Читайте также: |
|
На тэму: «Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай Імперыі.»
Выканала: Паддубная Д.В.
2012 г.
Змест:
1. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча РП у другой палове XVII ст.
2. Прычыны і вынікі першага падзелу РП
3. Рэформы у РП.Дзейнасць 4-ох гадовага сейма.Канстытуцыя 3 мая 1791 года.
4. 2-й падзел РП.Паўстанне пад кіраваннем Касцюшкі.
5. 3-ці падзел РП.Яго вынікі
1.Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча РП у другой палове XVII ст.
У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Прычынамі ажыўлення былі: дэмаграфічная, звязана з хуткім ростам насельніцтва, ў 1791 – налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў на беларускіх землях. Да канца XVIII ст. насельніцтва беларускай вёскі ўжо перавысіла ўзровень 1648 г., а гарадскія жыхары склалі каля 11% ад усяго насельніцтва. Як вынік, павялічылася вытворчасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
Другая прычына – узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Спрос на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа (на жыта павялічыліся ў 4,5 – 5, пшаніцу ў 3 – 4, а на авёс і ячмень у 2 – 2,5 разы) на замежным рынку ў другой палове XVIII ст. Таму феадалы пашыралі ўласные фальваркі, пасевы збожжавых культур.
Трэцяя прычына звязана з унутрыпалітычнымі змяненнямі ў Рэчы Паспалітай. Павялічвалася зацікаўленасць у бесперашкодным развіцці рынку, паляпшэнні агульных умоў развіцця эканомікі краіны. Магнаты і феадалы-прадпрымальнікі імкнуліся да пэўнага ўрэгулявання ўнутрыдзяржаўнага ладу. Пад іх уздзеяннем у 60-70-я гг. XVIII ст. былі праведзены гаспадарча-адміністрацыйныя рэформы, якія ўзмацнілі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: на сеймах абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, былі створаны адміністрацыйныя органы па галінах кіравання, заснавана Скарбавая камісія – спецыяльны дзяржаўны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем.
У 1775 г. былі выдадзены законы, якія дазвалялі беларускім мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страт сваіх шляхецкіх правоў. Значнай колькасці багатых мяшчан прысвоена званне шляхты.
Чацвертая прычына – гэта меры з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін. У другой палове XVIII ст. пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванню рачных партоў, будаўніцтву дарог і мастоў. У 1784 г. закончана будаўніцтва канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1781-1784 гг. быў пабудаваны другі канал, які адкрываў шлях з Прыпяці ў Заходні Буг.
У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага княства Літоўскага меры вагі, аб’ёму і даўжыні. У 1764 г., а потым у 1775 г. урад Рэчы Паспалітай уводзіць "генеральную мытную пошліну", абавязковую для ўсіх, і адмяняе ўнутраныя пошліны. Тады ж сойм уводзіць даўгавы працэнт у памеры не больш як 6% на карысць духоўных і не больш 7% для свецкіх крэдытораў.
Меры вярхоўнай улады садзейнічалі эканамічнаму развіццю Беларусі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Гэта праявілася ў:
Сельская гаспадарка. На гэты час ва ўладаннях феадалаў на ўсходзе Беларусі, як і раней, фальварачна-паншчынная гаспадарка не атрымала шырокага развіцця. Прычынамі гэтага былі аддаленнасць рэгіёна ад цэнтра дзяржавы; частыя ваенныя канфлікты; нізкая шчыльнасць насельніцтва.
У другой палове XVIII ст. ліквідуюцца вынікі разарэння і ў сялянскіх гаспадарках. Ураджаі былі ніжэй, чым на панскім полі, але ўжо складалі сам 3 – 3,5. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласных сялян у другой палове XVIII ст. у цэлым па Беларусі склаў 0,63 валокі (больш чым 13,4 га) на адну гаспадарку. Ён быў большым, чым у перыяд войнаў і разбурэнняў, але яшчэ не дасягнуў узроўню даваеннага часу. На ўсходзе Беларусі сярэдні зямельны надзел быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры аброчнай сістэме гаспадарання, якая пераважала на ўсходзе, у сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі.
