Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Читайте также:
  1. Актыўная і пасіўная лексіка ў беларускай мове
  2. Асноўныя этапы фарміравання беларускай мовы. Старабеларуская літаратурная мова ХІV—ХVІ ст.
  3. Беларуская мова (прафесійная лексіка)». Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей
  4. З гісторыі беларускай лексікаграфіі
  5. Лексіка беларускай мовы паводле сферы выкарыстання
  6. Лексіка і фразеалогія

 

Лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы ахоплівае многія сотні тысяч слоў, розных як па часе ўзнікнення, так і па паходжанні. Фарміраванне яе, як і самой беларускай мовы, непарыўна звязана з гісторыяй народа: адпаведна таму, як адбывалася фарміраванне народа на стадыях рода, племені, народнасці і нацыі. Гэтую складаную гісторыю народа мова адлюстравала ў сваім слоўнікавым складзе.

Паводле паходжання лексіка беларускай мовы падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і запазычаная лексіка.

Асноўны пласт слоўнікавага запасу сучаснай беларускай мовы — спрадвечна беларускія словы, якія вызначаюць нацыянальную адметнасць і самабытнасць, адлюстроўваюць гісторыю развіцця лексікі беларускай мовы. У адпаведнасці з адносна ўстаноўленай храналогіяй развіцця слоўніка беларускай мовы ў ім вылучаюць некалькі пластоў спрадвечнай лексікі.

Самы старажытны пласт — агульнаславянскія словы.Яны сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах (напрыклад, усходнеславянскіх: беларускай, рускай, украінскай; паўднёваславянскіх: балгарскай, славенскай; заходнеславянскіх: польскай, чэшскай.

Гэта назвы асоб: маці, сын, сястра, брат, дзед; частак цела: глотка, калена, валасы; свойскіх жывёл: авечка, бык, карова, кабан, кабыла, конь, каза; дзікіх звяроў: воўк, ліса, заяц; птушак: бусел, галка, варона; прадметаў: калода, валун, жэрдка, вулей; раслін: асака, бяроза, ліпа; адзення, абутку: кабат (безрукаўка), кашуля; адцягненых паняццяў і з’яў прыроды: заўтра, імгла, агонь; дзеянняў, стану: ісці, гаварыць, маўчаць.

Агульнаўсходнеславянскія словы — гэта словы, якія пасля распаду агульнаславянскага моўнага адзінства ў працэсе фарміравання старажытнарускай народнасці праяўляліся толькі ў мове ўсходніх славян — продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Такіх слоў няма ў іншых славянскіх мовах.

Фарміраванне і ўзбагачэнне слоўніка ўсходнеславянскага перыяду адбывалася пераважна за кошт уласных, унутраных рэзерваў мовы. Напрыклад, ад агульнаславянскага племя ўтварылася слова пляменнік.

Усходнеславянская лексіка значна папоўнілася новымі словамі ў выніку ўскладнення і змянення сэнсавай структуры слоў, вядомых раней, яшчэ ў перыяд агульнаславянскай мовы. Так, агульнаславянскае слова зямля (глеба, дол) набывае значэнні «дзяржава», «народ», «уладанне» і дае вытворныя: зямлянін, земскі, земец.

Лексічныя ўтварэнні ўсходнеславянскага перыяду папоўнілі ўсе традыцыйныя тэматычныя пласты агульнаславянскай лексікі, паклалі пачатак некаторым новым прадметна-тэматычным групам слоў. Сярод гэтых новых слоў назвы і тэрміны:

- роднасці і сваяцтва: бацька, дзядзька, падчарыца, пляменнік;

- асоб па характару паводзін, роду дзейнасці, месцы жыхарства: балагур, бондар, весялун, знахар, мельнік, селянін;

- жывёл, птушак: галка, жаваранак, каршун, кошка, курапатка;

- раслін, пладоў, ягад, грыбоў і інш.: грэчка, грузд, куст, часнок;

- прадметаў быту, інструментаў, прадуктаў вытворчасці і інш.: аброць, багор, вяроўка, кадка, карзіна, качарга, латок, лыжка, пояс, самавар, скрыпка;

- абстрактных паняццяў, у тым ліку прымет і якасцей, дзеянняў і працэсаў, адзінак уліку, адрэзкаў часу і інш.: давер’е, пацеха, бойкі, дрымучы, каравы, балаваць, бурліць, калыхаць, адзінаццаць, дваццаць, пасля.

