Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Раздзел другі. Першыя прыгоды на моры

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ. Сустрэча з дзікунамі | РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ. Рабінзон селіцца ў Бразіліі. — Ён зноў выпраўляецца ў мора. — Карабель яго церпіць крушэнне. | РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ. Рабінзон на бязлюднай выспе. — Ён здабывае рэчы з карабля і будуе сабе жытло. | РАЗДЗЕЛ СЁМЫ. Рабінзон на наваселлі. — Каза і казлянё. | РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ. Каляндар Рабінзона. — Рабінзон уладкоўвае сваё жытло. | РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ. Дзённік Рабінзона. — Землятрус. | РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ. Рабінзон забірае рэчы з карабля. — Хвароба і туга. | РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ. Рабінзон працягвае даследаваць выспу | РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ. Рабінзон вяртаецца ў пячору. — Палявыя работы. | РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ. Рабінзон вырабляе посуд |


Читайте также:
  1. ПАДАРОЖЖА I ПРЫГОДЫ У РУШЧУКУ
  2. ПЫТАННІ да ЗАЛІКУ па раздзелу ПС і Т.
  3. РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ. Рабінзон працягвае даследаваць выспу
  4. РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ. Рабінзон упэўніваецца, што на яго выспе бываюць людаеды
  5. РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ. Каляндар Рабінзона. — Рабінзон уладкоўвае сваё жытло.
  6. РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ. Рабінзон вяртаецца ў пячору. — Палявыя работы.
  7. РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ. Рабінзон робіць намер пакінуць сваю выспу

 

Не паспеў наш карабель выйсці з вусця Хамбера, як з поўначы падзьмуў халодны вецер. Неба пакрылася хмарамі. Пачалася страшэнная гайданка.

Я дагэтуль ніколі яшчэ не быў у моры, і мне зрабілася кепска. У мяне закружылася галава, задрыжалі ногі, мяне пачало ванітаваць, і я ледзь не ўпаў. Кожны раз, як толькі на карабель навальвалася велізарная хваля, мне здавалася, што мы зараз жа апынімся на дне. Кожны раз, калі карабель валіўся з высачэзнай грывы, я ўпэўнены быў: яму ўжо ніколі не падняцца над хвалямі.

Тысячу разоў я прысягаў, што, калі застануся жывы, калі толькі яшчэ нага мая ступіць на цвёрдую зямлю, я зараз жа вярнуся дадому да бацькі і ніколі ўжо за ўсё жыццё не падымуся больш на палубу карабля.

Аднак гэтых разважлівых думак хапіла ў мяне толькі на той час, пакуль бушавала бура.

І вось вецер суняўся, хвалі знемаглі, і мне зрабілася куды лягчэй. Паступова я пачаў прывыкаць да мора. Праўда, я яшчэ не зусім пазбавіўся марской хваробы, але к канцу дня праяснела, вецер зусім сцішыўся, надышоў цудоўны вечар.

Усю ноч я праспаў як забіты. Назаўтра неба было такое ж яснае. Сцішанае мора, над якім не было нават слабога ветрыку, ззяла на сонцы ў такой дзівоснай красе, якой я яшчэ зроду не бачыў. Ад мае марской хваробы не засталося і знаку. Я адразу супакоіўся, і мне зрабілася весела. Са здзіўленнем углядаўся я ў мора, якое яшчэ ўчора здавалася такім жорсткім і пагрозлівым, а сёння было ласкавае і сцішанае.

Тут, як знарок, падыходзіць да мяне мой прыяцель, што спакусіў мяне ехаць разам з ім, ляпае па плечуку і кажа:

— Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?

— Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявіць сабе не мог такой жахлівай буры!

— Буры? Ах ты дзівак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькі на моры: не дзіўна, што напалохаўся... Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы і забудзем пра буру. Зірні, які ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, ці не так?

Каб скараціць гэту сумную частку майго апавядання, скажу толькі, што ўсё пайшло, як звычайна бывае ў маракоў: напіўшыся, я сп'янеў і ўтапіў у віне ўсе свае найлепшыя думкі пра неадкладны зварот дадому. Як толькі настаў штыль і я пакінуў баяцца, што хвалі мяне праглынуць, я тут жа забыў пра свой добры намер.

На шосты дзень мы ўбачылі ўдалечыні горад Ярмут. Вецер пасля буры дзьмуў насустрач, і таму мы вельмі паволі рухаліся наперад. У Ярмуце нам давялося кінуць якар. У чаканні спадарожнага ветру мы прастаялі сем ці восем дзён.

За гэты час сюды прыйшло многа караблёў з Ньюкасла. Мы, аднак, не прастаялі б столькі і зайшлі б у раку разам з прылівам, але вецер усё свяжэў, а дзён праз пяць падзьмуў з усяе сілы.

