Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Аграрная рэформа і развіццё сельскай гаспадаркі. Увядзенне земстваў

Читайте также:
  1. ВОПРОС№35: Соц-эк состояние бел губерний в 1900-1914гг.Столыпинская аграрная реформа.
  2. ВОПРОС№8:Социально-экономическое развитие белорусских земель в составе ВКЛ в 13-16ст.Аграрная реформа Жигимонта Августа.
  3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі на Беларусі.
  4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё
  5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў першай палове XIX ст.
  6. Столыпинская аграрная реформа

Дваранскае і надзельнае сялянскае землеўладанне. Як вядома, да пачатку XX ст. галоўнымі формамі землеўладання на Беларусі з'яўляліся дваранскае, надзельнае сялянскае і дзяржаўнае.

У 1905 г. дваране на Беларусі трымалі ў сваіх руках 41 % усёй зямлі. Яны складалі абсалютную большасць сярод 2896 латыфундыстаў, што валодалі 500 і больш дзесяцінамі, а таксама і сярод буйных памешчыкаў (5431), якія мелі маёнткі ад 100 да 500 дзесяцін. Многія памешчыцкія гаспадаркі, перш за ўсё буйныя, прыстасаваліся да рынку. Капіталістычная сістэма значна пацясніла паўпрыгонніцкія, адпрацовачныя формы гаспадарання і істотна ўмацавалася ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў цэлым. Тым не менш развіццё капіталізму па прускаму шляху, пачатак якому паклала рэформа 1861 г., і праз 40 гадоў пасля яе не прывяло да вырашэння аграрнага пытання.

Асновай гаспадаркі пераважнай большасці сялян заставаліся надзельныя землі, якімі яны не маглі распараджацца так, як хацелі, нават у тых рэгіёнах, дзе было падворнае землекарыстанне.

Сярэдневяковыя формы землеўладання, саслоўная непаўнапраўнасць і прыніжанасць селяніна, непасільныя падаткі і павіннасці, якія ён нёс на карысць памешчыцкай дзяржавы, былі асноўнай прычынай, якая тармазіла развіццё не толькі сельскай гаспадаркі, але і прамысловасці, бо і паўпер-селянін, што знаходзіўся ў кабальнай залежнасці ад памешчыка, і памешчык, што вёў сваю гаспадарку метадамі паўпрыгонніцкай эксплуатацыі такіх сялян, амаль не з’яўляліся спажыўцамі прамысловых тавараў. Абмежаванасць унутранага рынку ўсё больш абвастрала супярэчнасць паміж высока-развітой прамысловасцю і адсталай паўпрыгонніцкай сельскай гаспадаркай. Невыпадкова менавіта аграрнае пытанне з’яўлялася галоўным і першачарговым у працэсе наспявання і развіцця першай расійскай рэвалюцыі 1905 –1907 гг.

Мэта і этапы рэформы. Рост масавага аграрнага, а затым і палітычнага руху расійскага сялянства ў 1905 г. прымусіў царскі ўрад прызнаць непазбежнасць рэформы старых парадкаў у вёсцы. Ініцыятарам і галоўным кіраўніком пераўтварэнняў выступіў прэм’ер-міністр і міністр унутраных спраў П. А. Сталыпін, які ўсвядоміў неабходнасць ломкі сярэдневяковых форм землеўладання з мэтай расчысціць шлях для капіталістычнага развіцця Расіі. Стаўка рабілася, з аднаго боку, на тое, каб разбіць адзіны, агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў, раскалоць вёску, паскорыць стварэнне класа сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, прыцягнуць яго на падтрымку царскага ўрада і такім чынам паставіць перашкоду на шляху рэвалюцыйнага руху. А з другога боку, каб забяспечыць умовы шпаркага развіцця эканомікі краіны. Важнейшымі сродкамі дасягнення гэтай мэты з’яўляліся разбурэнне сялянскай абшчыны, насаджэнне хутароў і перасяленне «лішняга» ў еўрапейскай частцы Расіі сялянства ў Сібір і на Далёкі Усход. А ўвогуле – пераход ад прускай да амерыканскай (фермерскай) мадэлі землекарыстання.