Значна павялічылася ў другой палове XVIII ст. і колькасць цяглавай жывёлы ў сялянскіх гаспадарках. Гаспадароў, што не мелі коней амаль не было.
Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. Узрасла паншчына, на трэць і больш павялічыўся грашовы аброк у чыншавых сялян. У цэлым сялянскія павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднім перыядам.
Паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маёнтках разам з паншчынай і наёмнай працай, зараджэнне вотчыннай прамысловасці, рост сельскай гаспадаркі сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIII ст. была адноўлена рашаючая ў той час галіна эканомікі Беларусі – сельская гаспадарка: на захадзе і ў цэнтры – да 60-х гг., на ўсходзе – да 70-х гг.
Гарады. Да канца XVIII ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. На Беларусі налічваўся 41 горад і каля 397 мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца XVIII ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы XVII ст.
Галоўную ролю адыгрывалі вялікія гарады на галоўных гандлевых шляхах – Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск. Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30-40 %, у малых 10-25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важным заняткам жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы – рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.
Самая вялікая рамесная група – апрацоўшчыкі металаў. У сярэднім яны складалі 20-30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў. Гэта кавалі, слесары, залатых і сярэбраных спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы. Другая група – рамеснікі па скураным вырабе. У Мінску іх было каля 22% ад усіх рамеснікаў. Трэцяя – майстры па вырабе адзення: краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі, шубнікі і інш. Іх было значна менш. Чацвёртая – рамеснікі будаўнічых спецыяльнасцяў: цесляры, столяры, цагельнікі, муляры, печнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася вырабам прадуктаў харчавання. Па буйных гарадах налічвалася да 45-60 рамесных прафесій.
Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў змяньшалася да канца XVIII ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў, якія працавалі па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала разбурэнню сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці.
У XVIII ст. на Беларусі з’явілася мануфактурная вытворчасць, заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Для іх характэрна выкарыстоўванне прасцейшых машын і значныя рыначныя сувязі. Першыя прадпрыемствы адчынялі буйныя феадалы, якія мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маёнтках і танную рабочую сілу – прыгонных сялян (такія прадпрыемствы зваліся вотчыннымі мануфактурамі). Акрамя магнатаў, актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Беларусі і Літве Антонію Тызенгаузу, у 60-70-я гг. XVIII ст. заснаваў больш за 20 буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку больш за 15 мануфактур у Гродне, а ў Брэсцкай эканоміі - металургічны завод у Рудні і суконную фабрыку ў Брэсце. У канцы XVIII ст. на Беларусі дзейнічалі звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.
Гандаль. Ажывіліся гандлёвыя аперацыі як на ўнутранным рынку так і са знешнімі рынкамі толькі ў другой палове XVIII ст. Гэтаму садзейнічала ўзнаўленне сельскай гаспадаркі; уздым рамеснай вытворчасці і развіццё мануфактуры; пашырэнне таварна-грашовых адносін; паляпшэнне сродкаў зносін.
У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля належыла кірмашам. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Мінску, Шклове, Бешанковічах і Зэльве. Рэгулярны гандаль праз крамы ажыццяўляўся пры буйных мануфактурах у Гродне, Кобрыне, Паставах і іншых гарадах.
Знешні гандаль – гэта вываз традыцыйных тавараў: збожжа, воску, мёду, шчаціння, скары. Пашырыўся вываз льну, пянькі, канаплянага і льнянога семя, зерня, лясных матэрыялаў, паташу, смалы, дзёгця, рагожы. Асноўнымі пунктамі вывазу былі балтыйскія порты Гданьск, Крулявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расіяй і Ўкраінай.
Такім чынам, у другой палове XVIII ст. Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне рашаючай галіны эканомікі – сельскай гаспадаркі. Наглядаюцца далейшы рост рамяства і паступовае перарастанне яго ў дробную таварную вытворчасць. Больш шырокае развіццё набывае працэс стварэння прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, якія ў большай ступені былі звязаны з рынкам. Актывізуецца гандаль, умацоўваюцца і пашыраюцца гаспадарчыя сувязі Беларусі з іншымі краінамі.
