Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Беларусь у Першай сусветнай вайне.

Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. | Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст. | Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст. | Перадумовы фарміравання беларускай нацыі. | Адукацыя і навука. | Мастацкая культура. | Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг. | Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг. | Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа. | Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг. |


Читайте также:
  1. Quot;Палажэнні" 19 лютага 1861 г. Ix рэпянальныя асаблівасці ў Беларусь
  2. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
  3. Адукацыя, навука, культура ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
  4. Анализ рынка ИТ-аутсорсинга Республики Беларусь
  5. Анализ структуры экспорта и импорта товаров Республики Беларусь
  6. Беларусь в годы буржуазно-демократической революции 1905—1907 гг.
  7. Беларусь в годы первой мировой войны.

На пачатку 20 ст. у свеце склалася складаная геапалітычная сітуацыя. Яна характарызавалася супрацьстаяннем буйнейшых дзяржаў таго часу ў барацьбе сусветныя рынкі збыту прадукцыі і капіталу, за калоніі. Барацьба фактычна адбывалася за перадзел свету. Яе вынікам стала Першая сусветная вайна 1914-1918 гг. У гэтай вайне прымалі ўдзел 33 краіны. У ёй адно аднаму супрацьстаялі краіны ваенна-палітычнага блоку Антанты (Расія, Англія, Францыя) і іх саюзнікі (Італія, Румынія, Сербія, Бельгія, Грэцыя, з 1917 г. ЗША і інш.), з аднаго боку, і краіны т.зв. Чацвярнога саюзу (Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя, Турцыя), з другога.

Зачэпкай для пачатку вайны паслужыла забойства паўднёваславянскімі тэрарыстамі аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда, пасля чаго 28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі. 1-4 жніўня 1914 г. краіны Антанты, з аднаго боку, і Германія і Аўстра-Венгрыя, з другога, абвясцілі адно аднаму вайну. Пачаліся баявыя дзеянні.

Да сярэдзіны 1915 г. баявыя дзеянні паміж рускімі і германскімі войскамі адбываліся на тэрыторыі Польшчы і Ўсходняй Прусіі. Летам – восенню 1915 г. Германскае войска арганізавала наступленне, у выніку якога заняла тэрыторыі Польшчы, Літвы, Курляндыі і заходняй часткі Беларусі (Гродзенская і большая частка Віленскай губерняў). Да кастрычніка 1915 г. расійска-германскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Дадзеная лінія фронту заставалася нязменнай да пачатку 1918 г. У 1916 г. камандаванне расійскай арміі ажыццявіла дзве наступальныя аперацыі (Нарачанскую і Баранавіцкую), імкнучыся адсунуць лінію фронту на захад, аднак, беспаспяхова.

З пачаткам вайны, 5 жніўня 1914 г., на тэрыторыі беларускіх губерняў уводзілася ваеннае становішча: забараняліся забастоўкі, а таксама вулічныя шэсці і маніфестацыі, акрамя афіцыйна арганізаваных. Царскі ўрад пры дапамозе афіцыйнага друку і праваслаўнага духавенства праводзіў шырокую шавіністычныю прапаганду. У Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах імперыі, пракацілася хваля патрыятычных маніфестацый, малебнаў, сходаў. Царскі ўрад у вайне падтрымалі на пачатку не толькі праўрадавыя групоўкі, але таксама ліберальныя і некаторыя левыя партыі і арганізацыі.

З сярэдзіны 1915 г. землі Беларусі былі падзелены лініяй фронту; розныя яе часткі знаходзіліся пад кантролем расійскіх і германскіх уладаў. Абодва ваюючыя бакі разглядалі тэрыторыю Беларусі як крыніцу для забеспячэння патрэб фронту.

Цэнтральная і ўсходняя частка Беларусі. У якасці прыфрантавой тэрыторыі ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў 1915-1917 гг. знаходзілася каля 1,5 млн. расійскіх салдат. Беларусь была месцам размяшчэння Стаўкі Галоўнага Вярхоўнага камандавання Расіі: да лета 1915 г. яна знаходзілася ў Баранавічах, потым была пераведзена ў Магілёў. З беларускіх губерняў у царскае войска было мабілізавана каля 50% мужчын ва ўзросце 18-50 год.

