Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Класіфікацыя і сістэматызацыя гістарычных крыніц

Читайте также:
  1. Агіяграфічныя крыніцы.
  2. Літаратура падарожжаў як гістарычная крыніца. Запіскі замежных дыпламатаў і падарожнікаў аб Беларусі XVI-XVIII стст.
  3. Паняцце функцыянальнага стылю. Класіфікацыя функцыянальных стыляў
  4. Пошук гістарычных крыніц. Крыніцазнаўчая эўрыстыка
  5. Праблемы вывучэння рэчавых і іншых відаў непісьмовых крыніц
  6. Публікацыі крыніц

 

Сістэматызацыя і класіфікацыя дазваляюць у разнастайнасці убачыць сістэму, вызначыць групы, якія адрозніваюцца па пэўных прыкметах і асаблівасцях.

Пры гэтым не прымаецца на ўвагу форма крыніцы. Часам пры афармленні спісу выкарыстаных крыніц і пошуку крыніц акрэсліваецца іх падзел на апублікаваныя і архіўныя. Але ж характар крыніцы не змяняецца ад таго, што яна нейкі час захоўвалася ў архіве, а пасля была апублікавана.

Пры групіроўцы гістарычных крыніц адрозніваюць іх сістэматызацыю і класіфікацыю. Сістэматызацыя адбываецца ў выніку умяшання даследчыка, калі сам даследчык будуе такую сістэму, якая б лепш адпавядала яго мэтам і задачам (гісторык Беларусі вызначае крыніцы па гісторыі Беларусі, калі займаецца ХХ -м стагоддзем – крыніцы па гісторыі навейшага часу). Такім чынам, за аснову бярэцца толькі адна са шматстайных знешніх прыкмет крыніцы. Задача сістэматызацыі службовая, дапаможная. Пры гэтым могуць быць выбраны наступныя прынцыпы сістэматызацыі:

1) храналагічны, якi ўлічвае час стварэння крыніцы (вялікія сістэмы: антычныя, сярэднявечча, новай і навейшай гісторыі; дробныя – па гісторыі другой сусветнай вайны і г.д.);

2) рэгіянальны прынцып (па гісторыі Прыбалтыкі, усходнеславянскіх земляў, Заходняй Еўропы);

3) этнічны (па гісторыі Расіі, Украіны, гісторыі татар, цыган і г.д.);

4) праблемны (адмена прыгоннага права на Беларусі);

5) персанальны (дзейнасць Вітаўта).

Найбольш пашырана сістэматызацыя па некалькіх прынцыпах (напрыклад, крыніцы па гісторыі Беларусі новага і навейшага часу).

У адрозненне ад сістэматызацыі, класіфікацыя – раскрыцце унутрана неабходнай сувязі паміж асобнымі катэгорыямі гістарычных крыніц: тыпамі, родамі і відамі. Класіфікацыя не проста сістэматызуе крыніцу у зручныя для вывучэння групы, але і садзейнічае аналізу крыніцы, мае пазнавальны характар.

З самага пачатку азнаямлення з гістарычнымі помнікамі гісторыкі заўважалі, што адны з іх з'яўляюцца "рэшткамі" асобных падзей, другія ў большай ступені апавядаюць аб іншых падзеях ("паданні").

Ужо з сярэдзіны і другой паловы ХІХ ст. ідэя такога падзелу была распаўсюджана на ўсю сукупнасць гістарычных крыніц. Пры гэтым мелася на ўвазе, што падзел крыніц па характару адлюстравання адпавядае іх пазнавальнай каштоўнасці.

Да "паданняў" адносяць усе паведамленні, якія апісваюць гістарычныя факты, гавораць аб іх, але саміх гэтых гэтых фактаў не фіксуюць і ў сучаснасць не пераносяць. У паданнях перад намі паўстаюць не самі факты і нават не іх асобныя часткі, а толькі іх адлюстраванне у свядомасці нейкіх інфарматараў. Гэтыя паведамленні аб гістарычных фактах ствараліся спецыяльна для захавання і перадачы гістарычнай інфармацыі і таму яны суб'ектыўныя ў большай ступені, чым "рэшткі".

"Рэшткі" — часткі з’яў, якія захаваліся (астанкі людзей, матэрыяльныя сляды дзейнасці людзей – хатнія рэчы, зброя і г.д., пісьмовыя дакументы для бягучых патрэб). Сюды ж адносяць мову, песні, рэлікты старых звычаяў. Галоўная прыкмета рэшткаў -- яны не ствараліся спецыяльна для перадачы інфармацыі аб мінулым.

Безумоўна азначаны падзел вельмі схематычны і супярэчлівы, паколькі тыя ж летапісы (апавяданні аб мінулым) з'яўляюцца адначасова рэшткамі дзейнасці канкрэтных людзей – летапісцаў.

