Читайте также: |
|
Істотным фактарам развіцця гарадоў, прамысловасці і гандлю на землях Беларусі ў другой палове 19 ст. стала шырокамашабнае чыгуначнае будаўніцтва. Яно ажыццяўлялася па ініцыятыве царскага ўрада, а таксама буйнога расійскага і мясцовага капіталу. Галоўнымі матывамі будаўніцтва з’яўляліся патрэбы інтэнсіфікацыі гандлёвых сувязяў, а таксама ваенна-стратэгічныя мэты. У 1860-1890-я гг. праз тэрыторыю Беларусі праляглі наступныя чыгункі:
Пецярбургска-Варшаўская (праз Гродна); пабудавана ў 1862 г.;
Рыга-Арлоўская (праз Дзвінск, Полацк, Віцебск); пабудавана ў 1866 г.;
Маскоўска-Брэсцкая (праз Смаленск, Оршу, Мінск, Баранавічы); пабудавана ў 1870-я гг.;
Лібава-Роменская (праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Бабруйск, Жлобін); пабудавана ў 1871-1874 гг.;
Гомельска-Бранская; пабудавана ў 1877 г.;
Палескія: Пінск-Гомель, Беласток-Баранавічы; пабудаваныя ў 1882-1886 гг.;
Пецярбургска-Адэская (праз Віцебск, Оршу, Магілёў); пабудавана з канца 19 ст. да 1902 г.
На пачатку 20 ст. Беларусь сярод рэгіёнаў Расійскай імперыі была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы.
З пачаткам будаўніцтва чыгунак пачала хутка памяншацца роля кірмашовага гандлю. Усё большае значэнне набываў стацыянарны гандаль у крамах і лаўках. Гэта сведчыла пра тое, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі станавіліся больш трывалымі.
У гэты час тэрыторыя Беларусі інтэгруецца ў сістэму агульнарасійскага рынку. Спецыялізацыя гандлю Беларусі ў дадзенай сістэме характарызавалася перавагай вывазу сельскагаспадарчай і лясной сыравіны. Разам з тым Беларусь выступала рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі. Захоўваліся знешнегандлёвыя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы, асабліва з Германіяй. Структура экспарту і імпарту прадукцыі ў цэлым не змянілася ў параўнанні з папярэднім перыядам.
У другой палове 19 ст. назіраецца рост гарадоў у Беларусі. З 1860 па 1900 гг. колькасць гарадскога насельніцтва ўзрасла з 350 да 650 тыс. чалавек. Прычынамі дадзенага росту з’яўляліся развіццё прамысловасці і гандлю, хуткае чыгуначнае будаўніцтва, ліквідацыя прыгоннай залежнасці сялян у выніку рэформы 1861 г. Значнымі гандлёва-прамысловымі цэнтрамі сталі найперш гарады, якія выступалі галоўнымі чыгуначнымі вузламі. Буйнейшым горадам на тэрыторыі Беларусі становіцца Мінск, насельніцтва якога на 1897 г. налічвала 90 тыс. жыхароў. Узнікаюць новыя формы транспартных камунікацый: З’явіліся конна-чыгуначныя дарогі (конкі) у Мінску і Магілёве (1890-я гг.), трамвай у Віцебску (1898).
У той жа час у Беларусі не сфарміраваліся буйныя прамысловыя цэнтры з сотнямі тысяч насельніцтва, якія ў гэты час складваюцца ў Еўропе. Галоўная прычына гэтага – спецыялізацыя беларускай прамысловасці на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне ў асноўным ў сельскай мясцовасці і невялікіх мястэчках. К канцу 19 ст. толькі 31% усёй прамысловай прадукцыі выраблялася ў гарадах.
У гарадах і мястэчках у гэты перыяд пачынае фарміравацца новая сацыяльная структура, у якой дамінуючае месца займалі сацыяльныя класы індустрыяльнага грамадства: буржуазія і пралетарыят (рабочы клас).
