Читайте также:
|
|
5. І расьсеяліся яны бяз пастыра і расьсеяўшыся парабіліся ежаю ўсякаму зьверу польнаму.
6. Блукаюць авечкі Мае па ўсіх горах і па ўсякіх высокіх пагорках, і па ўсім улоньні зямлі расьсеяліся авечкі Мае, і ніхто не разьведвае пра іх і ніхто ня шукае іх.
7. Таму, пастыры, выслухайце слова Гасподняе.
8. Жыву Я! кажа Гасподзь Бог; за тое, што авечкі Мае былі пакінутыя, каб іх пахапалі, і бяз пастыра зрабіліся авечкі Мае ежаю ўсякаму зьверу польнаму, і пастыры Мае ня шукалі авечак Маіх і пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,
9. за тое, пастыры, паслухайце слова Гасподняе.
10. Так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім.
11. Бо так кажа Гасподзь Бог: вось Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх.
12. Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, у якія яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны.
13. І выведу іх з народаў і зьбяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іхнюю і буду пасьвіць іх на горах Ізраілевых, каля патокаў і на ўсіх населеных мясьцінах зямлі гэтай.
14. Буду пасьвіць іх на добрай пашы, і кашара іхняя будзе на высокіх горах Ізраілевых; там яны будуць адпачываць у добрым загоне і будуць пасьвіцца на сакавітай пашы - на горах Ізраілевых.
15. Я буду пасьвіць авечкі Мае і Я буду пакоіць іх, кажа Гасподзь Бог.
16. Якая згубілася, тую знайду і адагнаную вярну, і параненую перавяжу і хворую ўмацую, і ўтлусьцелую і буйную зьнішчу; буду пасьвіць іх па праўдзе.
17. А вас, авечкі Мае, - так кажа Гасподзь Бог, - вось, Я буду судзіць паміж авечкаю і авечкаю, паміж бараном і казлом.
18. Хіба мала вам таго, што пасьвіцеся на добрай пашы, а між тым астатняе на пашы вашай дратуеце нагамі вашымі, п'яце чыстую ваду, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі,
19. так што авечкі Мае павінны карміцца тым, што патаптана нагамі вашымі, і піць тое, што скаламучана нагамі вашымі?
20. Таму так кажа ім Гасподзь Бог: вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкаю тлустаю і авечкаю худою.
21. Як што вы штурхаеце бокам і плячом, і рагамі сваімі бораце ўсіх слабых, пакуль ня выштурхнеце іх вонкі,
22. дык Я ўратую авечкі Мае, і іх ня будуць ужо расьцягваць, і рассуджу паміж авечкаю і авечкаю.
23. І пастаўлю над імі аднаго пастыра, які будзе пасьвіць іх, раба Майго Давіда; ён будзе пасьвіць іх і ён будзе ў іх за пастыра.
24. І Я Гасподзь буду іхнім Богам, і раб Мой Давід будзе князем сярод іх. Я Гасподзь сказаў гэта.
25. І заключу зь імі запавет міру і выдалю зь зямлі лютых зьвяроў, так што ў бясьпецы жыцьмць у стэпе і спацьмуць у лясах.
26. Дам ім і ваколіцам пагорка Майго дабраславеньне, і дождж буду пасылаць у свой час; гэта будзе дождж дабраславеньня.
27. І палявое дрэва будзе даваць плод свой, і зямля будзе даваць утворы свае; і будуць яны ўбясьпечаны на зямлі сваёй, і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі паламаю сувязі ярма іхняга і вызвалю іх з рукі рабаўніка іхняга.
28. Яны ня будуць ужо здабычаю народаў, і палявыя зьвяры ня будуць жэрці іх; яны будуць жыць убясьпечана, і ніхто ня будзе палохаць іх.
29. І ўчыню ў іх пасадку слаўную, і ня будуць ужо гінуць ад голаду на зямлі і цярпець ганьбаваньне ад народаў.
30. І ўведаюць, што Я, Гасподзь Бог іхні - зь імі, і яны, дом Ізраілеў - Мой народ, кажа Гасподзь Бог,
31. і што вы - авечкі Мае, авечкі паствы Маёй; вы - людзі, а Я - Бог ваш, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 35
1. І было мне слова Гасподняе:
2. сыны чалавечыя! павярні аблічча тваё да гары Сэір і вымаві на яе прароцтва
3. і скажы ёй: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, гара Сэір! і працягну на цябе руку Маю і зраблю цябе пустою і незаселенаю.