Фармацыйны падыход у савецкай гістарычнай літаратуры выклікаў спробы падзяляць пісьмовыя крыніцы на групы па зместу (эканамічныя, палітычныя, культурныя) і паходжанню (у сферы сацыяльных, эканамічных адносін). Аднак рэчаіснасць – гэта не проста сума з’яў, крыніца ўзнікае не ў нейкай адной сферы, нават калі гэта і адбываецца, то яна, як правіла, адлюстроўвае не адну, а шмат бакоў гістарычнага мінулага. Таму у апошнія гады атрымалі распаўсюджанне класіфікацыі па тыпах і відах. Л.М.Пушкаровым, А.П.Пранштэйнам была прапанавана класіфікацыя паспосабу фіксавання (кадзіроўкі) інфармацыі. У адпаведнасці з ёй усе крыніцы падзяляюцца на наступныя тыпы[1]: 1) пісьмовыя, 2) рэчавыя, 3) этнаграфічныя, 4) вусныя (фальклорныя), 5) лінгвістычныя, 6) фонадакументы, 7) фотакінадакументы.

Азначаная вышэй класіфікацыя, якая дазваляе правесці падзел на 7 тыпаў улічвае, з аднаго боку, найбольш істотныя прыкметы, характэрныя для тых ці іншых крыніц (паходжанне, змест, форма), а з другога – аб’екты даследавання канкрэтных галін гістарычнай навукі. Аднак, этнаграфічныя, вусныя (фальклорныя) і лінгвістычныя крыніцы могуць быць прадстаўлены ў пісьмовай форме, ці ў выглядзе фонакрыніц і фотакінакрыніц. Графічныя (картаграфічныя) крыніцы наогул не трапляюць ні ў адзін з прыведзеных тыпаў. Таму І.Д.Кавальчанка прапанаваў класіфікацыю з пункту гледжання не спосабаў, а форм фіксавання інфармацыі: рэчавыя, мастацка-выяўленчыя, графічна-выяўленчыя, пісьмовыя і фонадакументы.

У апошнiя гады вялiкую цiкавасць выклiкала тыпалагiчная класiфiкацыя гiстарычных крынiц, прапанаваная С.О.Шмiдтам. Па-першае, яна ахоплiвае ўсе крынiцы гiстарычнага паходжання. Па-другое, азначаная класiфiкацыя вельмi зручная для ўспрымання, паколькi ў яе аснову пакладзена знешняя “матэрыяльная” форма крынiцы. У адпаведнасцi з класiфiкацыяй С.О.Шмiдта вызначаюць наступныя тыпы i падтыпы:

Рэчавыя крынiцы ва ўсёй iх шматстайнасцi (ад помнiкаў археалогii да сучасных машын i бытавых прадметаў). Дарэчы, гэта дазваляе ўлiчыць, што ў вынiку дзейнасцi чалавека змянiўся i жывельны, i раслiнны свет. Таму да азначанага тыпу крынiц можна аднесцi не толькi чучалы жывёл, птушак i муляжы пладоў, гербарыi (што выстаўлены у нашых музеях), але i самiх жывел, птушак, раслiны i iншыя прыродна-геаграфiчныя крынiцы гiстарычнага (штучнага) паходжання[2].

Выяўленчыя крынiцы:

а) мастацка-выяўленчыя (творы выяўленчага мастацтва, мастацтва кiно i фатаграфii),

б) выяўленча-графiчныя (крынiцы, што ўтрымлiваюць iнфармацыю перададзеную пры дапамозе наглядных графiчных вобразаў, не складаючых алфавiту),

в) выяўленча-натуральныя (фатаграфii, дакументальныя кiнакадры).

3. Моўныя крынiцы:

а) размова (i фонадакументы, якiя яе фiксуюць),

б) помнiкi вуснай творчасцi (фальклор),

в) пiсьмовыя помнiкi (уключаючы эпiграфiчныя) ва усей шматстайнасцi iх форм i вiдаў.

4. Канвенцыянальныя[3] крынiцы. Да сенняшняга часу маецца велiзарная колькасць iх формаў i вiдаў — нотны запiс, знакi матэматычнай i iншай сiмволiкi, iнфармацыя, зафiксаваная на машынных носьбiтах i г.д. Можна меркаваць, што гэта адзiн з найбольш недакладна акрэсленых тыпаў крынiц.

5. Паводзiнскiя крынiцы. Гэта назва (якая не вельмi ўдала гучыць на беларускай мове) усе ж дазваляе дакладна акрэслiць пэўны тып крынiц. Па-першае, сюды можна аднесцi зрокава-назiральныя звычаi i абрады (рытуалы) — калектыўныя i iндывiдуальныя дзеяннi (працоўныя, сямейна-бытавыя, святочныя, спартыўныя i iнш.). Звычаi i абрады вывучаюцца этнографамi. Аднак тэрмiн “этнаграфiчныя крынiцы” (як гэта i адзначае С.О.Шмiдт) нельга прызнаць удалым, паколькi ўласна этнаграфiчнымi матэрыяламi, што выкарыстоўваюцца этнографамi ў сваёй працы i нават у палявой практыцы з’яўляюцца i рэчавыя крынiцы, i пэўныя пiсьмовыя запiсы i г.д.