Першапачатковым, зыходным этапам рэформы, неабходным для станаўлення прыватнай сялянскай зямельнай уласнасці, з’яўлялася разбурэнне сялянскай абшчыны. Указ ад 9 лістапада 1906 г. дазваляў кожнаму гаспадару па яго жаданню выйсці з абшчыны і замацаваць у асабістую ўласнасць сваю надзельную зямлю. Санкцыю на гэта павінен быў даць агульны сход сельскай грамады на працягу аднаго месяца з часу падачы заявы. Калі сход не задавальняў просьбу, то канчаткова вырашаў пытанне земскі начальнік. Селяніну, што выходзіў з абшчыны, дазвалялася патрабаваць выдзялення зямлі ў адным участку, на хутары. Такім чынам вырашалася пытанне аб ліквідацыі цераспалосіцы, якая перашкаджала прагрэсу сялянскай гаспадаркі.

Паводле ўказу ад 29 мая 1911 г. землеўпарадкавальныя камісіі атрымалі права прымусова – з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы – выдзяляць сялянам зямлю ў адным участку і такім чынам штурхаць іх да перасялення на хутары. Да 1915 г. у Магілёўскай губерні выйшлі з абшчыны 56,8 %, а ў Віцебскай – 28,9 % гаспадароў. Усяго ў гэтых дзвюх губернях замацавалі зямлю ў асабістую ўласнасць 48 % абшчынных двароў (супраць 22 % у цэлым па Расіі).

На рэалізацыю рэформы ў Беларусі і Літве пэўны адбітак наклаў адкрыта вялікадзяржаўны, па сутнасці каланіяльны. накірунак палітыкі царызму, які пры Сталыпіне праявіўся ў дадатковых мерах па насаджэнню тут рускага землеўладання. За кошт казённых зямель тут быў створаны спецыяльны фонд для рускіх перасяленцаў. Адпаведную палітыку павінен быў праводзіць і Сялянскі банк. У выніку ў 1907 – 1912 гг. толькі ў Гродзенскай губерні рускія пасяленцы пры дапамозе банка купілі ў памешчыкаў “польскага паходжання” амаль 28 тыс. дзесяцін зямлі, а сам банк у гэтых жа мэтах набыў больш за 13 тыс. дзесяцін.

Хутарская гаспадарка шырока прапагандавалася ў друку. Ствараліся паказальныя хутары, якія забяспечваліся сартавым насеннем, саджанцамі пладовых дрэў, пародзістай жывёлай, мінеральнымі ўгнаеннямі, удасканаленым інвентаром, машынамі і інш. У Віленскай губермі да канца 1914 г. былі арганізаваны 387 паказальных гаспадарак на плошчы каля 5,6 тыс. дзесяцін. Такія ж гаспадаркі заводзіліся і ў іншых беларускіх губернях. Для пераймання іх вопыту наладжваліся экскурсіі сялян як у межах Беларусі, так і ў іншыя краі, напрыклад у Фінляндыю. На ўсё гэта адпускаліся немалыя сродкі.

3 мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, павышэння культуры земляробства і жывёлагадоўлі, іх тэхнічнай аснашчанасці ў перыяд рэформы землеўпарадкавальнымі камісіямі і земствамі прымаліся меры па ўзмацненню агранамічнай, заатэхнічнай, ветэрынарнай службы, арганізацыі пунктаў продажу і пракату ўдасканаленых сельскагаспадарчых прылад і машын, складаў мінеральных угнаенняў, насення, «заводаў» племянной жывёлы і г. д. Колькасць аграномаў у Віцебскай губерні ў 1909 – 1913 гг. павялічылася з 3 да 169 чалавек.

