|
Наша зямля, наша нацыянальная тэрыторыяад пачатку існавання на ёй людзей ёсць наша зямля. На ёй мы, беларусы, і нашы продкі жылі спрадвеку. На ёй мы стварылі нашу гісторыю, культуру і дзяржаву. Наша зямля ёсць частка нас саміх, нашага гістарычнага, культурнага і нацыянальнага існавання. Нічога няма даражэйшага за нашу беларускую зямлю. Наша зямля непадзельная, недатыкальная, святая.
Аніхто — ніякі чалавек, ніякая група людзей, ніякі дзяржаўны орган, ніякая краіна, ні беларуская дзяржава, ні беларускі народ — не можа распараджацца лёсам беларускай зямлі, бо яна належыць не толькі нам, не толькі тым, хто жыве цяпер, але і будучым пакаленням беларусаў датуль, пакуль будзе наш род у Сусвеце.
Наша зямля ёсць наш вечны дом, вечная спадчына, якая сягае за межы часу — непадзельны маярат, асвечаны найвышэйшым гістарычным правам і найвышэйшым абавязкам, неад’емная каштоўнасць беларускай нацыі. Нашу беларускую зямлю трэба любіць, берагчы, шанаваць, абараняць ад страты і спусташэння, умець змагацца за яе.
2.4. Беларускія сімвалы
Сімвалы, у якіх адлюстраваная наша беларуская нацыя і дзяржава, ёсць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Гэта дзяржаўныя сімвалы. Адносіны да сімвалаў гавораць пра шанаванне каштоўнасцяў, якія яны сімвалізуюць. Партыя БНФ лічыць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня святымі сімваламі Беларусі і ставіць задачу вярнуцьіх на дзяржаўны пасад беларускай дзяржавы.
2.5. «Адраджэньне»
«Адраджэньне» ёсць ідэалогія беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, які змагаецца супраць расійскага імперыялізму і каланіялізму (а гістарычна змагаўся супраць польскай антыбеларускай асімілятарскай палітыкі ў 1921—1939 гг.), маючы на мэце нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускай нацыі і стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы.
Ідэалогія беларускага «Адраджэньня» была сфармуляваная ў пачатку XX ст. дзеячамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Але нацыянальнае развіццё народа было затрымана 73-гадовай бальшавіцка-расійскай акупацыяй; з гэтай прычыны сёння беларускае грамадства вымушанае адначасна вырашаць праблемы посткамуністычнага, постсавецкага кшталту (пытанні ўлады, дзяржаўнасці, суверэнітэту, дэмакратыі, эканамічных рэформаў) і праблемы посткаланіяльныя (пытанні нацыянальнай свядомасці, дзяржаўнасці беларускай мовы, усталявання беларускай школы, адраджэння гістарычнай памяці, развіцця беларускай культуры ды інш.).
Ідэалогія беларускага «Адраджэньня» ахоплівае і адлюстроўвае ўсе нацыянальна-вызвольныя, дзяржаватворныя, дэмакратычныя праблемы, з’яўляецца гістарычным грунтам і тэарэтычнай асновай палітычнай дзейнасці Партыі БНФ.
2.6. Рэлігія і нацыя
Нічога лепшага за нацыю і рэлігію дзеля рэалізацыі сваіх жыццёвых інтарэсаў і духоўных патрэбаў людзі не стварылі. Нацыя і рэлігія ёсць найвышэйшая на цяперашні час сумарная творчасць чалавечага грамадства (цывілізацыі).
Мэтанакіраванае разбурэнне рэлігіі і нацыі, як гэта рабіла таталітарная ўлада расійска-савецкага камунізму, ёсць антычалавечае, антыцывілізацыйнае дзеянне.
Беларусь — краіна хрысціянскай веры і хрысціянскай культуры. Хрысціянскія каштоўнасці сталі часткай нашага нацыянальнага светапогляду і нацыянальнага характару, уплывалі на традыцыі беларускай культуры.
Цяпер мы ёсць шматканфесійны хрысціянскі народ. Але дзяржаватворчай асновай на Беларусі з’яўляецца нацыя, а не канфесія. Таму беларуская гісторыя, зямля, культура і мова ёсць грунт нашага беларускага адзінства, а канфесійная талерантнасць ёсць неабходнасць, якая з гэтага нашага нацыянальнага адзінства вынікае.
Партыя БНФ трымаецца ўсталяванага парадку грамадскіх дачыненняў, заснаваных на беларускім нацыянальна-культурным адзінстве і канфесійнай талеранцыі. Мы аднолькава прыхільна адносімся да ўсіх традыцыйных хрысціянскіх канфесіяў, калі яны не займаюцца антыбеларускай дзейнасцю.
Канфесійныя арганізацыі не ёсць частка дзяржаўнай сістэмы. Разам з тым яны падлягаюць юрысдыкцыі ўсёй сістэмы заканадаўства Беларусі. Мы не лічым нармальным, калі беларускія грамадзяне-вернікі, аб’яднаныя ў канфесіі на Беларусі, фармальна належаць да арганізацыяў чужых краінаў і кіруюцца з-за дзяржаўнай мяжы. Гэта перажыткі каланіялізму і акупацыяў. Мы будзем спрыяць беларускай аўтакефальнасці цэркваў і стварэнню духоўных цэнтраў веры ў Беларусі.