Клас буржуазіі складаўся з уласнікаў гандлёвых і прамысловых капіталаў. Яго фарміраванне адбывалася з ліку дваран-прадпрымальнікаў, разбагацеўшых купцоў і мяшчан. Спецыфіка буржуазіі на беларускіх землях заключалася ў тым, што сярод яе пераважалі дробныя і сярэднія прадпрымальнікі. Буржуазія была неаднароднай па нацыянальнай прыкмеце: асноўная маса дваран-прадпрымальнікаў дэкларавала сябе рускімі або палякамі; большасць капіталістаў з ліку купцоў і мяшчан былі яўрэямі.
Клас пралетарыяту ўяўляе з сябе вольнанаёмных рабочых, якія пазбаўлены ўласнасці на сродкі вытворчасці і працуюць на прадпрыемствах рознага тыпу за акрэсленую заработную плату. Яго фарміраванне адбывалася за кошт збяднелых сялян, рамеснікаў і дробных гандляроў. Асаблівасцямі структуры рабочага класа Беларусі былі распыленасць па дробных прадпрыемствах, нязначная ўдзельная вага занятых на буйных фабрыках, невялікая колькасць пастаянных і кваліфікаваных рабочых. Пралетарыят таксама з’яўляўся неаднародным па нацыянальнай прыкмеце: сярод кваліфікаваных кадраў чыгуначных майстэрань і дэпо, тэлеграфістаў пераважалі рускія; у дробнай і рамеснай прамысловасці, гандлі, сферы абслугоўвання – яўрэі; на будаўніча-рамонтных работах, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці – беларусы.
У той жа час у сацыяльнай структуры гарадскога насельніцтва вялікую ўдзельную вагу складалі дробныя рамеснікі і гандляры, якія не належалі да асноўных класаў капіталістычнага грамадства. Гэта было вынікам панавання ў гарадах дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці.
Такім чынам, у эканоміцы беларускіх зямель у другой палове 19 ст. адбываецца працэс развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак да пачатку 20 ст. Беларусь заставалася аграным краем; сельская гаспадарка мела ў значнай ступені натуральны характар; у прамысловасці дамінавала дробнакапіталітычная і рамесная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Гэта стала вынікам захавання значных фаедальных перажыткаў у сельскай гаспадарцы, адсутнасці на тэрыторыі Беларусі значных рэсурсаў і капіталаў для развіцця буйной прамысловай вытворчасці, каланіяльнай палітыкі царызму.
Асноўныя паняцці:
Адмена прыгоннага права 1861 г., часоваабавязаныя сяляне, адрэзкі, выкупныя плацяжы, воласць, рэформа дзяржаўных сялян 1867 г., адпрацовачная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг., фабрычна-заводская прамысловасць, акцыянерныя кампаніі, камерцыйныя банкі, эканамічны крызіс, прамысловы ўздым, чыгуначнае будаўніцтва, агульнарасійскі рынак, буржуазія, пралетарыят.
Кантрольныя пытанні і заданні:
1. Якія прычыны штурхнулі царскі ўрад на правядзенне аграрнай рэформы 1861 г.?
2. Растлумачце, чаму царскі ўрад вырашыў пачаць правядзенне аграрнай рэформы з губерняў Беларусі і Літвы?
3. Якія асноўныя накірункі змяшчала ў сабе аграрная рэформа 1861 г.?
4. Што азначае паняцце “часоваабавязаныя сяляне”? Чаму царскі ўрад імкнуўся павялічыць тэрмін залежнасці сялян ад памешчыкаў?
5. Растлумачце, з якой мэтай падчас рэформы 1861 г. ажыццяўляліся адрэзкі сялянскай зямлі на карысць памешчыкаў?
6. На якіх умовах ажыццяўляўся выкуп сялянамі зямлі ва ўласнасць? З якой мэтай дзяржава выступіла пасярэднікам паміж памешчыкамі і сялянамі падчас выкупной здзелкі?
7. Які характар мела створаная ў выніку рэформы 1861 г. сістэма сялянскага самакіравання? Наколькі значнай была ступень яе самастойнасці?
