Читайте также:
|
|
3 прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР рэспубліка стала паступова пераходзіць да самастойнага ажыццяўлення знешнепалітычнай дзейнасці. Рэспубліка Беларусь на 2004 г. мела дыпламатычныя адносіны з 160 краінамі свету. У Мінску на гэты год знаходзіліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы 35 краін, а таксама 8 консульстваў і 12 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Ад пачатку свайго існавання кіраўніцтва Беларусі абвясціла бяз’ядзерны і нейтральны міжнародны статус дзяржавы, а знешнюю палітыку шматвектарнай.
Беларусь пашырыла свой удзел у арганізацыях сістэмы ААН, з’яўляецца членам 13 спецыялізаваных устаноў ААН. У краіне дзейнічае нацыянальная Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН як Еўрапейская эканамічная камісія, Дзіцячы фонд ААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці і інш. У 1992 г. Беларусь уступіла ў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародную фінансавую карпарацыю, Міжнароднае агенцтва па гарантыях інвестыцый, якое ўваходзіць у групу Сусветнага банка; атрымала статус назіральніка ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, створанай у 1995 г. У Мінску былі адкрыты прадстаўніцтвы шэрагу ўплывовых міжнародных арганізацый.
Сучаснае міжнароднае жыццё вызначае працэс глабалізацыі – фарміравання адзінай глабальнай сусветнай прасторы. У гэтых умовах знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь грунтуеца на прынцыпах шматвектарнасці, развіцця усебаковых сувязяў з рознымі дзяржавамі.
Разам з тым прыярытэтным накірункам знешняй палітыкі выступае развіццё супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй і краінамі СНД. Паводле пагаднення аб утварэнні СНД у снежні 1991 г. прадугледжвалася развіццё раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц у галіне палітыкі, эканомікі, культуры і інш. Афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў СНД быў вызначаны Мінск. У Мінску праходзілі пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў-удзельнікаў Садружнасці. 22 студзеня 1993 г. у Мінску быў абмеркаваны і прыняты Статут СНД. Рэгулярна ў сталіцы СНД адбываюцца пасяджэнні кіраўнікоў урадаў, міністэрстваў і ведамстваў краін Садружнасці. 3 1993 г., у адпаведнасці са Статутам, у Мінску размяшчаўся Выканаўчы сакратарыят СНД, з 1999 г. замест яго Выканаўчы камітэт СНД. Гэты міжнародны орган распрацоўвае праекты дакументаў, садзейнічае рэалізацыі сумесных праграм, арганізуе дзейнасць больш як 20 органаў галіновага супрацоўніцтва. Таксама ў Мінску знаходзіцца Эканамічны суд СНД, створаны ў 1994 г., які разглядае справы аб тлумачэнні актаў Садружнасці, забеспячэнні сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, што пражываюць на тэрыторыі дзяржаў СНД і г.д.
З сярэдзіны 1990-х гг. прыкметна актывізуецца супрацоўніцтва з Расіяй у выніку прынятага кіраўніцтвам дзяржаў курсу на ўзаемную міждзяржаўную інтэграцыю. У 1995 г. прэзідэнты дзвюх краін А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве тэрмінам на 10 гадоў. У маі 1995 г. ліквідавана мытная мяжа паміж дзвюма дзяржавамі. У далейшым быў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на паглыбленне міждзяржаўнай інтэграцыі:
Дагавор аб стварэнні супольнасці суверенных рэспублік Беларусі і Расіі (2 красавіка 1996 г.);
Дагавор аб Саюзе Беларусі з Расіяй (2 красавіка 1997 г.);
Дэкларацыя аб аб’яднанні Беларусі з Расіяй у Саюзную дзяржаву. (25 снежня 1998 г.)
Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (8 снежня 1999 г.).