Вынікі рэформы. За 10 гадоў ажыццяўлення рэформы на надзельнай, казённай і купленай банкам зямлі ў пяці заходніх губернях было створана больш за 12,8 тыс. хутароў, якія занялі плошчу каля 1,4 млн дзесяцін. Працэнт створаных на Беларусі хутароў (12) быў вышэйшы, чым у Расіі ў цэлым (10). Хутарызацыя паступова набірала тэмпы: з усіх хутароў, што ўзніклі тут да 1915 г., каля 2/з з’явіліся ў 1911 – 1914 гг.

Аднак эфектыўнасць усёй адзначанай дзейнасці ў цэлым была невысокай з прычыны беднасці і непісьменнасці пераважнай большасці сялян. Адзінае, што рэальна дала бядняцкай масе сталыпінская рэформа, гэта магчымасць прадаць свой надзел і пазбавіцца такім чынам ад апекі сельскай грамады, а значыць, і ад кабалы ў мясцовага памешчыка, ліхвяра, кулака. Рэформа адкрыла для паўпралетарскага насельніцтва вёскі свабоду выбару заняткаў, пошуку больш выгаднага месца і ўмоў продажу сваёй рабочай сілы, а для заможных сялян – больш шырокія магчымасці для інтэнсіфікацыі гаспадаркі. У выйгрышы заставаліся і памешчыкі, якія захоўвалі свае маёнткі. У цяжкае становішча траплялі толькі тыя з іх, што вялі гаспадарку шляхам кабальных адпрацовак.

Асабліва моцны ўдар па апошніх нанесла адменазабароны на перасяленне сялян у азіяцкую частку Расіі. Больш таго, каб прытупіць вастрыню аграрнага пытання ў еўрапейскай Расіі, урад прымаў пэўныя захады для заахвочвання перасяленцаў. 3 гэтай мэтаю выдзяляліся сродкі на праезд, кароткатэрміновыя пазыкі і беззваротную грашовую дапамогу, забяспечваліся спецыяльныя цягнікі, рыхтаваліся пункты прыёму і размеркавання перасяленцаў, наразаліся ўчасткі і г. д.

За 1904 – 1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасяліліся 368,4 тыс. чалавек, з іх каля 70 % – у 1907—1909 гг. Пік перасяленцаў (102,5 тыс.) прыйшоўся на 1909 г., калі сяляне страцілі апошнія надзеі атрымаць бясплатна памешчыцкую зямлю на радзіме з дапамогай Дзяржаўнай думы. Абсалютную большасць перасяленцаў (да 77 %) складалі беззямельныя і малазямельныя сяляне. Спакусіўшыся шырока разрэкламаванымі сібірскімі прасторамі і выгодамі, ільготамі і ўрадавай дапамогай перасяленцам, яны нярэдка за бясцэнак распрадавалі сваю маёмасць і выязджалі ў Сібір.

Аднак дапамога з боку ўрада была мізэрнай. Чыноўніцка-бюракратычная сістэма не змагла належным чынам арганізаваць перасяленні. Нярэдка участкі зямлі адводзіліся ў мясцінах, далёкіх ад дарог і вадаёмаў. У многіх месцах адсутнічала медыцынская дапамога, што прыводзіла да масавых захворванняў у суровым краі. У сувязі з гэтым некаторыя перасяленцы былі вымушаны вяртацца назад. Усяго за 1907 – 1914 гг. на Беларусь вярнулася 36,5 тыс. (каля 11 %) перасяленцаў – зусім збяднелых людзей, якія страцілі апошнія сродкі і надзеі абзавесціся сваёй гаспадаркай.

Менавіта горкі вопыт многіх тысяч перасяленцаў, які не ўтойваўся ў тагачасным друку, прывёў да рэзкага скарачэння колькасці перасяленцаў у 1910 – 1914 гг. Пачатак першай сусветнай вайны перапыніў рэалізацыю сталыпінскай рэформы. Аднак і тыя мерапрыемствы, якія былі праведзены, у значнай ступені садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі.

