|
Вайна змяніла полава-ўзроставую структуру грамадства. Вялікія страты мужчынскага насельніцтва прывялі да значнага гендэрнага дысбалансу. Увесь цяжар і адказнасць за выхаванне дзяцей клаліся на плечы пераважна жанчын, якіх было больш, асабліва ў вёсцы. Паводле дадзеных на 1947 г. сярод працаздольнага насельніцтва вёскі ад 12 да 60 гадоў (такога па вёсцы было 46%) жанчыны ад 16 да 50 гадоў складалі 56%, падлеткі ад 12 да 16 гадоў — 19%, а мужчын ад 16 да 60 гадоў было 25%.
Было шмат няпоўных сем’яў. Нярэдка сем’і распадаліся па прычынах, якія стварала ўлада,— немагчымасць жыць у адным населеным пункце, бо быў патрэбен дазвол на пражыванне аднаго з сужонцаў, кагосьці не пераводзілі на месца працы мужа ці жонкі. Неразведзеныя жанчыны, чые мужы сышлі ў іншую сям’ю, не маглі яшчэ раз выйсці замуж.
Адказнасць мужоў за дваяжэнства, як правіла, была ўмоўнай. Участковы ўпаўнаважаны РА МУС Бягомльскага раёна Глазко, знаходзячыся ў юрыдычным шлюбе і маючы дзіця, выкарыстаў сваё службовае становішча і ўзяў другі шлюб з гр.Васюкевіч, аформіўшы яго рэгістрацыяй, у той час як першы не быў скасаваны. У выніку ён атрымаў толькі дысцыплінарнае спагнанне (10 сутак арышту) за амаральныя паводзіны. Адначасова гэта было і пакараннем за тое, што ён прысвоіў канфіскаваны самагон.
На пазашлюбныя сувязі звярталася мала ўвагі. Як правіла, выкрывалі дваяжэнцаў, якія знаходзіліся на адказных пасадах, бо яны павінны былі быць прыкладам для грамадства. Так, міністр дзяржбяспекі БССР Л.Ф.Цанава звяртаў увагу сакратара ЦК КП(б) М.І.Гусарава на шырокавядомы факт таго, што І.Д.Ветраў, пракурор БССР, меў дзвюх жонак. Але самым істотным момантам было тое, што яго падазравалі ў “сувязі з антысавецкім элементам”.
Нявыплата прысуджаных сродкаў на ўтрыманне дзяцей (аліментаў) цягнула турэмнае зняволенне да двух гадоў. Але адказнасць паводле адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэкса была рэдкай. Неплацельшчыка аліментаў, які мог збегчы за межы рэспублікі, напрыклад, уладкавацца на працу ў межах кампаніі мабілізацыі, не знаходзілі, а адпаведныя ведамствы не імкнуліся вырашыць гэтую праблему.
На плечы жанчын клаўся асноўны клопат па ўтрыманні і захаванні сям’і — яны кармілі і апраналі, займаліся жыллём, наладжвалі адносіны з суседзямі па камуналцы і інш. Але да хатніх гаспадыняў, як правіла, ставіліся як да людзей другога гатунку, фактычна як да “паразітычнага элемента” (катэгорыя г.зв. утрыманцаў) — ім належаў меншы паёк, пры неабходнасці іх прыцягвалі да выканання грамадскай працы. Найчасцей жанчынам прапаноўвалі нізкакваліфікаваную і нізкааплатную працу, а калі ў іх былі малыя дзеці, дык бралі на працу неахвотна, пра што ўскосна сведчыць указ ПВС СССР ад 19 мая 1949 г. “Аб паляпшэнні справы дзяржаўнай дапамогі шматдзетным і адзінокім маці і паляпшэнні ўмоў працы і быту жанчын”, якім было ўстаноўлена, што за адмову ў прыёме на працу маці, якія кормяць грудзьмі, і за зніжэнне ім заработнай платы па гэтых матывах вінаватыя мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці.
