Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Сістэма лексічных сродкаў навуковага стылю

Читайте также:
  1. Афіцыйна-справавы стыль. Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю
  2. Вызначэнне якасці і эфектыўнасці выкарыстання сістэматычнага
  3. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю
  4. Класіфікацыя і сістэматызацыя гістарычных крыніц
  5. Некаторыя моўныя асаблівасці тэкстаў канфесіянальнага стылю
  6. Паняцце функцыянальнага стылю. Класіфікацыя функцыянальных стыляў

 

Лексіка навуковага стылю складаецца з трох узроўняў:
1) агульнаўжывальная (нейтральная); 2) кніжная (агульнанавуковая);
3) спецыяльная (тэрміналагічная). Агульнаўжывальныя словы выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі толькі ў першасным значэнні, што дазваляе аб’ектыўна акрэсліць сутнасць паняцця або з’явы. Таму, калі слова шматзначнае, у навуковым стылі яно ўжываецца толькі ў адным значэнні (радзей у двух-трох). Напрыклад, слова зямля ў беларускай мове мае пяць значэнняў:

1) «планета»;

2) «суша ў адрозненні ад воднай прасторы»;

3) «глеба»;

4) «гаспадарка»;

5) «радзіма».

У навуковым стылі з прыведзеных тут значэнняў рэалізуюцца толькі тры — першае, другое і трэцяе.

Імкненне да абагульнення, да абстарктнага характару паведамлення праяўляецца ў тым, што ў навуковым стылі абстрактная лексіка пераважае над канкрэтнай. Слова ў навуковым стылі звычайна называе не канкрэтны індывідуальна непаўторны прадмет, а клас аднародных прадметаў або з’яў, г. зн. выражае не прыватнае, індывідуальнае, а агульнае навуковае паняцце. Напрыклад: Эканоміка займаецца вывучэннем народнай гаспадаркі або яе часткі. У гэтым прыкладзе амаль кожнае слова абазначае агульнае паняцце — эканоміка ўвогуле
(а не эканоміка Беларусі, напрыклад), гападарка ўвогуле і інш.

Лексіка навуковага стылю характарызуецца таксама адноснай аднароднасцю. Гэта праяўляецца ў тым, што аб’ём слоўнікавага складу тэксту павялічваецца не столькі ў выніку ўжывання розных слоў, колькі за кошт шматразовага паўтарэння адных і тых жа.

Другі значны пласт навуковага маўленння складае агульнанавуковая, або кніжная, лексіка. Пры дапамозе агульнанавуковых слоў апісваюцца з’явы і працэсы розных галін навукі і тэхнікі, напрыклад, аперацыя, пытанне, задача, працэс, прыстасаванне, вынік, аспект, этап, дыяпазон, факт, актуальнасць, каштоўнасць і г. д.

Трэці пласт лексікі навуковага стылю мовы складае тэрміналогія. Тэрміналогія — гэта ядро навуковага стылю, найбольш істотная асаблівасць мовы навукі. Тэрмін — слова або словазлучэнне, якое дакладна і адназначна называе прадмет, з’яву або паняцце навукі, найбольш поўна раскрывае змест вывучаемага прадмета або з’явы.
У аснове тэрміна ляжыць навукова пабудаванае азначэнне (дэфініцыя). Валодаючы строгім, дакладна акрэсленым значэннем, тэрмін называе ўсе істотныя прыметы, неабходныя для раскрыцця паняцця, паказвае агульнасць дадзенага паняцця з іншымі, а таксама адрознівае яго ад іх пры дапамозе спецыфічных рыс, напрыклад: Эканомічны крызіс — парушэнне ў працэсе развіцця эканомікі, якое праяўляецца ў абсалютным падзенні вытворчасці, недагрузцы вытворчых магутнасцяў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фінансавай сферах і інш.

Важнае месца сярод тэрміналагічнай лексікі займаюць запазычаныя словы. Гэта тлумачыцца наступнымі фактарамі: 1) запазычаныя словы, як правіла, не звязаны для чалавека з пэўнымі асацыяцыямі, як гэта адбываецца са словамі роднай мовы; 2) выкарыстанне запазычаных тэрмінаў спрыяе развіццю тэндэнцыі да міжнароднай стандартызацыі мовы і навукі.

