Читайте также:
|
|
У перыяд 1907-1914 гг. галоўныя намаганні царскага ўрада былі накіраваныя на ўмацаванне палітычных пазіцый царызму, якія пахіснуліся падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. На тэрыторыі Беларусі можна вылучыць наступныя накірункі палітыкі царызму:
1) Правядзенне рэпрэсій у адносінах да “палітычна неблаганадзейных” асоб, закрыццё большасці апазіцыйных перыядычных выданняў, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый.
2) Узмацненне русіфікатарскай палітыкі ў сферы землеўладання (стварэнне асобных фондаў дзяржаўных зямель для ільготнага продажу рускім перасяленцам), адміністрацыі, адукацыі.
Ва ўмовах рэпрэсій царызму спынілася дзейнасць на тэрыторыі Беларусі усіх рэвалюцыйных палітычных партый. Таксама распусціліся кадэцкія арганізацыі. У той жа час адбываецца значны рост правых манархічных арганізацый. Разам з агульнаімперкімі ўзнікаюць мясцовыя манархічныя арганізацыі: “Крестьянин”, “Белорусское общество” і г.д. Шпарка развівалася сетка перыядычных выданняў манархісцкіх арганізацый, у межах якіх адбывалася прапаганда ідэй заходнерусізму і праводзілася актыўная агітацыя супраць палякаў, яўрэяў, каталіцкага касцёла, ліберальных і рэвалюцыйных арганізацый, а таксама беларускага нацыянальнага руху. Ліберальная апазіцыя ў Беларусі была прадстаўлена яўрэйскімі нацыянальнымі арганізацыямі, а таксама Краёвай партыяй Літвы і Беларусі, створанай у 1907 г. Дадзеная партыя абапіралася ў першую чаргу на польска-каталіцкую шляхту і каталіцкі касцёл; яна дамагалася скасавання дыскрымінацыйных законаў у адносінах да каталіцкага насельніцтва і выступала за наданне землям былога ВКЛ шырокага абласнога самакіравання.
У дзяржаўна-палітычнай сістэме Расійскай імперыі працягвала функцыянаваць Дзяржаўная дума. Пасля ўвядзення новага выбарчага заканадаўства 3 чэрвеня 1907 г. у ІІІ Дзяржаўнай думе (1907-1912) і ІV Дзяржаўнай думе (1912-1917) перавагу мелі правыя сілы; лібералы знаходзіліся ў меншасці, а левыя ўвогуле мелі нязначнае прадстаўніцтва. На выбарах у ІІІ і ІV Думу ў беларускіх губернях абсалютную большасць дэпутацкіх месцаў атрымалі кандыдаты ад правых сіл. Пры гэтым на выбарах 1907 і 1912 гг. у “Паўночна-Заходнім краі” саслоўнае прадстаўніцтва было дапоўнена нацыянальным – утвараліся “руская”, “польская” і “яўрэйская” курыі; пры гэтым усе праваслаўныя аўтаматычна залічваліся да рускіх, а католікі – да палякаў. Выбарчая сістэма была арганізавана такім чынам, каб забяспечыць перавагу “рускім”, якія галасавалі пераважана за манархістаў.
У выніку рэпрэсій царызму назіраецца заняпад рабочага руху. Пры гэтым рабочыя Беларусі амаль цалкам адыходзяць ад палітычнай барацьбы. Значна скарацілася колькасць сялянскіх выступленняў.
Разам з правядзеннем рэпрэсій царызм, імкнучыся пашырыць сацыяльную базу ў краі, праводзіў у гэты перыяд некаторыя рэформы ў накірунку грамадска-палітычнай лібералізацыі:
1) Дазвол пераходу з праваслаўя ў іншыя хрысціянскія веравызнанні, паводле закону аб верацярпімасці 1905 г. У адпаведнасці з гэтым адбываўся масавы пераход нашчадкаў былых уніятаў, гвалтоўна пераведзеных у праваслаўе, да каталіцызму.
2) Дазвол на адкрыццё школ з мовамі выкладання нацыянальных меншасцяў імперыі ў адпаведнасці з законам 1905 г. і скасаванне абмежаванняў на развіццё друку на мовах нацыянальных меншасцяў. Гэта прывяло да фарміравання на тэрыторыі Беларусі польскамоўных школ. Развіваўся польскамоўны друк: толькі ў Вільні ў 1914 г. налічвалася 28 польскамоўных перыядычных выданняў. У той жа час адкрыццё беларускамоўных школ забаранялася, паколькі беларусы афіцыйна не прызнаваліся самастойнай нацыяй. Аднак дазвалялася дзейнасць беларускамоўных перыядычных выданняў.
