Читайте также:
|
|
6. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому.
7. І пашлю агонь у сьцены Газы, - і зжарэ харомы яе.
8. І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, - і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог.
9. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне.
10. Пашлю агонь у сьцены Тыра, - і зжарэ харомы яго.
11. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю.
12. І пашлю агонь на Тэман, - і зжарэ харомы Васора.
13. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае.
14. І запалю агонь у сьценах Равы, - і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры.
15. І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Маава і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перапаліў косткі цара Эдомскага на вапну.
2. І пашлю агонь на Маава, - і зжарэ харомы Карыота, і загіне Мааў сярод разгрому з шумам пад гук трубы.
3. Зьнішчу судзьдзю з асяродзьдзя яго і ўсьмерчу ўсіх князёў яго разам зь ім, кажа Гасподзь.
4. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Юды і за чатыры не пашкадую яго, бо адкінулі закон Гасподні і пастановаў Яго не захавалі, і ідалы іхнія, сьледам за якімі хадзілі бацькі іхнія, зьвярнулі іх з дарогі.
5. І пашлю агонь на Юду, - і зжарэ харомы Ерусаліма.
6. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Ізраіля і за чатыры не пашкадую яго, бо прадаюць праўдзівага за срэбра і беднага - за пару сандаляў.
7. Прагнуць, каб пыл зямны быў на галаве ў бедных, і шлях паслухмяных скрыўляюць; нават бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб няславіць сьвятое імя Маё.
8. На вопратцы, узятай пад заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка, і віно, спаганянае з абвінавачаных, п'юць у доме багоў сваіх.
9. А Я зьнішчыў перад абліччам іх Амарэя, вышыня якога была як вышыня кедра, і які быў моцны як дуб; Я зьнішчыў плод яго наверсе і карэньне яго ўнізе.
10. А вас Я вывеў зь зямлі Егіпецкай і вадзіў вас у пустыні сорак гадоў, каб вы ўспадкавалі зямлю Амарэйскую.
11. З сыноў вашых Я выбіраў у прарокі і з хлопцаў вашых - у назарэі; ці ж ня так гэта, сыны Ізраіля? кажа Гасподзь.
12. А вы назарэяў паілі віном і прарокам загадвалі, кажучы: не прарочце.
13. Вось, Я прыцісну вас, як цісьне калясьніца, накладзеная снапамі, -
14. і ва ўвішнага ня станецца сілы бегчы, і моцны ня ўтрымае крэпасьці сваёй і адважны не ўратуе свайго жыцьця,
15. ні стралец з лука ня ўстоіць, ні скараход не ўцячэ, ні кожны верхавец не ўратуе свайго жыцьця.
16. І самы адважны з адважных уцячэ голы ў той дзень, кажа Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля, - на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай, - кажучы:
2. толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя.
3. Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою?
4. Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ён нічога не злавіў?
5. Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе?
6. Ці трубіць у горадзе труба, - і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы?
7. Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім прарокам.
8. Леў пачаў рыкаць, - хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць?
9. Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе.
10. Яны не ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае.
11. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае.
12. Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку.
13. Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф.
14. Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, - адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю.
15. І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. Слухайце слова гэтае, цяляты Васанскія, якія на гары Самарыйскай, - вы, што ўціскаеце бедных, прыгнятаеце гаротных, кажаце гаспадарам сваім: «падавай, і мы будзем піць!»
2. Бажыўся Гасподзь Бог сьвятасьцю Сваёю, што вось, прыйдуць на вас дні, калі павалакуць вас бусакамі і астатніх вашых вудамі.
3. І праз праломіны ў мурах выйдзеце, кожнае - як станецца, і кінеце ўсё ўбранства харомаў, кажа Гасподзь.
4. Ідзеце ў Вэтыль - і грашэце, у Галгал - і памнажайце злачынствы; прыносьце ахвяры вашыя кожнае раніцы, дзесяціны вашыя хоць праз кожныя тры дні.
5. Прыносьце ў ахвяру падзяку квасную, узьвяшчайце пра дабраахвотныя прынашэньні вашыя і расказвайце пра іх, бо гэта вы любіце, сыны Ізраілевыя, кажа Гасподзь Бог.
6. Затое і даў Я вам голыя зубы ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ва ўсіх селішчах вашых; але вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
7. І стрымліваў ад вас дождж за тры месяцы да жніва; праліваў дождж на адзін горад, а на другі горад не праліваў дажджу; адна дзялянка напойваная была дажджом, а другая, не пакропленая дажджом, засыхала.
