Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Актыўны супраціў

Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне | Жыллёвая праблема | Пашпартная сістэма | Сямейныя праблемы | Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў |


Актыўны супраціў улучае ў сябе антысавецкія дзеянні, шматлікія праявы пратэсту, якія адбываліся як у мірных, так і ў гвалтоўных формах: ад чутак, выказванняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. У большасці выпадкаў такія дзеянні разглядаліся як контррэвалюцыйныя і караліся паводле арт. 63—76 Крымінальнага кодэкса БССР. Гэтыя артыкулы давалі магчымасць асудзіць усіх нязгодных з існуючым ладам.

1. Чуткі

Чаканне ліберальных змен (паслабленняў) пасля вайны стала асновай распаўсюджвання чутак, большасць з якіх былі палітычнымі. Чым менш было афіцыйнай інфармацыі адносна нейкай падзеі, тым больш яна абрастала рознымі чуткамі, часам самымі неверагоднымі. Сялян раздражняла пастаяннае выпампоўванне фінансавых сродкаў ды сельскагаспадарчай прадукцыі. У заходніх абласцях існавала ваеннае становішча, якое суправаджалася правядзеннем чэкісцка-вайсковых аперацый, скіраваных супраць антысавецкага падполля. Найбольш распаўсюджанымі ў СССР былі ў той час чуткі пра роспуск калгасаў і пачатак амерыканска-савецкай вайны, а таксама чаканне канца свету. Частка насельніцтва ўспрымала магчымую вайну не як катастрофу, а як выратаванне.

Пры гэтым улады актыўна цікавіліся настроямі людзей. Асаблівая ўвага надавалася незадаволенасці моладзі. І таму некаторыя чуткі ствараліся і распаўсюджваліся самімі ўладамі з мэтай справакаваць ды прааналізаваць рэакцыю насельніцтва. Збор інфармацыі рабіўся рознымі шляхамі: агітатары фіксавалі рэакцыю насельніцтва адносна розных дзяржаўных мерапрыемстваў; рыхтаваліся справаздачы на падставе вытрымак з перлюстраванай спецыяльным аддзелам МДБ карэспандэнцыі (правяралі да 80% лістоў грамадзян).

Людзі, у сваю чаргу, ведалі пра пакаранне за адкрытыя антысавецкія выказванні, таму паводзілі сябе стрымана. Напрыклад, у размовах з агітатарамі насельніцтва ў Мінску задавала такія асцярожныя пытанні: чаму права быць выбраным даецца толькі грамадзянам, якія дасягнулі 23 гадоў? Чаму ў дакладзе Молатава ў канстытуцыі гаворыцца, што праявы антысемітызму караюцца законам, а на практыцы гэтага няма? Ці можна залічыць яўрэяў да славянаў? Ці хутка будзе адменена карткавая сістэма? Ці будуць асвятляцца вуліцы і г.д.

Органы дзяржбяспекі збіралі розныя звесткі і цікавіліся меркаваннямі людзей і праз сваіх агентаў і інфарматараў у арганізацыях. Такім спосабам, напрыклад, былі сабраныя наступныя звесткі, якія кваліфікаваліся як праявы антысаветызму:

23 студзеня 1947 г. жыхар сяла Юнсечы Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. Н.С.Давядзюк сказаў аднавяскоўцам: “Калі будуць выбары, кінуць бы гранату і ўзарваць пакой, дзе галасуюць”.

Рабочы крухмальнага завода Казлоўшчынскага р-на А.І.Юргель заявіў: “Як мне плацяць за работу, так я буду галасаваць”.

Старшына 85 ОБС 55-гадовы С.Д.Іванчанка ў размове пра выбары ў Вярхоўны Савет БССР заявіў: “У нас выбары праходзяць не на дэмакратычных пачатках. Высоўваюць кандыдата, упісваюць яго ў бюлетэнь, а я павінен за яго галасаваць. Пры галасаванні я не маю права дапісваць і выкрэсліваць кандыдатаў, а гавораць, што гэта дэмакратычныя выбары. Вось у капіталістычных краінах, як, напрыклад, у Англіі, там кожны мае права галасаваць так, як ён захоча”.

