Читайте также: |
|
Выбар тэмы вызначаецца грамадзянскай пазіцыяй аўтара-рэжысёра.Тэма – гэта жыццёвая з’ява, падзея, адлюстраваныя ў абрадзе пры дапамозе сродкаў мастацкай выразнасці. Тэма – гэта праблема, актуальная для аўдыторыі, тэарэтычнае або практычнае пытанне, якое патрабуе вырашэння. Правільная пастаноўка праблемы дае магчымасць рэжысёру як аўтару-сцэнарысту намеціць першапачатковую канфліктную аснову будучай абрадавай дзеі. Тэма – гэта эмацыянальны вопыт, інтэлектуальна-сэнсавы экстракт абрадавай дзеі, які застанецца ў свядомасці і падсвядомасці ўдзельніка і гледача. Тэма, якая фарміруе сюжэт, заўсёды канкрэтная і індывідуальная. Напрыклад, тэмай каляднага абраду ў адным выпадку можа з’яўляцца рэканструкцыя калектыўнага абрадава-масавага дзеяння, здольнага паўплываць праз магію вербальных канструкцый і рытуальных дзей на багацце ўраджаю і статка ў новым аграрным годзе, у іншым варыянце аўтар праз розныя абрадавыя формы можа раскрыць этапы трансфармацыі калядных звычаяў і пераўтварэнне іх з рытуальных у бытавыя.
Ідэя – галоўная вядучая думка, якая вызначае мастацкую задуму сцэнарыя і асноўны змест абраду. Ідэя – гэта эмацыянальна насычаны вобраз, які адлюстроўвае светапоглядныя і філасофскія разважанні рэжысёра.
Тэматычны блок– гэта сукупнасць эпізодаў, якія па-мастацку раскрываюць аспекты аўтарскай канцэпцыі, што аб’яднаны адным сцэнічным заданнем. Аўтарская канцэпцыя заўсёды мае некалькі аспектаў, таму колькасць тэматычных блокаў у сцэнарыі павінна суадносіцца з лікам гэтых аспектаў. Кожны тэматычны блок павінен мець вобразную назву, у якой канцэнтруецца сутнасць ідэйнай часткі сцэнарыя.
Архітэктоніка – паслядоўнасць і суразмернасць частак, якія аб’яднаны ў адзінае ідэйна-тэматычнае цэлае. Архітэктоніка вывучае сувязь паміж асобнымі часткамі драматургічнага твора і іх функцыянальную накіраванасць. Асноўныя элементы-падзеі кампазіцыйнага рашэння наступныя:
пралог – своеасаблівая прадмова, якая падрыхтоўвае ўдзельнікаў да маючай адбыцца ўрачыстасці. У пралогу адлюстроўваецца ў самым агульным выглядзе тэма і ідэя;
экспазіцыя – увод у святочную дзею. Задачы экспазіцыі: інфармацыя ўдзельнікаў абрадава-гульнявой, святочнай дзеі аб будучых дзеяннях і стварэнне атмасферы ўрачыстасці, святочнасці;
завязка – з яе пачынаецца драматургічны твор, “завязваюцца” канфлікт, пазіцыі бакоў, персанажаў;
развіццё дзеі – лагічная і эмацыянальная падрыхтоўка галоўнай падзеі; далучэнне ўдзельнікаў да сімвалаў свята, абраду, стварэнне псіхалагічнага настрою, які садзейнічае найбольш поўнаму ўспрыманню дзеяння;
кульмінацыя – найвышэйшы эмацыянальны пункт у развіцці тэмы;
фінал – завяршальная частка, эмацыянальна-сэнсавы вынік.
Разглядаючы архітэктоніку традыцыйнага каляднага абраду, можна вызначыць наступныя дзеі, у якіх выяўляюцца асноўны змест і сімволіка рытуалу:
экспазіцыя – шэсце карнавальнага гурту калядоўшчыкаў па вёсцы да гаспадаровай сядзібы, выкананне “агульных” калядак;
завязка – уваход калядоўшчыкаў у хату, дыялог паміж павадыром і гаспадаром;
развіццё дзеі – выкананне велічальна-віншавальных песень і хвалебных прамоў членам сям’і: гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну; магічна-абрадавыя дзеі цэнтральных зааморфных масак казы, мядзведзя, каня, жорава і інш.;
кульмінацыя – карнавальнае прадстаўленне ражаных, гратэскавых персанажаў;
развязка – просьба калядоўшчыкаў аб адорванні. Узнагароджванне спевакоў падарункамі;
фінал – выкананне каляднага гімна.
Сцэнарна-рэжысёрскі ход – гэта вобразны рух аўтарскай канцэпцыі, накіраваны на дасягненне мэты эмацыянальнага, педагагічнага ўздзеяння. Пошук арыгінальнага аўтарскага сцэнарна-рэжысёрскага ходу – для рэжысёра задача складаная. Ён павінен быць знойдзены або прыдуманы на этапе распрацоўкі задумы, калі сфармулявана праблема, распрацавана мастацкая канцэпцыя. Запазычаны, ужо існуючы сцэнарна-рэжысёрскі ход, выконваючы функцыю штучнага аб’яднання сцэнарнага матэрыялу, з’яўляецца прыёмам. Калі замена аднаго прыёму на іншы не змяняе вашай задумы, значыць, і самой задумы як аўтарскай, наватарскай каштоўнасці не існуе.
У зімовым абрадавым комплексе сцэнарна-рэжысёрскім ходам можа быць спаборніцтва двух калядных гуртоў, напрыклад мужчынскага і жаночага. У абрадах сёмушнага святочнага кантынууму вобразна-сімвалічным дзеяннем, якое аб’ядноўвае асобныя эпізоды, можа стаць варажба на вянках, павязванне стужачак і загадванне запаветнага жадання на агульным вялікім вянку.
Дата добавления: 2015-07-08; просмотров: 260 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Грамадскія і дзяржаўныя абрады | | | Рэжысёрскае бачанне абрадавай дзеі |