Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Спробы рэформ і другі падзел Рэчы Паспалітай

Читайте также:
  1. Аграрная рэформа і развіццё сельскай гаспадаркі. Увядзенне земстваў
  2. Білоруські землі у другій половині XVІ – XVIII ст.
  3. ВОПРОС№56 : Грамадска-палитычнае жыцце у БССР ва умовах “адлиги”. Спробы рэфармиравання эканомики у 1950-1960г
  4. Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай
  5. Динаміка і структурні зміни світового господарства у другій половині ХХ ст.
  6. Еволюція інституціоналізму у другій половині ХХ ст. – на початку ХХІ ст.
  7. Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел

Пасля першага падзелу Рэч Паспалітая яшчэ не перастала існаваць як самастойная дзяржава; ішла зацятая барацьба паміж стаўленікамі Расіі, якіх падтрымліваў рускі пасол, і патрыётамі.

Вялікую ролю ў палітычным жыцці краіны адыграў Чытырохгадовы сойм, які пачаў дзейнічаць у 1788 г. Спачатку дэпутатамі сойма былі абраны 177 чалавек, 69 з іх былі прыхільнікамі рэфармавання дзяржавы і належалі да буржуазна-шляхецкага блока. Гэты сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй, што дазваляла прымаць рашэнні простай большасцю галасоў і пазбаўляла моцы права "ліберум вета" (1790). Напярэдадні заканчэння паўнамоцтваў дэпутатаў, сойм прыняў пастанову аб падоўжанні сваёй работы яшчэ на два гады і правядзенні дадатковых выбараў. У выніку колькасць дэпутатаў сойма падвоілася. З 359 дэпутатаў Чатырохгадовага сойма 181 былі прадстаўнікамі прагрэсіўнай партыі.

У студзені 1791 г. сойм прыняў новыя "Кардынальныя правы". Згодна з імі абвяшчалася пануючае становішча каталіцкай царквы, непарушнасць саюза Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабода слова і друку. Рашэннямі сойма таксама была павялічана армія, прыняты новыя прынцыпы яе камплектавання. У сакавіку 1791 г. сойм прыняў закон аб сойміках, згодна з якім беззямельная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Гэтым у аснову выбарчай сістэмы клаўся не саслоўны, а маёмасны прынцып. Згодна з законам аб гарадах, прынятым 21 красавіка 1791 г., за мяшчанамі было прызнана права асабістай недатыкальнасці, набыцця зямельных маёнткаў, ім дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, быць абранымі на сойм з правам дарадчага голасу, абіраць органы самакіравання і інш. Акрамя таго, на кожным сойме 30 мяшчан, якія мелі нерухомую маёмасць у гарадах, маглі аб'яўляцца шляхтай, шляхецтва атрымлівалі таксама мяшчане, якія даслужыліся ў арміі да звання штабс-капітана.

Своеасаблівым вынікам рэформаў і найвышэйшым дасягненнем патрыятычнай партыі на чале са Станіславам Аўгустам стаў Закон аб урадзе 1791 г., які ў гістарычнай літаратуры атрымаў назву "Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 мая". Канстытуцыя 3 мая была другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) дзяржаўным дакументам, які рэгуляваў арганізацыю дзяржаўнай улады, а таксама правы і абавязкі грамадзян, пад якімі разумеліся ўсе жыхары краіны.

Рэч Паспалітая пераўтваралася ў канстытуцыйную манархію. Улада караля абвяшчалася спадчынай, яна абмяжоўвалася соймам. Дзяржаўнай рэлігіяй абвяшчаўся каталіцызм. Для іншых канфесій гарантавалася свабода выканання рэлігійных абрадаў. Шляхта разглядалася ў якасці прывілеяванага саслоўя, але яна пазбаўлялася найвышэйшай і апошняй улады над прыгоннымі сялянамі. Канстытуцыя дэкларавала, што сяляне пераходзяць "пад апеку права і ўлады дзяржаўнай". У новым законе абвяшчаўся падзел улады ў дзяржаве на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Канстытуцыя зрабіла рашучы крок па шляху зліцця Рэчы Паспалітай у адзіную краіну: былі ліквідаваны асобныя для Літвы і Польшчы цэнтральныя органы ўлады і сфарміраваны адзіны кабінет міністраў і іншыя дзяржаўныя ўстановы, у якіх прадстаўнікам Вялікага княства Літоўскага аддавалася палова пасад.

