходжанне. Калі такія дакументы адсутнічалі, то шляхту пераводзілі ў падатковыя саслоўі. Неабходна адзначыць, што да шляхецкага паўстання 1830 – 1831 гг. гэты працэс не фарсіраваўся, часта абыходзілася чуткамі і размовамі, але пасля паўстання яго правялі надзвычай хутка, і ў падатныя саслоўі было пераведзена больш за 10 тыс. чалавек.
На тэрыторыі Беларусі захоўвалася дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Ён ужываўся ў судах пры разглядзе грамадзянскіх адміністрацыйных і маёмасных спрэчак. Крымінальныя справы разглядаліся па расійскаму заканадаўству і слухаліся ў расійскіх судах.
Палякам прадстаўлялася самая шырокая культурна-нацыянальная аўтаномія. На польскай мове працаваў Віленскі ўніверсітэт і гімназіі. Польская мова выкарыстоўвалася ў некаторых дзяржаўных установах. Пасля далучэння ў 1815 года да Расійскай імперыі герцагства Варшаўскага палякі атрымалі палітычную аўтаномію і нават “канстытуцыю”, якую дараваў ім Аляксандр І. У адпаведнасці з ёй яны маглі склікаць для вырашэння пэўнага кола пытанняў сойм. Менавіта ў гэты час беларуская шляхта падверглася наймацнейшаму апалячванню.
Становішча сялян пасля падзелаў значна пагоршылася. Для іх у 1790 годзе была ўведзена рэкруцкая павіннасць, якой для сялян у Рэчы Паспалітай не існавала. Замест падымнага ўводзіўся падушны падатак, што вяло да істотнага павелічэння павіннасцей. Дзяржаўныя землі разам з сялянамі шчодра раздаваліся расійскім памешчыкам. Калі на беларускіх землях у час знаходжання іх у складзе ВКЛ налічвалася 27% дзяржаўных сялян, то пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі іх засталося толькі 9 %. У 1797 годзе Павел І выдаў указ, які абмяжоўваў паншчыну трыма днямі ў тыдзень, але прасачыць за яго выкананнем не было ніякай магчымасці. Гэты ўказ застаўся на паперы, а нормы паншчыны ўзрасталі.
У гарадах было адменена магдэбургскае права, яго замяніла “Даравальная грамата на правы і выгады гарадоў Расійскай імперыі”, што была ўведзена ў 1785 годзе і давалася толькі губернскім і павятовым цэнтрам. Згодна з ёй гараджане выбіралі орган самакіравання – гарадскую думу. Яна падзялялася па ўзроўню багацця на 6 разрадаў. Ад кожнага разраду выбіраўся 1 галосны. Таму дума, якая фармальна кіравала горадам, называлася шасцігалоснай. Фактычная ўлада ў горадзе належыла прызначанаму губернатарам гараднічаму. Пасля далучэння да Расійскай імперыі беларускія гарады на 2 гады вызваляліся ад усіх падаткаў, а потым яшчэ 10 гадоў плацілі паменшаныя напалову падаткі.
На далучаных землях расійскія ўлады праводзілі асцярожную канфесійную палітыку. Да 1831 года каталіцкія касцёлы, кляштары і навучальныя ўстановы дзейнічалі свабодна. Землі, што належылі каталіцкай царкве, захоўваліся за ёй пры ўмове, што католікі не будуць абарачаць ў каталіцтва праваслаўных. Уплыў каталіцызму нават узмацніўся, што было выклікана ўзмацненнем пазіцый езуітаў. У 1773 годзе папа Рымскі распусціў ордэн езуітаў. Насуперак яго рашэнню Кацярына ІІ выдала ўказ, які дазволіў езуітам сяліцца і дзейнічаць у межах Расійскай імперыі. Цэнтрам дыслакацыі ордэна стаў Полацк, дзе з 1812 па 1820 гг. дзейнічала езуіцкая акадэмія. У 1820 годзе ўказам Аляксандра І дзейнасць езуітаў ў імперыі была забаронена.
У дачыненні да ўніятаў вялася палітыка, скіраваная на “добраахвотнае вяртанне” іх у лона праваслаўя, з дапамогай прымусу прыхажан і подкупу іерархаў уніяцкай царквы.
Шматлікае яўрэйскае насельніцтва падверглася дыскрымінацыі. У 1794 годзе быў прыняты закон аб увядзенні мяжы яўрэйскай аседласці. Згодна з гэтым законам яўрэі маглі сяліцца толькі ў межах былой Рэчы Паспалітай і толькі ў гарадах і мястэчках. Акрамя таго, яўрэям дазвалялася займацца толькі рамяством і гандлем. Шлях у дзяржаўную службу і да афіцэрскіх пасадаў у арміі для іх быў зачынены. На яўрэяў распаўсюдзілася і рэкруцкая павіннасць. Акрамя таго, норма падаткаў для яўрэяў была фактычна амаль у два разы вышэйшая, чым для хрысціян.
Пасля паўстання 1830 – 1831 гг. царскі ўрад рэзка мяняе сваю палітыку ў Беларусі. Ён бярэ курс на аслабленне шляхты, выкараненне паланізацыі і паслядоўную русіфікацыю краю. У верасні 1831 года пры імператары быў створаны дарадчы орган “Асобны камітэт па справах заходніх губерняў”, які распрацаваў і ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў для дасягнення гэтых мэт. Па прапанове Камітэта быў паскораны разбор шляхты. У 1831 годзе было адменена дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а ў 1840 годзе – на астатняй частцы Літвы і Беларусі. У 1832 годзе, у сувязі з тым, што 2/3 студэнтаў прынялі ўдзел у польскім паўстанні, быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. З 1836 года выкладанне ва ўсіх навучальных установах краю пераводзілася на рускую мову, а польскую мову забаранялася вывучаць нават як асобны школьны прадмет. У дзяржаўных установах, школах, судах мясцовыя чыноўнікі звальняліся, на іх месца ставіліся расійскія. Расійскім дваранам даваліся ільготы пры набыцці канфіскаваных маёнткаў, рабіліся захады па перасяленню сюды расійскіх сялян.
Каталіцкія манастыры, у якіх не было поўнага складу манахаў, былі ліквідзіраваныя, а манастырскія маёнткі перададзены казне. У 1841 годзе каталіцкае духавенства было пазбаўлена права мець зямельную ўласнасць. У выніку гэтых змен колькасць дзяржаўных сялян павялічылася на 100 тыс. рэвізскіх душ. Адначасова вялося наступленне на ўніяцкую царкву. Улады перацягнулі на свой бок вярхі ўніяцкага духавенства на чале з епіскапам І. Сямашкам. Менавіта ён і яго прыхільнікі ў 1839 годзе склікалі ў Полацку царкоўны сабор. На ім было прынята рашэнне аб аб’яднанні ўніяцкай царквы з праваслаўнай.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 117 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII – XVIII стст. | | | Беларусь у вайне 1812 года. Грамадска-палітычны рух у першай палове XIX стагоддзя |