Істотна паскорыўся працэс распаду феадальнай і росту буржуазнай зямельнай уласнасці. У 1911 – 1914 гг. дваране, чыноўнікі, афіцэры прадалі ў пяці заходніх губернях 1514 тыс. дзесяцін зямлі. 3 іх сяляне купілі 714,1 тыс., а купцы і мяшчане – 241,6 тыс. дзесяцін. Пераважная частка купленых зямель пераходзіла ва ўласнасць сялян-прадпрымальнікаў. Сялянская бедната, атрымаўшы ў ходзе рэалізацыі сталыпінскай аграрнай рэформы права ўласнасці на зямлю, як правіла, выступала на зямельным рынку ў якасці прадаўца. У 1907 – 1914 гг. 40,8 тыс. сялянскіх двароў з ліку тых, што выйшлі на хутары і адрубы, прадалі 177,8 тыс. дзесяцін зямлі. Пры гэтым на аднаго прадаўца прыпадала ў сярэднім каля 4,6 дзесяціны.

К канцу першага дзесяцігоддзя істотна ўзрасла тэхнічная ўзброенасць памешчыцкіх і пэунай часткі заможных сялянскіх гаспадарак. У 1910 г. на памешчыцкі маёнтак ужо прыпадала ў сярэднім па 5 жалезных плугоў і па 5,5 розных сельскагаспадарчых машын (малатарняў, веялак, сеялак, жняярак, сенакасілак). Колькасць малатарняў і веялак павялічылася да 32,4 тыс. і ў гаспадарках заможных сялян. У выніку сяляне мелі на 2,8 тыс. больш гэтай тэхнікі, чым памешчыкі, затое сеялак, жняярак і сенакасілак у іх амаль не сустракалася.

У большасці памешчыцкіх, а таксама ў многіх кулацкіх гаспадарках узрасло выкарыстанне наёмнай працы гадавых, сезонных і падзённых рабочых. Напярэдадні першай сусветнай вайны налічвалася звыш 200 тыс. пастаянных сельскагаспадарчых рабочых (парабкаў). Акрамя таго, у летні перыяд памешчыкі і кулакі наймалі вялікую колькасць падзённых і сезонных рабочых. Усё гэта спрыяла развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі.

Рост сельскагаспадарчай вытворчасці. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы суправаджалася агульным пашырэннем пасяўных плошчаў. 3 1907 да 1913 г. яны павялічыліся з 3789,6 тыс. да 1215,3 тыс. дзесяцін, ці на 11,2 %. У першую чаргу рост адбываўся за кошт пашырэння пасеваў тэхнічных і кармавых культур, што стымулявала пераход ад трохпольнай сістзмы земляробства да больш прадукцыйнай – шматпольнай. Асабліва павялічылася плошча пасеваў пад бульбай – з 452,1 тыс. да 551,6 тыс. дзесяцін, г. зн. на 22 %. Гэта было звязана з далейшым развіццём малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэння. Памешчыкі і заможныя сяляне выкарыстоўвалі бульбу для корму жывёлы або збывалі яе на вінакурных заводах. Сялянская ж бедната кампенсавала ёю недахоп хлеба.

К пачатку першай сусветнай вайны Беларусь была адным з буйнейшых раёнаў вырошчвання бульбы. У 1913 г. на яе прыпадала 17,2 % усёй плошчы пад бульбай у еўрапейскай Расіі. А збор бульбы ў заходніх губернях за перыяд з 1901 па 1913 гг. павялічыўся на 37,6 %.

Узраслі пасевы ільну з 94,7 тыс. дзесяцін у 1907 г. да 100,1 тыс. у 1913 г. Аднак нягледзячы на пашырэнне, удзельная вага гэтай культуры ў агульнай пасяўной плошчы заставалася нязменнай, складаючы 2,6 – 2,8 %. Справа ў тым, што ў гэты час адбылося зніжэнне цаны на льновалакно. Ільняныя тканіны пачалі выцясняцца больш таннымі баваўнянымі.

Павялічваліся і пасевы збожжавых культур. Ураджай жыта ў 1911 – 1913 гг. у параўнанні з 1902 – 1904 гг. узрос на ўладальніцкіх палях з 45,4 пуда да 53,9 (на 18,7 %). Аднак, нягледзячы на рост ураджайнасці збожжавых, удзельная вага іх у агульнай плошчы пасеваў паступова памяншалася.