У сваёй аснове Канстытуцыя 3 мая мела, бясспрэчна, прагрэсіўны характар і адкрывала шлях да стварэння дэмакратычных асноў улады. Аднак нельга не адзначыць і некаторую яе абмежаванасць: па-ранейшаму заставаліся саслоўны характар грамадства і прывілеі шляхты. Для жыхароў Вялікага княства Літоўскага далейшае зліццё дзвюх частак Рэчы Паспалітай значыла працяг паланізацыі і пагрозу канчатковай страты сваёй дзяржаўнасці.

Канстытуцыя 3 мая выклікала незадавальненне старашляхецкай партыі, якую падтрымлівалі Прусія і Расія. 27 красавіка 1792 г. прадстаўнікі кансерватыўнай апазіцыі падпісалі акт канфедэрацыі, які перакрэсліваў пастановы Канстытуцыі 3 мая і вяртаўся да Кардынальных правоў 1768 г. Гэты акт быў абвешчаны 14 мая ў пагранічным мястэчку Таргавіца ва Украіне, пасля чаго канфедэраты звярнуліся да Расіі за ваеннай дапамогай. Кацярына ІІ накіравала ў Рэч Паспалітую 100- тысячную армію, што з'яўлялася адкрытай агрэсіяй супраць законнага ўрада краіны. Частка войскаў рушыла ў Польшчу, другая - у Літву. Армія Рэчы Паспалітай у гэты час налічвала каля 57 тыс. чалавек, была дрэнна ўзброена, не быў укамплектаваны афіцэрскі корпус. Літоўскае войска ўзначальваў Людвіг Вюртэнбергскі. Менавіта апошні ў час ваенных дзеянняў здрадзіў і перайшоў на бок Расіі, што значна паўплывала на вынік ваеннай кампаніі. Адна з рашаючых бітваў адбылася ля вёскі Дубенкі на Заходнім Бугу. Каралеўскімі войскамі тут камандаваў Тадэвуш Касцюшка, які меў каля 5 тыс. салдат і афіцэраў, але стрымаў націск 20-тысячнай арміі і гэтым забяспечыў адыход галоўных сіл на падрыхтаваныя пазіцыі.

У гэты час знешнепалітычныя абставіны спрыялі Рэчы Паспалітай: Аўстрыя і Прусія былі ўцягнуты ў вайну з буржуазнай Францыяй і не маглі дапамагчы Расійскай дзяржаве. Рэч Паспалітая, такім чынам, мела шанцы працягваць барацьбу за незалежнасць. Аднак Станіслаў Аўгуст вырашыў пайсці на кампраміс і адгукнуўся на ультыматум Кацярыны ІІ. Ён перапыніў ваенныя дзеянні і пачаў перамовы з канфедэратамі ў Таргавіцах. Станіслаў Аўгуст практычна аддаў уладу ў Рэчы Паспалітай у рукі таргавіцкіх канфедэратаў і Кацярыны ІІ, перакрэсліў тым самым пачатыя рэформы і прынятую Канстытуцыю.

Урад Расійскай імперыі ў канцы 1792 - пачатку 1793 гг. пачаў перамовы з Прусіяй і Аўстрыяй аб новым падзеле Рэчы Паспалітай. Прусія, якая не прымала ўдзелу ў баях, імкнулася ўсё ж узнагародзіць сябе матэрыяльна за кошт Польшчы ўзамен за страты, якія яна панесла падчас змагання ў складзе антыфранцузскай кааліцыі. Аўстрыя дамагалася перадачы ёй у будучым Баварыі, таму адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзій да Рэчы Паспалітай. У гэтых умовах быў праведзены другі падзел Рэчы Паспалітай. 23 студзеня 1793 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя паміж Прусіяй і Расіяй, згодна з якой да Прусіі адышлі Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск і Торунь. Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі да лініі Друя - Пінск, а таксама Заходнюю Украіну і Падолію - усяго 280 тыс. кв. км. з 3 млн. жыхароў.

