Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Беларусь у пачатку ХХ ст.

Читайте также:
  1. Беларусі ў XIX – пачатку XX стст.
  2. Беларусь
  3. Беларусь - 973 500 BYR ,
  4. Внешняя торговля в Республике Беларусь
  5. Зарубежные торгово-экономические службы Республики Беларусь
  6. Ключевые министерства и ведомства, регулирующие внешнеэкономическую деятельность в Республике Беларусь

Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. Складванне рэвалюцыйнай сітуацыі. Тры лагеры ў ідэйна-палітычнай барацьбе. У пачатку XX ст. у Расіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Да гэтага часу былі канчаткова вычарпаны магчымасці адносна мірнага развіцця капіталізму ва ўмовах захавання перажыткаў феадалізму. Эканамічны крызіс 1900 – 1903 гг. і руска-ягюнская вайна 1904 – 1905 гг. садзейнічалі абвастрэнню ўсіх супярэчнасцей. Рэвалюцыйны выбух у Расіі стаў непазбежным.

У гэтых умовах паскорылася ідэйна-палітычнае размежаванне ў грамадстве. У палітычнай барацьбе вылучаюцца тры лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны. Кожны з іх меў сваю сацыяльную базу, мэты і задачы. Урадавы лагер абапіраўся на дваранства, вышэйшыя пласты чыноўніцтва і арміі, яго падтрымлівала буйная манархічна настроеная буржуазія. Усе яны імкнуліся захаваць самадзяржаўе і не дапусціць карэнных змен у дзяржаўна-палітычным ладзе Расіі. У ліберальна-буржуазны лагер уваходзілі буйная і сярэдняя буржуазія, некаторыя прагрэсіўныя памешчыкі, буржуазная інтэлігенцыя. Лібералы марылі аб палітычных свабодах, жадалі ліквідаваць перажыткі феадалізму, але баяліся рэвалюцыі і абмяжоўваліся толькі мірнымі сродкамі ўздзеяння на самадзяржаўе. Дэмакратычны лагер складалі пралетарыят, сялянства, радыкальна настроеная інтэлігенцыя, шырокія непралетарскія дэмакратычныя пласты горада і вёскі. Іх агульнай найбліжэйшай мэтай было знішчэнне ўсіх рэшткаў феадалізму, у тым ліку і памешчыцкага землеўладання, звяржэнне самадзяржаўя і усталяванне дэмакратычнай рэспублікі.

Пачатак рэвалюцыі. Вызваленчы рух у студзені – верасні 1905 г. 9 студзеня 1905 г. “Крывавая нядзеля” у Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых, якія накіроўваліся да цара з просьбай палепшыць становішча народа. Гэта падзея выклікала магутную хвалю пратэсту. Стачкі, дэманстрацыі і мітынгі рабочых пракаціліся па ўсёй краіне. Іх размах сведчыў аб тым, што ў Расіі пачалася рэвалюцыя. На Беларусі ў студзеньскія дні 1905 г. забастоўкі салідарнасці адбыліся ў 30 гарадах і мястэчках, а колькасць іх удзельнікаў склала 34 тыс. чалавек. Ініцыятарамі і кіраўнікамі рэвалюцыйных выступленняў рабочых былі перш за ўсё РСДРП і Бунд, у некаторых месцах – эсэры і БСГ. У студзені забастоўкі рабочых мелі выразна палітычны характар.

У лютым – сакавіку колькасць палітычных выступленняў рэзка зменшылася, але адбылося значнае павелічэнне эканамічных забастовак. Ізноў хваля палітычных выступленняў узнялася ў сувязі са святкаваннем дня 1 Мая. У чэрвені ў Беларусі адбыліся мітынгі салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы. Іванава-Вазнясенска, з рэвалюцыйнымі матросамі Чарнаморскага флоту, якія ішлі ў авангардзе рэвалюцыйнага руху. Увогуле ў красавіку – чэрвені 1905 г. палітычныя выступленні ахапілі 56 гарадоў і мястэчак Беларусі, у іх удзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У гэты ж час узмацнілася і эканамічная барацьба рабочых.

Вясною 1905 г., як следства ўздзеяння рабочага руху, у Беларусі разгарнуўся масавы рэвалюцыйны рух сялянства. Колькасць сялянскіх выступленняў у красавіку – чэрвені ўзрасла да 237 супраць 53 у студзені – сакавіку. Галоўным патрабаваннем сялян было знішчэнне памешчыцкага землеўладання. Найбольшым уплывам сярод сялян карысталіся эсэры і БСГ. Менавіта яны ў сакавіку 1905 г. арганізавалі і правялі ў Мінску сялянскі з’езд, на якім быў створаны Беларускі сялянскі саюз. Удзельнікі з’езда прыйшлі да высновы, што атрымаць зямлю можна толькі шляхам узброенай барацьбы з самадзяржаўем.

