Читайте также: |
|
Канфесійны стыль – гэта стыль рэлігійнай літаратуры, якая абслугоўвае запатрабаванні вернікаў разнастайных канфесій Беларусі. Канфесійны стыль з даўніх часоў на Беларусі вызначаецца складанасцю і шматпланавасцю. Звязана гэта з традыцыйным поліканфесійным укладам жыцця ў нашай краіне. Гістарычна склалася так, што нацыянальная мова спарадычна выкарыстоўвалася ў рэлігійным жыцці Беларусі. І толькі ў апошнім дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя распачаўся актыўны працэс «беларусізацыі» ў канфесійнай дзейнасці грамадства. У гэты час адраджаецца ідэя перакладу царкоўна-рэлігійных твораў на сучасную беларускую літаратурную мову. Неабходна адзначыць, што перакладам Святога Пісьма на беларускую мову адным з першых пачаў займацца паўтысячы гадоў назад Ф.Скарына. Прыклад Скарыны натхняў многіх наступнікаў, і фактычна да ХХ стагоддзя не спыняўся, нягледзячы на моцны ўціск як свецкіх, так і духоўных улад, пераклад рэлігійнай літаратуры. І толькі ў ХХ стагоддзі, але па-за межамі савецкай Беларусі, гэты працэс набыў больш-менш стабільны характар. Напрыклад: «Беларускія набожныя песні» (лацінскі шрыфт) (1926); Стэповіч К. «Голас душы» (лацінскі шрыфт) (1926); Хрысьціянскія духоўныя песьні «Божая ліра» (1930); у 1931 г. у Хельсінкі быў выдадзены першы пераклад на сучасную беларускую мову Новага Запавету (пераклалі Антон Луцкевіч і святар-пратэстант Лука Дзекуць-Малей); Паўловіч Сяргей «Свяшчэнная гісторыя Новага Запавету» (Варшава, 1936); у 1939 г. у Вільні выйшла з друку Чатырох’евангелле ў перакладзе ксяндза магістра Вінцэнта Гадлеўскага; у 1973 г. у Нью-Йорку была выдадзена цалкам Біблія ў перакладзе Яна Станкевіча і знаўцы грэчаскай мовы Масея Гітліна; айцец Мікалай (Мацукевіч), першаіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, пераклаў «Напрастольнае сьвятога Евангельле» (Таронта, 1988); «Евангелле паводле Мацьвея й Марка» было выдадзена ў штаце Мічыган, ЗША, у 1998 г. у перакладзе Міхася Міцкевіча, брата Якуба Коласа і інш. На Беларусі, як мы адзначылі, актыўны пераклад царкоўна-рэлігійнай літаратуры распачынаецца ў апошнім дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Прыгадаем наступныя пераклады: Евангеллі ў перакладзе Анатоля Клышкі друкаваліся ў 1989-1990 гг. у часопісе «Спадчына»; «Евангелле паводле Матфея» ў складзе грэка-славяна-руска-беларускай тэтраглоты было перастворана Беларускай Біблійнай камісіяй (Экзархат) на чале з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам (Мінск, 1991); Васіль Сёмуха пераклаў Новы Запавет (Мінск, 1995) і Біблію цалкам (Мінск, 2002); ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі пераклаў Новы Запавет (Мінск, 1999; 2003) і інш.
Пераклад царкоўна-рэлігійнай літаратуры на нацыянальную мову знакавы для кожнага народа, бо сімвалізуе яго духоўнае адраджэнне, і істотны для мовы, бо сведчыць аб існаванні яе ў ролі «асноўнага канала камунікацыі ў грамадстве» [33, с. 270].
Канфесійны стыль найбольш поўна рэалізаваўся ў кнігах Святога Пісьма, якое было і застаецца крыніцай хрысціянскай культуры. Спецыфічнымі асаблівасцямі канфесійнага стылю з’яўляецца абагульненасць, дакладнасць і лагічнасць выкладу. Разнапланавасць рэлігійнай літаратуры асабліва выяўляецца на ўзроўні мовы. Для перакладаў Святога Пісьма характэрна вар’іраванне, што абумоўлена цэлым шэрагам фактараў:
1. аб’ектыўныя фактары:
а) час стварэння і, асабліва калі гэта пачатак мінулага стагоддзя, неўнармаванасць беларускай літаратурнай мовы – пераклады А. Луцкевіча і Л. Дзекуць-Малея, В. Гадлеўскага;
б) недастатковая распрацаванасць «біблейна-літургічнай разнавіднасці высокага стылю» [63, с. 248] у беларускай літаратурнай мове, якая падштурхнула перакладчыкаў да выкарыстання дыялектызмаў (пераклады А. Луцкевіча і Л. Дзекуць-Малея, Я. Станкевіча), запазычанняў (пераклады а. Мікалая (Мацукевіча), М. Міцкевіча), словатворчасці (пераклады А. Клышкі, Я. Станкевіча);
в) выбар перакладчыкам варыянту беларускай мовы: наркамаўкі ці тарашкевіцы, якая дапускае большую магчымасць разыходжанняў (пераклады А. Луцкевіча і Л. Дзекуць-Малея, Я. Станкевіча, а. Мікалая (Мацукевіча), В. Сёмухі, М. Міцкевіча);
2. суб’ектыўныя, індывідуальныя фактары: канфесійная прыналежнасць перакладчыка і таму розныя першакрыніцы – грэчаскі (пераклады А. Луцкевіча і Л. Дзекуць-Малея, Я. Станкевіча, А. Клышкі, Экзархату), лацінскі (пераклады В. Гадлеўскага, У. Чарняўскага) ці царкоўнаславянскі (пераклады В. Сёмухі, М. Міцкевіча) тэкст.
Дата добавления: 2015-12-08; просмотров: 852 | Нарушение авторских прав