17 чэрвеня 1793 г. у Новым замку ў Гродна сабраўся сойм Рэчы Паспалітай, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай "маўклівага" ці "нямога", сойм зацвердзіў другі падзел.

Варта зазначыць, што сваёй гібеллю Рэч Паспалітая выратавала рэвалюцыйную Францыю, бо адцягнула на сябе сілы реакцыйных дзяржаў Еўропы. Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай

У 1794 годзе адбылося вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Літве і на Беларусі. Яно з'явілася непасрэдным адказам перадавой часткі грамадства на інтэрвенцыю Расіі і Прусіі. Аднак прычыны паўстання больш шырокія. Гэта - і ўздзеянне Французскай рэвалюцыі канца ХVIII ст., і барацьба з феадальнымі парадкамі, супраць рэакцыйнага магнацтва, што захапіла ўладу ў Рэчы Паспалітай у выніку Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 г. Гэта і імкненне да больш справядлівага грамадства на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і рэформ, пачатых чатырохгадовым сеймам 1788-1792 гг. Значыць, узброенае выступленне з'явілася не выпадковасцю, а заканамерным вынікам ваенна-палітычных і сацыяльных абставін.

Актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы прынялі вядомыя палітычныя і культурныя дзеячы, вайскоўцы, навукоўцы, святары і прадстаўнікі іншых прафесій і сацыяльных груп. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай існавалі тайныя патрыятычныя арганізацыі, таварыствы, саюзы.

За мяжой кіраўнікі эміграцыі шукалі падтрымкі з боку заходнееўрапейскіх краін, у першую чаргу ў Францыі. Т. Касцюшка вёў перагаворы з міністрам замежных спраў гэтай краіны і перадаў яму мемарандум, у якім абвяшчаліся задачы будучага паўстання. Але ён дарэмна шукаў падтрымкі ў Францыі, яна дзейсна не дапамагла, не захацела рызыкаваць сваімі сіламі.

Паўстанне пачалося на поўдні Польшчы 24 сакавіка 1794 г., калі ў Кракаве быў аб'яўлены "Акт паўстання". У першы ж день паўстання яго кіраўнік Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка быў абвешчаны найвышэйшым і адзіным начальнікам узброеных сілаў. Канчатковае вызначэнне дзяржаўнага і грамадскага ладу Акт паўстання адносіў да часу заканчэння рэвалюцыйнай вайны. У той жа дзень паўстанне распаўсюдзілася на Кракаўскае, а затым на іншыя ваяводствы Польшчы. 4 красавіка пад Рацлавіцамі паўстанцы разбілі царскія войскі. 18 красавіка была вызвалена Варшава.

Паўстанне перакінулася на Заходнюю Беларусь і ў Літву. 16 красавіка ў Шаўлях да яго далучылася літоўскае войска. У ноч на 23 красавіка адбылося паўстанне ў Вільні. Яно было ажыццёўлена дзеячамі левага крыла вызваленчага руху. Паўстанцам удалося разбіць атрад царскіх войскаў у 3 тыс. чалавек, захапіць арсенал, узяць у палон начальніка гарнізона і каля 100 расійскіх салдат. Узнік орган кіраўніцтва паўстаннем - Найвышэйшая нацыянальная рада Вялікага княства Літоўскага. Гэта было зроблена па ўзору створанай у Польшчы Найвышэйшай нацыянальняй рады. У той жа дзень у Вільні быў створаны рэвалюцыйны крымінальны суд, які разгледзеў справу "таргавічаніна" Шымона Касакоўскага і прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. 24 красавіка Літоўская рада выпусціла маніфест аб далучэнні да польскага паўстання. З мая па жнівень 1794 г. у Вільні двойчы на тыдзень выходзіла "Віленская нацыянальная газета", рэдагаваная ксяндзом-піярам Піліпам Галанскім. Газета з'яўлялася органам Найвышэйшай Літоўскай Рады. Яе пазіцыі ў некаторых пытаннях вызначаліся значнай радыкальнасцю.

