Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Дзея 16

Гарадская вуліца.

Прыбягае Дунай, цягне за сабою Алега Пятровіча, а той трымае за руку Тамару Іванаўну, якая нясе ашыйнік.

ТАМАРА ІВАНАЎНА (Алегу Пятровічу). Далёка ж мы забрылі!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (да Тамары Іванаўны). Дзіўная рэч, скажу я вам! Літаральна пару гадзін таму забраў я адсюль Дуная. Адышлі мы на дзесяць крокаў — і раптам сабака пацягнуў мяне назад. Адышлі яшчэ на двадцаць — зноў цягне сюды. Так і сноўдалі па вуліцы: туды-назад, туды-назад. І раптам да мяне дайшло: Дунай просіць, каб і тую бульдожку забраў!

ДУНАЙ (звяртаецца да Алега Пятровіча). Мы, лабрадоры, сябрам не здраджваем! Гаў!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (да Тамары Іванаўны, указваючы на Дуная). Бачыце, падганяе! А я, між тым, згадаў пра вас. Вы ж таксама шукалі сабачку. Вось я і пазваніў вам... Добра, што вы далі мне ваш нумар тэлефона, калі мы шукалі сабак. Вядома, я не настойваю. Калі вам бульдожка не спадабаецца, я сам забяру яе...

ТАМАРА ІВАНАЎНА (няўпэўнена). Я нават паверыць не магу ў такую ўдачу. Мне раней ніколі не шанцавала...

ДУНАЙ (сабе). Чуццё падказвае, што трэба паспяшацца. Няхай Бульку і патрымаюць там да заўтра. Але з-за кратаў лепей выйсці раней... (Прынюхваецца, заклапочана.) Мне знаёмая гэтая вуліца. Калісьці я тут гуляў... І жыў недзе тут блізка... Да нас набліжаецца прахожы... (Страшэнна ўражаны) Гэта ён! Ён! Ён!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (Дунаю). Дунай, што здарылася? Чаго хвост падціснуў? Прывіда сустрэў?

 

Дзея17

 

Уваходзіць Руслан Сяргеевіч.

ДУНАЙ (агаломшаны). Мой гаспадар. (Пераводзіць позірк на Алега Пятровіча.) І ён — мой гаспадар!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (заўважае Дуная). Дунай? Дунай! Вось дык сустрэча! Вось дык цуд! (Ляпае сябе па калене.) Да мяне, Дунай!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (Руслану Сяргеевічу). Прабачце, а вы хто?

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Я — гаспадар Дуная. А вы хто?

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (абурана). Я — гаспадар Дуная.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Я нядаўна згубіў сабаку. А цяпер знайшоў.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Калі я сустрэў Дуная ў парку, на ім не было ашыйніка. Калі губляюць сабак, з іх не здымаюць ашыйнікаў.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Ну, можа, не зусім згубіў! Можа, нешта накаціла, і я прагнаў Дуная. А потым засумаваў па ім. Вяртаюся познім вечарам з працы, а ў кватэры — пустэча. Часам і дадому ісці не хочацца!.. Зараз якраз ішоў, згадваў пра сабаку...

ТАМАРА ІВАНАЎНА (Руслану Сяргеевічу). Як вы маглі так абысціся з Дунаем? Хіба мы не ў адказе за тых, каго прыручылі?

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (моршчыцца). Чуў я гэтыя простыя ісціны.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Самыя простыя — самыя лепшыя!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (натхнёна). А ці ведаеце, якая да мяне толькі што прыйшла ідэя? Я забяру Дуная! Ён — мая рухомая ўласнасць. Мне абрыдлі адзінокія вечары ў пустой кватэры!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ На гэты конт трэба было думаць раней. А зараз нам няма пра што гаварыць. У нас тэрміновая справа. (Да Тамары Іванаўны) Паспяшаемся па бульдожку! (Дунаю) Дунай, да мяне!

 

Алег Пятровіч і Тамара Іванаўна адыходзяць колькі крокаў, азіраюцца. Разгублены Дунай сядзіць нерухома.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (агаломшаны). Дунайка, ты што?

ДУНАЙ (Руслану Сяргеевічу). Я цябе чакаў, Руслан Сяргеевіч. А ты ўсё не ішоў. А са мною за гэты час столькі ўсяго адбылося!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (Алегу Пятровічу). Любую праблему можна вырашыць да ўзаемнай карысці... У вас сёння шчаслівы дзень. Што скажаце наконт кампенсацыі? За маральныя страты, так бы мовіць...

