Читайте также: |
|
Адным са старэйшых у Беларусі харэаграфічных жанраў, які захаваў у шэрагу выпадкаў сувязь з каляндарна-земляробчай і сямейна-бытавой абраднасцю, з традыцыямі першабытнага сінкрэтызму, з’яўляецца карагод, дзе арганічна зліты харэаграфія, гульнявое дзеянне і песня. Беларускія карагоды падзяляюцца на тры групы: карагодныя песні, гульнявыя карагоды і карагодныя танцы.
У карагодных песнях пры арганічным сплаве тэксту, мелодыі і харэаграфічнага дзеяння пераважнае значэнне мае мелодыя. Для іх харэаграфічнай структуры характэрны нескладаны прасторавы малюнак (кола, прамая лінія, змейка, вароты, калона пар, васьмёрка) і самае простае харэаграфічнае дзеянне (просты, велічны, урачысты крок). Рухі рытмічна ўзгадняюцца з напевам, але не з сінхроннай дакладнасцю, а ў самых агульных рысах. Адсутнічае прамое адлюстраванне ў харэаграфіі тэксту песень.
Да гульнявых карагодаў адносяцца тыя, у якіх дасягнута найбольш поўнае адзінства паэзіі, музыкі і харэаграфіі, змест раскрываецца сукупнасцю іх выяўленчых сродкаў. Для паэтычнай і музычнай пабудовы гэтых карагодаў характэрны дыялагічнае выкладанне сюжэта, апавядальны тон, больш хуткі тэмп і выразны рытм напеву. Нярэдкая з’ява – рытмічная кантрастнасць частак ці мелодыяй напеву і прыпеву паводле прынцыпу “павольна – хутка”, тыповага для музычнай структуры беларускіх карагодаў. Напевы вызначаюцца індывідуальнай выразнасцю, чаргаваннем мінору і мажору. У параўнанні з карагоднымі песнямі больш разнастайны малюнак руху карагода на плоскасці, узбагачаны рухам танцораў двума процілеглымі радамі, паўкругавымі і кругавымі кампазіцыямі з вылучэннем у цэнтр салістаў (“Падушачка”, “Яшчар”). Разнастайныя рухі і становішчы рук, узмацненне ролі элемента драматычнага мастацтва, пантамімы, мімікі дапамагаюць больш выразна раскрыць сюжэт песні. У шэрагу выпадкаў ствараюцца цэласныя музычна-паэтычна-харэаграфічна-гульнявыя адзінкі. Рухі звязаны з тэкстам і сваім вобразным сэнсам: яны часта ілюструюць тое, пра што расказвае фабула песні.
“Пры ясна выражанай тэндэнцыі замацавання гульнявых карагодаў пераважна за зімовым часам назіраецца і тэндэнцыя адлучэння іх ад пэўнага сезона і пераход у разрад выконваемых у любы час. У сучаснай практыцы гэтыя дзве тэндэнцыі існуюць паралельна і выяўляюць імкненне дзвюх узроставых груп – старэйшай і маладзёжнай: калі першая з яе прыхільнасцю да традыцый лічыць за лепшае не адыходзіць ад устаяўшыхся “дарослых” нормаў і правіл, то моладзь абыходзіцца з гэтымі правіламі больш вольна, выкарыстоўваючы карагоды-гульні як адну з формаў правядзення вольнага часу” [104, с. 474–475].
У карагодных танцах вядучая роля належыць харэаграфічнаму пачатку, танец выступае ў іх як незалежны і развіты арганізм, здольны ствараць паўнацэнны мастацкі вобраз уласнымі сродкамі. Сувязь харэаграфічнага дзеяння з тэкстам і напевам значна меншая.
Дата добавления: 2015-07-08; просмотров: 213 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Народныя традыцыі творчай арганізацыі абрадаў на вольным паветры | | | Абраду каляндарнага цыкла |