8. І сыходзіліся два, тры гарады ў адзін горад, каб напіцца вады, і не маглі ўдосыць напіцца; але і тады вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь Бог.
9. Я пакараю вас іржою і блякласьцю хлеба; мноства садоў вашых і вінаграднікаў вашых, і смакоўніц вашых і масьлін вашых пажыраў вусень, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
10. Пасылаў Я на вас згубную пошасьць, падобную на Егіпецкую, забіваў мечам хлопцаў вашых, адводзячы коней у палон, так што смурод ад сыноў вашых падымаўся ў ноздры вашыя, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
11. Чыніў Я сярод вас разбурэньні, як разбурыў Бог Садому і Гамору, і вы былі выхапленыя, як галавешка з агню, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
12. Таму так зраблю Я з табою, Ізраіле; і як Я так зраблю з табою, дык падрыхтуйся да сустрэчы Бога твайго, Ізраіле,
13. бо вось, - Ён, Які стварае горы і творыць вецер і абвяшчае чалавеку намеры ягоныя, ранішняе сьвятло абарочвае ў морак і крочыць вышэй зямлі. Гасподзь Бог Саваоф - імя Яму.
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. Слухайце гэтае слова, у якім я падыму плач па вас, дом Ізраілеў.
2. Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе.
3. бо так кажа Гасподзь Бог: горад, які выступаў з тысячаю, застанецца толькі з сотняю, і які выступіў з сотняю, застанецца зь дзясяткам каля дома Ізраілевага.
4. Бо так кажа Гасподзь Бог дому Ізраілеваму: знайдзеце Мяне - і будзеце жывыя.
5. Ня шукайце Вэтыля і не хадзеце ў Галгал і ў Вірсавію не вандруйце, бо Галгал увесь пойдзе ў палон і Вэтыль абернецца ў нішто.
6. Знайдзеце Госпада - і будзеце жывыя, каб Ён не памкнуўся на дом Язэпаў як агонь, які зжарэ яго, і ня будзе каму патушыць яго ў Вэтылі.
7. О вы, якія суд ператвараеце ў атруту і праўду кідаеце на зямлю!
8. Хто стварыў сямізор'е і Арыён і ператварае сьмяротны цень у ясную раніцу, а дзень робіць цёмным як ноч, заклікае воды марскія і разьлівае іх па ўлоньні зямлі? Гасподзь - імя Яму!
9. Ён мацуе спусташальніка супроць дужага, і спусташальнік уваходзіць у крэпасьць.
10. А яны ненавідзяць выкрывальніка ў браме і грэбуюць тым, хто кажа праўду.
11. Дык вось, за тое, што вы топчаце беднага і бераце зь яго дарункі хлебам, вы пабудуеце дамы з часанага каменьня, але жыць ня будзеце ў іх; разьведзяце цудоўныя вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмеце.
12. Бо Я ведаю, якія шматлікія злачынствы вашыя і якія цяжкія грахі вашыя: вы - ворагі справядлівага, бераце хабар і перакручваеце ў судзе справы бедных.
13. Таму разумны маўчыць гэтым часам, бо ліхі гэты час.
14. Шукайце дабра, а ня ліха, каб засталіся вы жывыя, - і тады Гасподзь Бог Саваоф будзе з вамі, як вы кажаце.
15. Зьненавідзьце зло і палюбеце дабро і аднавеце каля брамы правасудзьдзе; магчыма, Гасподзь Бог Саваоф пашкадуе рэшту Язэпавую.
16. Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Усяўладны: на ўсіх вуліцах будзе плач, і на ўсіх дарогах будуць усклікаць: жаль, жаль! і заклічуць земляробы бедаваць і спанатраных у жалобных песьнях - плакаць,
17. і ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо Я прайду сярод Цябе, кажа Гасподзь.
18. Гора тым, якія жадаюць дня Гасподняга! Навошта вам гэты дзень Гасподні? ён - цемра, а не сьвятло, -
19. тое самае, як калі б хто ўцёк ад ільва - і трапіўся б яму насустрач мядзьведзь, альбо калі б прыйшоў дахаты і абаперся рукою аб сьцяну - і зьмяя ўкусіла б яго.
20. Хіба дзень Гасподні ня морак, а сьвятло? ён - цемра, і няма ў ім зьзяньня.
21. Ненавіджу, адкідаю сьвяты вашыя і ня нюхаю ахвяр у час урачыстых сходаў вашых.
