Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне

Актыўны супраціў | Голад 1946—1947 гг. | Жыллёвая праблема | Пашпартная сістэма | Сямейныя праблемы | Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў |


Як я ўжо адзначала вышэй, страх быў на той час галоўным псіхалагічным фактарам, які ўплываў на паводзіны чалавека ў самых розных жыццёвых сітуацыях. А.Тулееў і Ю.Сыравецкі вызначылі чатыры асноўныя формы залежнасці чалавека ад дзяржавы, звязаныя з адчуваннем страху:

— сілавую залежнасць — страх перад фізічным і адміністратыўна-прававым прымусам;

— матэрыяльную — страх перад магчымасцю пазбаўлення ці неатрымання тых ці іншых матэрыяльных умоў жыцця, сродкаў існавання;

— інфармацыйную — страх перад невядомасцю і немагчымасцю атрымаць неабходную інфармацыю;

— афектыўную (эмацыйна-адчувальную) — страх перад верагоднасцю пазбавіцца ці не атрымаць станоўчыя эмоцыі і перажыванні.

Гэтыя віды залежнасці акурат і характарызавалі спосабы уздзеяння ўлады на людзей ды ўплывалі на выбар імі жыццёвых стратэгій у той час.

Значная колькасць людзей, вядома, выбірала актыўнае прыстасаванне, што асабліва характэрна для Усходняй Беларусі, якая ўжо працяглы час знаходзілася ў СССР. Рэпрэсіі 1930-х гг. прадэманстравалі яе жыхарам, што паказальная актыўнасць дапамагае выжыць, а супраціўленне жорстка караецца. Страх рэпрэсій ды афцыйная прапаганда паступова фармавалі скажонае ўспрыманне рэчаіснасці ў большасьці насельніцтва, якое пачынала ідэалізаваць савецкую ўладу, а рэпрэсіўную палітыку ўспрымала як адназначна правільную.

Факты супраціўлення замоўчваліся ці падаваліся ў змененай ідэалогіяй форме.

Вывучаючы паводзіны сялян, Ш.Фіцпатрык вылучала тры тыпы актыўных прыстасавальнікаў да існуючай улады: “традыцыяналістаў” (якія хацелі, каб усё засталося па-старому і ім далі магчымасьць працягваць працаваць ды, хоць і паводле савецкага мінімуму, але забяспечваць сябе і сваю сям’ю), “прадпрымальнікаў” (якія хацелі не толькі забяспечваць сябе, але і атрымліваць прыбытак) і “дзяржаўных утрыманцаў” (якія хацелі, каб дзяржава давала ім усе магчымыя ільготы). Такі падзел існаваў і адносна іншых груп, прычым пры правядзенні савецкай унутранай палітыкі захоўвалася хутчэй тэндэнцыя ўмацавання статусу дзвюх апошніх.

Асноўным шляхам актыўнага прыстасавання было імкненне займаць кіруючыя пасады ў партыі і адміністрацыі, быць актывістам. Гэта давала эканамічныя і ўладныя перавагі. Чалавек, які абіраў такі тып паводзін, мусіў, праўда, улічваць і некаторыя негатыўныя моманты, напрыклад, пагрозу для жыцця. Бо асабліва ў першыя пасляваенныя гады ў БССР, пераважна ў заходніх абласцях, былі распаўсюджаны тэракты супраць савецкіх службовых асоб; існавала рызыка прыцягнення да адказнасці за невыкананне планавых паказчыкаў. Дзейнасць прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, у сваю чаргу, знаходзілася пад моцным ўплывам настрояў і чаканняў насельніцтва. Яны не маглі не ўлічваць указанні вышэйшых структур і ў той жа час павінны былі шукаць падтрымку мясцовага насельніцтва, каб стабілізаваць сітуацыю ды ўмацаваць уладу ў спецыфічных умовах заходняй БССР.

Найбольш шырокім было, канечне, пасіўнае прыстасаванне. Людзі абіралі гэты шлях нават тады, калі не пагаджаліся з савецкім ладам. Асноўнымі прычынамі такога падпарадкавання былі асабісты інтарэс, абыякавасць, да таго, што адбываецца наўкола, але ў першую чаргу страх перад магчымымі рэпресіямі і пакараннем. Асаблівасць пасіўнага прыстасавання заключалася ў тым, што сяляне, напрыклад, на афіцыйных сходах маглі станоўча выказвацца пра калгасны лад, але на справе ў прыватных размовах лаялі калгасы.

Найбольш моцны ўплыў страх аказваў на жанчын, якія баяліся за лёс сваіх дзяцей. У той жа час жанчыны, каб аберагчы сваіх мужоў, маглі вальней (з таго, што ім нібыта даравальна) выказваць свае погляды ды нязгоду з вырашэннем тых ці іншых побытавых праблем. Напрыклад, пры арганізацыі перасялення з памежнай 800-метровай паласы ў некаторых вёсках арганізаваныя групы жанчын зрывалі сходы. У в.Орля Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. 16 мая 1947 г. быў скліканы агульны сход жыхароў, на які прыйшлі адны жанчыны. Выслухаўшы прадстаўніка райвыканкама, яны ўзнялі шум, і сход быў сарваны. Калі на другі дзень у гэтую вёску прыбыла камісія, яна была сустрэта натоўпам жанчын, якія, укленчыўшы, прасілі іх не перасяляць.

Характэрнай стратэгіяй прыстасавання робіцца адмаўленне ад мінулага, хаванне розных сумнеўных з гледзішча ўлады біяграфічных звестак, бо за іх выключалі з ВНУ, звальнялі з працы, маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, а тых кіраўнікоў, якія падтрымлівалі такіх асоб, чакалі рэпрэсіі. Тыя, хто баяўся быць выкрытым, уцякалі на працу ў іншыя мясцовасці, у горад, дзе пасля рабілі новыя дакументы. Даносы сталі эфектыўнай формай барацьбы ўлад з гэтай з’явай. Пры гэтым, хаця і заахвочвалася адмаўленне ад мінулага ды публічнае пакаянне, напрыклад, святароў, гэта не перашкаджала ўладам адмаўляць ім у прыёме на працу. Такім чынам, кляймо кепскага палітычнага мінулага сфармавала вялікую катэгорыю людзей, якіх пазбаўлялі самых розных правоў.

А падставаў стаць ворагам было мноства (дастаткова было быць яўрэем, заможным селянінам, знаходзіцца падчас вайны на акупаванай тэрыторыі і г.д.). Пастаянная падазронасць да сваіх грамадзянаў з боку розных органаў мела на мэце выявіць іх нелаяльнасць. І калі партыйная арганізацыя ці адпаведныя органы абвяшчалі нейкага чалавека палітычна ненадзейным, то ён, як правіла, заставаўся па-за грамадствам, без працы і сродкаў для існавання; астатнія трымаліся ад яго на адлегласці. Такім чынам, рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР навязвалі як стыль паводзін канфармізм, фактычна “жыццё ў масцы”, уцёкі ад рэчаіснасці ды цалкам ірацыянальную веру ў камуністычныя ідэалы і т.зв. светлую будучыню.


Дата добавления: 2015-10-24; просмотров: 92 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Основные показатели использования основных фондов| Хадайніцтвы, скаргі, даносы

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)