Паводле дадзеных актаў, прадугледжвалася ўзгадненне пазіцый дзвюх дзяржаў па міжнародных пытаннях, узаемадзеянне па захаванню бяспекі, ахове межаў і барацьбе са злачыннасцю. Захоўваючы атрыбуты суверэнітэту, дзяржавы выходзілі на сумеснае будаўніцтва структур, якія мелі агульную заканадаўчую базу. Былі сфарміраваны Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Расійска-Беларуская камісія па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву і некаторыя іншыя сумесныя арганізацыі. Планавалася стварэнне агульнай транспартнай сістэмы з адзінымі тарыфамі па перавозках грузаў і пасажыраў, адзінай энергасістэмы, навукова-тэхнічнай і інфармацыйнай прасторы, сінхранізацыя эканамічных рэформаў, стварэнне адзінай нарматыўна-прававой базы, уніфікацыя грашова-крэдытных і бюджетных сістэм.
На практыцы інтэграцыйныя пагадненні не заўсёды рэалізоўваліся. Галоўнай прычынай гэтага з’яўляюцца розныя падыходы да інтэграцыі кіраўніцтва дзяржаў. Беларускі бок настойвае на раўнапраўным саюзе дзвюх суверэнных дзяржаў. З боку расійскіх палітычных эліт нярэдка гучалі прапановы ўваходжання Беларусі ў склад Расіі, альбо паніжэння статуса Беларусі ў складзе Саюза. Праблемы ўзнікаюць таксама ў эканамічнай сферы паводле такіх пытанняў як ліквідацыя мытных бар’ераў, пастаўкі расійскіх энерганосьбітаў і сыравіны ў Беларусь і іх далейшы транзіт і рээкспарт у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу, стварэнне адзіных умоў для суб’ектаў гаспадарання абедзвюх краін і г.д.
Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь прытрымліваецца тактыкі рознаўзроўневай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. У сакавіку 1996 г. быў падпісаны дагавор аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі чатырох краін – Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, да якіх пазней далучыўся Таджыкістан (ЕўразЭС). У 2003 г. створана арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі, у якую ўвайшлі Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан. Гэтыя краіны заявілі аб імкненні стварыць зону свабоднага гандлю і падпісалі Пагадненне аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).
Важным накірункам у знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўстанаўленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўрапейскага Саюза. Аднак у другой палове 1990-х – першай палове 2000-х гг. адносіны паміж бакамі мелі супярэчлівы характар з прычыны негатыўнай ацэнкі удзельнікамі ЕС палітычнай сітуацыі ў Беларусі. З 2007 – 2008 гг. назіраецца прыкметнае паляпшэнне адносін. З 2009 г. Беларусь разам з Украінай, Малдовай, Арменіяй і Азербайджанам была ўключана ў рэалізацыю праграмы “ Ўсходняе партнёрства ”, накіраваную на паглыбленне кантактаў краін Еўрасаюза з усходнімі суседзямі.
Беларусь актыўна супрацоўнічае з многімі краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Асаблівае цеснае супрацоўніцтва ўстаноўлена з такімі дзяржавамі як Кітай, Індыя, Іран, Сірыя, Венесуэла.
Актыўна развіваюцца міжнародныя сувязі Беларусі ў эканамічнай сферы, у такіх галінах як навука, культура. Важным напрамкам міжнароднай дзейнасці Беларусі з’яўляецца супрацоўніцтва па чарнобыльскіх праблемах.
Такім чынам, у 1990-2000-я гг. Рэспубліка Беларусь становіцца самастойным суб’ектам міжнародных адносін. У знешняй палітыцы беларускія ўлады дэкларуюць імкненне да захавання суверэнітэту пры ўсебаковым супрацоўніцтве з рознымі дзяржавамі (шматвектарны курс), забяспечваюць статус Беларусі як нейтральнай дзяржавы. Прыярытэтнымі накірункамі знешняй палітыкі выступаюць супрацоўніцтва з Расіяй і краінамі СНД, а таксама збліжэнне з краінамі Еўрапейскага Саюза.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 105 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Унутрыпалітычнае жыццё ў РБ у 1990-2000-я гг. | | | Сацыяльна-эканамічнае развіццё РБ у 1990-2000-я гг. |