Читайте также:
|
|
Не раз спрабаваў я сплесці сабе кош, але дубцы, якія мне трапляліся, былі такія крохкія, што ў мяне нічога не атрымлівалася.
Дзіцем яшчэ любіў я хадзіць да карзіншчыка, які жыў у нашым горадзе. Я ўважліва назіраў, як ён робіць кашы. І цяпер гэта мне вельмі прыдалося. Усе дзеці назіральныя і любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзіншчыка, я неўзабаве скеміў, як ён пляце свае кашы і карзіны, і, як умеў, хутка пачаў і сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесці не горш за свайго прыяцеля... І вось цяпер у мяне не было толькі адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а ці не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якіх я гарадзіў свой частакол? У іх жа галіны павінны быць гэтакія ж гнуткія, як у нашае лазы ці вярбы. І я вырашыў паспрабаваць.
На другі ж дзень я пайшоў на лецішча, выбраў і зрэзаў некалькі самых тонкіх дубцоў і ўпэўніўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць іх, таму што дрэвы гэтай пароды раслі тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана і схаваў там.
Як толькі пачаліся дажджы, я сеў за працу і пачаў плесці кашы. Яны служылі мне на розныя патрэбы: я насіў імі зямлю, складаў у іх розныя рэчы і г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымліваліся не вельмі каб зграбныя, але яны былі трывалыя і добра апраўдвалі сваё прызначэнне. А мне гэта толькі і трэба было.
З таго часу мне нярэдка даводзілася плесці кашы: старыя ламаліся і зношваліся і патрэбны былі новыя. Я плёў розныя кашы — і вялікія і маленькія, але галоўным чынам назапашваў глыбокія і шчыльныя кашы, каб хаваць збожжа: я хацеў, каб яны служылі мне замест мяхоў. Праўда, цяпер у мяне збожжа было яшчэ мала, але ж я меў намер назапашваць яго на працягу некалькіх год.
Я казаў ужо, што мне вельмі хацелася абысці ўсю выспу і што я некалькі разоў даходзіў да ручая і яшчэ вышэй — да таго месца, дзе я збудаваў будан.
Адтуль лёгка можна было прайсці да супрацьлеглага берага, якога я яшчэ ні разу не бачыў. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, добры запас пораху, шроту і куляў, прыхапіў на ўсякі выпадак два сухары і вялікую гронку разынак і падаўся ў дарогу. За мною, як заўсёды, пабег сабака.
Калі я дайшоў да свайго будана, я не спыніўся і рушыў далей на захад. І раптам, прайшоўшы з паўгадзіны, я ўбачыў перад сабою мора, а ў моры, на маё вялікае здзіўленне, паласу зямлі.
Быў яркі сонечны дзень, я добра бачыў зямлю, але не мог пэўна вызначыць, мацярык гэта ці выспа. Высокае пласкагор'е цягнулася з захаду на поўдзень і знаходзілася ад маёй выспы вельмі далёка — па майму разліку, міляў за сорак, калі не больш.
Я не меў аніякага ўяўлення, што гэта была за зямля. Адно я ведаў пэўна: гэта, безумоўна, частка Паўднёвай Амерыкі, што ляжала, як відаць, непадалёку ад гішпанскіх уладанняў. Зусім магчыма, што там жывуць дзікуны-людаеды і што, калі б я трапіў туды, становішча маё было б куды горшае, чым зараз.
Гэта думка міжволі ўзрадавала мяне.
Значыць, зусім дарэмна праклінаў я свой горкі лёс. Жыццё маё магло б скласціся куды горш. Значыць, я зусім дарэмна мучыў сябе марным шкадаваннем, навошта бура выкінула мяне менавіта сюды, а не ў нейкае іншае месца. Значыць, я павінен радавацца, што жыву тут, на бязлюднай выспе.
Разважаючы такім чынам, я не спяшаўся і паволі ішоў наперад, і пры гэтым на кожным кроку ўсё больш і больш пераконваўся, што гэта частка выспы, дзе я знаходзіўся зараз, была куды больш прывабнай, чым тая, дзе я збудаваў сваё першае жытло. Усюды тут распасціраліся зялёныя квітнеючыя паляны, цудоўныя гаі, звінела спевам птаства.
Я заўважыў, што тут вадзілася мноства папугаяў, і мне захацелася аднаго злавіць: я спадзяваўся прыручыць яго і навучыць гаварыць. Пасля некалькіх няўдалых спроб мне ўсё ж удалося злавіць маладога папугая: я падбіў яму палкаю крыло. Аглушаны маім ударам, ён зваліўся на зямлю. Я падняў яго і прынёс дадому. Пазней мне ўдалося дабіцца, каб ён клікаў мяне маім імем.
Я дайшоў да марскога берага і ўпэўніўся,што лёс закінуў мяне на самую горшую частку выспы.
Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамі, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькі тры. Тут была безліч птушак разнастайных парод. Былі і такія, якіх я ніколі не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмі смачным, хоць я нават не ведаў, як іх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымі лепшымі былі пінгвіны.
Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсіх адносінах і больш прывабны за мой. І ўсё роўна я не меў ніякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцін; тут жа я адчуваў сябе падарожнікам, госцем, тут я адчуваў сябе ніякавата, і мяне цягнула дадому.
Я выйшаў на бераг, павярнуў на ўсход і прайшоў узбярэжжам каля дванаццаці міляў. Тут я ўмацаваў у зямлю высокі шост, каб прыкмеціць месца, таму што ў наступны раз я вырашыў прыйсці сюды з другога боку. І накіраваўся назад. Я хацеў вярнуцца другім шляхам.
«Выспа зусім невялікая, — думаў я, — і заблудзіць на ёй немагчыма. У крайнім выпадку я падымуся на горку, агледжуся і ўбачу, дзе знаходзіцца маё старое жытло».
Аднак я зрабіў вялікую памылку. Адышоўшы ад берага не болей дзвюх-трох міляў, я непрыкметна спусціўся ў шырокую даліну, якую так цесна абступалі пагоркі, парослыя густым лесам, што я ніяк не мог разабраць, дзе я знаходжуся. Я мог бы кіравацца па сонцу, але для гэтага патрэбна было дакладна ведаць, дзе знаходзіцца ў гэты час сонца. Горш за ўсё было тое, што на працягу трох ці чатырох дзён, пакуль я блукаў па даліне, надвор'е стаяла пахмурнае і сонца зусім не паказвалася. У рэшце рэшт мне давялося зноў вярнуцца да берага мора, на тое самае месца, дзе стаяў мой шост.
Адтуль я вярнуўся дадому ранейшай дарогай. Я ішоў не спяшаючыся і часта садзіўся адпачыць, таму што было вельмі горача, а мне давялося несці многа цяжкіх рэчаў — стрэльбу, зарады, сякеру.
Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 87 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ. Рабінзон забірае рэчы з карабля. — Хвароба і туга. | | | РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ. Рабінзон вяртаецца ў пячору. — Палявыя работы. |