Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Класіфікацыя абрадаў

Читайте также:
  1. Народныя традыцыі творчай арганізацыі абрадаў на вольным паветры

Звычаі, абрады, рытуалы суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго жыцця – ад нараджэння да смерці. Узніклі яны на глебе веры, працоўнай дзейнасці і быту людзей, іх адпачынку. Тыя, што дайшлі да нас, маюць сінкрэтычны характар і ўвабралі элементы язычніцкай, хрысціянскай і свецкай культур. Народныя традыцыі не ўзнікаюць і не знікаюць хутка. Неабходны дзесяці­годдзі, а можа і стагоддзі, перш чым абрад ці звычай набудзе агульнанацыянальны характар.

Святочная культура – частка духоўнай народнай культуры, шматузроўневая сістэма святочных трады­цый, звычаяў, абрадаў, цырымоній, якія адлюстроў­ва­юць працоўную дзейнасць чалавека і бытавыя норавы соцыуму ў яго гістарычным развіцці.

Традыцыя – гэта генетычная памяць нацыянальнай культуры кожнага народа, якая ахоплівае вялікае кола з’яў і праяўленняў, характэрных для ўсіх сфер са­цыяль­нага жыцця. Традыцыя разглядаецца як меха­нізм перадачы сацыяльна значнага вопыту індывіду­ума або калектыву ад пакалення да пакалення.

У сучаснай святочнай практыцы адбываецца працэс рэанімацыі, рэстаўрацыі і трансфармацыі рэшткаў куль­турнай спадчыны розных гістарычных напласта­ван­няў, якія здольныя інтэграваць паміж сабой, пе­раўтвараючыся ў навацыйныя элементы традыцыі і культурнага фонду нацыі. Але згодна тэорыі вечнага руху прыроды і грамадства любая навацыя абавязкова мадыфікуецца ў традыцыю.

Чалавек, які нараджаўся і жыў у арэоле бытавання традыцыйных архаічных формаў культуры, цалкам пад­парадкоўваўся яе нормам і законам, пачынаючы ад глабальна-абстрактных (усведамленне агульнай карці­ны свету, погляды на рэлігію, тэорыю нараджэння і знік­нення суб’ектаў сусвету), заканчваючы канкрэт­ны­мі бытавымі правіламі штодзённага апранання, хар­ча­вання, працы, святкавання і інш. У архаічным аб­шчын­на-вясковым соцыуме традыцыя існавала як пра­цяг­лая ўстойліва-нязменная і недатыкальная форма быц­ця, своеасаблівая сістэма каштоўнасцей з міфічнай першаасновай. Нашы прашчуры прытрымліваліся ты­по­вага для земляроба календара з уласцівымі яму свя­та­мі, якія вызначаліся па перыядах сонцазвароту і раў­на­дзенства [58, с. 25], ушаноўвалі асобных прадстаў­ні­коў язычніцкага пантэона багоў і міфічных істот, ад­каз­ных за фазы развіцця ўраджаю [56, c. 255–268]. У роз­ныя перыяды эвалюцыі грамадства міфалагічную асно­ву традыцыі замяняла пануючая ў той час ідэало­гія. Прагрэсіўныя навацыі эпохі Асветы, абапіраючыся на рэалістычныя погляды сваіх галоўных дзеячаў, трак­тавалі традыцыю як рэлігійны фанатызм і невуц­тва. У часы Рамантызма яе атаясамлялі з прыродай, на­туральна склаўшымся арганізмам, захаваўшы пры гэ­тым яе супрацьлегласць розуму [17, с. 436–437, 469–475]. Дасягнуўшы пэўнага ўзроўню самасвядомасці, тра­дыцыя прымала рацыянальны характар і ўспрыма­ла­ся як звычай або норма. У савецкі перыяд і ў час пе­ра­будовы адмова ад традыцый паставіла пад пагрозу самаідэнтыфікацыю нацый былога Савецкага Саюза, што садзейнічала калектыўнай сацыяльнай абыякавас­ці, апатыі і развіццю ідэалагічнага нігілізму.

На стадыі ўзнікнення і першапачатковага існавання народная святочная традыцыя заўсёды прасякнута са­краль­насцю і непарушальнасцю, дзейнічае пастулат яе вечнасці, неўміручасці. Але непрыметна для чалавека яна пастаянна ўдакладняецца і з цягам часу пераўтва­раецца ў эпізадычны сегмент трансфармаванага свята.