6. Гукавыя цi аўдыяльныя крынiцы. Сюды С.О.Шмiдт уключае гукi ў шырокiм i вузкамузыкальным сэнсе (“гукi”, “звоны”, “шумы”). Сюды ж адносяць i запiсы галасоў птушак, жывел.

Умоўнасць класiфiкацыi С.О.Шмiдта (як i iншых) даволi заўважная. Асобныя вiды (напрыклад грошы) нельга дакладна аднесцi непасрэдна да аднаго з вызначаных вiдаў. З’ява i сутнасць не заўседы супадаюць. Аднак было б дзiўна, калi б з’явiлася класiфiкацыя, якая поўнасцю супадае з падзелам крынiц у рэчаiснасцi. У рэальным жыццi проста не iснуе “чыстых тыпаў” i любая класiфiкацыя — рэч умоўная[4]. Класiфiкацыя С.О.Шмiдта дазваляе як бы ахапiць адным позiркам усю велiзарную колькасць крынiц — i ў гэтым яе галоўная каштоўнасць. Яна найлепшым чынам падыходзiць да навучальных мэтаў, музейнай i краязнаўчай дзейнасцi.

Безумоўна, што практычныя патрэбы асобных дысцыплін (археалогіі, бiблiяграфii, дыпламатыкi, дакументазнауства) вызначаюць з’яуленне i iншых класiфiкацый, зручных для выкарыстання ў працы даследчыка.

Класiфiкацыя пiсьмовых крынiц. Маючы на мэце у далейшым спробу агляду пiсьмовых крынiц, спынiмся на iх класiфiкацыi. У XIX - пач.XX ст. у дачыненнi да гэтага тыпу крынiц прымянялi азначаны падзел на “рэшткi” i “паданнi”. Разрыў адзiнства аб’ектыўнага i суб’ектыўнага ў крынiцы выклiкаў зразумелую крытыку з боку савецкiх гiсторыкаў. Паступова i незаўважна ў дачыненнi да пiсьмовых крынiц зацвердзiўся падзел iх на дакументальныя i апавядальныя (дзе нават пры блiжэйшым разглядзе можна заўважыць водгукi папярэдняй класiфiкацыі). Абодва азначаныя роды пiсьмовых крынiц падзяляюць на вiды[5], колькасць якiх не з’яўляецца нязменнай. Акрамя таго, iх назвы з’яўляюцца прадметам працяглых дыскусiй. Па квалiфiкаванаму меркаванню Л.М.Пушкарова гэта картаграфiчныя, статыстычныя, актавыя, канцэлярскiя, асабiстыя, мастацкiя, гiстарычныя i навуковыя крынiцы. Не адмауляючы у цэлым азначанай класiфiкацыi, прапануем наступны падзел:

I. Дакументальныя крынiцы:

1. Дакументы заканадаўства (помнiкi права).

2. Актавыя крынiцы (дамоўнага характару).

3. Матэрыялы справаводства (у вынiку дзейнасцi канцылярый i iншых?станоў па стварэнню дакументаў).

Як асобны падвiд (разрад — па Л.М.Пушкарову) — распарадчая дакументацыя.

4. Статыстычныя матэрыялы (рэалiзацыя зваротнай сувязi ў кiраваннi). Сюды ў якасцi падвiду ўключаем эканомiка-геаграфiчныя, гаспадарчыя апiсаннi, а таксама матэрыялы фiскальнага ўлiку, якiя часам набываюць характэрныя рысы масавых крынiц.

Картаграфiчныя матэрыялы, на наш погляд, можна вынесцi па-за межы пiсьмовых крынiц, паколькi іх звесткi ў большай ступенi зафiксаваны графiчным спосабам.

II. Апавядальныя крынiцы, акрамя iншага, адрознiваюцца ад дакументальных тым, што даюць паслядоўны пераказ падзей i дазваляюць растлумачыць ўзаемасувязi вывучаемых з’яў з iншымi з’явамi таго ж перыяду. У працэсе iх эвалюцыi асобныя вiды знiкалi, iх месца займалi iншыя (летапiсанне, гiсторыка-мемуарная лiтаратура i г.д.).

1. Летапiсы i хронiкi.

2. Мемуарная лiтратура i эпiсталярныя крынiцы (многiя мемуарныя творы зараджалiся ў эпiсталярнай форме, цесную сувязь памiж гэтымi падвiдамi можна прасачыць i на працягу XX ст.).

3. Лiтаратурныя i публiцыстычныя творы (iх зблiжае імкненне аўтараў у той цi iншай ступенi ўздзейнiчаць на чытача, значны адыход ад рэчаiснасцi ў iмкненнi абгрунтаваць сваю думку, свой пункт гледжання, уздзеяння на чытача эмацыянальна i г.д.)

Перыядычны друк разглядаецца асобна як спецыфiчная сiстэма гiстарычных крынiц, паколькi iх аб’ядноўвае толькi знешняя рыса — перыядычнасць выдання, па зместу ж гэта — заканадаўчыя i актавыя матэрыялы цi публiцыстыка, навуковыя цi лiтаратурныя творы i г.д.

 


Дата добавления: 2015-12-07; просмотров: 133 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)