Эканоміка краю перабудоўвалася на патрэбы фронту. Для кіравання эканамічнай дзейнасцю (размеркаванне сыравіны, паліва, транспарту, рабочай сілы, заказаў і г.д.) дзяржава стварала спецыяльныя ваенна-прамысловыя камітэты. На пачатак 1917 г. каля 2/3 буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі былі пераарыентаваны на ваенны лад. Адбывалася будаўніцтва новых спецыялізаваных ваенных прадпрыемстваў. Для выкарыстання рэсурсаў сельскай гаспадаркі ў ваенных мэтах ствараліся спецыяльныя цывільныя і ваенныя камісіі для правядзення рэквізіцый збожжа, мукі, фуражу, коней, буйной рагатай жывёлы. Насельніцтва прыфрантавых тэрыторый у масавым парадку прыцягвалася да прымусовых работ па ўмацаванні баявых пазіцый.

Істотным фактарам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі становіцца бежанства, нярэдка прымусовае, з тэрыторый, занятых германскімі войскамі (агульная колькасць бежанцаў дасягнула 1,3 млн. чалавек). У выніку гарады цэнтральнай і ўсходняй Беларусі былі перапоўнены бежанцамі, якія знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Гэта выклікала праблемы з харчовым забеспячэннем гарадскога насельніцтва, эпідэміі. Многія бежанцы накіроўваліся ўглыб Расійскай імперыі. У выніку масавых мабілізацый у войска і на прымусовыя работы, бежанства, збяднення значнай часткі насельніцтва адбыліся істотныя змены ў сацыяльнай структуры грамадства: павялічваецца колькасць маргінальных слаёў грамадства, якія ўключалі ў сябе людзей, выкінутых са звыклага сацыяльнага асяроддзя, што не мелі сталай працы, падтрымлівалі існаванне за кошт часовых заробкаў.

У 1916 г. эканоміка беларускіх зямель, як і ў цэлым Расійскай імперыі, апынулася ў стане крызісу. Яго прычынамі з’яўляліся:

- масавыя мабілізацыі і выкарыстанне на прымусовых работах насельніцтва, значныя рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі;

- дэфіцыт тавараў масавага спажывання, выкліканы пераарыентацыяй большасці прамысловых прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі;

- разрыў эканамічных сувязяў з Германіяй;

- неэфектыўнае кіраванне эканомікай з боку дзяржаўных органаў.

Прыкметамі крызісу сталі:

- скарачэнне пасяўных плошчаў у сельскай гаспадарчы на 1/3, пагалоўя жывёлы – на 11%; пераход значнай часткі сялян да натуральнай гаспадаркі;

- скарачэнне аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, ліквідацыя многіх прадпрыемстваў (за 1913-1917 гг. колькасць прадпрыемстваў буйной прамысловасці ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі зменшылася з 822 да 297);

- інфляцыя, рост цэн на прадукты харчавання і прамысловыя тавары ў 2–7 разоў, распаўсюджанне спекуляцыі;

- падзенне рэальнай заработнай платы і пагаршэнне матэрыяльнага становішча рабочых.

Ва ўмовах эканамічнага крызісу адбываецца рост незадаволенасці грамадства палітыкай царызму. Хутка развіваюцца антываенныя настроі як сярод грамадзянскага насельніцтва, так і ў войску. Масавы характар набывае дэзерцірства з арміі; вайсковыя злучэнні адмаўляюцца ісці ў наступленне, расійскія і нямецкія салдаты братаюцца. У кастрычніку 1916 г. успыхнула паўстанне салдат на размеркавальным пункце ў Гомелі.

У асноўных прамысловых цэнтрах Расійскай імперыі ў 1915-1916 гг. рэзка актывізуецца антыўрадавы рух. У Дзяржаўнай думе большасць дэпутатаў пераходзіць у апазіцыю да царскага ўрада, у тым ліку памяркоўная частка прадстаўнікоў правых партый. Аднак на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах прыфрантавой зоны, перанасычанай войскамі, органамі палітычнай бяспекі і ваеннай контрвыведкі, прыкмет антыўрадавага руху амаль не назіралася.

Падчас вайны назіраецца некаторае ажыўленне беларускага нацыянальнага руху. Пасля акупацыі германскімі войскамі Вільні і закрыцця газеты “Наша ніва” яго цэнтрамі становяцца беларускія таварыствы дапамогі пацярпелым ад вайны ў Мінску. У канцы 1916 – пачатку 1917 гг. у Петраградзе выдаваліся штотыднёвыя беларускамоўныя газеты – “ Дзянніца ” і “ Светач ”.