Не ўсе словы ўсходнеславянскай пары захаваліся ў сучасных беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Частка іх выпала з актыўнага ўжытку (грыўня, раць, стралец), асобныя словы змянілі сваю семантыку, некаторыя засталіся толькі ў дыялектах. Значная частка ўсходнеславянскіх слоў захавала сваё першапачатковае значэнне. Усходнеславянскі лексічны пласт і на працягу наступных стагоддзяў служыў базай для шматлікіх пазнейшых наватвораў ва ўсіх сферах бытавога, грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Уласнабеларускія словы складаюць спецыфіку лексічнай сістэмы беларускай мовы. Яны адносяцца да перыяду фарміравання і развіцця самастойнай беларускай мовы. Гэта словы, якія ў пэўнай ступені вызначаюць спецыфіку слоўніка беларускай мовы, выяўляюць яе адметнасць і непаўторнасць, вылучаюць сярод іншых славянскіх моў. Яны розныя паводле паходжання. Адны з іх захаваліся ў беларускай мове яшчэ ад агульнаславянскай эпохі, але сучаснай рускай і ўкраінскай мовам неўласцівыя або вядомыя як устарэлыя ці вузкамясцовыя лексічныя адзінкі: абрус, астрог, ляда, туляцца, лазня, паклёп і інш. Некаторыя з гэтых слоў у беларускай мове змянілі сваю семантыку. Так, назоўнік абрус (обрусъ) у агульнаўсходнеславянскай мове меў значэнне «хустка», «ручнік», у сучаснай беларускай мове — «настольнік».

Значна больш слоў, якія маюць выразныя фанетычня і граматычныя прыметы старажытнай беларускай мовы. Так, характэрнай асаблівасцю ўласнабеларускіх слоў з’яўляецца наяўнасць прыстаўных галосных і зычных гукаў: аржаны, імгла, вольха, вось; склады ры, лы на месцы ръ, лъ, рь, ль (у рускай мове ро, ло, ре, ле): грымець, дрыжаць, крышыць, трывога; поўнагалоссе — там, дзе ў рускай мове яно адсутнічае: агароджа, вораг, пасярод, прахалода, салодкі.

У перыяд самастойнага існавання беларускай мовы (з XIV ст.) пачынаюць узнікаць словы з беларускімі каранёвымі марфемамі. Словы бытавой, сямейнай, сельскагаспадарчай лексікі, назвы розных якасцей, дзеянняў і працэсаў трапляюць у старажытнабеларускую мову з народных гаворак: адпачынак, бусел, бліскавіца, гук, жніво, страва, апошні, асаблівы, здарыцца, сачыць, трымаць, адсюль, тады і інш.

У старажытнабеларускі перыяд узнікае вялікая колькасць грамадска-палітычных, юрыдычных і вайсковых тэрмінаў, якія адлюстроўваюць жыццё ВКЛ. Сярод іх уласнабеларускімі з’яўляюцца лексема гаспадар, дзяржаўца, рада, улада, урад, зброя, стрэльба і вытворныя ад іх. Агульнавядовым юрыдычным тэрмінам становіцца ў гэты час беларускае слова счадокъ (шчадокъ — «нашчадак») — «дзіця, якое мае права спадчыннасці». Яно прыйшло на змену ўсходнеславянскай лексема дедичь і ўжывалася як сінонім слова наследокъ. Папаўняецца разрад абстрактнай лексікі (бачанне, брыдкасць, хцівасць) і навуковай тэрміналогіі, асабліва пачынаючы з выданняў Ф. Скарыны.