Намеснік камандзіра па забеспячэнні капітан Л.В.Сакалоў у адказ на скаргі дэмабілізаваных з Узброеных сіл пра кепскае забеспячэнне рэчамі, сказаў: “Чаго вы крыўдзіцеся на мяне, крыўдуйце на таварыша Сталіна і савецкі ўрад” (за што быў выключаны з партыі і арыштаваны).

2. Антысавецкае падполле

Самай радыкальнай формай пратэсту насельніцтва стала ўзброеная індывідуальная ці групавая барацьба. Адзінкавыя выступы былі рэдкімі і звычайна замоўчваліся. Сярод прыкладаў — г.зв. “тэрарыстычны выпад” М.П.Федзія, камандзіра ўзвода 10 танкавай дывізіі, які ў сакавіку 1951 г. прымацаваў замест мішэні для прыстрэлкі партрэт І.В.Сталіна.

Спробы актыўнага антысавецкага супраціву былі, акрамя ўсяго іншага, звязаныя і з чаканнем вайны СССР з саюзнікамі ў час Другой сусветнай вайны. Гэтыя спадзяванні падтрымліваліся чуткамі і антысавецкім падполлем на працягу ўсяго разгляданага перыяду. Далёка не ўсе, нават арганізаваныя, дзеянні можна было звязаць з нацыянальным супрацівам, у першую чаргу гэта былі пратэсты супраць парушэння інтарэсаў і правоў беларускага насельніцтва. Напрыклад, 15 мая 1947 г. камісія Высакоўскага райвыканкама на чале са старшынём райвыканкама Расляковым у в.Вялічкавічы склікала сход жыхароў у сувязі з пытаннем адсялення, на які прыйшлі адны жанчыны. Спадарыня А.Шаўчук, дачка рэпрэсаванага, заявіла, што было б лепш, каб іх расстралялі ці забілі, але пераязджаць яны нікуды не будуць. Жанчыны падтрымалі яе, і сход быў сарваны. На наступны сход прыйшлі ўсе гаспадары дамоў, якія пагадзіліся перасяляцца. Але потым усе жыхары сышлі з вёскі (частка з іх схавалася ў лесе). 17 мая 1947 г. прыбыў атрад на чале з Расляковым (30 чалавек), каб дапамагчы перасяленню, але жанчыны з палкамі (больш за 100 чалавек) не пусцілі іх у вёску. І толькі пасля таго, як былі арыштаваныя тры самыя актыўныя жанчыны, працэс перасялення быў распачаты.

Надзея на змены да лепшага ці, у некаторых драматычных выпадках, безвыходнасць былі асноўнымі псіхалагічнымі фактарамі, якія штурхалі людзей да розных формаў актыўнага супраціву. Напрыклад, ведаючы пра тое, што яны будуць арыштаваныя, некаторыя былыя сябры калабаранцкіх арганізацый змагаліся ў пасляваенны перыяд супраць Саветаў. І не ўсе тыя, хто быў змушаны абставінамі знаходзіцца на нелегальным становішчы, далучаліся да атрадаў супраціўлення. Многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у іншых вёсках і гарадах. У той жа час на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі атрады, якія змагаліся супраць камунізму ці то з ідэйных меркаванняў, ці то на знак супраціву рэпрэсіўнай палітыцы савецкай улады. Дзейнічалі і нацыянальныя падпольныя фармаванні, як беларускія, так і польскія і ўкраінскія. Былі атрады, якія змагаліся з савецкімі ўладамі, перамяшчаючыся з тэрыторыі суседніх савецкіх рэспублік.