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Чаго?

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (выцягвае з кішэні гаманец, адлічвае купюры) Скажам, тры... Не! Чатыры сантыметры зялёных паперак з партрэтамі мёртвых амерыканскіх прэзідэнтаў! І я забіраю Дуная. І ўсе задаволеныя. Паверце, са мной Дунай зажыве куды шчаслівей...

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Не веру! Вы нават не шукалі Дуная!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Кажу ж: зацменне засьціла мой розум! Але зараз убачыў Дуная — і сумленне праяснілася.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ А потым зноў ваш настрой пераменіцца?

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Хопіць метэапрагнозаў! Бярыце грошы! (Усоўвае пачак у руку Алега Пятровіча)

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (узважвае пачак, падкідвае яго ў паветра. Купюры разлятаюцца) Гэта толькі грошы! (Падыходзіць да Дуная, кудлаціць яго.) А гэта — Дунай... (Руслану Сяргеевічу) І вы мелі рацыю. У нас сёння шчаслівы дзень. (Глядзіць на Тамару Іванаўну)

Руслан Сяргеевіч апускаецца на карачкі, сквапна збірае купюры.

Тамара Іванаўна падымае некалькі купюраў, быццам незнарок іх камячыць, працягвае Руслану Сяргеевічу.

ТАМАРА ІВАНАЎНА Гэта вашае...

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (падымаецца, хавае купюры па кішэнях. Алегу Пятровічу). Няхай тады Дунай сам абірае: вярнуцца да мяне ці застацца з вамі? Спадзяюся, выбар лабрадора вы не аспрэчыце?

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (падумаўшы). Я давяраю Дунаю.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (Алегу Пятровічу). Мы разыйдземся на дзесяць крокаў. Да каго Дунай падыйдзе, той і пераможца.

ДУНАЙ (у жаху) Як я магу рабіць такі складаны выбар?!

Аўдзей Архіпавіч і Алег Пятровіч сыходзяцца, паворачваюцца спінамі адзін да аднаго, бы на дуэлі, разыходзяцца.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Адзін!

ДУНАЙ (глядзіць на Руслана Сяргеевіча). Ён — першы гаспадар!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Два!

ДУНАЙ (глядзіць на Алега Пятровіча) І ён мой гаспадар!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Тры!

ДУНАЙ (глядзіць на Руслана Сяргеевіча) Ён — багаты і шчодры!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Чатыры!

ДУНАЙ (глядзіць на Алега Пятровіча) А ён — надзейны. У яго добрае сэрца. І сын Паўлік...

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Пяць!

ДУНАЙ Як цяжка самому зрабіць выбар!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Шэсць!

ДУНАЙ Дзе ж ты, Булька?! Была б побач — падказала б!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Сем!

ДУНАЙ Трэба думаць самому.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Восем!

ДУНАЙ Я марыў, каб здарыўся цуд.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Дзевяць!

ДУНАЙ Лёс часта дасылае выбар. Трэба толькі прыслухацца...

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Дзесяць!

Руслан Сяргеевіч і Алег Пятровіч паварочваюцца.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (Дунаю, ласкава) Куды ідзеш? У мой багаты ўтульны дом? Ці ў кватэру-кануру, дзе такому вялікаму лабрадору і развярнуцца цяжка? (Камандуе) Дунай, да мяне!

ДУНАЙ (Руслану Сяргеевічу). Можа, я і не самы мудры ў свеце лабрадор. Але вернасць ад вераломнасці магу адрозніць!

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ (раз'юшана). Каму сказаў, Дунай? Да мяне!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Не смейце гаўкаць на майго сабаку!

ДУНАЙ Бывай здаровы, Руслан Сяргеевіч. Болей я ў твой бок і не пагляджу. Гаў-гаў! (Паважна ідзе да Алега Пятровіча.) Алег Пятровіч, добрая душа, хадзем Бульку ратаваць!

Алег Пятровіч, шчасліва смеючыся, кудлаціць Дуная. Сыходзяць.

Руслан Сяргеевіч апускае галаву. Звоніць яго мабільнік. Выцягвае тэлефон з кішэні, падносіць да вуха.

РУСЛАН СЯРГЕЕВІЧ Так, я вольны... (Я не знерваваны!..) Ды мала з таго радасці... (Сыходзіць.)


Дата добавления: 2015-08-09; просмотров: 117 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Дзея 13| Дзея 18

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)