22. Калі прынесяце Мне цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, Я ня прыму іх і не пагляджу на падзякавальную ахвяру з тлустых цяльцоў вашых.
23. Адвядзі ад Мяне шум песьняў тваіх, бо гукаў гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.
24. Хай як вада цячэ суд, і праўда - як моцны паток!
25. Ці прыносілі вы Мне ахвяры і хлебныя дарункі ў пустыні ў ходзе сарака гадоў, дом Ізраілеў?
26. Вы насілі скінію Малохавую і зоркі бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы сабе зрабілі.
27. За тое Я перасялю вас за Дамаск, кажа Гасподзь; Бог Саваоф - імя Яму!
РАЗЬДЗЕЛ 6
1. Гора бястурботным на Сіёне і спадзявальцам на гару Самарыйскую, знакамітым народу-першынца, да якіх прыходзіў дом Ізраіля!
2. Прайдзеце ў Калне і паглядзеце, адтуль перайдзеце ў Эмат вялікі і спусьцецеся ў Гэт Філістымкі: ці ня лепшыя яны за гэтыя царствы? ці ня шырэйшыя іх абшары за абшары вашыя?
3. Вы, якія дзень бедства лічыце далёкім і набліжаеце перамогу насільля, -
4. вы, якія ляжыце на ложках з слановай касьці і песьціцеся на пасьцелях вашых, ясьце найлепшых бараноў са статку і цялят з кормнае пашы,
5. сьпяваеце пад гукі гусьляў, думаючы, што валодаеце зычным інструментам, як Давід.
6. п'яце з чараў віно, мажацеся найлепшымі масьцямі і ня ўбольваецеся зь бедства Язэпа!
7. За тое сёньня пойдуць яны ў палон на чале палонных, і скончыцца вялікая радасьць сьпешчаных.
8. Божыцца Гасподзь Бог Самім Сабою, і так кажа Гасподзь Бог Саваоф: грэбую пыхлівасьцю Якава і ненавіджу харомы ягоныя, і аддам горад і ўсё, што напаўняе яго.
9. І будзе: калі ў якім доме застанецца дзесяць чалавек, дык памруць і яны,
10. і возьме іх родзіч іхні альбо спальшчык, каб вынесьці косткі іх з дому, і скажа прыдомніку: «ці ёсьць у цябе яшчэ хто?» Той адкажа: «няма нікога». І скажа гэты: «маўчы! бо нельга згадваць імя Гасподняга».
11. Бо вось, Гасподзь дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы - шчылінамі.
12. Ці бегаюць коні па скале? ці можна араць яе валамі? Вы тым часам суд ператвараеце ў атруту і плод праўды - у горыч,
13. вы, якія захапляецеся нікчэмнымі рэчамі і кажаце: «ці не сваёю сілаю мы набылі сабе магутнасьць?»
14. Вось Я, кажа Гасподзь Бог Саваоф, падыму народ супроць вас, дом Ізраілеў, і буду ціснуць вас ад уваходу ў Эмат да патока ў пустыні.
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля царскага пакосу.
2. І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: Госпадзе Божа! пашкадуй; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
3. І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «ня будзе гэтага», сказаў Гасподзь.
4. Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Гасподзь Бог утварыў для суду агонь, - і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі.
5. І сказаў я: Госпадзе Божа! спыні; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
6. І пашкадаваў Гасподзь пра тое: «і гэтага ня будзе», сказаў Гасподзь Бог.
7. Такую ўяву адкрыў Ён мне: вось, Гасподзь стаяў на выноснай сьцяне, і ў руцэ ў яго сьвінцовая вага.
8. І сказаў мне Гасподзь: «што ты бачыш, Амосе?», я адказаў: «вагу». І Гасподзь сказаў: «вось, пакладу вагу сярод народу майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму.
9. І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану зь мечам супроць дому Ераваамавага».
10. І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, цара Ізраільскага, сказаць: Амос утварае смуту супроць цябе сярод дому Ізраілевага; зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных,
11. бо так кажа Амос: ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным зь зямлі сваёй.
12. І сказаў Амасія Амосу: празорлівец! ідзі і сыдзі ў зямлю Юдавую; там еж хлеб і там прароч,
13. а ў Вэтылі больш не прароч, бо ён - сьвятыня цара і дом царскі.
14. І адказваў Амос і сказаў Амасію: я - не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы.
