Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатика
ИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханика
ОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторика
СоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансы
ХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника

Структурныя адзінкі навуковага тэксту: сказ, абзац, складанае сінтаксічнае цэлае. Сродкі сувязі на ўзроўні сказаў і абзацаў навуковага тэксту

Читайте также:
  1. Сістэма лексічных сродкаў навуковага стылю
  2. Сродкі, што фарміруюць мадальнасць, - тыпы маўлення (ад 1, 2, 3 асобы), лексічныя, сінтаксічныя сродкі, якія канцэнтруюцца вакол займенніка (як правіла я

 

Асноўным носьбітам навуковага стылю з’яўляецца навуковы тэкст, з якога будуюцца розныя навуковыя жанры. Навуковы тэкст уяўляе сабою арганічнае адзінства з лагічна пабудаванай кампазіцыяй.

Улічваючы кампазіцыйныя асаблівасці тэкстаў, складзеных у навуковым стылі, вылучаюцца наступныя структурныя часткі навуковага тэксту:

- уступная (абгрунтоўваецца актуальнасць тэмы, ставяцца мэты, задачы, вызначаюцца гіпотэзы, г.зн. праяўляецца аргументаванасць як стылёвая рыса навуковага стылю);

- асноўная (мае мэту паказаць працэс даследавання праблемы і распрацоўкі тэмы, шляхі атрымання вынікаў);

- заключная (падводзіцца вынік працы, паказваюцца магчымыя накірункі наступных навуковых даследаванняў).

Асноўнае патрабаванне да навуковага тэксту — матэрыял павінен выкладацца па дакладным плане, які адпавядае лагічнай структуры, што пасля адсочваецца па главах, раздзелах, параграфах і рубрыках. Наколькі будзе лагічным дзяленне асноўнай часткі на раздзелы, параграфы і абзацы, настолькі сістэма рубрык павінна з’яўляцца нагляднай формай рэалізацыі ўнутранай структуры навуковага твора.

Навуковы тэкст павінен характарызавацца разгорнутасцю выкладу, цэласнасцю, сістэмнасцю, завершанасцю, строгай лагічнай пабудовай. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя метады выкладу:

- метад індуктыўнай развагі — навуковы выклад вядзецца ад прыватнага да агульнага;

- дэдуктыўны метад — навуковы доказ вядзецца ад агульнага да прыватнага.

Для забеспячэння дакладнасці ў навуковых тэкстах выкарыстоўваецца тэрміналогія, асноўнае патрабаванне да якой заключаецца ў адсутнасці мнагазначнасці аднаго і таго ж тэрміна ў адным творы, не дапускаецца змешванне тэрмінаў розных навуковых дысцыплін.

У навуковым тэксце не павінна быць залішняй экспрэсіўнасці, хоць зусім пазбегнуць яе амаль немагчыма. Але ўсе меркаванні і выказванні павінны быць доказныя і аб’ектыўныя.

Важным структурным элементам навуковага тэксту з’яўляецца абзац. Падзел тэксту на абзацы называецца сегментацыяй. Падзел навуковага тэксту на абзацы не мае строгіх правіл, таму асноўнае ўменне вылучаць абзацы фарміруецца праз чытанне навуковай літаратуры. Пры такім падыходзе адбываецца засваенне лагічнай структуры навуковых тэкстаў, асаблівасцей вылучэння абзацаў паміж структурнымі часткамі навуковага тэксту, а таксама аналізуецца сэнсавая сувязь паміж прапанаваным падзелам на абзацы, вызначаецца мэтазгоднасць сегментацыі. Такая ўвага да структуры навуковага тэксту, да асаблівасцей яго структурна-сэнсавага члянення дазваляе выпрацаваць разам з навыкамі выражэння асобных думак яшчэ і навыкі іх аб’яднання ў тэкст.

Аб’яднанне абзацаў у тэкст адбываецца на аснове агульнай думкі і задумы аўтара навуковага твору. Для забеспячэння чытабельнасці і лагічнасці выкладу ў навуковым тэксце выкарыстоўваюцца наступныя элементы:

- маркіраваныя і немаркіраваныя спісы. У дадзеных элементах за аснову бярэцца вылучэнне пад лічбамі, літарамі або ілюстрацыямі структурных кампанентаў пэўнага паняцця. Дзякуючы спісам праглядаецца іерархічная структура навуковай з’явы, акцэнтуецца ўвага на яе элементах і інш.;

- лексічныя паўторы, указальныя і асабовыя займеннікі, пабочныя словы, канструкцыі тыпу па меры таго як; у сувязі з тым што; у той час калі; нягледзячы на тое што; разам з тым; між тым; тым не менш і інш.;

- умоўна-выніковы злучнік калі — то, які забяспечвае лагічнасць у пабудове адказу на ўмову, пры якой адбываецца пэўны працэс;

- галоўныя часткі складаназалежных сказаў тыпу Дакажам, што...; Заўважым, што...; Дапусцім, што...; Зразумела цяпер, што.... і інш. У лінгвістычнай літаратуры такія часткі называюць буферамі-актывізатарамі, таму што яны звязваюць наступныя сказы з папярэднім кантэкстам і адначасова актывізуюць увагу чытача на ўспрыняцце новай інфармацыі [6, с. 35—39].