Такія характарыстычныя народныя словы, як вернік, вясёлка, немаўля, нядзелькаваць, ветрыць, гамана, а таксама назвы грыбоў і ягад, месяцаў, многія геаграфічныя назвы з’яўляюцца нацыянальным здабыткам нашай мовы, робяць яе выразнай, сакавітай і вельмі вобразнай.

Усе словы, якія беларуская мова захавала з перыяду агульнаславянскага, агульнаўсходнеславянскага адзінства, а таксама ўласнабеларускія, называюцца спрадвечна беларускімі, бо карысталіся імі носьбіты беларускай мовы здаўна — спрадвеку.

Акрэсліць час узнікнення спрадвечна беларускіх слоў, выявіць іх сувязі з блізкародаснымі мовамі дапамагаюць слоўнікі («Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы»).

Акрамя спрадвечна беларускіх, у лексіцы сучаснай беларускай мовы вылучаюцца словы, запазычаныя з іншых моў. Засваенне мовай іншаземных слоў — натуральны вынік эканамічных, палітычных і культурных сувязей з іншымі народамі. Запазычванне адбываецца двума шляхамі: вусным — праз непасрэдны кантакт з носьбітам другой мовы і пісьмовым — праз навуковую і мастацкую літаратуру, афіцыйныя дакументы. Уласцівыя сучаснай беларускай мове запазычанні прыйшлі ў розны час і з розных моў. Сярод даўніх беларускіх запазычанняў сустракаюцца словы, звязаныя сваім паходжаннем больш чым з дзесяткам моў.

Самыя буйныя пласты запазычанняў у лексічнай сістэме беларускай мовы ўтварылі паланізмы, лацінізмы і германізмы. Пранікненню польскіх лексічных сродкаў (паланізмаў) адкрывала рэальную магчымасць тое, што беларуская мова на працягу амаль чатырох стагоддзяў развівалася ва ўмовах беларуска-польскага двухмоўя. Ад таго часу ў беларускай мове захаваліся паланізмы відэлец, замак, зброя, здрада, курок, палкоўнік, пан, скарб, паядынак, хлопец, чвэрць, герб, што замацаваліся пераважна ў сферы побыту. Польская мова выконвала асноўную ролю і ва ўзбагачэнні беларускай лексікі лацінскімі словамі, а з другой паловы ХVI ст. у сувязі з пашырэннем на тэрыторыі Беларусі грамадскіх і культурных функцый лацінскай мовы лацінізмы запазычваліся і непасрэдна. Ад старажытнасці ў беларускай мове шмат тэрмінаў лацінскага паходжання, звязаных пераважна з грамадска-палітычным жыццём (адміністрацыя, дакумент, дэпутат, камісія, канцылярыя), сацыяльна-эканамічнай сферай (арэнда, ганарар, кантракт, манаполія, сума, рэвізор) і асабліва са сферамі навукі, асветы, літаратуры, мастацтва (медыцына, прафесар, студэнт, экзамен, аўтар, верш, колер, музыка, нота, арнамент, тэкст).

Словы нямецкага паходжання (германізмы) пранікалі ў беларускую мову непасрэдна ад нямецкіх гандляроў, а таксама ад каланістаў, рамеснікаў і вайсковых спецыялістаў, што запрашаліся ў ВКЛ, і праз польскае пасрэдніцтва, найбольш у другой палове XVI—XVII стст. І цяпер у беларускай мове ўжываюцца германізмы з галіны рамяства, будаўніцтва, тэхнікі (гонта, дах, кафля, муляр, тынкаваць, цвік), ваеннай справы (афіцер, варта, вахта, куля, рота, штурм), гандлёвай сферы (гандаль, гатунак, кірмаш, крама, рынак), бытавога і гаспадарчага жыцця (кухня, ліхтар, труна, фартух, шафа, шуфляда, ланцуг, скіба) і інш.