15. Але Гасподзь узяў мяне ад авечак, і сказаў мне Гасподзь: ідзі, прароч народу Майму Ізраілю.
16. Цяпер выслухай слова Гасподняе. Ты кажаш: не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў.
17. За гэта, вось што кажа Гасподзь: жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе зь зямлі сваёй.
РАЗЬДЗЕЛ 8
1. Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі.
2. І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму.
3. Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі.
4. Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, -
5. вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота - каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі,
6. каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць.
7. Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх!
8. Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая.
9. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня,
10. і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы - у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе - як горкі дзень.
11. Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад, - ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх.
12. І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго.
13. У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы,
14. якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! - Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.
РАЗЬДЗЕЛ 9
1. Бачыў я Госпада, Які стаяў над ахвярнікам, і Ён сказаў: стукні ў бэльку над варотамі, каб патрэсьліся вушакі, і абярні іх на галовы ўсіх іх, а астатніх зь іх Я паб'ю мечам: не ўцячэ ў іх ніхто, хто бяжыць, і не ўратуецца зь іх ніхто, хто жадае ўратавацца.
2. Хоць бы яны зачыніліся ў апраметную, і адтуль рука Мая возьме іх; хоць бы ўзышлі на неба, і адтуль скіну іх.
3. І хоць бы яны схаваліся на вяршыні Карміла, і там знайду і вазьму іх; хоць бы схаваліся ад вачэй Маіх на дне мора, і там загадаю марскому зьмею ўгрызьці іх.
4. І калі пойдуць у палон паперадзе ворагаў сваіх, дык загадаю мечу і там забіць іх. Абярну на іх вочы Мае на бяду ім, а не на дабро.
5. Бо Гасподзь Бог Саваоф дакранецца да зямлі, - і яна растане, і заплачуць усе жывыя на ёй; і падымецца ўся яна як рака, і апусьціцца Як рака Егіпецкая.
6. Ён зладзіў вышнія харомы Свае на нябёсах і скляпеньне Сваё ўмацаваў на зямлі, заклікае воды марскія і вылівае іх па ўлоньні зямлі; Гасподзь - імя Яму.
7. Ці не такія, як сыны Эфіопаў, і вы для Мяне, сыны Ізраілевыя? кажа Гасподзь. Ці ня Я вывеў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай і Філістымлянаў - з Кафтора і Арамлянаў - з Кіра?
8. Вось, вочы Госпада Бога - на грэшнае царства, і Я зьнішчу яго з аблічча зямлі; але дом Якава ня зусім зьнішчу, кажа Гасподзь.
9. Бо вось, Я загадаю і рассыплю дом Ізраілеў па ўсіх народах, як рассыпаюць зерне ў рэшаце, і ніводнае не ўпадзе на зямлю.
10. Ад меча памруць усе грэшнікі з народу Майго, якія кажуць: «не спасьцігне нас і ня прыйдзе да нас гэтае бедства!»
11. У той дзень Я аднаўлю скінію Давідавую заняпалую, што ўпала, зачыню трэшчыны ў ёй і разбуранае адбудую, і зладжу яе, як у дні старадаўнія,
12. каб яны авалодалі рэштай Эдома і ўсімі народамі, паміж якімі абвесьціце імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта.
13. Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі араты застане яшчэ жняца, а той, таптальнік вінаграду, - сейбіта; і горы крынічыць будуць вінаградным сокам, і ўсе пагоркі пацякуць.
14. І вярну з палону народ Мой, Ізраіля, і забудуць апусьцелыя гарады і паселяцца ў іх, насадзяць вінаграднікі і будуць піць віно зь іх, разьвядуць сады і пачнуць есьці плады зь іх.
15. І асялю іх на зямлі іхняй і іх ня будуць болей вырываць зь зямлі іхняй, якую Я даў ім, кажа Гасподзь Бог твой жа Гасподзь.
Кніга Аўдзея
Уява Аўдзею. Так кажа Гасподзь Бог пра Эдома: вестку пачулі мы ад Госпада, і пасол пасланы абвясьціць народам: «уставайце, і пойдзем супраць яго вайною!»
2. Вось, Я зрабіў цябе малым сярод народаў, і ты ў вялікай пагардзе.
3. Ганарыстасьць сэрца твайго падманула цябе; ты жывеш у расколінах скал на ўзвышаным месцы і кажаш у сэрцы тваім: «хто скіне мяне на зямлю?»
4. Але хоць бы ты, як арол, падняўся высока і сярод зорак зладзіў гняздо тваё, дык і адтуль Я скіну цябе, кажа Гасподзь.