Павышэнне збораў бульбы і збожжавых спрыяла развіццю вінакурэння і жывёлагадоулі. Колькасць вінакурных заводаў з 1907 да 1913 г. вырасла з 574 да 630. У 1913 г. яны перапрацавалі на спірт 32 млн пудоў бульбы, амаль удвая больш, чым у 1900 г. і каля 3 млн пудоў зерня. У гэты час на долю пяці заходніх губерняў прыпадала 11,5 % усяго спірту, што вырабляўся ў Расіі. Адходы ад вінакурнай вытворчасці ішлі на корм жывёле. У пачатку XX ст. у сялян і памешчыкаў Беларусі было 2,8 млн галоў буйной рагатай жывёлы, з іх прыблізна 1,4 млн складалі дойныя каровы. Павялічылася і пагалоўе свіней. У 1913 г. іх налічвалася 1,6 млн галоў, што на 146 тыс. больш, чым у 1906 г.

Памешчыцкія і кулацкія гаспадаркі ўцягваліся ў гандлёва-рыначныя адносіны. Аб гэтым сведчыць вываз сельскагаспадарчых прадуктаў з Беларусі. У 1912 г. у іншыя раёны Расіі і за мяжу было вывезена 395 тыс. пудоў малочных прадуктаў. Толькі па чыгунках за гэты год з 26 паветаў было вывезена 649,1 тыс. пудоў мяса і сала, 47,7 тыс. галоў свіней і 11,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. Напярэдадні першай сусветнай вайны штогод вывозілася 1911 тыс. пудоў ільновалакна і кудзелі, 1137 тыс. пудоў алейнага семя.

Узмацненне класавай дыферэнцыяцыі ў вёсцы. Развіццё капіталістычных адносін выклікала не толькі рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, але і ўзмацненне класавай дыферэнцыяцыі беларускай вёскі. Павялічылася праслойка вясковай беднаты і кулацтва, паменшылася колькасць серадняцкіх двароў. Напярэдадні першай сусветнай вайны бедната складала каля 70 %, сяляне-сераднякі 19 – 20 % і заможныя сяляне – 10 – 11 % усяго сялянства.

Сацыяльна-класавая дыферэнцыяцыя сялянства – гэта заканамерны працэс развіцця капіталізму. У выніку вымывалася серадняцкая частка вёскі (патрыярхальная, мала звязаная з рынкам катэгорыя вясковых жыхароў) і ствараліся два галоўныя класы буржуазнага грамадства – клас заможных сялян, або сельскай дробнай буржуазіі, і клас наёмных сельскагаспадарчых і іншых рабочых. Сталыпінская аграрная рэформа істотна паскорыла гэты працэс.

Земская рэформа. У заходніх губернях П. А. Сталыпін імкнуўся ўзняць і палітычную ролю заможнага сялянства ў сістэме мясцовых органаў кіравання. 3 плануемай рэформай ён звязваў вырашэнне яшчэ адной задачы – выцясненне, ці, па меншай меры, істотнае аслабленне палітычнай ролі на мясцовым і імперскім узроўні буйных землеўладальнікаў «польскага паходжання». Значная перавага іх землеўладання над «рускім» у гэтых губернях давала ім магчымасць выбіраць на дваранскіх сходах у Дзяржаўны савет выключна сваіх прадстаўнікоў. «Истинно-русские» памешчыкі і чыноўнікі, найперш мясцовыя, патрабавалі ад урада прыняць меры па ліквідацыі «польскага засілля». Але адкрыта пазбавіць польскую знаць права выбараў у Дзяржаўны савет урад не мог, не рызыкуючы сваім аўтарытэтам у заходніх краінах.