Мы стаім на пазіцыі свабоды сумлення і індывідуальнага выбару веры, паважаем правы асобы і цярпіма адносімся да людзей, якія жывуць па-за рэлігіяй.
2.7. Беларускія культурныя традыцыі
Культура беларускага народа і традыцыі беларускай культуры ёсць тыя каштоўнасці, на якіх неабходна ствараць падмурак грамадзянскай супольнасці вольнай дэмакратычнай Беларусі.
Побытаваму грамадскаму жыццю нашых продкаў быў уласцівы глыбокі дэмакратызм. Наша Бацькаўшчына ніколі не мела дэспатычных рэжымаў. З XV ст. найвышэйшым органам улады быў прадстаўнічы Сойм. У той самы час беларускія гарады пачалі кіравацца магдэбурскім правам, а з XVI ст. выбраныя органы ажыццяўлялі мясцовую ўладу. Нормай нашага права быў кансэнсус — юрыдычны ідэал, які і сёння недасяжны для шмат якіх дэмакратыяў свету.
Дасягненні беларускага права ў XVI ст., адлюстраваныя ў Статуце Вялікага княства Літоўскага, адбіліся на ўсёй праўнай ментальнасці беларускай нацыі; яны мелі міжнароднае значэнне, фарміравалі не толькі юрыдычную свядомасць нашых продкаў, але ўплывалі на юрыдычную думку іншых народаў.
Дзвесце гадоў расійскай акупацыі выклікалі велізарныя разбурэнні і страты беларускай культуры. Беларускі народ перажыў жахлівы генацыд і бязлітасную палітыку дэнацыяналізацыі, але не страціў свае галоўныя каштоўнасці культуры і духоўныя традыцыі існавання. Гэта той скарб, на якім можна адрадзіць, адбудаваць наш беларускі дом.
2.8. Маральныя асновы нашай палітыкі
Мы за дэмакратычны лад. Мы адхіляем крайнія палітычныя кірункі і аддаём перавагу цэнтрысцкім плыням, што імкнуцца адлюстроўваць не прыватныя інтарэсы асобных станаў і групаў у грамадстве, а вызнаюць за найвышэйшую сацыяльную каштоўнасць палітычнае, эканамічнае, культурнае і маральнае здароўе грамадства ў цэлым. Яны разглядаюць грамадства як адзіны арганізм, дзе кожная група выконвае сваю непаўторную ролю, а таму заслугоўвае, каб яе інтарэсы ўлічваліся і абараняліся дзяржаваю. У грамадстве павінны гарманічна спалучацца інтарэсы асобы ды інтарэсы супольнасці.
Дэмакратычная палітычаная сістэма грунтуецца на дзейнасці разнастайных грамадскіх аб’яднанняў, існаванне якіх адпавядае звычайнаму чалавечаму інстынкту сацыяльнасці. Разнастайнасць формаў і мэтаў, да якіх імкнуцца аб’яднанні, адпавядае плюралістычнай канцэпцыі, прызнае іншадумства і права іншадумцаў быць пачутымі.
Разам з тым вызнаецца за непрыймальную дзейнасць у грамадстве разбуральных, антычалавечых арганізацыяў, сектаў і групаў, скіраваных супраць натуральнага чалавечага існавання, нармальнай прыроды чалавека і выпрацаваных нормаў агульнапрынятай маралі. Разбурэнне культуры, распаўсюджванне ідэалогіі гвалту, знявагі чалавечага духу і цела, здзеку з жыцця, прапаганда існавання, заснаванага на фобіях, комплексах, дэструктыўных поглядах і нянавісці павінна разглядацца як антычалавечая дзейнасць і карацца законам. Аднак галоўную ўвагу мы звяртаем на стварэнне ў грамадстве ідэалаў і каштоўнасцяў, заснаваных на традыцыях хрысціянства, на станоўчым чалавечым вопыце і беларускай культуры.
У палітычным плане плюралістычная канцэпцыя рэалізуецца праз шматпартыйную сістэму. Яна ў тым ліку можа дапускаць існаванне партыяў, якія не з’яўляюцца дэмакратычнымі. Аднак дзяржава прымае захады дзеля таго, каб ліквідаваць магчымасць выкарыстання у барацьбе за палітычную ўладу метадаў падману і прымусу. Палітычны механізм павінен дапускаць магчымасць зваротнай сувязі — пастаяннага дыялога з апазіцыяй і непалітычнымі грамадскімі аб’яднаннямі.
Найважнейшым вынікам развіцця сучаснай дэмакратыі з’яўляецца ідэя пра падпарадкаванасць палітычнай дзейнасці этычным нормам. Партыя БНФ не прызнае палітыкі без маралі. Прынцып маральнасці палітыкі адпавядае беларускай культурнай традыцыі.
З заснаванага на маральнасці хрысціянскага светапогляду вынікаюць і такія каардынальныя палітычныя прынцыпы, як годнасць чалавечай асобы, вяршэнства агульнага дабра і здольнасць грамадзянскай супольнасці да самаўдасканалення.
Дата добавления: 2015-08-02; просмотров: 229 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Консервативно-Христианская Партия БНФ (КХП БНФ) | | | Свобода, межы свободы, годнасць чалавека |