8. Растлумачце, чаму адмена прыгоннага права ў Беларусі прайшла на больш выгадных для сялянства ўмовах у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Якія саступкі ў адносінах да сялянства былі праведзены царызмам у 1863-1864 гг.?
9. Вызначце сутнасць і характар аграрнай рэформы 1861 г. Паразважайце над тым, якія яна змяшчала ў сабе наступствы для далейшага эканамічнага развіцця краю.
10. Якую структуру мела землеўладанне на землях Беларусі ў другой палове 19 ст.? Растлумачце значную перавагу тут буйнога памешчыцкага землеўладання.
11. Якія фактары спрыялі развіццю рыначных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове 19 ст.? У чым выяўлялася дадзенае развіццё?
12. Параўнайце асаблівасці капіталістычнай і адпрацовачнай форм гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях. Якая з гэтых форм у большай ступені спрыяла ўцягванню сельскай гаспадаркі ў рыначныя адносіны?
13. Якую ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі меў сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг.? Якім чынам змянілася ў выніку крызісу спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі?
14. Растлумачце, чаму ў выніку аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. адбываецца разарэнне значнай колькасці памешчыцкіх гаспадарак, якія выкарыстоўвалі адпрацовачныя формы гаспадарання і ўмацоўваецца капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыціх маёнтках.
15. Укажыце фактары, якія тармазілі працэс развіцця капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы.
16. Растлумачце прычыны хуткага развіцця фабрычна-заводскай вытворчасці ў канцы 19 ст. Чаму большасць фабрык на тэрыторыі Беларусі былі адносна невялікімі?
17. Назавіце найбольш буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ўзніклі ў Беларусі ў другой палове 19 ст.?
18. Што такое акцыянерныя кампаніі? Якую ролю яны мелі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў другой палове 19 ст.?
19. Які характар мела структура прамысловасці Беларусі другой паловы 19 ст.? Паспрабуйце вызначыць абумоўленасць такой структуры.
20. Якую ролю ў эканамічным развіцці Беларусі адыгрывалі банкі? Растлумачце, чаму банкаўскі капітал лічыў за лепшае ўкладваць сродкі ў гандаль і першасную апрацоўку сыравіны, а не ў развіццё прамысловасці.
21. Паспрабуйце растлумачыць, чаму царскі ўрад не быў зацікаўлены ў развіцці буйной прамысловасці на землях Беларусі.
22. Якую ролю ў развіцці прамысловасці і гандлю Беларусі мела чыгуначнае будаўніцтва другой паловы 19 ст.? Назавіце асноўныя пабудаваныя чыгункі.
23. Якім чынам і чаму будаўніцтва чыгунак абумовіла змены ў структуры гандлю на тэрыторыі Беларусі?
24. Які характар мела спецыялізацыя Беларусі ў сістэме агульнарасійскага рынку?
25. Вызначце прычыны росту гарадскога насельніцтва ў другой палове 19 ст. Якія гарады развіваліся найбольш значнымі тэмпамі?
26. Ці можна весці гаворку пра фарміраванне на землях Беларусі буйных індустрыяльных цэнтраў? Чым можна патлумачыць дадзеную сітуацыю?
27. Якія новыя сацыяльныя класы фарміруюцца ў беларускіх гарадах і мястэчках у другой палове 19 ст.?
28. Паспрабуйце вызначыць узровень развіцця эканомікі Беларусі ў другой палове 19 ст. у цэлым і растлумачце прычыны гэтага.
Тэмы дакладаў і рэфератаў:
1. Падрыхтоўка і ажыццяўленне аграрнай рэформы 1861 г. у Беларусі.
2. Сялянскае пытанне і паўстанне 1863-1864 гг.
3. Фарміраванне сістэмы сялянскага самакіравання.
4. Рэгіянальная спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст.
5. Сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг. і Беларусь.
6. Развіццё фабрычна-заводскай прамсловасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст.
7. Чыгуначнае будаўніцтва ў Беларусі ў другой палове 19 ст.
8. Змены ў беларускім горадзе другой паловы 19 ст.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 75 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Прамысловасць. | | | Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі. |