Традыцыя як феномен вызначаецца катэгорыяй агуль­нага – комплексам элементаў і з’яў, якія аб’яд­ноў­ваюць народ. Адначасова агульнае можа існаваць як асобнае, уласцівае толькі пэўнаму этнасу, рэгіёну, мясцовасці, здольнае вылучаць дадзеную групу сярод іншых. Аб’яднанне элементаў культуры асобных локу­саў у адну схему ўспрымаецца як агульнанацыя­наль­ная традыцыя, якая з цягам часу пры захаванні знеш­няй формы страчвае свой першапачатковы змест, аўтэн­тычнасць. Вядомы рускі фалькларыст К.Чыстаў адзначае, што ў працэсе этнічнай кансалідацыі сучас­ных нацый і фарміравання нацыянальнай самасвядо­мас­ці ўзнікае тэндэнцыя да стварэння культурнай адна­роднасці, у выніку чаго з’яўляюцца ўмоўна тра­ды­цыйныя, абагуленыя, агульнанацыянальныя формы, якія не супадаюць з існуючымі лакальнымі і стано­вяцца сімваламі нацыянальнай культуры [108, с. 132].

Адной з унікальных якасцей традыцыі можна на­зваць яе варыятыўнасць (ад лац. variation – віда­змя­нен­не другарадных элементаў пры захаванні асноў­на­га) – здольнасць адаптавацца да новай сацыякультур­най сітуацыі, змяняцца і ў той жа час заставацца самой сабой. Імправізацыя ў вербальнай сістэме перадачы абра­давага тэксту, рэалізацыі структурна-кампазіцый­ных схем і сюжэтаў рытуальных комплексаў і асабіс­тыя якасці іх выканаўцаў з’яўляюцца асноўнымі пры­чы­намі трансфармацыі традыцыі.

У народным лексічным бытаванні паняцце “тра­ды­цыя” трапляе пад катэгорыю “заканамернага” і таго, што падтрымлівае заканамернасць. Парушыць гэту абу­моўленасць можа толькі выпадак – спарадычная гульня, нявызначаныя, непрадказальныя паводзіны мо­ладзі. Па законах зрытмізаванасці і цыклічнасці быц­ця абедзве з’явы – спрадвечнае “неабходнае” і хаатычнае “выпадковае” з цягам часу аб’ядноўваюцца ў адзіную абрадавую дзею.

У заканамерных паводзінах чалавека побач з пазі­тыў­нымі абрадавымі дзеяннямі існуюць і негатыўныя. Прычым дрэннае не ўспрымаецца як выпадковае. У свя­точнай культуры беларусаў, акрамя рэгламентава­ных паводзін, кожны індывід валодаў пэўнай свабодай у асобных рытуальных эпізодах. У якасці прыкладу варта прыгадаць масленічныя пераапрананні жанчын у маскарадныя эратычныя касцюмы і купальскую карна­валь­ную ўседазволенасць моладзі, якая часам мела агрэ­сіўна-разбуральны характар. Галоўная функцыя ма­сак у мінулым – стварэнне атмасферы святочнага іншабыцця, што неабходна чалавеку для псіхалагічнай разгрузкі і адключэння ад аднастайных штодзённых клопатаў.

У народным бытаванні лексема “традыцыя” ўжы­ваец­ца ў аднолькавым кантэксце са словамі “звычай”, “рытуал”, “абрад”. Навукоўцы трактуюць традыцыю “як шырокае (родавае) паняцце, інстытут, які характа­ры­зуюць некаторыя прынцыповыя асаблівасці: па-пер­шае, выбарачнасць – звязанасць з каштоўным культур­ным матэрыялам для пэўнага соцыуму; па-другое, паў­та­ральнасць, неабходная для замацавання мастацкага, этнаграфічнага матэрыялу ў межах гістарычнай дыс­тан­цыі; па-трэцяе, яе практычны характар” [40, с. 104–106].

Звычай – адна з відавочных і зменлівых праяў рэалі­за­цыі традыцыі, якая ахоплівае ўсе сферы жыцця ча­ла­ве­ка і абмяжоўваецца праяўленнем стэрэатыпных нор­маў поводзін індывідуума ў штодзённым жыцці гра­мад­ства ці сацыяльнай групы.

Абрад – гэта ўсталяваная звычаем сістэма сімва­ліч­ных дзеянняў, якія афармляюць важныя падзеі грамад­скага і асабістага жыцця чалавека. Пры змене трады­цыі адбываецца трансфармацыя абраду. Некаторыя з цягам часу становяцца народнай гульнёй, забавай, ва­раж­бой, арганічна ўваходзяць у структуру новага свя­точ­нага формаўтварэння і набываюць накіраванасць на рэалізацыю іншай функцыі сацыялізацыі грамад­ства.

Абрад як форма ўвасаблення рэлігійных вераванняў не універсальны. Ён толькі адзін з існуючых сродкаў, пры дапамозе якога вера ўвасабляецца ў канкрэтнае дзеянне. У той ці іншы гістарычны перыяд па пэўных прычынах уяўленні чалавека могуць і не атрымаць сім­валічнага і фізічнага афармлення ўвогуле або атры­маць яго аднабаковае выяўленне. “Найбольш важным, найбольш істотным і разам з тым найбольш устойлі­вым элементам абраду на розных этапах развіцця аказ­ваец­ца яго функцыя. У гісторыі абраду форма яго змя­няец­ца, а функцыя пры гэтым часцей застаецца, хоць часам і тлумачыцца на новы лад” [46, с. 67].