Словы грэчаскага паходжання (грэцызмы) пранікалі ў беларускую мову праз пераклады рэлігійнай і навуковай літаратуры, а таксам ў сувязі з тым, што ў XVI—XVII стст. грэчаская мова займала важнае месца ў школьным навучанні на Беларусі. Большасць грэцызмаў — тэрміны навукі і культуры: алегорыя, арыфметыка, астраномія, граматыка, дыялог, камедыя, космас, муза і інш.

З невялікай групы царкоўнаславянізмаў толькі адзінкавыя словы запазычаны непасрэдна з царкоўнаславянскай мовы (воблака, улада, уласны). Усе астатнія словы з выразнымі прыметамі царкоўнаславянскай мовы ўвайшлі праз рускую мову і таму ў беларускай мове толькі ўмоўна могуць лічыцца царкоўнаславянізмамі.

У XVI—XVII стст. беларуская лексіка папоўнілася, пераважна праз польскую мову, французскімі словамі — галіцызмамі (візіт, драгун, партфель, парфума, пашпарт, форт), італьянскімі (гвардыя, кавалер, канцэрт, капітан, коўдра, лімон, палац, салата), чэшскімі (брама, мешчанін, праца, табар, франт), венгерскімі (гусар, магерка, шарэнга).

Большасць цюркізмаў прыйшла ў беларускую мову на працягу XIV—XVII стст. у выніку непасрэдных кантактаў беларускага насельніцтва з прадстаўнікамі цюрскіх народаў (пераважна з крымскімі татарамі) і праз пасрэдніцтва суседніх слоў — рускай, украінскай, польскай. З таго часу ў беларускай мове ўжываюцца цюркізмы бытавога характару: аршын, атлас, барсук, кафтан, кумыс, харч, шаравары.

Акрамя наладжвання ўсебаковых сувязей з Захадам, у выніку якіх лексічная сістэма беларускай мовы ўзбагацілася тысячамі новых слоў, беларусы на працягу сваёй гісторыя мелі сувязі і з іншымі народамі. Вынікам літоўскага моўнага ўплыву стала замацаванне ў беларускай мове літуанізмаў бытавога характару (клуня, коўш, свіран, сцірта). Літоўскімі па паходжанні з’яўляюцца таксама некаторыя тапанімічныя назвы і прозвішчы (Ашмяны, Граўжышкі, Кушляны, Лукша, Марцуль, Юргель).

У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў беларускі слоўнік, як правіла, праз рускую мову. Пераважна такім шляхам на працягу ХХ ст. беларускі лексічны склад папоўніўся многімі англійскімі словамі (бізнес, блакнот, джэм, ліфт, матч, фініш), нямецкімі (бутэрброд, вафля, фарш, гільза, штопар), французскімі (аванс, баланс, мантаж, сюжэт, трумо), галандскімі (боцман, гавань, матрос, рэйд), іспанскімі (какава, кавалькада, эмбарга, эстрада) і г. д.

Некаторыя прыметы запазычаных слоў вельмі ўстойлівыя. Націск звычайна захоўваецца на тым складзе, на які ён падае ў мове-крыніцы. Так, запазычанні з польскай мовы маюць націск на перадапошнім складзе: арэ́нда, баво́ўна; з французскай мовы — на апошнім складзе: кампо́т, партэ́р. Фанетычнай прыметай запазычання можа лічыцца:

- гук [ф]: факт, фунт;

- этымалагічныя пачатковыя [а], [э]: аршын, армяк, этап;

- заднеязычныя [г], [к], [х] перад галосным: геній, кепска, сукенка, келіх;

- спалучэнне галоснага з насавымі [н], [м] у становішчы паміж зычнымі кораня: гонта, лямпа, канверт;

- два галосныя побач у корані: прэзідыум, сілуэт, кааперацыя;

- спалучэнні гукаў [шт], [шп], [шр], [дл], [тл]: штука, шпрыц, кавадла;

- гук [ц] на месцы спалучэння [tj]: моц, цуда;

- цвёрдасць зычных перад [е(э)]: сэнс, бэз, мэбля;

- спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, камюніке, фюзеляж;

- прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- і інш.: амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр;

- суфіксы -ізм (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр ) і інш.: арганізм, сацыяліст, капіраваць.