4. Гарады твае ператвару ў разваліны, і ты сама апусьцееш і ўведаеш, што Я - Гасподзь.
5. Як што ў цябе вечная варожасьць, і ты аддавала сыноў Ізраілевых у рукі мечу ў час няшчасьця іхняга, у час канчатковай пагібелі,
6. за гэта, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю цябе крывёю, і кроў будзе перасьледаваць цябе; як што ты не ненавідзела крыві, дык кроў і будзе перасьледаваць цябе.
7. І зраблю гару Сэір пустым і бязьлюдным стэпам і вынішчу на ёй прыхадня і вяртанца.
8. І напоўню вышыні яе забітымі яе: на пагорках тваіх і ў далінах тваіх і ва ўсіх калдобінах тваіх будуць падаць пабітыя мечам.
9. Зраблю цябе пустыняю вечнаю, і ў гарадах тваіх ня будуць жыць, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
10. Так, як ты казала: гэтыя два народы і гэтыя дзьве зямлі будуць мае, і мы завалодаем імі, хоць і Гасподзь быў там,
11. за тое, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю з табою ў меру нянавісьці тваёй, якую ты выказала зь нянавісьці тваёй да іх, і яўлю Сябе ім, калі буду судзіць цябе.
12. І ўведаеш, што Я Гасподзь чуў усе глумленьні твае, якія ты вымаўляла на горы Ізраілевыя, кажучы: «апусьцелі! нам аддадзены, каб мы зьелі!»
13. Вы пышыліся перада Мною языком вашым і памнажалі прамовы вашыя супроць Мяне; я чуў гэта.
14. Так кажа Гасподзь Бог: калі ўся зямля будзе радавацца, Я зраблю цябе пустыняю.
15. Як ты радавалася таму, што доля дому Ізраілевага апусьцела, так зраблю Я і з табою: спустошана будзеш, гара Сэір, і ўся Ідумэя разам, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 36
1. І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе.
2. Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: «ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю»,
3. дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі,
4. за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам;
5. за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе.
6. Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў.
7. Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой.
8. А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць.
9. Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць.
10. І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны.
11. І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
12. І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі.
13. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: «ты - зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным,»
14. затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
15. І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
16. І было мне слова Гасподняе:
17. сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе.
18. І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі.
19. І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх.
20. І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: «яны - народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай»;
21. І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў.
22. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі.
23. І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі.
24. І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу.
25. І акраплю вас чыстаю вадою, - і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас.
26. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное.
27. Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.
28. І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
29. І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад.
30. І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад.
31. Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя.
32. Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў.
33. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны,
34. і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма,
35. тады скажуць: «гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены».
36. І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў - і зрабіў.
37. Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак.
38. Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 37
1. Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей,
2. і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія.
3. І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта.
4. І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: «косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!»
5. Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце.
6. І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
7. Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю.
8. І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх.
9. Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць.
10. І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, - і яны ажылі і сталі на ногі свае - досыць, вялікае полчышча.
11. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя - увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: «высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня».
12. Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую.
13. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых,
14. і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай - і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта - і зрабіў, кажа Гасподзь.
15. І было мне слова Гасподняе:
16. а ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе адно жазло і напішы на ім: «Юду і сынам Ізраілевым, што ў спрымірэнстве зь ім»; і яшчэ вазьмі жазло і напішы на ім: «Язэпу», гэта - жазло Яфрэмава і ўсяго дому Ізраілевага, што ў спрымірэнстве зь ім.
17. І складзі іх у сябе адзін з адным у адно жазло, каб яны ў руцэ тваёй былі адно.
18. І калі спытаюцца ў цябе сыны народу твайго: «ці не растлумачыш нам, што гэта ў цябе?»
19. Тады скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму жазло Язэпава, якое ў руцэ ў Яфрэма і спрыміраных зь ім плямёнаў Ізраілевых, і прыкладу іх да яго, да жазла Юдавага, і зраблю іх адным жазлом, і будуць адно ў руцэ Маёй.
20. Калі ж абодва жэзлы, на якіх ты напішаш, будуць у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі,
21. дык скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму сыноў Ізраілевых спасярод народаў, сярод якіх яны жывуць, і зьбяру іх адусюль і прывяду іх у зямлю іхнюю.
