Читайте также: |
|
Аб’ява, даведка, тлумачальная і службовая запіскі, дакладная і пад. афіцыйныя паперы з’яўляюцца прыкладамі тых дакументаў, якія служаць для перадачы інфармацыі пэўнага зместу. Так, амаль штодзённа нам сустракаюцца аб’явы (як афіцыйнага, так і прыватнага характару). Аб’ява – паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама (ТСБМ). Калі неабходна абвясціць, што адбудзецца нейкае мерапрыемства (сход, канферэнцыя, спаборніцтвы і пад.), вывешваюць аб’яву, у якой дакладна называюцца дата, час, месца правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Унізе, з правага боку, звычайна ўказваецца, хто робіць аб’яву.
Аб’ява
19 лістапада ў 18.00 у актавай зале адбудзецца сустрэча з маладымі паэтамі Гродзеншчыны. Уваход свабодны.
Кафедра беларускай літаратуры
Даведка – дакумент, які змяшчае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў. Узор напісання:
Даведка
Апейка Віталь Сяргеевіч з’яўляецца студэнтам першага курса дзённага аддзялення фізіка-тэхнічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы».
Даведка выдадзена для падачы ва Упраўленне ўнутраных спраў Ленінскага раёна г. Гродна.
Дэкан факультэта подпіс
(пячатка)
У тлумачальнай запісцы мы раскрываем, тлумачым прычыну нейкіх сваіх дзеянняў, учынкаў і г.д.
Тлумачальная запіска
Я, Леўчанка Вадзім Раманавіч, студэнт 3 курса 4 групы, не з’явіўся на суботнік, таму што быў хворы.
Медыцынская даведка прыкладаецца.
22 красавіка 2005 г. ______________________________________ В.Р. Леўчанка
(подпіс)
Акрамя вышэйназваных груп афіцыйна-справавых папер, вылучаюцца розныя віды юрыдычных дакумента ў. Усе яны маюць свой адметны набор рэквізітаў, які абумоўлены іх прызначэннем. Існуе вялікая колькасць дакументаў, звязаных з грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі справамі. Да працэсуальных дакументаў адносяцца рознага кшталту заявы, скаргі, хадайніцтвы, вызначэнні, пратаколы, пярэчанні супраць іску і інш.
У Кастрычніцкі раённы суд г. Гродна
Крывіцкага Андрэя Сямёнавіча,
які пражывае па адрасе: г. Гродна,
вул. Кляцкова, д. 23, кв. 67.
З А Я В А
аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з адмовай ад іску
Прашу вытворчасць па маім іску да Шытава Мікіты Лявонавіча аб спагнанні запазычанасці ў памеры 600 000 беларускіх рублёў спыніць, паколькі адказчык вярнуў названую суму.
Аб наступствах адмовы ад іску, прадугледжаных артыкуламі 245 і 247 ГПК Рэспублікі Беларусь, мне вядома.
Дата Подпіс
Адным з самых пашыраных працэсуальных дакументаў з’яўляецца іскавая заява аб узбуджэнні справы. Яе змест павінен адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальных дакументаў. Акрамя гэтага, у ёй павінны быць указаны дакладнае абазначэнне патрабаванняў істца, факты, якімі ісцец абгрунтоўвае сваё патрабаванне, доказы, якія пацвярджаюць кожны з названых фактаў, і г.д. Да іскавых належаць заявы аб прызнанні грамадзяніна прапалым без вестак, аб прымусовым лячэнні, аб аднаўленні правоў па дакументах на прад’яўніка, аб прызнанні рухомай рэчы безгаспадарнай, аб прызнанні грамадзяніна абмежава на дзеяздольным або недзеяздольным, аб ліквідацыі перашкод у ажыццяўленні права ўласнасці і інш.
У Ленінскі раённы суд г. Гродна
Ісцец: Маракоў Сяргей Аляксандравіч,
1935 г. н., які пражывае па адрасе:
г. Гродна, вул. Горкага, д. 83, кв. 99.
Адказчык: Маракоў Яўген Сяргеевіч,
1962 г. н., які пражывае па адрасе:
г. Гродна, вул. Таўлая, д. 58/1, кв. 39.
ІСКАВАЯ ЗАЯВА
аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне бацькі
Мне 73 гады, я не працую, пенсію па старасці атрымліваю ў памеры 240 000 рублёў, маю матэрыяльную патрэбу, таму што іншых крыніц даходаў не маю.