Прааналізаваўшы суадносіны «рускага» і «польскага» насельніцтва і адпаведныя маёмасныя цэнзы у 9 заходніх губернях, урад не адважыўся ўводзіць выбарнае земства ў Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях, дзе яно з прычыны значнай перавагі католікаў, якіх адносілі да палякаў, магло трапіць у рукі польскіх паноў. Паводле законапраекта, ухваленага П. А. Сталыпіным, земствы меркавалася стварыць у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях шляхам выбараў па нацыянальных – «рускай» і «польскай» курыях. Праваслаўныя сяляне-беларусы залічваліся у першую з іх, католікі – у другую. Маёмасны цэнз выбаршчыкаў у параўнанні з Палажэннем аб земскіх установах ад 12 чэрвеня 1890 г. паніжаўся ўдвая (да 7,5 тыс. руб.). Пры гэтым, аднак, забяспечвалася пераважная большасць памешчыкаў і ў адной, і ў другой курыі. Колькасць дэпутатаў ад курыі ў земства ўстанаўлівалася ў адпаведнасці з сярэднеарыфметычным ад сумы працэнтаў колькасці выбаршчыкаў і вартасці іх нерухомай маёмасці. Напрыклад, калі колькасць выбаршчыкаў у «польскай» курыі ў пэўным павеце складала 2 % ад агульнай, а іх нерухомая маёмасць – 38 %, то колькасць дэлутатаў земства ў дадзеным выпадку не магла перавышаць 20. Калі гэта падаць у выглядзе формулы, то атрымаецца так: (2 + 38):2=20

Увядзенне і роля земстваў. Галасамі фракцыі рускіх нацыяналістаў пры падтрымцы часткі акцябрыстаў законапраект П. А. Сталыпіна з неістотнымі папраўкамі быў праведзены праз Дзяржаўлую думу паступіў на разгляд Дзяржаўнага савета. Класавая пазіцыя буйных землеўласнікаў выявілася тут вельмі выразна: незалежна ад нацыянальнасці яны ў пераважнай большасці выступілі супраць нацыянальных курый і паніжэння выбарчага цэнзу і 4 сакавіка 1911 г. адхілілі законапраект.

У адказ П. А. Сталыпін заявіў цару аб сваёй адстаўцы з пасады прэм’ер-міністра, калі ён не зацвердзіць законапраект надзвычайным парадкам – па 87 артыкуле Асноўных законаў, які дазваляў гэта зрабіць у час паміж сесіямі Думы і Савета. Мікалай II задаволіў просьбу-ультыматум: распусціў на 3 дні Думу і Дзяржаўны савет і падпісаў указ аб увядзенні земства ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях з выбарамі па нацыянальных курыях і пры паніжаным маёмасным цэнзе. Нягледзячы на перамогу, становішча П. А. Сталыпіна як прэм’ер-міністра пасля гэтага рэзка пахіснулася. У верасні 1911 г.ён быў забіты агентам ахоўнай службы.

Нягледзячы на антыдэмакратычны характар выбарчага закона, выбарныя павятовыя і губернскія земствы ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях нават за кароткі час іх дзейнасці адыгралі прыкметную ролю ў развіцці мясцовай гаспадаркі, у павышэнні культуры земляробства і жывёлагадоўлі. Земскія ўправы адкрывалі бальніцы, урачэбныя пункты, школы, стваралі кааператыўныя таварыствы, сельскагаспадарчыя гурткі, пракатныя пункты сельскагаспадарчых машын, склады і г. д. У 1912 г., напрыклад, у Віцебскай губерні дзейнічала 50 сельскагаспадарчых гурткоў, многія з іх стварылі пракатныя склады сельскагаспадарчых машын, зернеачышчальныя пункты. Гурткі садзейнічалі набыццю машын, штучных угнаенняў, арганізацыі малочных арцелей і г. д. У некаторых паветах земскія ўправы адкрывалі майстэрні па вытворчасці чарапіцы, цэглы.

Дзейнасць земстваў была накіравана ў першую чаргу на задавальненне прадпрымальніцкіх інтарэсаў заможнага сялянства і памешчыкаў.

 


Дата добавления: 2015-10-16; просмотров: 243 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ І ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ БАРАЦЬБА У 1908 – 1914 гг.| Бернард РЁРѕСѓ. Смуглая леди сонетов

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.01 сек.)