2. Прычыны і вынікі 1-га падзелу РП
Можна вылучыць шмат прычын, якія прывялі Рэч Паспалітую да падзелаў. Галоўная з іх відавочна палітычны лад Рэчы Паспалітай, які заканамерна падрываў самыя асновы дзяржаўнасці. Найбольш небяспечным было спалучэнне знакамітых “залатых шляхецкіх вольнасцей”: выбранне манарха, liberum veto, “Pacta conventa”, “канфедэрацыі”, “рокашы”.
Самую дакладную характарыстыку тагачаснаму становішчу Рэчы Паспалітай дала сама шляхта ў прыказцы «Польшча трымаецца на бязладдзі». Бязладдзе гэта стала вынікам разіцця «залатых» шляхецкіх вольнасцей, ці, лепш сказаць, злоўжывання імі. Ужо ў другой палове XVII ст. стала відавочным, што пашырэнне шляхецкай дэмакратыі пры паслабленні цэнтральнай каралеўскай улады вядзе да яе перадачы ў рукі алігархаў, якія фінансава закабалялі шляхту, робячы яе сваім васальным акружэннем. Але ні водная з груповак не мела сілы ўзяць уладу. Адсюль — разгул анархіі. Яшчэ ў 1669 г. сейм прыняў пастанову, дзе гаварылася, што «ўсялякае новаўвядзенне ў Рэчы Паспалітай можа быць небяспечным і прывядзе да вялікіх хваляванняў. Неабходна сейму сачыць за тым, каб нічога не падвяргалася змяненням». Але ў канцы XVII—XVIII ст. гэта неабходнасць для сейма адпала, бо шляхецкае права liberum veto, па якому нават аднаму дэпутату дазвалялася сарваць сейм, практычна паралізавала работу гэтага вышэйшага органа ўлады. Пасля першага прымянення гэтага права ў 1652 г., калі дэпутат Упіцкага павета В. Сіцынскі па жаданню Я. Радзівіла не згадзіўся з пастановай сейма, па 1764 г. з 55 сеймаў Рэчы Паспалітай такім чынам было сарвана 48.
Але апекаваць за непарушнасцю шляхецкіх вольнасцей знайшлося каму. Сквапныя суседзі Рэчы Паспалітай, як клапатлівая маці, ахоўвалі непарадак у Рэчы Паспалітай. Так, расійска-прускі саюзны дагавор 1764 г. меў сакрэтны артыкул, паводле якога саюзнікі абавязваліся захоўваць у Рэчы Паспалітай шляхецкую канстытуцыю, вольныя выбары караля і liberum veto. Пункт гэты, асабліва з боку Расійскай імперыі, выконваўся рупліва.
На сейме 1764 г. было ўведзена абмежаванне на ўжытак права liberum veto — рашэнне эканамічных пытанняў прымалася большасцю галасоў і сеймавым паслам дазвалялася не прытрымлівацца наказаў сеймікаў, калі тыя пярэчылі думцы большасці.
Гэта былі першыя памкненні палітычных рэформ. Але і яны прывялі да выбуху незадаволенасці з боку рэакцыйнай магнатэрыі, якая імкнулася да неабмежаванай улады.
У 60-ыя гады XVIII ст. Расія і Прусія яшчэ шукалі зачэпак, каб дыктаваць сваю волю ўладам Рэчы Паспалітай. Такой зачэпкай стала «дысідэнцкая» праблема. Перад сеймам расійскім бокам было пастаўлена пытанне поўнага ўраўнавання ў правах некатолікаў («дысідэнтаў») з католікамі, згодна дагавору Расіі з Рэччу Паспалітай 1686 г. Сейм станоўча пытанне не вырашыў, чым кінуў Рэч Паспалітую ў апошняе трыццацігоддзе крывавых, непатрэбных для выратавання дзяржавы канфліктаў. Пад патранажам Расіі і Прусіі ў 1767 г. стварыліся ў Слуцку праваслаўная, а ў Торуні пратэстанцкая канфедэрацыі, якія ставілі мэтай дасягненне роўнасці вернікаў розных канфесій у Рэчы Паспалітай. Апошнім аргументам у спрэчцы паміж слуцка-торуньскімі канфедэратамі і сеймавым засядацелямі на карысць першых было 40-тысячнае расійскае войска.