Дапамога па доглядзе дзяцей была малой і прызначалася толькі шматдзетным маці, якія мелі чацвёра і больш дзяцей (колькасць такіх павялічылася з 1945 да 1950 г. з 45,9 да 143,1 тысячы чалавек). У 1950 г. у БССР працаваў толькі 641 доктар-педыятр. Па доглядзе дзіцяці даваўся непрацяглы пасляродавы адпачынак (чатыры тыдні), пасля заканчэння якога жанчына павінна была выходзіць на працу, шукаючы, з кім пакінуць дзіця.
Сямейныя праблемы былі, з аднаго боку, прыватнай сферай, але, з другога боку, тыя, хто скардзіўся, часта вызначалі сям’ю як важны інстытут грамадства і дзяржавы. Як правіла, прасілі дапамогі ў дзяржавы жанчыны, якія не маглі даць рады збеглым мужам і хацелі, каб з тых хаця б спагналі аліменты. Нягледзячы на тое, што мужчыны нярэдка збівалі сваіх жонак і дзяцей, на гэта ніхто фактычна не скардзіўся, хаця былі выключэнні. Оперупаўнаважанаму Лепельскага раёна Багданаву за сістэматычныя сямейныя сваркі і збіццё жонкі было пастаўлена на від, а па адміністрацыйнай лініі ён быў пакараны 6 суткамі арышту. Былі скаргі і ад мужчын. Напрыклад, на дырэктара інстытута тэарэтычнай медыцыны АН БССР А.Ю.Баранавіцкага. Той спакусіў жонку Сцепаненкі, які і паскардзіўся ў партбюро АН БССР.
Уладзе на такіх падставах было выгадна ўмешвацца ў асабістае жыццё грамадзян. Праз сям’ю іх было прасцей кантраляваць. Пры гэтым у адносінах да сям’і савецкае заканадаўства было супярэчлівым. Напрыклад, аліменты на пазашлюбных дзяцей не выплочваліся. З прычыны рэпрэсіўнай палітыкі да “ворагаў народа” кулацкімі дзецьмі не хацелі апекавацца. Дапамога шматдзетным маці, мужы якіх былі арыштаваныя як ворагі народа, не выплочвалася. Крокам па абмежаванні свабоды ў фармаванні сям’і ў СССР быў указ “Аб забароне шлюбаў паміж грамадзянамі СССР і замежнікамі”, зацверджаны ў лютым 1947 г.
Маючы патрэбу ў працоўнай сіле з прычыны вялікіх чалавечых стратаў падчас вайны, улады імкнуліся павялічыць прырост насельніцтва. Гэтаму дапамагала прынятая заканадаўчая сістэма — фактычная забарона абортаў, абкладанне падаткамі халасцякоў і маласямейных. Пры гэтым не зважалі на тое, што такія абмежаванні прыводзілі сем’і да галечы ды пагаршалі адносіны. Складанае пасляваеннае становішча — вострая жыллёвая праблема, цяжкая праца, няўстойлівыя сем’і, дэфіцыт самага неабходнага штурхалі жанчын на крымінальныя аборты.
Аборты ў СССР былі забаронены ў 1936 г. Штучнае перапыненне цяжарнасці дапускалася толькі ў выключных выпадках — па медыцынскіх паказаннях; атрымаць дазвол ад улады па іншых меркаваннях было фактычна нерэальна. Правядзенне абортаў па-за лякарнямі ці ў лякарнях, але з парушэннем закону каралася турэмным зняволеннем. Найлягчэйшай была адказнасць саміх цяжарных жанчын: за правядзенне аборту без дазволу выносілася грамадская вымова, а пры паўторным парушэнні закону — штраф да 300 руб. Для таго, каб абараніць бабак-павітух, ахвяры звычайна настойвалі на тым, што яны самі зрабілі аборт. Як вынік — пэўная колькасць пакалечаных жанчын, некаторыя нават паміралі падчас гэтай аперацыі, асабліва калі яна праводзілася некваліфікаванымі асобамі.
Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 102 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Пашпартная сістэма | | | Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў |