Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Кніга Абакума

Читайте также:
  1. Другая кніга Летапісаў 1 страница
  2. Другая кніга Летапісаў 10 страница
  3. Другая кніга Летапісаў 11 страница
  4. Другая кніга Летапісаў 12 страница
  5. Другая кніга Летапісаў 13 страница
  6. Другая кніга Летапісаў 14 страница
  7. Другая кніга Летапісаў 15 страница

 

Прарочая ўява, якую бачыў прарок Абакум.

2. Дакуль, Госпадзе, я буду заклікаць - і Ты ня чуеш, буду лямантаваць Табе пра насільле - і Ты не ратуеш?

3. Навошта даеш мне бачыць зладзейства і глядзець на гароты? Рабунак і насільле перад мною, і паўстае варожасьць і падымаецца разлад.

4. Ад гэтага закон страціў сілу, і суду правільнага няма: як што бязбожны адольвае праведнага, дык і суд адбываецца перакручаны.

5. Паглядзеце паміж народамі і ўважліва ўгледзьцеся, і вы моцна зьдзівіцеся; бо Я ўчыню ў дні вашыя такую дзею, якой вы не паверылі б, калі б вам расказалі.

6. Бо вось, Я падыму Халдэяў, народ жорсткі і неацугляны, які ходзіць па шырынях зямлі, каб завалодаць селішчамі, якія яму не належаць.

7. Страшны і грозны ён; ад яго самога паходзіць суд ягоны і ўлада ягоная.

8. Хутчэйшыя за барсаў коні яго і баржджэйшыя за ваўкоў; скача ў розныя бакі коньніца ягоная; здалёку прыходзяць верхаўцы ягоныя, прылятаюць як арол, што кідаецца на здабычу.

9. Вось ён ідзе на рабунак; памкнуўшы аблічча сваё наперад, ён забірае палонных, як пясок.

10. І з цароў ён зьдзекуецца, і князі служаць яму пасьмешышчам; з усякае крэпасьці ён сьмяецца: насыпае абложны вал і бярэ яе.

11. Тады пышыцца дух ягоны, і ён ходзіць і буяніць; сіла ягоная - бог ягоны.

12. Але ці ж ня Ты здавён Гасподзь Бог мой, Сьвяты мой? мы не памром! Ты, Госпадзе, толькі дзеля суду папусьціў яго. Скала мая! дзеля пакараньня Ты назначыў яго.

13. Чыстым вачам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў, і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго,

14. і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?

15. Усіх іх цягне вудаю, хапае ў сетку сваю і забірае іх у нераты свае, і ад таго радуецца і трыюмфуе.

16. За тое прыносіць ахвяры сеткі сваёй і кадзіць нерату свайму, бо ад іх тлустая частка яго і раскошная ежа ягоная.

17. Няўжо дзеля гэтага ён павінен спаражняць сваю сетку і няспынна пабіваць народы бязь літасьці?

РАЗЬДЗЕЛ 2

1. На варту маю стаў я і, стоячы на вежы, назіраў, каб даведацца, што скажа Ён ува мне, і што мне адказаць па скарзе маёй?

2. І адказваў мне Гасподзь і сказаў: запішы ўяву і накрэсьлі ясна на скрыжалях, каб чытач лёгка мог прачытаць,

3. бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае; і хоць бы і замарудзіла, чакай яе, бо мусова збудзецца, не адменіцца.

4. Вось, душа пагардлівая не супакоіцца, а праведны сваёю вераю жывы будзе.

5. Пагардлівы чалавек, як віно, якое бродзіць, не супакойваецца, так што пашырае душу сваю як пекла, і як сьмерць ён ненасытны, і зьбірае да сябе ўсе народы і захопвае сабе ўсе плямёны.

6. Але ці ня ўсе яны будуць вымаўляць пра яго прыпавесьць і пакеплівую песьню: «гора таму, хто бязь меры ўзбагачае сябе не сваім, - ці надоўга? - абцяжвае сябе закалотамі!»

7. Ці не паўстануць раптоўна тыя, якія будуць турзаць цябе, і ці не падымуцца супроць цябе рабаўнікі, - і ты дастанешся ім на рабаваньне?

8. Як што ты абабраў многія народы, дык і цябе абяруць усе астатнія народы за праліваньне крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.

9. Гора таму, хто прагне няправедных набыткаў дому свайму, каб зладзіць гняздо сваё на вышыні і тым убясьпечыць сябе ад рукі няшчасьця!

10. Няславу прыдумаў ты твайму дому, вынішчаючы многія народы, і зграшыў супроць душы тваёй.

11. Камяні з муроў залямантуюць і драўляныя кроквы будуць адказваць ім:

12. «гора будаўніку горада на крыві і дойліду крэпасьці на няпраўдзе!»

13. Вось, ці не ад Госпада Саваофа тое, што народы працуюць дзеля агню і плямёны мучаць сябе дарэмна?

14. Бо зямля напоўніцца спазнаньнем славы Госпада, як воды напаўняюць мора.

15. Гора табе, хто падае блізкаму твайму пітво з дамешкам злосьці тваёй і робіш яго п'яным, каб бачыць сарамату ягоную!

16. Ты насыціўся сорамам замест славы; пі ж і ты і паказвай сарамату, - павернецца і да цябе чара правіцы Гасподняй і пасарамленьне на славу тваю.

17. Бо зладзейства тваё на Ліване абрушыцца на цябе за вынішчэньне запалоханых жывёл, за праліцьцё крыві чалавечай, за спусташэньне краіны, горада і ўсіх жыхароў яго.

18. Якая карысьць ад балвана, зробленага мастаком, гэтага літага ілжэнастаўніка, хоць дойлід, робячы нямых куміраў, пакладаецца на свой твор?

19. Гора таму, хто кажа дрэву: устань! і нямому каменю: прачніся! Ці навучыць ён чаму-небудзь? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам; але дыханьня ў ім няма.

20. А Гасподзь - у сьвятым храме сваім: хай маўчыць уся зямля перад абліччам Яго!

РАЗЬДЗЕЛ 3

1. Малітва Абакума прарока, на сьпеў.

2. Госпадзе, пачуў я слых Твой і спалохаўся. Госпадзе! учыні дзею Тваю сярод гадоў, сярод гадоў яві яе; у гневе ўспомні пра літасьць.

3. Бог ад Тэмана ідзе і Сьвяты - ад гары Фаран. Пакрыла нябёсы веліч Яго, і славаю Яго напоўнілася зямля.

4. Бляск яе - як сонечнае сьвятло; ад рукі Ягонай прамяні, і тут тайнік Яго сілы!

5. Перад абліччам Яго ідзе пошасьць, а па ступаках Яго - палючы вецер.

6. Ён стаў - і пахіснуў зямлю; паглядзеў - і ў трымценьне ўвёў народы; векавечныя горы распаліся, першабытныя пагоркі апалі; шляхі Яго - вечныя.

7. Смутнымі бачыў я намёты Эфіопскія; патрэсьліся палаткі зямлі Мадыямскай.

8. Хіба ж на рэкі запалаў, Госпадзе, гнеў Твой? хіба на рэкі - абурэньне Тваё, альбо на мора - лютасьць Твая, што Ты ўзышоў на коней Тваіх, на калясьніцы Твае выратавальныя?

9. Ты агаліў лук Твой паводле прысяжнага абяцаньня, дадзенага каленам. Ты патокамі расьсек зямлю.

10. Убачыўшы Цябе, затрымцелі горы, лінулі воды; бездань дала голас свой, высока ўзьняла рукі свае;

11. сонца і месяц спыніліся на месцы сваім перад сьвятлом лятучых стрэлаў Тваіх, перад зьзяньнем бліскучых дзідаў Тваіх.

12. У гневе крочыш Ты па зямлі і ў абурэньні топчаш народы.

13. Ты выступаеш дзеля ўратаваньня народу Твайго, дзеля ўратаваньня памазанца Твайго. Ты зьнішчаеш галаву бязбожнага дома, агаляючы яго ад асновы да верху.

14. Ты пранізваеш дзідамі яго галаву правадыроў яго, калі яны як віхура кінуліся разьбіраць мяне, у радасьці, нібы думаючы праглынуць гаротнага ўпотай.

15. Ты з конямі Тваімі праклаў дарогу па моры, праз багну вялікіх водаў.

16. Я пачуў - і затрапятала нутроба мая; пры вестцы пра гэта задрыжалі губы мае, боль пранік у косьці мае, і хістаецца месца пад мною; а я павінен быць спакойны ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ мой рабаўнік яго.

17. Хоць бы не расьцьвіла смакоўніца і ня было плоду на вінаградных лозах, і масьліна здрадзіла і ніва не дала ежы, хоць бы ня стала авечак у кашары і рагатага быдла ў стойлах,

18. але і тады я буду радавацца ў Госпадзе і весяліцца ў Богу збавеньня майго.

19. Гасподзь Бог - сіла мая: Ён зробіць ногі мае як у аленя і на вышыні мае ўзьвядзе мяне! (Начальніку хору).

 

Кніга Сафона

 

Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.

2. Усё зьнішчу з аблічча зямлі, - кажа Гасподзь:

3. зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.

4. І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,

5. і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,

6. і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.

7. Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.

8. І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;

9. наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.

10. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.

11. Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.

12. І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха», -

13. і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія - запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.

14. Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі - і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!

15. Дзень гневу - дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,

16. дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.

17. І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя - як памёт.

18. Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.

РАЗЬДЗЕЛ 2

1. Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,

2. пакуль ня прыйшло вызначэньне - дзень праляціць, як мякіна - пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.

3. Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.

4. Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.

5. Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе - на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,

6. і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.

7. І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.

8. Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.

9. Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.

10. Гэта ім - за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.

11. Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца - кожны месца зь месца свайго - усе выспы народаў.

12. І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.

13. І працягне Ён руку Сваю на поўнач - і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,

14. і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць - у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.

15. Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я - і няма іншага апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.

РАЗЬДЗЕЛ 3

1. Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку!

2. Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.

3. Князі яго сярод яго - рыклівыя ільвы, судзьдзі яго - вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі.

4. Прарокі яго - людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон.

5. Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму.

6. Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.

7. Я казаў: «бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне»! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні.

8. Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля.

9. Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна.

10. З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі.

11. У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй.

12. Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе.

13. Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх.

14. Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!

15. Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.

16. У той дзень скажуць Ерусаліму: «ня бойся», і Сіёну: «хай жа ня слабнуць рукі твае!

17. Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю».

18. Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.

19. Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.

20. У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь.

 

 

Кніга Агея

 

На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю.

2. Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: «ня прыйшоў яшчэ час - будаваць дом Гасподні».

3. І было слова Гасподняе праз Агея прарока:

4. а вам самім час - жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як дом гэты ў запусьценьні?

5. Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.

6. Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п'яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк.

7. Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.

8. Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь.

9. Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце - кожны да свайго дома.

10. Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў.

11. І я наклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу.

12. І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада.

13. Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: «Я з вамі! кажа Гасподзь».

14. І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей - і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго,

15. на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе цара Дарыя.

РАЗЬДЗЕЛ 2

1. На сёмым месяцы, у дваццаць першы дзень месяца, было слова Гасподняе праз Агея прарока:

2. скажы цяпер Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю, і рэшце народу:

3. хто застаўся паміж вамі, які бачыў гэты дом у ранейшай ягонай славе, і якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вашых вачах як бы нічым?

4. Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Гасподзь, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Гасподзь, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Гасподзь Саваоф.

5. Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага зь Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: ня бойцеся!

6. Бо так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ раз, - і гэта будзе неўзабаве, - Я патрасу неба і зямлю, мора і сушу,

7. і патрасу ўсе народы - і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню дом гэты славаю, кажа Гасподзь Саваоф.

8. Маё срэбра і Маё золата, кажа Гасподзь Саваоф.

9. Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Гасподзь Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Гасподзь Саваоф.

10. На дваццаць чацьвёрты дзень дзявятага месяца, на другім годзе Дарыя, было слова Гасподняе праз Агея прарока:

11. так кажа Гасподзь Саваоф: спытайся ў сьвятароў пра закон і скажы:

12. калі хто нёс сьвяшчэннае мяса ў крысе вопраткі сваёй і крысом сваім дакрануўся да хлеба, альбо да чаго-небудзь гатаванага, альбо да алею, альбо якой-небудзь ежы, - ці зробіцца гэта сьвяшчэнным? І адказвалі сьвятары і сказалі: не.

13. Потым сказаў Агей: а калі дакранецца да ўсяго гэтага хто-небудзь апаганены ад дакрананьня да мерцьвяка, ці зробіцца гэта нячыстым? І адказвалі сьвятары і сказалі: будзе нячыстае.

14. Тады адказваў Агей і сказаў: такі гэты народ, такое племя перад Мною, кажа Гасподзь, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае.

15. Цяпер павярнеце сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у храме Гасподнім.

16. Прыходзілі, бывала, да капіцы, якая можа прыносіць дваццаць мераў, і аказвалася толькі дзесяць; прыходзілі да чавільні, каб начэрпаць пяцьдзясят мераў з чавільні, а аказвалася толькі дваццаць.

17. Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Гасподзь.

18. Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Гасподні; адвярнеце сэрца ваша:

19. ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду; а з гэтага дня я дабраслаўляю іх.

20. І было слова Гасподняе да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана:

21. скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: патрасу Я неба і зямлю;

22. і скіну троны царстваў і вынішчу сілу царстваў язычніцкіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога.

23. У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілаў, раб Мой, кажа Гасподзь, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Гасподзь Саваоф.

 

 


Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 118 | Нарушение авторских прав


Читайте в этой же книге: Кніга Прарока Езэкііля 1 страница | Кніга Прарока Езэкііля 2 страница | Кніга Прарока Езэкііля 3 страница | Кніга Прарока Езэкііля 4 страница | Кніга Прарока Езэкііля 5 страница | Кніга Прарока Езэкііля 6 страница | Кніга Прарока Данііла 1 страница | Кніга Прарока Данііла 2 страница | Кніга Прарока Данііла 3 страница | Кніга Прарока Данііла 4 страница |
<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Кніга Прарока Данііла 5 страница| Кніга Захарыі

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.027 сек.)