6 жніўня 1905 г. Мікалай II падпісаў Маніфест аб скліканні “законадарадчай” Дзяржаўнай думы. Паводле праекта, распрацаванага міністрам унутраных спраў А. Булыгіным, ад выбараў у Думу адхіляліся працоўныя масы горада і вёскі. Практычна ўсе рэвалюцыйна-дэмакратычныя партыі выступілі супраць булыгінскай Думы і выставілі лозунг яе байкоту. У жніўні – верасні 1905 г. рух пратэсту супраць булыгінскай Думы ахапіў многія гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы рашучым дзеянням рэвалюцыйных мас выбары ў булыгінскую Думу былі сарваны.

Найвышэйшы ўздым рэвалюцыйнай барацьбы. Узнікненне буржуазных і манархічных палітычных партый. Восенню 1905 г. рэвалюцыйны рух працягваў нарастаць і ахапіў усю краіну. 7 – 17 кастрычніка 1905 г. па закліку Усерасійскага чыгуначнага саюза спыніўся рух на чыгунках краіны. Шматлікія агульнагарадскія стачкі зліліся ва Усерасійскую палітычную стачку. Ва ўсёй Расіі баставала звыш 2 млн чалавек. У ходзе Усерасійскай палітычнай стачкі ў многіх гарадах Расіі ўзнікалі агульнагарадскія выбарныя стачачныя камітэты і камісіі, якія атрымалі назву Саветы рабочых дэпутатаў. На Беларусі стачачныя камітэты і кааліцыйныя саветы, у склад якіх уваходзілі прадстаўнікі мясцовых арганізацый РСДРП, Бунда, ПСР і Чыгуначнага саюза, дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Гродне, Брэсце, у іншых прамысловых цэнтрах і буйных чыгуначных вузлах. На важнейшых чыгуначных станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10 – 12 кастрычніка 1905 г..

Ва ўмовах Усерасійскай палітычнай стачкі ўрад пайшоў на палітычныя ўступкі. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай II падпісаў Маніфест аб палітычных свабодах і надзяленні Дзяржаўнай думы заканадаўчымі паўнамоцтвамі. 18 кастрычніка ў дзень абвяшчэння Маніфеста ў Мінску на плошчы каля Віленскага чыгуначнага вакзала адбыўся мітынг, у якім удзельнічалі каля 20 тыс. чалавек. Каб разагнаць мітынгуючых, губернатар Курлоў загадаў прымяніць зброю. У выніку чаго было забіта каля 100 чалавек і да 300 чалавек паранена. У гэты ж дзень крывавыя сутычкі адбыліся ў Смаргоні і Полацку. Увогуле Кастрычніцкая палітычная стачка ахапіла 32 населеныя пункты Беларусі, а колькасць стачачнікаў толькі ў прамысловасці дасягнула 66 тыс. чалавек.

У снежні 1905 г. палітычная барацьба пралетарыяту Расіі працягвалася. У Маскве яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У снежаньскія дні палітычныя забастоўкі адбыліся ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Пінску і іншых гарадах. Забастоўка ахапіла большасць чыгуначных вузлоў Беларусі. У апошнія месяцы 1905 г. зноў узрос сялянскі рух. На Беларусі ў кастрычніку было 54 выступленні сялян, у лістападзе – 154, а ў снежні – 286. Усерасійская палітычная стачка выклікала больш моцныя, чым раней, выступленні ў арміі. У лістападзе хваляванні салдат адбыліся ў Гродне, у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях. Іх удзельнікі выказвалі салідарнасць з паўстаннямі матросаў Кранштата і Севастопаля.

Аднак збіць рэвалюцыйную хвалю ўладам усё ж такі ўдалося. У пэўнай ступені гэтаму спрыяў Маніфест 17 кастрычніка. У партыях дэмакратычнага лагера, якія дагэтуль дзейнічалі нелегальна, а зараз атрымалі магчымасць свабодна весці прапаганду сваіх ідэй, пачалі праяўляцца розныя погляды наконт далейшых дзеянняў і сродкаў барацьбы. Увядзенне палітычных свабод з задавальненнем сустрэла буржуазія. Яна лічыла, што рэвалюцыя дасягнула сваіх мэт і павінна скончыцца. Хутка пачынаюць узнікаць буржуазныя палітычныя партыі і арганізацыі.