На нашым караблі якары і якарныя канаты былі моцныя, і нашы матросы былі ўпэўнены, што судну не пагражае ніякая небяспека. І таму па звычаю ўсіх матросаў увесь свой вольны час яны аддавалі вясёлым пацехам і забаўкам.

Але на дзевяты дзень пад раніцу вецер пасвяжэў і хутка разыграўся страшэнны шторм. Нават выпрабаваныя маракі былі напалоханы. Я некалькі разоў чуў, як наш капітан, праходзячы паўз мяне то ў сваю каюту, то з каюты, паўтараў напаўголасу: «Мы загінулі! Мы загінулі! Канец!»

І ўсё роўна ён не губляўся і пільна сачыў за работай матросаў і прымаў усе захады, каб выратаваць свой карабель.

Да гэтага часу я не баяўся, я быў упэўнены, што і гэта бура мінуецца гэтак жа шчасліва, як і першая. Але калі сам капітан сказаў, што ўсім нам прыйшоў канец, я страшэнна спалохаўся і выбег з каюты на палубу. Ніколі ў жыцці не даводзілася бачыць мне такога жахлівага відовішча. На моры, быццам высачэзныя горы, хадзілі велізарныя хвалі, і кожныя тры-чатыры хвіліны на нас абвальвалася такая гара.

Спачатку я нібы здранцвеў ад страху і не мог нават глядзець навокал. Калі ж нарэшце адважыўся зірнуць назад, я зразумеў, якое бедства нас спасцігла.

На двух цяжка гружаных суднах, якія стаялі непадалёку ад нас на якары, матросы валілі мачты, каб караблі хоць крыху вызваліліся ад цяжару.

Нехта крыкнуў у роспачы, што карабель, які стаяў наперадзе за паўмілі ад нас, у гэты самы момант знік пад вадой.

Яшчэ два судны бура сарвала з якара і панесла ў адкрытае мора.

Што чакала іх там? Усе іх мачты былі скрышаны ўраганам.

Невялікія судны трымаліся лепш, аднак некаторыя з іх таксама пацярпелі: два ці тры з іх пранесла паўз нашы барты проста ў адкрытае мора.

Вечарам штурман і боцман прыйшлі да капітана і прапанавалі яму для выратавання судна ссячы фок-мачту*.

* Фок-мачта — пярэдняя мачта.

— Адкладваць нельга ні хвіліны! — сказалі яны. — Загадайце, і мы ссячом яе.

— Пачакаем яшчэ трохі, — запярэчыў капітан. — Магчыма, бура сціхне.

Яму вельмі не хацелася секчы мачту, але боцман пачаў даводзіць, што, калі мачту пакінуць, карабель пойдзе на дно, — і капітан міжволі згадзіўся.

А калі ссеклі фок-мачту, грот-мачта* пачала так моцна хіліцца і разгойдваць судна, што давялося ссекчы і яе.

* Грот-мачта — сярэдняя мачта.

Настала ноч, і раптам адзін з матросаў, які спускаўся ў трум, закрычаў, што судна пацякло. У трум паслалі другога матроса, і ён далажыў, што вада паднялася ўжо на чатыры футы*.

* Фут — ангельская мера даўжыні, каля адной трэці метра.

Тады капітан загадаў:

— Выпампоўвай ваду! Усе да помпаў!

Калі я пачуў гэту каманду, у мяне ад жаху замерла сэрца: мне здалося, што я паміраю, ногі мае аслабелі, і я паваліўся ніцма на койку. Але матросы расштурхалі мяне, патрабуючы, каб я не адлыньваў ад работы.

— Даволі ты біў бібікі, час прыйшоў і папрацаваць!

Нічога не зробіш, я пайшоў да помпы і пачаў старанна выпампоўваць ваду.

У гэты час невялікія грузавыя судны, якія не маглі ўтрымацца супроць ветру, узнялі якары і выйшлі ў адкрытае мора.

Убачыўшы гэта, наш капітан загадаў стрэліць з гарматы, каб папярэдзіць іх, што нас чакае смяротная небяспека. Пачуўшы стрэл гарматы і не разумеючы, у чым справа, я ўявіў сабе, што наша судна разбілася і вось-вось пойдзе на дно. Мне зрабілася так страшна, што я страціў прытомнасць і паваліўся. Аднак у гэты час кожны клапаціўся перш за ўсё пра выратаванне ўласнага жыцця, і на мяне ніхто не звярнуў увагі. Ніхто нават не пацікавіўся, што са мною здарылася. Адзін з матросаў стаў на мае месца да помпы, адсунуўшы мяне нагою. Усе былі ўпэўнены, што я ўжо нежывы. Так я праляжаў вельмі доўга. Ачухаўшыся, я зноў узяўся за работу. Мы працавалі без пярэдыху, а вада ў труме падымалася ўсё вышэй і вышэй.