Вылучаюцца наступныя цыклы абрадаў: каляндар­ныя, рэлігійныя, аказіянальныя, грамадзянскія, абрады жыццёвага цыкла.

Каляндарны цыкл уключае абрады па пэўных рухо­мых і нерухомых датах народнага календара і падзя­ляец­ца на зімовыя, веснавыя, летнія, восеньскія, пры­мер­ка­ваныя да сельскагаспадарчых работ. Каляндар­ныя абрады – поліфункцыянальныя. Даследчыкі вылу­ча­юць у іх магічную, камунікатыўную, цырыманіяль­ную, гульнявую, геданістычную, эстэтычную абрада­ва-рытуальную [13, с. 30–49; 99, с. 9], рэлігійную, са­ты­рыч­ную функцыі.

Рэлігійныя абрады – калектыўныя дзеянні, якія скі­ра­ваны на звышнатуральныя ілюзорныя аб’екты і вы­сту­­паюць як спосаб рэалізацыі адносін паміж гэтымі аб’ектамі і чалавекам. Першакрыніцай рэлігійных абра­­даў з’яўляецца магія. Старажытныя магічныя абра­­ды былі цесна звязаны з матэрыяльнай практыкай, адпаведна якой можна вылучыць наступныя віды ма­гіі: лячэбную, любоўную, аграрную, промыслава-гас­па­дарчую, магію навядзення шкоды.

Правядзенне аказіянальных абрадаў адбываецца пры крытычным становішчы ў грамадстве (крызісныя) ці для магічнага выклікання падобнага крызісу (выклі­кан­не дажджу пры засушлівым надвор’і), пераадоль­ван­ня прыроднага, грамадскага ці асобаснага крызісу (антыкрызісныя).

Да ліку грамадзянскіх абрадаў адносяцца вытвор­чыя, сямейныя, дзяржаўныя, палітычныя, прафесій­ныя. У залежнасці ад складу выканаўцаў грамадзян­скія абрады падзяляюцца на асабовыя, групавыя, аб­шчын­ныя. Па гендэрнай і ўзроставай прыметах вылу­чаюц­ца дзіцячыя, падлеткавыя, маладзёжныя, дзяво­чыя, жаночыя, мужчынскія абрады.

Абрады жыццёвага цыкла часцей называюць сямей­ны­мі. Галоўным аб’ектам гэтых дзей з’яўляецца кан­крэт­ны чалавек на пэўнам этапе яго жыцця. Пры гэ­тым у абрадах у большасці ўдзельнічаюць іншыя свая­кі (сям’я, род), магічныя і немагічныя спецыялісты, святары, а ў некаторых выпадках і вясковая абшчына (рэкруцкі абрад).

Рытуал (ад лац. ritualis – абрадавы, ад ritus – рэлі­гій­ны абрад, урачыстая цырымонія) – рэгламентаваная і рэгуліруемая паслядоўнасць дзеянняў, якія не змя­ня­юць сітуацыю ў фізічным сэнсе, а вядуць толькі да яе сімвалічнай перамены.

Рытуал трэба адрозніваць ад цырымоніі (ад лац. caerimonia – культавы абрад), у аснове якой больш дэ­та­лё­вая паслядоўнасць некалькіх рытуальных дзеян­няў. Акрамя таго, цырымонія заўсёды мае сацыяльны характар.

Самымі распаўсюджанымі рытуаламі сучасных цы­ры­моній з’яўляюцца пад’ём сцяга пад гукі гімна краі­ны; харавое выкананне гімна; вынас сцяга і арганіза­цыя ганаровай варты каля яго; вынас штандараў; пе­ра­кліч­ка, здача рапартаў, абыход страёў; узнагародж­ван­не, уручэнне ганаровых грамат, дыпломаў, каштоўных падарункаў, вымпелаў; прысяга (афіцыйнае і ўрачыс­тае абяцанне выконваць якія-небудзь абавязкі); клятва (яна існуе ў прадстаўнікоў розных прафесій і гаворыц­ца хорам або асобным чалавекам); ускладанне кветак да мемарыяльнай дошкі, помніка, да месца гібелі; ры­ту­ал уручэння сімвалаў улады, сімвалічных значкоў, амулетаў, ключа.


Дата добавления: 2015-07-08; просмотров: 456 | Нарушение авторских прав


Читайте в этой же книге: Камінскі А.Я. | Рэлігійныя абрады | Сямейна-бытавая абраднасць беларусаў | Грамадскія і дзяржаўныя абрады | Рэжысёрскі аналіз народнага абраду | Рэжысёрскае бачанне абрадавай дзеі | Работа рэжысёра з мастаком над мастацка-дэкаратыўным вырашэннем абраду | Вырашэннем абрадава-рытуальных дзей | Работа рэжысёра над словам і мовай у абрадзе | Народныя традыцыі творчай арганізацыі абрадаў на вольным паветры |
<== предыдущая страница | следующая страница ==>
УВОДЗІНЫ| Каляндарна-аграрнага цыкла

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.006 сек.)