Лозунг паўстання на Беларусі і Літве адрозніваўся ад польскага, хаця і той, і другі грунтаваліся на лозунгах Французскай рэвалюцыі. Калі на польскіх землях лозунг утрымліваў такія патрабаванні, як "Воля, цэласць, незалежнасць", то ў Заходняй Беларусі і Літве ён гучаў як "Воля, роўнасць, незалежнасць". Як бачым, адрозненне заключалася ў мэтах паўстання. Калі польскі лозунг заклікаў да аднаўлення цэласнасці Рэчы Паспалітай, то ў другім выпадку галоўнае - роўнасць грамадзянская, сацыяльная, а таксама роўнасць насельніцтва беларускіх і літоўскіх зямель сярод іншых народаў.

Т. Касцюшка

Тэдэвуш Касцюшка нарадзіўся 30 лістапада 1745 г. у маёнтку Сяхновічы, каля Брэста, у сям'і шляхціча. Т. Касцюшка ўсведамляў, што ён літвін (так тады называлі беларусаў), і неаднойчы аб гэтым сведчыў. Скончыў Варшаўскі кадэцкі корпус, атрымаў званне харунжага. У 1769 г. выехаў у Францыю, дзе вучыўся ў парыжскіх акадэміях - вайсковай, а таксама жывапісу і культуры. На працягу сямі гадоў Т. Касцюшка ў Паўночнай Амерыцы змагаўся за незалежнасць гэтай краіны. За ваенныя заслугі ён узнагароджаны ордэнам Цынцынаці - вышэйшай узнагародай ЗША, а кангрэс ЗША ў 1783 г. надаў яму званне брыгаднага генерала.

На радзіме Т. Касцюшка ў 1792 г. паспяхова ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць войскаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Быў узнагароджаны ордэнам "Вір-туці Мілітары" і атрымаў званне генерал-лейтэната. 30 ліпеня 1792 года ў знак пратэсту супраць пазіцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Касцюшка падаў у адстаўку і выехаў за мяжу. 26 жніўня таго ж года Канстытуцыйны сход Францыі надаў яму годнасць ганаровага грамадзяніна гэтай краіны.

Т. Касцюшка імкнуўся пашырыць сацыяльную базу паўстання. Шырока вядомы яго выраз: "Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццём". 7 мая 1794 г. Т. Касцюшка выдаў "Паланецкі універсал", у якім заяўляў аб апецы ўрада над сялянамі. Дакумент абвяшчаў іх асабіста вольнымі, але калі заплацяць падаткі пану і дзяржаве. Рабіліся захады, каб прыцягнуць да паўстання прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій, у тым ліку праваслаўнай і уніяцкай.

Непасрэдным кіраўніком паўстання ў Заходняй Беларусі і Літве быў палкоўнік, затым генерал Якуб Ясінскі, які вызначаўся больш радыкальным поглядам на развіццё паўстання. Паўстанцам спадарожнічаў поспех у бітве пад вёскай Паляны, што ў Ашмянскім павеце, якая адбылася 7 мая 1794 г. Характэрнай рысай паўстання на Беларусі было выкарыстанне дыверсійных, партызанскіх форм барацьбы. Яны дапамагалі распаўсюджваць паўстанцкі рух. Гэтай жа мэце садзейнічалі рэйды паўстанцкіх атрадаў у цэнтральныя раёны Беларусі.

Аднак пасля паспяховых ваенных дзеянняў у пачатку паўстання з лета 1794 г. пачаўся яго спад. Расійскія войскі пачыналі цясніць паўстанцаў з усходу. 12 жніўня яны занялі Вільню. І ўсё ж галоўную ролю ў разгроме паўстання адыграў перакінуты з поўдня пасля прымірэння з Турцыяй корпус пад камандаваннем А. Суворава. 17 верасня пад Крупчыцамі, што ля Кобрына, ён нанёс паражэнне паўстанцкім войскам, якія ўзначальваў К. Серакоўскі. З абодвух бакоў у бітве ўдзельнічала каля 20 тысяч чалавек, у тым ліку амаль што 2 тысячы беларускіх сялян-касінераў. Маласпрактыкаваныя ў ваеннай справе, яны панеслі асабліва вялікія страты.