У 1768 г. сейм задаволіў памкненні «дысідэнтаў» і даў роўныя правы з католікамі. Але ж былі скасаваны старажытныя нормы, узвышаючы каталіцкую шляхту над некаталіцкай. Супраціўнікі парушэння «старыны» пад старшынствам Ю. Пуласкага арганізавалі ў Бары, што на Украіне, канфедэрацыю, якая аб'яднала даволі шырокія колы шляхецкага саслоўя ўсёй Рэчы Паспалітай. Аднак супрацьстаяць моцы расійскага войска канфедэрацкія атрады не змаглі. Пасля гэтых падзей пад уздзеяннем абвастрыўшайся міжнароднай сітуацыі адбываецца першы падзел Рэчы Паспалітай. 25.7. 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай.
Першы падзел паказаў пераважны ўплыў у Польшчы Расіі. Але, з другога боку, ён выклікаў сярод польскіх патрыётаў шквал абурэння супраць Расіі. Між тым у перыяд паміж першым і апошнім падзеламі Польшчы ў асяроддзі польскага грамадства назіраецца пэўнага роду аздараўленне: няшчасці Радзімы ў пэўнай меры працверажальна падзейнічалі на меней сапсаваную частку польскага грамадства. Многія сталі сур'ёзна думаць пра рэформы ў галіне эканамічнага і палітычнага жыцця краіны. Гэтаму працверажэнню і ўвазе да надзённых патрэб дзяржавы несумненна садзейнічаў сам рускі ўрад, бо рускі пасланнік на соймах у зародку спыняў усялякае палітыканства і соймы праходзілі дзелавіта, без зрываў, што даўно не маглі прыпомніць палякі. Відаць, у задачы рускага ўрада першапачаткова ўваходзілі намеры садзейнічаць мірнаму ўладкаванню і росквіту Польшчы. Гэты перыяд адзначаны шэрагам рэформ. Так, у гэты час пачала дзейнічаць Адукацыйная камісія, было наогул палепшана становішча навучальных. устаноў. З'яўляецца багатая публіцыстычная літаратура, якая асуджае многія рысы ў ладзе старой Полынчы. Выразнай у гэтай літаратуры з'яўляецца Моцная дэмакратычная плынь. Яна адчувальна паднімае сялянскае пытанне і яе ўплыў адбіваецца на частковым паляпшэнні становішча сялян, пра што нам яшчэ давядзецца гаварыць у адносінах да Беларусі. Увогуле літаратура і навука адраджаюцца вельмі моцна. Гэта быў бліскучы перыяд уздыму польскага нацыянальнага духу. Але ўсё ж партыя рэформ не была дастаткова моцнай і, акрамя таго, зрабіла цэлы шэраг недыпламатычных крокаў. Партыйнасць і асабістыя рахункі часта перашкаджалі гэтай партыі цвяроза глядзець на рэчы, і ўздым польскага нацыянальнага духу зрабіў яе залішне самаўпэўненай і нецярплівай. Гэта партыя адразу ж стала на вузка нацыянальны пункт гледжання і не магла пазбавіцца ад каталіцкіх тэндэнцый. Гэтыя варункі загубілі Польшчу. Вялікай памылкай партыі рэформ было тое, што яна, паддаючыся прускаму ўплыву і прускім абяцанням, усю віну першага падзелу ўсклала на Расію, у той час як Прусія мела пэўныя намеры атрымаць яшчэ непадзеленыя часткі польскай тэрыторыі. У адносінах да Расіі гэта партыя стала ў відавочна варожыя адносіны і адразу ж абвастрыла рэлігійнае пытанне. У 1783 г. Польшча пагадзілася на заснаванне ў яе межах беларускай праваслаўнай епархіі замест такой жа ўступкі, якую зрабіў рускі ўрад, адкрываючы на сваёй тэрыторыі беларускую уніяцкую епархію. Праваслаўным іерархам у Польшчы быў прызначаны слуцкі архімандрыт Віктар Садкоўскі, чалавек няўстойлівы і зарыентаваны на рускую ўладу. Кафедральным горадам праваслаўнай епархіі быў Слуцк, які належаў Радзівілам. Але з'яўленне беларускага епіскапа ў межах Польшчы толькі ўзмацніла недружалюбныя адносіны і да праваслаўя, і да Расіі. Як гэта ні дзіўна, але дэмакратычны і навуковы ўздым Польшчы ўжываўся з празмернай нецярплівасцю ў справах веры, і побач з бліскучай літаратурай дэмакратычнага характару з'яўляліся брашуры, напоўненыя фанатызмам.