Інтэрнацыянальныя словыўжываюцца не менш чым у чатырох мовах, якія належаць да трох розных моўных груп, у прыватнасці еўрапейскіх. Да інтэрнацыянальных лексемналежаць словы, запазычаныя найперш з грэчаскай і лацінскай моў і звязаныя часцей за ўсё з адцягненымі паняццямі, катэгорыямі навукі, культуры, адукацыі, тэхнічнымі вырабамі: акадэмія, бібліятэка, камедыя, дыялектыка — грэцызмы; атэстат, дэкан, канстытуцыя, семінар, тэрмін — лацінізмы. Шмат слоў інтэрнацыянальнага паходжання трапіла ў беларускую мову з англійскай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, французкай моў часта праз польскую або рускую мову. Параўнайце: англійскія запазычанні: бокс, інтэрнет, камп’ютер, танк, футбол, хакей; іспанскія запазычанні: кабальера, карыда, тарэадор, эльдарада; італьянскія лексемы: акоррд, арка, арыя, купал, капрычыо.

Асобныя запазычаныя словы абазначаюць прадметы і паняцці, якія не ўласцівы беларускай рэчаіснасці, а характарызуюць палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё замежных краін. Напрыклад, словы лорд, сэр — словы спецыфічна англійскай, сейм, злоты — польскай, франк, кюрэ — французкай рэчаіснасці. Гэтыя словы хоць і ўжываюцца ў сучаснай белаускай мове, але лічацца лексічна неасвоенымі (лексічнае асваенне іншамоўных слоў — гэта абазначэнне імі прадметаў і паняццяў, уласцівых і беларускай рэчаіснасці. Так, слова салата запазычана з французкай мовы, яно з’яўляецца назвай стравы, што трывала ўвайшла ў беларускае меню і не ўспрымаецца як нейкае спецыфічна французкае). Падобныя іншамоўныя словы называюцца экзатызмамі (ад грэч. eksotikos — незвычайны, спецыфічна замежны). Як правіла, экзатызмы асвоены графічна, фанетычна і марфалагічна.

Часам ужываюцца і такія іншамоўныя словы, якія або зусім не асвоены, або асвоены толькі графічна. Гэтыя словы прынята называць варварызвамі (ад грэч. barbarismos — той, што ўрываецца). Нарыклад, Звон кафедральны кліча на Ave (М. Т.). Мы падняліся на сто другі паверх славутага «Эмпайр стэйт білдынга» і ўбачылі ва ўсе бакі бясконца вялікі, фантастычна расквечаны стройнымі і мітуслівымі гнямі Нью-Йорк (Б.). У апошнім прыкладзе назоўнік білдынг мае форму роднага склону, г. зн. зроблена мастацкая спроба марфалагічнага асваення аднаго з састаўных элементаў варварызма.

Варварызмы, як і экзатызмы, з’яўляюцца стылістычнымі сродкамі стварэння пэўнага замежнага каларыту. Аднак варварызмы адрозніваюцца ад экзатызмаў, якія могуць ужывацца як лексічная норма літаратурнай мовы, тым, што заўсёды знаходзяцца за межамі літаратурнай мовы.

Апраўданае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання, правільнае іх асваенне не толькі не парушае нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, але і ўзбагачае яе лексічную сістэму.


Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 662 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.01 сек.)