|
Зафиксавана некалькі варыянтаў, адны з якіх можна класіфікаваць як карагодныя гульні,іншыя як карагодныя танцы, трэція па праве займаюць месца ў жанры танцаў. Амаль страціўшы татэмнае значэнне, “Верабей” часам выконваўся на вяселлях, але часцей проста на вячорках. Т.А. Бернштайм лічыць, што вобраз вараб’я ў мінулым быў звязаны са шлюбнай сымболікай і што падскокі, так характэрныя для гэтага танца, з’яўляліся пластычным кодавым знакам згоды на шлюб. Вядомы ў многіх раёнах Беларусі. Быў распаўсюджаны на Падзвінні, Падняпроўі, на Усх. і Пд.-Зах. Палессі; зафіксаваны таксама на тэрыторыі сучаснай Літвы пад назвай “Вірбяліс”.
Падчас 1-ай сусветнай вайны найбольш “прасунутыя” сяляне на выкананне такога старажытнага танца, як “Верабей” глядзелі ўжо даволі кпліва.
[2; с. 317], [8; с. 121], [9; с. 169], [10; с. 96, 99, 155, 314], [12; с. 106].
Абрадныя танцы калісьці былі прымяркаваны да пэўных падзей сямейнага жыцця ці да каляндарных святаў. У большасці страцілі сваю прымяркаванасць, выконваюцца “абы-калі” як побытавыя.
Лявоніха.
У шматлікіх варыянтах бытавала амаль паўсюдна на Беларусі. На Падзвінні “Лявоніхі” нават утвараюць асобную групу народнага харэаграфічнага мастацтва, якую складаюць: танцы тыпу кадрылі (Талачынскі раён), асобны тып з “Жаніцьбы Цярэшкі”, карагодна-гульнёвы тып (Ушацкі раён), сольна-гуртавыя варыянты (значна больш у раёнах, набліжаных да Магілёўшчыны), у парным і сольным выкананні (паўсюдна). “Лявоніхам” уласціва разнастайнасць прасторавага малюнку, у розным спалучэнні фігуры ўтвараюць шматлікія мясцовыя варыянты.
“Лявоніха” на Панямонні існуе паўсюдна, з рознымі вызначэннямі – танец, прыпеўкі, песня, найгрыш, скокі. Як танец пашырана ў розных формах: імправізаваная – сольныя, парныя, сольна-гуртавыя танцы; з устойлівай кампазіцыяй (танцы парныя – пераважна, парна-гуртавыя) і з рэгламентаванай лексікай; у шматлікіх варыянтах, лакальна-стылявых праявах, паэтычна-песенных версіях.
Выконвалася “Лявоніха” падчас прыгатавання вясельнага каравая, уласна на вяселлях - абавязкова, падчас каляднай гульні “Жаніцьба Цярэшкі”, якая ўзыходзіць да старажытных перадшлюбных рытуалаў. Е. Раманаў сцвярджае, што менавіта на калядных ігрышчах хлопцы пераважна выбіралі сабе нявест.
Лявоніха – жонка Лявона; назва танца яшчэ раз пераконвае ў яго першапачатковай шлюбнай прымеркаванасці (і прыпеўкі:
А Лявоніху Лявон палюбіў
Лявонісе чаравічкі купіў
Лявоніха – душа ласкавая
Чаравічкамі палясківае
Як я молада ў матулі была
Я як вішанька ў садочку цвіла
Як папала злому мужу-мужыку,
Сцерабіў мяне ў белую муку
А Лявоніха не жонка была,
Нямытаю мне сарочку дала.
Нямытаю, не качаную,
У суседа пазычаную)
Часам прыпеўкі былі даволі фрывольнымі.
У вясельнай “Лявонісе” першымі на танец у сярэдзіну кола выходзілі маладыя. Пасля іх танца ў скокі ўключаліся “вясельнікі”.
Танец быў настолькі папулярным і добра вядомым, што звесткі пра яго трапілі нават у літаратурны твор: “Лявоніху” таньчаць персанажы паэмы “Тарас на Парнасе”. Згубіўшы абрадную прымяркаванасць, “Лявоніха” таньчылася проста на “скоках” – вечарынах з музыкай, якія ладзіла моладзь перадшлюбнага ўзросту проста дзеля забавы; таксама на ігрышчах – вялікіх зборах моладзі, якія бывалі звычайна на вялікія святы.
Як частка танца (калена) “Лявоніха” ўвайшла ў склад шматлікіх кадрыляў. У 60-я гг ХІХ ст “Лявоніха” была яшчэ самым папулярным танцам (тадя яе звалі яшчэ “круцёлка”, ці “крутуха”). У канцы XIX ст “Лявоніху” таньчылі больш у сёлах, “куды не пранікла цывілізацыя”. Калі з памяці сельскіх музыкаў практычна зніклі беларускія традыцыйныя танцы, саступіўшы месца шматлікім полькам, “Лявоніху”, тым не менш, ведалі ўсе. У некаторых мясцовасцях на пач. ХХ ст “Лявоніху” зусім забылі, і вярнулася яна назад у вёску з горада, праз сялянскіх дзяцей, якія там вучыліся.
У 20-х гг ХХ ст, калі “старыя” танцы былі ўжо часткова забытыя, падвыпіўшыя бабкі, ідучы “у скокі”, плясалі звычайна менавіта “Лявоніху”.
[1; c. 197, 246], [2; с. 275, 291, 317, 379] [3; с. 119-120, 379], [5; с. 475, 478, 524, 561, 574, 592], [6; с. 522, 524, 526, 665-684], [7; с. 8, 9, 92, 129, 211, 256-257, 270, 272], [8; с. 121], [9; с. 114-116, 168], [10; с. 146, 148], [12; с. 298].
Качан.
Вядомы ў многіх раёнах Беларусі. Зафіксаваны на Панямонні, у Цэнтральнай Беларусі (пераважна), на Пд.-Зах. Палессі. Выконваўся пад прыпеўкі. У танцы рознымі пластычнымі рухамі імітавалі “завіванне качана” (абрастанне яго лісцем). Пэўна, магіяй падабенства танец вінны быў садзейнічаць добраму ўраджаю капусты.
[9; с. 116, 168-170], [12; с. 258].
Дата добавления: 2015-07-12; просмотров: 110 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Папулярных сёньня сярод сьвядомай моладзі. | | | Таўкачыкі. |