22. На гэтай зямлі, на горах Ізраіля Я зраблю іх адным народам, і адзін Цар будзе царом ва ўсіх іх, і ня будуць болей двума народамі і ўжо ня будуць наперад дзяліцца на два царствы.
23. І ня будуць ужо апаганьваць сябе ідаламі сваімі і рознымі заганамі сваімі, і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, дзе яны жывуць, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, - і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.
24. А раб Мой Давід будзе царом над імі і пастырам усіх іх, і яны будуць хадзіць паводле запаведзяў Маіх і пастановы Мае будуць захоўваць і выконваць іх.
25. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву, на якой жылі бацькі іхнія: там будуць жыць яны і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх вавекі; і раб Мой Давід будзе князем у іх вечна.
26. І заключу зь імі запавет міру, запавет вечны будзе зь імі. І ўладкую іх і памножу іх і пастаўлю сярод іх сьвятыню Маю навекі.
27. І будзе ў іх жытло Маё, і буду іхнім Богам, а яны будуць Маім народам.
28. І ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх вавекі.
РАЗЬДЗЕЛ 38
1. І было мне слова Гасподняе:
2. сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Гога ў зямлі Магог, князя Роша, Мэшэха і Тувала, і вымаві на яго прароцтва
3. і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
4. І павярну цябе і ўкладу цуглі ў сківіцы твае і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і верхаўцоў, усіх пры поўнай зброі, вялікае полчышча, у брані і з шчытамі, усіх узброеных мечамі,
5. Персаў, Эфіопаў і Лівійцаў зь імі, усіх з шчытамі і ў шаломах,
6. Гамэра з усімі ягонымі атрадамі, дом Тагарма, ад паўночных межаў, з усімі ягонымі атрадамі, многія народы з табою.
7. Рыхтуйся і зьбірайся - ты і ўсе полчышчы твае, што пазьбіраліся да цябе, - і будзь ім за правадыра.
8. Праз многа дзён ты спатрэбішся; у апошнія гады ты прыйдзеш у зямлю, збаўленую ад меча, сабраную з многіх гарадоў, на горы Ізраілевыя, якія былі ў пастаянным запусьценьні, але цяпер жыхары яе будуць вернуты з народаў і ўсе яны будуць жыць у бясьпецы.
9. І падымешся як бура, пойдзеш як хмара, каб накрыць зямлю, - і ты і ўсе полчышчы твае і многія народы з табою.
10. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень прыйдуць табе на сэрца думкі, і ты намысьліш ліхі ўчынак
11. і скажаш: падымуся я на зямлю неабгароджаную, пайду на бястурботных, якія жывуць у бясьпецы, - усе яны жывуць бязь сьцен, і няма ў іх ні замкоў, ні дзьвярэй,
12. каб учыніць рабунак і набраць здабычы, накласьці руку на зноў заселеныя руіны і на народ, сабраны з народаў, які вядзе гаспадарку і гандаль, які жыве на вяршыні зямлі.
13. Сава і Дэдан і купцы Тарсіскія з усімі іхнімі маладымі львамі скажуць табе: ты прыйшоў, каб учыніць рабунак, сабраў полчышча тваё, каб набраць здабычы, узяць срэбра і золата, адабраць быдла і маёмасьць, захапіць вялікую здабычу?
14. Таму вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы Гогу: так кажа Гасподзь Бог: ці ж не? таго дня, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты ўведаеш гэта;
15. і пойдзеш зь месца твайго ад паўночных межаў, - і ты і многія народы з табою, усе, хто сядзіць на конях, зборня вялікая і войска шматлікае.
16. І падымешся на народ Мой, на Ізраіля, як хмара, каб накрыць зямлю: гэта будзе ў апошнія дні, і Я прывяду цябе на зямлю Маю, каб народы ўведалі Мяне, калі Я над табою, Гог, яўлю сьвятасьць Маю перад іх вачамі.
17. Так кажа Гасподзь Бог: ці ня ты - той самы, пра якога Я гаварыў у старадаўнія дні праз рабоў Маіх, прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі ў тыя часы, што Я прывяду цябе на іх.
18. І будзе ў той дзень, калі Гог прыйдзе на зямлю Ізраілевую, кажа Гасподзь Бог, гнеў Мой запалае ў лютасьці Маёй.
