Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

Читайте также:
  1. Асноўныя этапы фарміравання беларускай мовы. Старабеларуская літаратурная мова ХІV—ХVІ ст.
  2. Афіцыйна-справавы стыль. Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю
  3. З гісторыі беларускай лексікаграфіі
  4. Лексікаграфія як навука. З гісторыі вывучэння лексікаграфіі
  5. Некаторыя моўныя асаблівасці тэкстаў канфесіянальнага стылю
  6. Паняцце функцыянальнага стылю. Класіфікацыя функцыянальных стыляў

АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ

1. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю.

2. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі.

3. Паняцце «дакумент». Групы дакументаў.

4. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю.

5. Паняцці «бланк», «рэквізіт», «фармуляр».

6. Мова і кампазіцыя справавых лістоў. Прыватныя дзелавыя паперы.

Рэкамендаваная літаратура

1. Асновы культуры маўлення і стылістыкі / пад рэд. У.В. Анічэнкі. – Мінск, 1992.

2. Барышникова, Е.Н. Речевая культура молодого специалиста / Е.Н. Барышникова. – М., 2005.

3. Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка) / Л.А. Гіруцкая. – Мінск., 2005.

4. Каўрус, А.А. Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка / А.А. Каўрус. – Мінск, 1994.

5. Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы / А.А. Каўрус. – Мінск, 1992.

6. Культура устной и письменной речи делового человека. – М., 2006.

7. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. А.Я. Баханькова. – Мінск, 1994.

8. Лепешаў, І.Я. Практыкум па беларускай мове / І.Я. Лепешаў, Г.М. Малажай, К.М. Панюціч. – Мінск, 2001.

9. Ляшчынская, В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В.А. Ляшчынская. – Мінск, 2003.

10. Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка / В.В. Маршэўская. – Гродна, 2003.

11. Рахманин, Л.В. Стилистика деловой речи и редактирование служебных документов / Л.В. Рахманин. – М., 1997.

12. Родионов, А.Г. Образцы исковых заявлений в гражданском судопроизводстве / А.Г. Родионов. – Минск, 2000.

13. Смольская, Т.М. Беларуская мова. Юрыдычная лексіка / Т.М. Смольская, Л.У. Хрышчановіч. – Мінск, 2006.

14. Сцяцко, П.У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П.У. Сцяцко [і інш.]. – Мінск, 1990.

15. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – Мінск, 1977–1984.

З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я. Купала, калі пісаў, што даўней беларуская мова «свае правы чужым дыктавала».

У афіцыйных дакументах Вялікага Княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш.

Перыяд з канца ХVІІ і да ХІХ ст. быў неспрыяльны для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.», у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш.

У 20-я гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мінск, 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча, Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага».

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй.

Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.

У 20-я гады выйшлі з друку кнігі, прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мінск, 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак».

Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы; адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе; мы, ніжэйпадпісаныя; давераная асоба; хадайніцтва; выдаткі; абвестка; загад і інш.

Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-канцылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мінск, 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-я гады ХХ ст.


Дата добавления: 2015-12-08; просмотров: 220 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)