Заходняя частка Беларусі. Занятая нямецкімі войскамі тэрыторыя Беларусі разам з землямі Літвы і Курляндыі была ўключана ў склад акругі Обер-Ост. У 1915-1917 гг. тут знаходзілася каля 1 млн. нямецкіх салдат. Прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы былі абкладзены высокімі падаткамі; у сельскай гаспадарцы шырока практыкаваліся рэквізіцыі, выкарыстанне насельніцтва на прымусовых работах на ваенных збудаваннях. У хуткім часе эканоміка краю апынулася ў крызісным стане.

Таксама як і ўсходняя Беларусь, занятыя нямецкімі войскамі тэрыторыі знаходзіліся на ваенным становішчы. Усялякая палітычная дзейнасць, забастоўкі, дэманстрацыі і мітынгі забараняліся. Права на функцыянаванне атрымалі толькі грамадскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Яны былі ўпаўнаважаны выказваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асветніцкай і культурнай сферы.

Для стварэння сацыяльнай апоры ў краі і аслаблення ў ім расійскага і польскага ўплыву германскія ўлады абвясцілі раўнапраўе ўсіх нацый на занятых тэрыторыях: дазваляліся культурная дзейнасць, навучанне і выданне газет на роднай мове. Гэта прывяло да ажыўлення беларускага нацыянальна-культурнага руху, цэнтрам якога стала Вільня, дзе знаходзіліся многія былыя дзеячы БСГ і “Нашай нівы”. У 1915-1917 гг. узнікае шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый; з снежня 1916 г. выходзіла газета “ Гоман ”. Была створана сетка школ з беларускай мовай навучання (да вясны 1918 г. іх налічвалася 79); з кастрычніка 1916 г. дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы.

Нягледзячы на абмежаванні з боку германскіх улад, дзеячы беларускага нацыянальнага руху ставілі ў сваёй дзейнасці і палітычныя задачы. Утвораны на аснове камітэта дапамогі ахвярам вайны Беларускі народны камітэт (кіраўнікі І. і А. Луцкевічы) сумесна з адпаведнымі польскімі, літоўскімі і яўрэйскімі арганізацыямі выступіў з ініцыятывай аднаўлення Вялікага княства Літоўскага ў форме дэмакратычнай рэспублікі з соймам у Вільні. Дадзеныя арганізацыі ў снежні 1915 г. утварылі Канфедэрацыю Вялікага княства Літоўскага. Аднак рознагалоссі паміж яе ўдзельнікамі і адсутнасць падтрымкі з боку германскіх улад абумовілі хуткі распад канфедэрацыі. У межах літоўскага нацыянальнага руху фарміруецца ідэя незалежнай літоўскай дзяржавы з цэнтрам у Вільні, якая б уключала ў сябе некаторыя землі заходняй Беларусі. Дзеячы полькага нацыянальнага руху таксама разглядалі землі Віленскай і Гродзенскай губерняў як частку тэрыторыі будучай польскай дзяржавы.

У той жа час дзеячы беларускага нацыянальнага руху рабілі некаторыя захады, накіраваныя на стварэнне беларускай дзяржаўнасці. У красавіку і чэрвені 1916 г. прадстаўнікі Беларускага народнага камітэта ўдзельнічалі ў канферэнцыях народаў Расіі, якія праходзілі ў Стакгольме і Лазане, дзе ставілі пытанне аб сваёй будучай палітычнай самастойнасці і выказалі рашучае жаданне пазбавіцца ад прыгнёту расійскіх улад. У 1916 г. узнікае групоўка “ Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі ” на чале з Вацлавам Ластоўскім. Яна адмаўлялася ад усялякіх саюзаў з літоўскім і польскім нацыянальнымі рухамі і выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах.

Такім чынам, Першая сусветная вайна прывяла да вялікіх людскіх (загінула каля 1,2 млн. чалавек) і матэрыяльных страт на тэрыторыі Беларусі, істотнага пагаршэння жыццёвага ўзроўню народа. З сярэдзіны 1915 г. беларускія землі аказаліся падзеленымі паводле лініі фронту паміж двума ваюючымі бакамі, якія эксплуатавалі рэсурсы краю ў сваіх інтарэсах.

 


Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 178 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг.| Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)