Такім чынам, вызначэнне мікраструктуры тэксту тлумачыцца неабходнасцю ўбачыць усе ўзроўні арганізацыі выражэння думак у навуковым тэксце: як на лексічным узроўні (напрыклад, тлумачэнне двух тэрмінаў у адным абзацы быць не можа), так і на сінтаксічным узроўні (сказы аб’ядноўваюцца ў абзацы па прынцыпе прычынна-выніковай сувязі).

Асобна можна спыніцца на магчымасцях маркіравання інфармацыі ў навуковым тэксце (тлусты шрыфт, курсіў, падкрэсліванне, разрадка і інш.). Умова ўжывання гэтых маркераў — не перабольшыць, бо кожнае вылучэнне павінна быць мэтазгодным, каб навуковы тэкст не набыў стракатую форму.

 

3.4 Кампазіцыйна-структурная арганізацыя
з пункту гледжання спосабаў выкладання інфармацыі
(апісанне, апавяданне, разважанне, доказ)

Паводле спосабаў выкладу інфармацыі адрозніваюць тры тыпы тэкстаў: апавяданне, апісанне, разважанне. Для мовы матэматыкі характэрны спецыфічны тып тэксту — доказ [6, с. 33—35].

Тэксты тыпу апавяданняу большай ступені характэрны для мастацкай літаратуры. У такіх тэкстах паведамляецца пра дзеянні, падзеі, якія адбываюцца паступова, паслядоўна. Звычайна ў тэкстах тыпу апавядання можна знайсці ўступ і заканчэнне, а самі падзеі можна падзяліць на асноўныя перыяды, паказаць як бы асобнымі «кадрамі», якія ідуць адзін за адным.

У навуковай літаратуры тэксты такога тыпу прэзентаваны ў выглядзе гісторыі развіцця пэўнай навуковай з’явы, бібліяграфічных дадзеных, тэкстаў аб гісторыі навуковых адкрыццяў ці вывучэння якой-небудзь праблемы або ў выглядзе тэкстаў з паслядоўнай зменай этапаў, стадый якой-небудзь з’явы, паслядоўнасці работы механізмаў і інш.

Для навуковай літаратуры больш характэрны тэксты тыпу апісання, разважання.

Апісанне— гэта дакладная слоўная перадача адлюстравання прадмета, дзеяння ці стану праз іх істотныя прыметы. У залежнасці ад характару аб’екта апісання адрозніваюць апісанне прадмета і апісанне дзеяння (працэс, дослед, эксперымент).

Пры апісанні прадмета даецца яго агульная характарыстыка (напрыклад, велічыня, колер, форма), пасля апісваюцца яго структурныя элементы (ад больш важнага да менш важнага). Пры апісанні прадмета важна імкнуцца іерархічную структуру элементаў прадмета перавесці ў лінейную паслядоўнасць у тэксце. Пры апісанні дзеяння (працэс, дослед, эксперымент) фіксуюцца ў часавай паслядоўнасці ўсе асноўныя іх фазы, г. зн. паслядоўнасць сказаў адпавядае паслядоўнасці дзеянняў. Адсюль вынікае, што навуковае апісанне ў адрозненне ад мастацкага павінна быць аб’ектыўным.

Разважанне— гэта тып тэксту, у якім аналіз пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці і аргументаванасці, г. зн. палажэнні, што вынікаюць пры разглядзе пэўных праблем, параўноўваюцца адно з адным, затым групуюцца ў лагічную паслядоўнасць, на аснове якой робяцца пэўныя заключэнні, вывады. Таму тэксты ў форме разважання ў сваёй структуры маюць тры часткі: гіпотэзы, доказы-аргументы, вывады.

У матэматычнай літаратуры навуковы тэкст у форме разважання часта будуецца па схеме: аксіёма (тое, што не патрабуе доказу) — доказ аўтара — фармуліроўка вывадаў, агульнага закону для чытача. Такія тыпы тэкстаў часта называюць доказам.

Такім чынам, навуковы тэкст як асноўны носьбіт навуковага стылю мае кампазіцыйна-лагічныя структурныя элементы, што забяспечваюць чытабельнасць, доказнасць, лагічнасць і дакладнасць. У той жа час варыянтнасць выражэння і разгортвання інфармацыі забяспечваецца разнастайнасцю форм выкладу інфармацыі ў навуковым тэксце.

 

 

Гласарый

Апісанне — гэта дакладная слоўная перадача адлюстравання прадмета, дзеяння ці стану праз іх істотныя прыметы. У залежнасці ад характару аб’екта апісання адрозніваюць апісанне прадмета і апісанне дзеяння (працэс, дослед, эксперымент).

Доказ — гэта тып тэксту, характэрны для матэматычнай літаратуры, у форме разважання, часта будуецца па схеме: аксіёма (тое, што не патрабуе доказу) — доказ аўтара — фармуліроўка вывадаў, агульнага закону для чытача.

Разважанне — гэта тып тэксту, у якім аналіз пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці і аргументаванасці, г. зн. палажэнні, што вынікаюць пры разглядзе пэўных праблем, параўноўваюцца адно з адным, затым групуюцца ў лагічную паслядоўнасць, на аснове якой робяцца пэўныя заключэнні, вывады.

Сегментацыя — падзел тэксту на абзацы.

 


Дата добавления: 2015-11-26; просмотров: 297 | Нарушение авторских прав



mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.007 сек.)