19. І ў рэўнасьці Маёй, у агні абурэньня Майго Я сказаў: сапраўды ў той дзень адбудзецца вялікае патрасеньне на зямлі Ізраілевай.
20. І затрымцяць ад аблічча Майго рыбы марскія і птушкі нябесныя, і зьвяры польныя і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі, якія на ўлоньні зямлі, і абваляцца горы і ўпадуць уцёсы, і ўсе сьцены ўпадуць на зямлю.
21. І па ўсіх горах Маіх заклічу меч супроць яго, кажа Гасподзь Бог; меч кожнага чалавека будзе супроць брата ягонага.
22. І буду судзіцца зь ім згубнаю пошасьцю і праліцьцём крыві, і вылью на яго і на ягоныя палкі і на многія народы, якія зь ім, усепатопны дождж і каменны град, агонь і серку;
23. І пакажу Маю веліч і сьвятасьць Маю і яўлю Сябе перад вачыма многіх гарадоў, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 39
1. А ты, сыне чалавечы, прамові прароцтва на Гога і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
2. І павярну цябе і павяду цябе, і выведу цябе ад краёў поўначы і прывяду цябе на горы Ізраілевыя.
3. І выб'ю лук твой зь левай рукі тваёй і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
4. Упадзеш ты на горах Ізраілевых, і ты і ўсе палкі твае і народы, якія з табою; і аддам цябе, каб зьелі, розным драпежным птушкам і зьвярам польным.
5. На адкрытым полі ўпадзеш, бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
6. І пашлю агонь на зямлю Магог і на жыхароў астравоў, якія жывуць у бясьпецы, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
7. І яўлю сьвятое імя Маё сярод народу Майго, Ізраіля, і ня дам наперад няславіць сьвятога імя Майго, - і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Сьвяты ў Ізраілі.
8. Вось гэта і прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог, гэта той дзень, пра які Я сказаў.
9. Тады жыхары гарадоў Ізраілевых выйдуць і раскладуць агонь і будуць паліць зброю, шчыты і латы, лукі і стрэлы, і булавы і дзіды, сем гадоў будуць паліць іх.
10. І ня будуць насіць дроў з поля, ані сячы іх у лясах, а будуць паліць толькі зброю; і абрабуюць рабаўнікоў сваіх і абяруць абіральнікаў сваіх, кажа Гасподзь Бог.
11. І будзе ў той дзень: дам Гогу месца на магілу ў Ізраілі, даліну, па якой праходзяць на ўсход ад мора, і яна будзе затрымліваць праходняў; і пахаваюць там Гога і ўсё полчышча ягонае і называцьмуць яе далінаю полчышча Гогавага.
12. І дом Ізраілеў сем месяцаў будзе хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.
13. І ўвесь народ зямлі будзе хаваць іх, і славуты будзе ў іх дзень, калі Я праслаўлю Сябе, кажа Гасподзь Бог.
14. І назначаць людзей, якія ўвесь час будуць абыходзіць зямлю і з дапамогаю прахожых хавацьмуць тых, што засталіся на паверхні зямлі - дзеля ачышчэньня яе: а як пройдзе сем месяцаў яны пачнуць рабіць пошукі,
15. і калі хто з тых, што абыходзяць зямлю, убачыць костку чалавечую, той паставіць каля яе знак, пакуль пахавальнікі не пахаваюць яе ў даліне полчышча Гогавага
16. І будзе імя гораду: Гамона*. І так ачысьцяць яны зямлю.
17. А ты, сыне чалавечы, - так кажа Гасподзь Бог, скажы розным птушкам і ўсім зьвярам польным: зьбірайцеся і йдзеце, з усіх бакоў сыходзьцеся да ахвяры Маёй, якую Я закалю вам, да вялікай ахвяры на горах Ізраілевых, - і есьцімеце мяса і піцьмеце кроў:
18. мяса мужоў дужых будзеце есьці і будзеце піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят, казлоў і цялят, усіх выкармленых на Васане;
19. і будзеце есьці тлушч удосыць і піць кроў дап'яна з ахвяры Маёй, якую Я закалю вам.
20. І насыціцеся за сталом Маім конямі і коньнікамі, мужамі дужымі і ўсякімі людзьмі вайсковымі, кажа Гасподзь Бог.