5. Ці ня злодзеі прыходзілі да цябе, ці не начныя рабаўнікі, што ты так абабраны? Але яны ўкралі б столькі, колькі ім трэба. Калі б да цябе залезьлі абіральнікі вінаграду, дык і яны ці ж бы не пакінулі некалькіх ягадзін?
6. Як абабрана ўсё ў Ісава і абшуканы ўсе патайнікі ягоныя!
7. Да мяжы выведуць цябе ўсе супольнікі твае, ашукаюць цябе, адолеюць цябе тыя, што жывуць з табою ў міры, удараць цябе тыя, што хлеб твой ядуць. Няма ў ім сэнсу!
8. Ці ня ў той дзень гэта будзе, кажа Гасподзь, калі Я вынішчу мудрых у Эдоме і разумных на гары Ісава?
9. Працятыя будуць страхам адважнікі твае, Фэман, каб усе на гары Ісава вынішчаны былі забойствам.
10. За ўціск брата твайго, Якава, пакрые цябе сорам, і ты зьнішчаны будзеш назаўсёды.
11. У той дзень, калі ты стаяў насупраць, у той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін зь іх.
12. Ня варта было б табе глядзець на дзень брата твайго, на дзень адчужэньня яго; ня варта было б радавацца за сыноў Юды ў дзень іхняй пагібелі і разьзяўляць рот у дзень бедства.
13. Ня трэба было табе ўваходзіць у браму народу Майго ў дзень няшчасьця яго і нават глядзець на злашчасьце яго ў дзень пагібелі ягонай, ні дакранацца да маёмасьці ягонай у дзень бедства ягонага.
14. Ні стаяць на ростанях, каб забіваць тых, што ўцякалі ад яго, ні выдаваць ацалелых ад яго ў дзень бедства.
15. Бо блізкі дзень Гасподні на ўсе народы: як ты рабіў, так будзе зроблена і з табою; аддача твая абернецца на галаву тваю.
16. Бо як вы пілі на сьвятой гары Маёй, так усе народы заўсёды піцьмуць, будуць піць, праглынуць і будуць - як бы іх ня было.
17. А на гары Сіёне будзе збавеньне, і будзе яна сьвятыняю; і дом Якава атрымае ва ўладаньне спадчыну сваю.
18. І дом Якава будзе агнём і дом Язэпа - полымем, а дом Ісава - саломаю: запаляць яго і зьнішчаць яго, і нікога не застанецца з дому Ісава, бо Гасподзь сказаў гэта.
19. І завалодаюць тыя, што на поўдзень, гарою Ісава, а якія ў даліне - Філістымлянамі; і завалодаюць полем Яфрэма і полем Самарыі, а Веньямін завалодае Галаадам.
20. І пераселеныя з войска сыноў Ізраілевых завалодаюць зямлёю Хананэйскаю да Сарэпты, а пераселеныя зь Ерусаліма, якія ў Сэфарадзе, атрымаюць у валоданьне гарады паўднёвыя.
21. І прыйдуць ратавальнікі на гару Сіён, каб судзіць гару Ісава, - і будзе царства Госпада.
Кніга Ёны
І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:
2. «устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне».
3. І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
4. Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.
5. І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
6. І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: «чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем».
7. І сказалі адзін аднаму: «хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда». І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.
8. Тады сказалі яму: «скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?»
9. І ён сказаў ім: «я - Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу».
10. І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: «дзеля чаго ты гэта зрабіў», бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.
11. І сказалі яму: «што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?», бо мора не пераставала хвалявацца.
12. Тады ён сказаў ім: «вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, - і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура».
13. Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.
14. Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: «молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!»
15. І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.
16. І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. І загадаў Гасподзь вялікаму кіту праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта тры дні і тры ночы.
2. І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта
3. і сказаў: «да Госпада заклікаў я ў смутку маім, - і Ён пачуў мяне; з чэрава апраметнай я загаласіў, - і Ты пачуў голас мой.
4. Ты ўкінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі акружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае праходзілі над мною.
5. І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу сьвяты храм Твой.
6. Абнялі мяне воды да душы маёй, бездань замкнула мяне; марскою травою абвіта была галава мая.
7. Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне; але Ты, Госпадзе Божа мой, душу маю выведзеш зь пекла.
8. Калі зьнемагла ўва мне душа мая, я ўспомніў пра Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да храма сьвятога Твайго.