Было зусім ясна, што судна пойдзе на дно. Праўда, шторм пачаў патроху суцішацца, але ў нас не прадбачылася ніякай магчымасці пратрымацца на вадзе да таго часу, пакуль мы зойдзем у гавань. Таму капітан не пераставаў страляць з гарматы, спадзеючыся, што хто-небудзь выратуе нас ад пагібелі.

Нарэшце адно невялікае судна, што было бліжэй да нас, рызыкнула спусціць шлюпку, каб прыйсці нам на дапамогу. Шлюпка кожную хвіліну магла перакуліцца, але яна ўпарта набліжалася да нас. І ўсё роўна мы не маглі перабрацца ў шлюпку, таму што не было ніякай магчымасці прычаліць яе да нашага карабля, хоць людзі веславалі з усяе сілы, рызыкуючы ўласным жыццём для выратавання нашага. Мы кінулі ім канат. Яны доўга не маглі злавіць яго, таму што бура адносіла яго ўбок. Але, на шчасце, адзін смяльчак пасля неаднаразовых няўдалых спроб нарэшце злаўчыўся і схапіў канат за самы канец. Тады мы падцягнулі шлюпку да нашай кармы і ўсе да аднаго перабраліся на яе. Мы меркавалі даплыць да іх карабля, але не змаглі адолець хваль, якія неслі нас да берага. Выявілася, што толькі ў гэтым напрамку і можна было веславаць.

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як наш карабель пачаў апускацца ў ваду.

Хвалі так кідалі шлюпку, што нам не відно было нават берага. Толькі на нейкае імгненне, калі ўскідвала на грэбень хвалі, мы маглі бачыць, што на беразе сабраўся натоўп людзей. Людзі бегалі туды і сюды, гатовыя кінуцца нам на дапамогу, як толькі мы падыдзем бліжэй. Але мы рухаліся да берага вельмі павольна.

Толькі пад вечар здолелі мы выбрацца на сушу, ды і то з найвялікшымі цяжкасцямі.

У Ярмут ісці нам давялося пешкі. Там нас чакала сардэчная сустрэча: жыхары горада, якія ўжо даведаліся пра наша няшчасце, адвялі нам добрае жытло, пачаставалі выдатным абедам і далі нам грошай, каб мы здолелі дабрацца, куды пажадаем — да Лондана ці да Гуля.

Непадалёку ад Гуля быў Йорк, дзе жылі мае бацькі, і, вядома ж, мне трэба было вярнуцца да іх. Яны даравалі б мне мае самавольныя ўцёкі, і ўсе мы былі б такія шчаслівыя!

Але безразважная мара пра марскія прыгоды не пакідала мяне і зараз. Хоць цвярозы голас розуму казаў мне, што на моры мяне чакаюць новая небяспека і нягоды, я зноў пачаў думаць пра тое, як бы мне трапіць на карабель і аб'ехаць па морах і акіянах увесь свет.

Мой прыяцель (той самы, бацьку якога належала загінуўшае судна) быў цяпер пануры і самотны. Бяда гняла яго.

Ён пазнаёміў мяне са сваім бацькам, — той таксама не пакідаў бедаваць па затанулым караблі. Даведаўшыся ад сына пра маю цягу да марскіх падарожжаў, стары сурова зірнуў на мяне і сказаў:

— Малады чалавек, вам ніколі болей не трэба выходзіць у мора. Я чуў, што вы баязлівец, што вы распешчаны і губляеце галаву нават пры самай нязначнай небяспецы. Такія людзі не варты ў маракі. Хутчэй вяртайцеся дадому і памірыцеся з раднёю. Вы ўжо самі на сабе зазналі, як небяспечна падарожнічаць морам.

Я адчуваў, што ён кажа праўду, і не мог пярэчыць. Але ўсё роўна я не вярнуўся дадому, таму што мне было брыдка паказацца на вочы маім блізкім. Мне здавалася, што ўсе нашы суседзі будуць нада мною кпіць; я быў упэўнены, што мае няўдачы зробяць мяне пасмешышчам для ўсіх сяброў і знаёмых.

З цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзі, асабліва ў маладосці, лічаць непрыстойнымі не тыя свае бессаромныя ўчынкі, за якія завуць іх дурнямі, а тыя добрыя і высакародныя справы, якія робяцца імі ў хвіліны раскаяння, хоць толькі за гэтыя справы і можна зваць іх разумнымі. Такі і я быў у той час. Успаміны пра пакуты, якія я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерліся, і я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыдні, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.

 


Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 67 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. Сям'я Рабінзона. — Уцёкі з бацькоўскага дому.| РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. Рабінзон трапляе ў палон. — Уцёкі.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)