3) Земская рэформа 1911 г. у Віцебскай, Мінскай і Магілёўкай губернях. Паводле яе, у губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання – земствы. Земствы ўяўлялі з сябе выбарныя мясцовым насельніцтвам прадстаўнічыя органы – губернскія і павятовыя земскія сходы, якія прызначалі пастаянна дзеючыя выканаўчыя органы – земскія ўправы. У функцыі земстваў уваходзіла развіццё мясцовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін, культуры, адукацыі, аховы здароўя за кошт сродкаў, сабраных са спецыяльных мясцовых (земскіх) падаткаў. У той жа час земскія ўстановы знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутраных спраў, якія маглі прыпыніць выкананне любой пастановы земскіх устаноў. Выбары ў земствы былі шматступеньчатымі і няроўнымі, дзейнічаў маёмасны цэнз. У адрозненне ад расійскіх губерняў, дзе выбаршчыкі падзяляліся на саслоўныя курыі, у беларускіх губернях выбары ажыццяўляліся па нацыянальных курыях – “рускай” і “польскай”; пры гэтым маёмасны цэнз для выбаршчыкаў “рускай” курыі быў удвая ніжэйшы, што забяспечвала ім перавагу. У той жа час у Віленскай і Гродзенскай губернях земствы так і не былі ўведзены з-за перавагі католікаў ў структуры насельніцтва. Нягледзячы на недэмакратычны характар выбараў і абмежаваныя магчымасці, земствы адыгралі ў цэлым прыкметную ролю ў развіцці мясцовай эканомікі, адукацыі і аховы здароўя.
Пэўныя зрухі адбыліся і ў адукацыйнай палітыцы. Пачынаецца працэс паступовай замены царкоўнапрыходскіх школ 4-класнымі народнымі вучылішчамі; колькасць вучняў у іх за 1905-1914 гг. павялічваецца ў 3 разы і дасягае 305 тыс. Таксама павялічваецца колькасць сярэдніх навучальных устаноў – гімназій і рэальных вучылішчаў (з 28 у 1900 г. да 122 у 1914 г.). Аднак рэальны доступ да сярэдняй адукацыі з прычыны высокай платы за навучанне мелі толькі прадстаўнікі заможных слаёў насельніцтва. Востры недахоп спецыялістаў-педагогаў абумовіў адкрыццё ў 1909-1916 гг. новых настаўніцкіх семінарый у Рагачове, Оршы, Барысаве, Гомелі і Бабруйску, якія давалі няпоўную сярэднюю спецыяльную адукацыю, а таксама настаўніцкіх інстытутаў у Віцебску, Магілёве і Мінску, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Фарміравалася сістэма прафесійнага навучання, накіраванага на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых, якую забяспечвалі Горацкае рамеснае і Гомельскае тэхнічнае чыгуначнае вучылішчы, шэраг школ і класаў пры агульнаадукацыйных школах.
У пачатку 20 ст. працягвалася навуковае гістарычнае, археалагічнае, этнаграфічнае, лінгвістычнае вывучэнне беларускага краю, якім займалўся шэраг устаноў: Віцебская вучоная архіўная камісія, Смаленская вучоная архіўная камісія, Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, польскае Таварыства сяброў навукі ў Вільні, Таварыства вывучэння Беларускага краю ў Магілёве і г.д. Пры падтрымцы названых навуковых устаноў у пачатку 20 ст. былі створаны краязнаўчыя музеі ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Вялікі ўнёсак у развіццё беларускай навукі зрабілі ў гэты час гісторыкі М. Любаўскі, М. Доўнар-Запольскі, А. Сапуноў, І. Лапо, этнографы Е. Раманаў, М. Федароўскі, М. Нікіфароўскі, Я. Карскі, А. Сержпутоўскі.
Навуковыя даследаванні ў разглядаемы перыяд ажыццяўляліся і ў галінах прыродазнаўства. Значнай з’явай навуковага жыцця Беларусі ў пачатку 20 ст. стала дзейнасць Таварыства мінскіх урачоў. Першымі навуковымі ўстановамі прыродазнаўчага профілю сталі доследныя станцыі — Беняконская сельскагаспадарчая ў Віленскай губерні (1910) і Мінская балотная (1913). У Мінску ў 1912-1916 гг. выдаваўся першы ў Расійскай імперыі часопіс па культуры балот – “ Болотоведение ”. Усяго ж у Беларусі з 1901 да 1917 г. выходзіла каля 20 прыродазнаўчых перыядычных выданняў. У той жа час развіццё навукі ў Беларусі замаруджвалася адсутнасцю тут вышэйшых навучальных устаноў.
Адзнакай грамадскага і культурнага стала развіццё друку і кнігадрукавання. У 1914 г. у беларускіх губернях выходзіла 109 перыядычных выданняў.
Такім чынам, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Беларусі ў 1907-1914 гг. характарызавалася умацаваннем пазіцый царызму, узмацненнем русіфікатарскай палітыкі і рэпрэсій у дачыненні рэвалюцыйнага руху. Аднак у той жа час адбываліся некаторыя мерапрыемствы, накіраваныя аб’ектыўна на мадэрнізацыю грамадска-палітычных і сацыяльна-культурных адносін у рэгіёне.
Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 123 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа. | | | Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг. |