21. І яўлю славу Маю паміж народамі, і ўсе народы ўбачаць суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую Я накладу на іх.
22. І будзе ведаць дом Ізраілеў, што Я - Гасподзь Бог іхні, ад сёньня і далей.
23. І ўведаюць народы, што дом Ізраілеў быў пераселены за няпраўду сваю; за тое, што яны паводзіліся вераломна перада Мною, Я схаваў ад іх аблічча Маё і аддаў іх у рукі ворагам іхнім, - і ўсе яны загінулі ад меча.
24. За нячыстасьць іхнюю і за іх пахібнасьць Я зрабіў гэта зь імі і схаваў ад іх аблічча Маё.
25. Таму так кажа Гасподзь Бог: сёньня вярну палон Якаваў і памілую ўвесь дом Ізраілеў і падбаю паводле сьвятога імя Майго.
26. І адчуюць яны няславу сваю і ўсе пахібы свае, якія рабілі перада Мною, калі жыцьмуць на зямлі сваёй у бясьпецы і ніхто ня будзе запалохваць іх,
27. калі Я вярну іх з народаў і зьбяру іх зь земляў ворагаў іхніх і яўлю ў іх сьвятасьць Маю перад вачамі многіх народаў.
28. І ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага зь іх.
29. І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Гасподзь Бог.
* Полчышча
РАЗЬДЗЕЛ 40
1. У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды.
2. Ва ўявах Божых, прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі,
3. і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы.
4. І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму.
5. І вось, па-за храмам - мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа - трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні.
6. Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні.
7. І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна.
8. І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну,
9. а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы - з боку храма.
10. Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры - з аднаго боку і тры - з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку.
11. Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы - трынаццаць локцяў.
12. А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць - з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку.
13. Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй.
14. А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў - у кожным слупе каля двара і каля брамы,
15. і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы - пяцьдзясят локцяў.
16. Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, усярэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах - пальмы.
17. І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там - пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце.
18. І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй.
19. І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў - на ўсход і на поўнач.
20. Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач,
21. і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх - пяцьдзясят локцяў, а шырыня - дваццаць пяць локцяў.
22. І вокны іх і выступы іх і пальмы іх - той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы.
23. І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў.
24. І павёў мяне на поўдзень, і вось там - брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру.
25. І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх - такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў.
26. Пад'ём да іх - у сем прыступак, і пераддзьвер'е перад імі; і пальмавыя акрасы - адно з аднаго боку і адно з другога - на слупах іх.
27. І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў.
28. І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру.
29. І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх - той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню - пацьдзясят локцяў, а ў шырыню - дваццаць пяць локцяў.
30. Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў.
31. І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; пад'ём да іх - на восем прыступак.
32. І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру.
33. І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня - дваццаць пяць локцяў.
34. Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; пад'ём да іх, на восем прыступак.
35. Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру.
36. Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню - пяцьдзясят локцяў і ў шырыню - дваццаць пяць локцяў.
37. Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; пад'ём да яе - на восем прыступак.
38. Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня.
39. А ў бабінцы каля брамы два сталы - з аднаго боку і два - з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства.
40. І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай - два сталы.
41. Чатыры сталы - з аднаго боку і чатыры сталы - з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры.
42. І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры.
43. І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса.
44. Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач.
45. І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень - для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма;
46. а пакой, які выходзіць на поўнач - для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму.
47. І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік.
48. І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме - тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога.
49. Даўжыня бабінца - дваццаць локцяў, а шырыня - адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна - з аднаго боку, а другая - з другога.
РАЗЬДЗЕЛ 41
1. Потым увёў мяне ў храм і намерыў у слупах шэсьць локцяў шырыні з аднаго боку і шэсьць локцяў шырыні з другога боку, у шырыню скініі.
2. У дзьвярах - дзесяць локцяў шырыні, і абапал дзьвярэй - пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і намерыў даўжыні ў храме сорак локцяў, а шырыні дваццаць локцяў.
3. І пайшоў усярэдзіну, і намерыў у слупах каля дзьвярэй два локці і ў дзьвярах шэсьць локцяў, а шырыня дзьвярэй - у сем локцяў.
Дата добавления: 2015-10-30; просмотров: 127 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Кніга Прарока Езэкііля 4 страница | | | Кніга Прарока Езэкііля 6 страница |