Мой сын, Маракоў Яўген Сяргеевіч, 1962 г. н., матэрыяльную дапамогу мне добраахвотна не аказвае.
Адказчык працуе ў РБУ № 13 г. Гродна галоўным інжынерам, яго заработак складае 1 200 000 рублёў. Сын пражывае адзін і мае магчымасць аказваць мне матэрыяльную дапамогу.
У адпаведнасці з артыкуламі 100, 102 КабШС Рэспублікі Беларусь і артыкулам 6 ГПК Рэспублікі Беларусь
П Р А Ш У:
1. Штомесячна ўтрымліваць з адказчыка, Маракова Яўгена Сяргеевіча, сродкі на маё ўтрыманне па 300 000 рублёў штомесячна, пачынаючы з 20 лютага 2008 г. да змянення матэрыяльнага і сямейнага становішча бакоў.
Дадатак:
1. Даведка аб заработнай плаце адказчыка.
2. Даведка аб складзе сям’і адказчыка.
3. Даведка аб пенсіі істца.
4. Копія іскавай заявы.
Дата Подпіс
3. Віды афіцыйна-справавых тэкстаў
Кожны дакумент мае пэўную тэкставую форму. Па спосабу сінтаксічнай арганізацыі маўлення, а таксама па яго пунктуацыйным і прасторава-графічным афармленні могуць быць выдзелены наступныя тыпы тэкстаў: лінейны запіс (аўтабіяграфія, заява, даверанасць), трафарэт (даведкі, кантракты, дамовы), табліца (фінансавыя ведамасці), анкета (асабовы лісток па ўліку кадраў).
1. Традыцыйны, лінейны запіс звязнай мовы.
10 кастрычніка а 14 гадзіне ў аўдыторыі № 16 адбудзецца сход студэнтаў І курса сацыяльна-эканамічнага факультэта ІПП. Пры сабе мець студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі...
– дадзены тэкст уяўляе сабой паслядоўнасць цалкам сінтаксічна аформленых сказаў, якія адпавядаюць па стылі выкладання традыцыі службовай перапіскі.
2. Трафарэт – традыцыйны, лінейны запіс, але з прабеламі, якія запаўняюцца пераменнай інфармацыяй. Трафарэт уяўляе сабой від фармалізаванага тэксту: у ім загадзя прадугледжаны і тыповая сітуацыя, у межах якой будзе выкарыстаны службовы дакумент, і моўная форма, у якой гэта сітуацыя адлюстроўваецца.
Даведка №______Выдадзена_________________________________________
У тым, што________________________________________________________
Даведка выдадзена для прадстаўлення____________________________________
Калі мы запоўнім прагалы, можам атрымаць прыблізна такі тэкст:
Даведка № 141. Выдадзена Аляксандраву В.П.
У тым, што ён пражывае па Зялёнай вуліцы, д. 7, кв. 41 і мае сына 1988 г. нараджэння.
Даведка выдадзена для прадстаўлення па месцы працы.
3. Анкета.
Безумоўна, у анкеты ёсць падабенства да трафарэта, але ёсць і адрозненні. Перш за ўсё, неаднолькавая сінтаксічная арганізацыя мовы. Анкета – гэта пералік загадзя падрыхтаваных пытанняў. Пытанне і адказ – два звязаных па сэнсе самастойных сказа. Яны могуць мець аднолькавую форму (Прозвішча – Савіцкі, Імя – Іван), але гэта не абавязкова (Служба ў войску – не служыў). Тэкст анкеты размяшчаецца па вертыкалі.
Прозвішча______________________________
Імя_____________________________________
Імя па бацьку____________________________
Год і месца нараджэння__________________ і г.д.
4. Табліца – гэта сукупнасць дадзеных, прадстаўленых у лічбавай ці слоўнай форме і змешчаных у графах вертыкальнай і гарызантальнай плоскасцей.
У адным дакуменце дапускаецца сумяшчаць тэксты розных тыпаў. Традыцыйны запіс звязнай мовы можа быць ілюстраваны таблічным матэрыялам, можа папярэднічаць анкеце і г.д.
Некаторыя правілы выкарыстання скарачэнняў у тэкстах дакументаў
У тэкстах дакументаў не павінна быць разнабою ў напісанні назваў асоб, пасад, устаноў, геаграфічных назваў, тэрмінаў і г.д. Не пажаданы і спантанныя (аўтарскія) скарачэнні. Усе скарачэнні слоў і найменняў у дакументах павінны быць агульнапрынятымі і зразумелымі.