9. Пашаноўцы марных і фальшывых божышчаў пакінулі Мілажальнага свайго,
10. а я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што абяцаў, выканаю. У Госпада выратаваньне!»
11. І сказаў Гасподзь кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу.
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. І было слова Гасподняе Ёну другі раз:
2. «устань, ідзі ў Нінэвію - горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».
3. І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.
4. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, - і Нінэвія будзе разбурана!»
5. І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.
6. Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, - і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,
7. і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,
8. і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.
9. Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».
10. І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. Ёна моцна засмуціўся з гэтага і быў раздражнёны.
2. І маліўся ён Госпаду і сказаў: «о, Госпадзе! ці ж ня раз гэта казаў я, калі быў яшчэ ў краіне маёй? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаў, што Ты - Бог добры і міласэрны, шматцярплівы і шматлітасьцівы, і шкадуеш за бедства.
3. І сёньня, Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепей мне памерці, чым жыць».
4. І сказаў Гасподзь: «няўжо гэта засмуціла цябе так моцна?»
5. І выйшаў Ёна з горада і сеў з усходняга боку каля горада, і зрабіў сабе там намёт і сеў пад ім у цяні, каб убачыць, што будзе з горадам,
6. І вырасьціў Гасподзь Бог расьліну, і яна паднялася над Ёнам, каб над галавою ягонай быў цень і каб выбавіць яго ад засмучэньня ягонага; Ёна вельмі ўзрадаваўся расьліне гэтай.
7. І зрабіў Бог так, што на другі дзень з зарою чарвяк падтачыў расьліну, і яна засохла.
8. А калі ўзышло сонца, навёў Бог сьпякотны ўсходні вецер, і сонца пачало пячы галаву Ёны, так што ён зьнямог і прасіў сабе сьмерці і сказаў: «лепей мне памерці, чым жыць».
9. І сказаў Бог Ёну: «няўжо так моцна засмуціўся ты за расьліну?» Ён сказаў: «вельмі засмуціўся, нават да сьмерці».
10. Тады сказаў Гасподзь: «ты шкадуеш за расьліну, над якою ты не працаваў і якое не гадаваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ж ноч і прапала:
11. Мне ці ж не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?»
Кніга Міхея
Слова Гасподняе, якое было Міхею Марастыціну ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і якое адкрыта яму ў Самарыі і Ерусаліме.
2. Слухайце ўсе народы, уважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе! Хай будзе Гасподзь Бог сьведка супроць вас, Госпадзе зь сьвятога храма Свайго!
3. Бо вось, Гасподзь выходзіць зь месца Свайго, сыдзе і наступіць на вышыні зямлі,
4. і горы растануць пад Ім, даліны распадуцца, як воск ад агню, як воды, што льюцца з урвішча.
5. Усё гэта - за грэшнасьць Якава, за грэх дому Ізраілевага. Ад каго грэшнасьць Якава? ці не ад Самарыі? Хто зладзіў вышыні ў Юдэі? ці не Ерусалім?
6. За што зраблю Самарыю грудай руінаў у полі, месцам пад разьвядзеньне вінаграду; скіну ў даліну каменьне яе і агалю асновы яе.
7. Усе балваны яе будуць разьбіты і ўсе любадзейныя дары яе спалены будуць агнём, і ўсіх ідалаў яе аддам на разбурэньне, бо зь любадзейных дароў яна рабіла іх; на любадзейныя дары яны і будуць абернуты.
8. За гэта я буду плакаць і галасіць, буду хадзіць як абрабаваны і аголены, выць, як шакалы, і плакаць, як страўсы,
9. бо балючае паражэньне яе, дайшло да Юды, дасягнула нават да брамы народу майго, да Ерусаліма.
10. Не абвяшчайце пра гэта ў Гэце, ня плачце там уголас; а ў селішчы Офра пакрый сябе попелам.
11. Перасяляйцеся, жыхаркі Шафіра, сорамна аголеныя; не ўцячэ і тая, што жыве ў Цаане; плач у селішчы Эцаль ня дасьць вам спыніцца ў ім.
12. Бядуе па сваім дабры жыхарка Мароты, бо сышло бедства ад Госпада да брамы Ерусаліма.
13. Запрагай у калясьніцу борздых, жыхарка Лахіса; ты - пачатак грэху дачкі Сіёнавай, бо ў цябе паявіліся злачынствы Ізраіля.
Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 165 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Кніга Прарока Данііла 3 страница | | | Кніга Прарока Данііла 5 страница |