Тэрміналагічная лексіка ў сваю чаргу падзяляецца на агульнанавуковую тэрміналогію і вузкаспецыяльную. Агульнанавуковыя тэрміны выражаюць катэгорыі і паняцці, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах навуковых ведаў. Напрыклад: сістэма, элемент, структура, функцыя, мадэль, парадыгма, праграма, фактар, аналіз, сінтэз і інш.

Вузкаспецыяльныя тэрміны называюць спецыфічныя для кожнай навуковай галіны прадметы і з’явы, паняцці і катэгорыі. У адпаведнасці з асаблівасцямі той дзейнасці, якую абслугоўвае спецыяльная мова, вылучаюць пяць адносна самастойных лексічных груповак вузкаспецыяльных тэрмінаў:

1) тэрміны, якія называюць сферу дзейнасці, у склад якіх уваходзяць назвы навуковых дысцыплін, галін тэхнікі, тэхналогіі вытворчасці; найменні праблем, якімі займаюцца канкрэтныя навукі і інш.: інфарматыка, эканоміка сельскай гаспадаркі, радыёфізіка, малекулярная біялогія, мікрабіялогія і інш.;

2) тэрміны, якія называюць аб’ект дзейнасці: мова (мовазнаўства), літаратура (літаратуразнаўства), вірусы (вірусалогія), металы (металазнаўства), гукі (фанетыка) і інш.;

3) тэрміны, якія называюць суб’ект дзейнасці: навуказнаўца, інфарматык, генетык, мікрабіёлаг, эканаміст, лінгвіст і інш.;

4) тэрміны, якія называюць сродкі дзейнасці, уключаюць некалькі самастойных катэгарыяльных груповак: а) прылады дзейнасці — датчыкі, мікрапрацэсары, ператваральнікі, тэрміналы, лазеры, рэзанатары, рэактары і інш.; б) працэсы дзейнасці — тэлекіраванне, радыёлакацыя, праектаванне, дыягностыка і інш.; в) метады дзейнасці — збор інфармацыі, анатаванне, рэфераванне і інш.;

5) тэрміны, якія называюць прадукты дзейнасці, ахопліваюць шырокі спектр розных вынікаў дзейнасці: паўправадніковыя матэрыялы, металічныя сплавы, пласмасы, мовы праграмавання і г. д.

Такім чынам, лексіка навуковага стылю ўяўляе сабой складанае ўтварэнне, якое ўключае розныя лексічныя пласты, сярод якіх базавым з’яўляецца пласт тэрміналагічнай лексікі.

 

 

Гласарый

Аб’ектыўнасць навуковага стылю — гэта дакладнае апісанне вынікаў даследавання.

Абстрактнасць навуковага стылю — асаблівасць, якая праяўляецца ў адмежаванні прадмета даследавання ад фактараў, што могуць паўплываць на аб’ектыўнасць аналізу.

Дакладнасць — гэта адпаведнасць асобных слоў, выказванняў знешнім рэаліям, сітуацыям або паняццям, а таксама выкарыстанне адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі моўнай практыкай і прадстаўлены ў адпаведных кадыфікаваных лінгвістычных даведніках.

Доказнасць (аргументаванасць) навуковага стылю — гэта пацвярджэнне фактамі кожнага аргумента навуковага паведамлення.

Лагічнасць навуковага стылю — гэта ўстанаўленне паслядоўных, адпаведных рэчаіснасці сэнсавых сувязей паміж часткамі паведамлення.

Навуковы стыль — стыль, які абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, слоўнікаў, энцыклапедый, дапаможнікаў, дакладаў, рэфератаў, лекцый, рэцэнзій, падручнікаў.

Тэрмін — слова або словазлучэнне, якое дакладна і адназначна называе прадмет, з’яву або паняцце навукі, найбольш поўна раскрывае змест вывучаемага прадмета або з’явы.


Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 319 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)