1. Назвы геаграфічных паняццяў, прамежкаў часу, колькасных азначэнняў і да т.п. скарачаюць:
а) перад словам, да якога яны адносяцца, напрыклад: воз. (возера) Сіняе, г. (горад) Мінск;
б) пасля лічэбнікаў, напрыклад: 8 тыс. (тысяч) станкоў, 10 млн. (мільёнаў) кніг.
2. Назвы вучоных ступеняў, званняў ці прафесій могуць скарачацца ў тэксце непасрэдна перад прозвішчамі (акад. (акадэмік) Марозаў, інж. (інжынер) Сямёнаў).
3. Складанаскарочаныя назвы, утвораныя з пачатковых літар, пішуцца вялікім літарамі (ААН). У назвах, утвораных па змешаным прынцыпе, літарныя скарачэнні пішуцца вялікімі літарамі, складовыя скарачэнні – маленькімі (НДІБуддормаш – Навукова-даследчы інстытут будаўнічага і дарожнага машынабудавання).
4. Неабходна памятаць, што насычанасць тэксту скарачэннямі зніжае афіцыйны тон дакумента.
5. Скарочанае слова павінна мець запас трываласці, каб пры расшыфроўцы яго разумелі адназначна.
6. Скарачэнне павінна быць зразумелым усім, хто чытае дакумент. Таму пры першым ужыванні ў тэксце яно павінна быць расшыфравана ў дужках, а затым прадстаўлена ў скарочаным выглядзе.
7. Нельга скарачаць ключавыя словы. Напрыклад, калі размова ў дакуменце ідзе пра камандзіроўку, то гэта слова не скарачаецца.
8. Напісанне скарачэнняў павінна быць уніфікавана ў межах аднаго тэксту. Напрыклад, нельга абазначаць адно слова раён то літарай р., то камбінацыяй р-н.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАПРАВЕРКІ:
1. Назавіце стылі беларускай літаратурнай мовы.
2. Якія падстылі вылучаюць у складзе афiцыйна-справавога стылю.
3. Сферы выкарыстання афіцыйна-справавога стылю.
4. Асаблівасці выразных сродкаў афiцыйна-справавога стылю
5. Асноўныя функцыі, уласцівыя афiцыйна-справавому стылю.
6. Формы пiсьмовых зносiн памiж асобамi, установамi, дзяржавамi.
7.Спосабы афармлення дзелавых папераў (аб’ява, заява, пратакол, аўтабіяграфія, распіска, даверанасць, акт і інш.).
ЗАДАННІ:
1. Напісаць даведку.
2. Напісаць іскавуюзаяву ў суд.
ТЭСТ
1. Адзначце характэрныя рысы афіцыйна-справавога стылю:
а) стандартызацыя;
б) адсутнасць эмацыянальнасці;
в) дакладнасць;
г) ацэначнасць;
д) пабуджальнасць.
2. Адзначце падстылі афіцыйна-справавога стылю:
а) уласна заканадаўчы;
б) дыпламатычны;
в) афіцыйна-канцылярскі;
г) афіцыйна-тэхнічны;
д) афіцыйна-дакументальны.
3. Адзначце моўныя асаблівасці афіцыйнага стылю:
а) выкарыстанне спецыяльнай лексікі;
б) ужыванне аддзеяслоўных назоўнікаў;
в) канструкцыі са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі;
г) метафарычнасць тэрмінаў;
д) пытальна-пабуджальныя сказы.
4. Адзначце правільнае вызначэнне тэрміна “дакумент”:
а) Адпаведным чынам складзеная, падпісаная і засведчаная справавая папера, якая афармляе розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян.
б) Адзін з прыёмаў стварэння мастацкага вобраза ў мастацкай літаратуры.
в) Жанр, які перадае змест гутаркі паміж дзяржавай і грамадствам.
г) Аператыўнае і дакладнае паведамленне пра што-небудзь значнае і цікавае.
д) Аналіз і тлумачэнне грамадскага жыцця.
5. Адзначце неабходныя рэквізіты пры складанні дзелавой паперы:
а) аўтар дакумента;
б) адрас арганізацыі;
в) адрасаванне дакумента;
г) адрасат;
д) абзац.
6. Адзначце асабістыя дакументы:
а) характарыстыка;
б) даведка;
в) аўтабіяграфія;
г) заява;
д) распіска.
Дата добавления: 2015-12-08; просмотров: 769 | Нарушение авторских прав