Супрацьстаянне антысавецкага падполля і ўладаў прыводзіла да таго, што многія мясцовыя жыхары рабіліся нявольнымі закладнікамі сітуацыі, бо знаходзіліся пад пагрозай фізічнай расправы як з боку органаў бяспекі, так і антысавецкага падполля. Напрыклад, перад святам Перамогі ўвечары 8 мая 1947 г. узброены атрад выразаў 250 м. тэлефонных дратоў паміж Алтушскім сельскім саветам і Маларытай, а паміж Збуражскім сельскім саветам і райцэнтрам — 170 м. У калгасе “Перамога”, спалілі жывёлу разам з пуняй, не дазваляючы яго патушыць. Ні калгаснікі, ні сяляне не насмеліліся данесці пра здарэнне ў раённы аддзел МДБ—МУС ў той самы дзень.

Не спыняючыся падрабязна на тэме нацыянальна арыентаванага антысавецкага падполля, якое асвятляецца ў іншых лекцыях, варта адзначыць адно (выключэнне складае дзейнасць моладзевых арганізацый) характэрныя для іх этапы:

1. У другой палове 1944—1946 г. выявілася актыўнасць беларускага падполля ў правядзенні адкрытых акцый супраць савецкай улады. Пры гэтым сярод значнай колькасці насельніцтва панавалі спадзяванні на тое, што дзяржаўны лад будзе зменены. У выніку шырокамаштабных чэкісцка-вайсковых аперацый адкрыты супраціў быў задушаны.

2. У 1947—1952 гг. ва ўмовах строгай канспірацыі існавалі раздробленыя структуры антысавецкага падполля, але савецкія карныя органы іх метадычна знішчалі.

Высновы

Дзяржава вызначала шляхі існавання грамадства, накінуўшы на сваіх грамадзянаў вялікую колькасць інструкцый, правіл і законаў. Пэўная частка насельніцтва шчыра верыла партыі і савецкаму кіраўніцтву і выконвала іх патрабаванні. У той жа час пераважная колькасць людзей абрала стратэгію прыстасавання. Характэрнымі, праўда, былі і такія паводзіны, калі чалавек толькі рабіў выгляд, што выконвае ўказанні цэнтральных і мясцовых органаў улады, але імкнуўся дзейнічаць, зыходзячы з пазіцыі ўласных патрэб і магчымасцяў. Стратэгіі супрацьдзеяння, якія выбіралі жыхары БССР, вар’яваліся ад пасіўнай, негвалтоўнай, да актыўнай, тэрарыстычнай формы. Пераважала пасіўная форма.

Распаўсюджаным відам стасункаў чалавека і дзяржавы было напісанне хадайніцтваў, скаргаў, даносаў. Прыкладамі пасіўнага супраціву былі апатычная праца, пазбяганне партыйных актывістаў, уцёкі з сельскай мясцовасці і інш.

Да катэгорыі актыўнага супраціву можна аднесці пратэсты, якія выяўляліся ў мірных і гвалтоўных формах — ад чутак, выказванняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. Самай радыкальнай формай стала ўзброеная індывідуальная ці групавая барацьба, асабліва характэрная для тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе антысавецкі рух быў выкліканы новым усталяваннем савецкай улады (“Другія Саветы”). Разнароднае па сваім складзе антысавецкае падполле з’явілася крайняй формай пратэсту насельніцтва супраць Саветаў. Яго існаванне падтрымлівалі неабгрунтаваныя рэпрэсіі савецкай улады. У выніку шырокамаштабных чэкісцка-вайсковых аперацый гэты супраціў быў задушаны. Узброеная барацьба ў пачатку 1950-х гг. здавалася большасці ўжо бессэнсоўнай, таму асноўнай стратэгіяй жыцця зрабілася прыстасаванне.


Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 78 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Хадайніцтвы, скаргі, даносы| Голад 1946—1947 гг.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)