Пасля снежаньскіх падзей 1905 г. рэвалюцыйны рух паступова ідзе на спад. Усплёскі палітычных выступленняў у 1906 г. назіраліся ў студзені – у сувязі з гадавінай “Крывавай нядзелі” і ў красавіку, калі адзначалася свята 1 Мая. Адначасова ўзмацнялася і эканамічная барацьба. Рабочых актыўна падтрымлівалі сяляне і вайскоўцы. Пачатак дзейнасці Дзяржаўнай думы ў красавіку 1906 г. супаў з новым уздымам рэвалюцыйнага руху. На Беларусі ў сувязі з 1 Мая забастоўкі рабочых былі праведзены ў 40 населеных пунктах. Абсалютную большасць іх складалі агульныя і групавыя выступленні. Адначасова ўзмацніўся і эканамічны рабочы рух. Пры гэтым пачасціліся патрабаванні ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня, устанаўлення рабочага кантролю за наймам і звальненнем, аплаты часу забастовак і інш. У арганізацыі эканамічнай барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы.

Гэтаму спрыялі ўказ ад 2 снежня 1905 г. аб адмене крымінальнага праследавання за ўдзел у эканамічных стачках, калі яны працякалі «мірна», і «Часовыя правілы» ад 4 сакавіка 1906 г., што дазвалялі ўтварэнне прафесійных саюзаў наёмных рабочых і служачых у прамысловасці і гандлі з мэтай абароны эканамічных інтарэсаў, паляпшэння ўмоў працы і быту, павышэння прафесійнага, культурнага і маральнага ўзроўню сваіх членаў.

Вясновае наступленне пралетарыяту, як і ў 1905 г., актыўна падтрымалі сяляне. Зноў ажывівіліся дзейнасць у вёсцы партый рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера. Найбольшае распаўсюджанне ў гэты час набылі забастоўкі сялян-падзёншчыкаў і сельскагаспадарчых рабочых; яны склалі 37 % усіх выступленняў. У Навагрудскім павеце ў пачатку ліпеня, паводле паведамлення газеты «Русское слово», работы не вяліся «ні ў адным маёнтку». Забастоўка суправаджалася масавымі мітынгамі. Удзельная вага палітычных выступленняў сялян Беларусі летам 1906 г. перавысіла паказчыкі 1905 г.

Уздым рэвалюцыйнага руху адбіўся і на арміі. Ажывілася дзейнасць ваенна-рэвалюцыйных арнізацый. Распаўсюджанне рэвалюцыйнай літаратуры, правядзенне мітынгаў і сходак салдат у красавіку – ліпені 1906 г. адзначаны ў Гродне, МІнску, Баранавічах, Бабруйскай, Брэсцкай крэпасцях, Кобрыне, Картуз-Бярозе.

Павялічылася ўдзельная вага абарончых стачак, але ў цэлым і ў 1906 г. пераважная большасць выступленняў (90 %) мела наступальны характар. Бынікі барацьбы заставаліся спрыяльнымі для рабочых.

Дыферэнцыяцыя грамадска-палітычных сіл. Царызму ўдалося адбіць кастрычніцкі націск рэвалюцыі. Пэўную ролю ў гэтым адыграў і маніфест аб свабодах. Паступова рэвалюцыйная хваля спала. У краіне ўстанавілася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. У такіх умовах паскорылася дыферэнцыяцыя грамадска-палітычных сіл, якая праявілася ва ўзнікненні самых розных партый, саюзаў, арганізацый.

Ліберальная буржуазія ў цэлым сустрэла «Маніфест 17 кастрычніка» з задавальненнем і прызнала мэты рэвалюцыі ў асноўным дасягнутымі. У кастрычніку 1905 г. у ліберальным лагеры ўтварыліся дзве галоўныя партыі – «Саюз 17 кастрычніка” (акцябрысты) і Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты).

Кадэты заявілі аб сваёй апазіцыі самадзяржаўю. Яны выступалі за канстытуцыйную манархію, за знішчэнне саслоўных прывілеяў і іншых перажыткаў феадалізму, за палітычныя свабоды і поўнае раўнапраўе. Але яны не лічылі неабходным канчаткова ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне. Для нацый яны прызнавалі толькі права на культурнае самавызначэнне.