У рашаючай бітве каля Мацяёвіцаў (у 60 км ад Варшавы) 10 кастрычніка 1794 г. войскі пад камандаваннем Т. Касцюшкі былі разбіты рускімі войскамі. Т. Касцюшка быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. 4 лістапада А. Сувораў штурмаваў прадмесце Варшавы - Прагу, загінула каля 20 тыс. абаронцаў, у тым ліку і трыццацігадовы легендарны Якуб Ясінскі. 1,5 тыс. было ўзята ў палон. Т. Касцюшка быў вызвалены з турмы ў канцы 1796 г. імператарам Паўлам І і атрымаў дазвол выехаць за мяжу. Ён памёр у 1817 г. у Швейцарыі.

Пры пэўнай непаслядоўнасці дзеянняў, супярэчлівасці, абмежаванасці поглядаў некаторых яго дзеячаў, недахопаў прынятых імі дакументаў, паўстанне было прагрэсіўным і мужным актам. Фактычна паўстанцы супрацьстаялі правячым рэжымам трох дзяржаў - Расіі, Прусіі, Аўстрыі. Еўрапейскі кантэкст і вялікае значэнне паўстання відавочныя. Услед за Французскай рэвалюцыяй гэта быў новы рэвалюцыйны ачаг у Еўропе.

Распаўсюджванне паўстання на беларускіх землях было значным. Як ацэньваюць даследчыкі, з агульнай колькасці паўстанцаў у 150 тысяч чалавек ад 30 да 40 тысяч з'яўляліся прадстаўнікамі нашага краю. Шмат было сялян-касінераў. Большасць з іх загінулі ў бітвах з рэгулярным войскам Расійскай імперыі. Усё гэта робіць яго буйной сацыяльнай і ваенна-палітычнай з'явай у гісторыі.

Паражэнне паўстання прыдвызначыла ліквідацыю Рэчы Паспалітай як самастойнай дзяржавы. Перамовы аб яе трэцім падзеле пачаліся летам 1794 г. Прэтэнзіі на памер тэрыторыі, якую мелі намер атрымаць дзяржавы-захопніцы ў выніку падзелу, не былі прапарцыянальнымі іх ролі ў ваенных дзеяннях супраць паўстанцкіх войскаў. Аўстрыя, якая адвяла сваю армію пасля беспаспяховай першай аблогі Варшавы, імкнулася атрымаць такі вялікі кавалак польскай тэрыторыі, што гэта амаль не прывяло да сутычкі яе з Прусіяй. Арбітрам у гэтай справе выступіла Расія, якая стала на бок Аўстрыі. Пасля доўгіх спрэчак 24 кастрычніка 1795 г. былі ўсталяваны межы падзелаў. Прусія атрымала Мазовію і частку тэрыторыі Літвы да Нёмана, Аўстрыя атрымала тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Польшчы з гарадамі Кракавам, Сандамірам, Люблінам і Холмам. Расіі адышла Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, частка Валыні.

25 лістапада 1795 г. апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пад прымусам падпісаў у Гродне акт адрачэння ад прастола. Такім чынам, Рэч Паспалітая, якая існавала больш за 200 гадоў, знікла з карты Еўропы. У XVIII ст. некалькі краін напаткаў лёс Рэчы Паспалітай. Але толькі яна была падзелена такім чынам, што этнічна адна-стайныя часткі (Польшча, Украіна) былі разарваны паміж рознымі дзяржавамі.

 


Дата добавления: 2015-10-16; просмотров: 218 | Нарушение авторских прав


Читайте в этой же книге: Люблiнская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай | Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай | Сацыяльна-эканамічнае развіццё | Супрацьдзеянне Рэчы Паспалітай татарскай, шведскай і турэцкай агрэсіі | Канфрантацыя Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай | Вынікі Паўночнай вайны для беларусаў |
<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел| Люблінская ўнія. Адукацыя Рэчы Паспалітай

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)