Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Дзея 13

АНТЫП (зларадна) Абаронца ваш далёка, мілыя сабачкі. А я — блізка! Цяпер вас ніхто не ўратуе!

Антып набліжаецца да дзвярэй клеткі, суе руку за краты. Булька спрабуе ўкусіць яго. Але Антып лоўка хапае Бульку, цягне да сябе, адсоўвае засаўку, прыадчыняе дзверы. Дунай спрабуе ўкусіць Антыпа, але не можа дацягнуцца да яго. Антып няўмольна зацягвае Бульку ў прыадчыненыя дзверы. Дунай хапае Бульку і апантана цягне назад. Але Антып — мацнейшы. Ён амаль ужо выцягвае Бульку з клеткі.

АНТЫП Вось і фінал тваім прыгодам, бульдожына! Неўзабаве пазнаёмішся з памерамі катла на маёй кухні. А супрацоўніку скажу, што ты ўцякла, калі я хацеў пакарміць вас. Ён, дурань, паверыць!

Уваходзяць Алег Пятровіч і Васіль Сямёнавіч з фотаапаратам у руках. Васіль Сямёнавіч робіць колькі здымкаў.

ВАСІЛЬ СЯМЁНАВІЧ (Антыпу). Не такі я ўжо і дурань! (Алегу Пятровічу, памахаўшы фотаапаратам.) Вось і доказы яго злачынства! Я адразу зразумеў, што тут да чаго. Але без фотаздымкаў паскуднік аспрэчваў бы сваю віну ў міліцыі. Цяпер не адкруціцца.

АНТЫП (адпускае Бульку. Зачыняе дзверы клеткі. Васілю Сямёнавічу, разгублена). А што, міліцыя прыехала ўжо?

ВАСІЛЬ СЯМЁНАВІЧ Зараз прыедзе. Я ўжо выклікаў. Прад'яўлю ў якасці доказаў і адабраны ў цябе шпрыц. Мы з Алегам Пятровічам выступім сведкамі.

Антып намагаецца ўцячы. Васіль Сямёнавіч заступае яму дарогу.

АНТЫП (прымае каратысцкую стойку). Сцеражыся! Я небяспечны!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Гэта ўжо ўсе ведаюць.

Антып, палохаючы, размахвае рукамі і нагамі.

Алег Пятровіч і Васіль Сямёнавіч валяць Антыпа на падлогу, звязваюць яму ланцужком рукі. Потым падымаюць яго на ногі.

АНТЫП Жывадзёры, што вы робіце?! Пашкадуйце мяне!

ВАСІЛЬ СЯМЁНАВІЧ А ты сабак шкадаваў?

АНТЫП Чаго іх шкадаваць? Гэта ж бяздомкі!

ВАСІЛЬ СЯМЁНАВІЧ Вось і пракурор цябе не пашкадуе.

Васіль Сямёнавіч і Антып, які лямантуе, сыходзяць.

Дзея14

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (набліжаецца да кратаў. Дунаю). Прывітанне, лабрадор. Ці памятаеш мяне?

ДУНАЙ Мы сустракаліся ў парку.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Мы сустракаліся ў парку. Я хацеў назваць цябе то Гамбургерам, то Хот-догам, то Снікерсам. А ты пакрыўдзіўся...

БУЛЬКА (Дунаю). І з-за чаго ты абразіўся? Выдатныя мянушкі!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (Дунаю). Яшчэ раз прашу дараваць мне. А мая прапанова застаецца нязменнай. Хочаш жыць у нашай сям'і?

БУЛЬКА Калі б я знайшла сабе сям'ю, то радавалася, як бы мяне там ні назвалі! Хоць Мабільнай сеткай Вэлком! Хоць Тарыфам Бэст!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (Бульцы). Ну, што ты разгаўкалася? (Дунаю) Шумная ў цябе сяброўка... А я табе новае імя прыдумаў!

ДУНАЙ Мне маё падабаецца. Дунай. Праўда, прыгожа гучыць?

БУЛЬКА (Дунаю). Дарма гаўкаеш. Чалавек усё роўна не разумее.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Калі я быў маленькі, як мой Паўлік зараз, у майго дзядулі быў вельмі разумны і добры сабака. Звалі яго Дунай. Памятаю, які я быў шчаслівы, калі гуляў з ім! Хачу, каб і мой сын быў шчаслівы. І таму назаву цябе Дунаем. Праўда, прыгожа гучыць?

БУЛЬКА (ажно падскоквае). Ой, праўда-праўда!

Алег Пятровіч адсоўвае засаўку, адчыняе дзверы.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (Дунаю). Ну, хадзем у твой новы дом, Дунай!

Дунай панурыўся, сеў на падлогу.

БУЛЬКА (Дунаю). Чаго рассеўся? А ну, марш у свой новы дом!

ДУНАЙ А як жа ты?

БУЛЬКА Калі ты мне сапраўдны сябра, то зараз жа пойдзеш да гэтых добрых людзей! Будзь ім надзейным абаронцам!

ДУНАЙ Калі я сапраўдны сябра, то мушу застацца з табою! А калі наканавана, то і згінуць разам!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (Дунаю). Ну, чаго вы разбрахаліся? Што я такога сказаў? Мо табе імя Дунай не падабаецца?

БУЛЬКА (Алегу Пятровічу). Ён ужо ідзе! (Выштурхоўвае Дуная з клеткі.) Пакляніся, Дунай, што выканаеш маю апошнюю просьбу! (Ківае на Алега Пятровіча.) Ідзі за ім! (Выпхнула Дуная з клеткі.) Бывай здаровы. І успамінай пра мяне. Хоць зрэдку.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (выцягвае з кішэні ашыйнік. Дунаю). Можна?

Дунай ківае, падымаецца.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ (насоўвае на Дуная ашыйнік). Пара, Дунай...

Дунай сыходзіць. Ланцужок яго ашыйніка цягнецца за сцэну.

Алег Пятровіч падбірае прынесеную Васілём Сямёнавічам місу з косткамі, кладзе яе перад Булькай. Зачыняе дзверы клеткі.

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Я ведаю англійскую, нямецкую і французскую мовы. Сабачай не ведаю. Але ў мяне хапіла розуму, каб сцяміць: гэта ты ўгаварыла яго пайсці са мною. Дзякуй табе вялікі.

БУЛЬКА Пакляніся, што не пакрыўдзіш Дуная!

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ У цябе добрае сэрца, бульдожка... Ты, пэўна, хвалюешся за Дуная? Дарма. У нашай сям'і Дунай будзе шчаслівы.

БУЛЬКА І я парадуюся за вас. Пакуль маю вушы і хвост...

АЛЕГ ПЯТРОВІЧ Вось толькі дзіўная рэч! Я быццам зрабіў добрую справу — а не чую ў душы аніякай музыкі. І Дунай выглядае засмучаным... Не разумею. Не разумею...

Алег Пятровіч сыходзіць.


Дата добавления: 2015-08-09; просмотров: 103 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Дзея 10| Дзея 16

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)