Акцябрыстызанялі больш «правую» пазіцыю. Яны былі поўнасцю задаволены Маніфестам 17 кастрычніка, выступалі за падтрымку манархічнай улады і захаванне адзінай непадзельнай Расіі. Арганізатарамі аддзелаў «Саюза 17 кастрычніка» ў гарадах Беларусі выступалі, як правіла, мясцовыя рускія чыноўнікі-манархісты, памешчыкі, праваслаўнае духавенства. Іх ідэйныя і палітычныя пазіцыі вызначаў шалёны вялікадзяржаўны шавінізм. І ў гэтых адносінах яны, па сутнасці, не адрозніваліся ад чарнасоценцаў, з якімі пазней, у час выбараў у Дзяржаўную думу, выступалі ў адным блоку. Для іх абсалютна непрымальнай была, у прыватнасці, палітыка кадэтаў па нацыянальнаму пытанню (прызнанне для Фінляндыі і Польшчы права на дзяржаўную аўтаномію, поўнай грамадзянскай і палітычнай раўнапраўнасці ўсіх народаў Расіі, свабоды ўжывання ў грамадскім жыцці розных моў і г. д.). Таму мясцовыя акцябрысты, у адрозненне ад сталічных, у прынцыпе адвяргалі любыя пагадненні з “аўтанамістамі” і рэзка нападалі на іх у сваіх органах друку. Для ўтварэння арганізацый кадэтаўна Беларусі з-за адсутнасці земстваў і вышэйшых навучальных устаноў спрыяльнай сацыяльнай глебы не было. Да вясны 1906 г. невялікія групы кадэтаў аформіліся толькі ў Магілёве і Пінску. Да буржуазных арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, трэба аднесці сіяністаў. Пасля стварэння ў 1897 г. сусветнай арганізацыі сіяністаў на Беларусі хутка пачалі ўзнікаць сіянісцкія гурткі. Аднак сіяністы адмаўлялі ўдзел яўрэяў у рэвалюцынным руху краін дыяспары і мелі на мэце стварэнне самастойнай яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне, якая аб’яднала б усіх яўрэяў свету. У час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. сіяністы падтрымлівалі кадэтаў.

Кадэцкую партыю падтрымлівалі акрамя сіяністаў, часткова (па агульнапалітычных і нацыянальным пытаннях) – польскія памешчыкі і каталіцкі касцёл. Саюзніцай кадэтаў стала панска-клерыкальная Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 –пачатку 1906 г. па ініцыятыве віленскага каталіцкага епіскапа барона Э. Ропа. Дзейнасць гэтай партыі разгортвалася пераважна ў Віленскай губерні, дзе большасць насельніцтва складалі католікі. 3 мэтай нейтралізаваць агітацыю рэвалюцыйных партый сярод сялян барон Роп узяў за ўзор канстытуцыйна-дэмакратычную праграму і дапоўніў яе прынцыпамі хрысціянска-каталіцкай веры.

У кастрычніку – лістападзе 1905 г. як ніколі раней актывізавалася дзейнасць партый рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера. Іх нізавыя структуры явачным парадкам легалізаваліся. Небывалы размах набыла агітацыя – як пісьмовая (у газетах, лістоўках), так і вусная (на мітынгах і сходах). Фактычным легальным органам Мінскай групы РСДРП стала вялікая штодзённая газета “ Северо-Западный край”, выданне якой пасля чатырохмесячнага перапынку было адноўлена ў канцы кастрычніка 1905 г.

Усё большы размах набывала стварэнне прафесійных саюзаў, як правіла, на партыйных платформах, найчасцей – РСДРП і Бунда. Асаблівую актыўнасць праяўлялі чыгуначнікі буйных станцый, якія на масавых сходах запісваліся ў мясцовыя аддзяленні Усерасійскага чыгуначнага саюза. Сярод іх значным уплывам карысталіся эсэры. Адной з галоўных функцый прафсаюзаў з’яўлялася арганізацыя стачачнай барацьбы за паляпшэнне эканамічнага становішча рабочых і служачых. Тактыка бундаўцаў у прафсаюзным руху (стварэнне асобных прафсаюзаў яўрэйскіх рабочых) мела раскольніцкі характар і аслабляла яго.

Крайне правыя, контррэвалюцыйныя і рэакцыйныя сілы, прыхільнікі захавання неабмежаванага самадзяржаўя цара, гуртаваліся вакол шавіністычнага «Саюза рускага народа», члены якога атрымалі назву чарнасоценцаў. Ініцыятывы стварэння чарнасоценных арганізацый зыходзілі ад рэакцыйных чыноўнікаў, жандарскіх і паліцэйскіх устаноў, а таксама праваслаўнага духавенства. 3 сацыяльных нізоў да іх далучаліся дэкласіраваныя, часта крымінальныя элементы. У канцы 1905 – пачатку 1906 г. арганізацыі чарнасоценцаў аформіліся ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Оршы, Глыбокім і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У кастрычніцкія дні і пазней яны ўдзельнічалі ў яўрэйскіх пагромах, сутычках з рабочымі дружынамі ў ходзе дэманстрацый і мітынгаў, у забойствах рэвалюцыянераў.

Да партый правага кансерватыўнага накірунку адносіліся таксама “Партыя рускага сходу”, “Партыя народнага цэнтра” і шэраг іншых. Усе яны займалі крайне манархічныя пазіцыі, абаранялі інтарэсы памешчыкаў і праваслаўнай царквы, выступалі за непарушнасць самадзяржаўнай улады, захаванне памешчыцкага землеўладання, за тэрытарыяльнае адзінства Расіі.


Дата добавления: 2015-10-16; просмотров: 230 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
ЗАНАВЕС 5 страница| Адступленне рэвалюцыі. Дэпутаты Беларусі ў I і II Дзяржаўных думах

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)