3.Рэформы ў РП.Дзейнасць 4-ох гадовага сейма.Канстытуцыя 3 мая 1791 года.
У перыяд названага ажыўлення палякі пачалі ўзмоцнена рыхтавацца да рэформ, якія спадзяваліся правесці на сойме 1787 г. У гэты час стварыліся 3 партыі. Адну партыю, якая схілялася да думкі аб рэформах пры садзейнічанні Расіі, называлі каралеўскай. Многія з яе членаў атрымлівалі жалаванне ад рускіх пасланнікаў, у т.л. і сам кароль. Другая партыя, на чале якой стаяў гетман Ксаверый Браніцкі, таксама складалася з рускіх прыхільнікаў, але была праціўніцай караля Станіслава, Нарэшце, трэцяя партыя, на чале якой стаялі Чартарыйскія, была партыяй карэнных рэформ і праціўніцай Расіі. Паколькі ў гэты час у Расіі пачалася вайна з Турцыяй і Швецыяй, то рускія пасланнікі трымалі сябе ў Польшчы занадта стрымана і сталі ўвогуле не ўмешвацца ў яе справы. На сойме атрымалі перавагу праціўнікі Расіі. Пры такіх умовах пачаў работу вядомы Чатырохгадовы сойм 1787—1791 гг.
Пасяджэнні сойма пачаліся з бясконцых спрэчак па пытаннях рэформ, бо абаронцы старога рэжыму былі дастаткова моцныя. У гэтых спрэчках дамінавала непрыхільнае стаўленне да Расіі. Пануючыя соймавыя партыі сталі на прускі бок, дзейнічалі пад кіраўніцтвам прускіх дыпламатаў і заключылі саюз з Прусіяй, хоць яна тады ж дамагалася некаторых прыморскіх гарадоў, у т.л. Торуні. Невялікія ўспышкі сялянскага паўстання на Украіне далі падставу для абвінавачванняў супраць Расіі. Падпальшчыкам сялянскага бунту палічылі Віктара Садкоўскага, і яго зняволілі ў турму. На сойме разглядаліся праекты адлучэння праваслаўнай царквы ў Полынчы і падпарадкавання яе канстанцінопальскаму патрыярху. У соймавых прамовах толькі і чуліся пагрозы ў адносінах да Расіі і ўпэўненасць у прускай дапамозе і абароне. Рускія дыпламаты паводзілі сябе асцярожна, але, зразумела, што абуральныя паводзіны соймавых дэпутатаў закраналі прэстыж моцнага суседа. Дэпутаты былі празмерна ўпэўнены ў тым, што Расія знаходзіцца ў надзвычай цяжкім міжнародным становішчы і спадзяваліся на моц прускага саюза. Сойм закончыўся аб'яўленнем знакамітай Канстытуцыі 3га мая, якая была праведзена рэвалюцыйным шляхам. Гэта Канстытуцыя сапраўды ўяўляла сабой цэлы шэраг здаровых рэформ. Яна прадугледжвае спадчыннасць каралеўскай улады, знішчае liberum veto, дае правы мяшчанству, упарадкоўвае адміністрацыю і нават у нейкім сэнсе паляпшае становішча сялян. Пры строга арыстакратычным ладзе Польшчы гэта Канстытуцыя была адносна дэмакратычнай і, ва ўсякім разе, была вялікім крокам наперад, бо давала магчымасць далейшага развіцця нармальнага канстытуцыйнага жыцця.
У сваім маёнтку Лявонпаль недалёка ад Полацка граф Лапацінскі ўзвёў у гонар Канстытуцыі 1791 года мемарыяльную калону, якая і цяпер узвышаецца ў парку на левым беразе Дзвіны.
4. 2-й падзел РП.Паўстанне пад кіраваннем Касцюшкі.
Канстытуцыя 3-га мая выклікала моцную апазіцыю ў польскім асяроддзі, якое звярнулася па дапамогу да Расіі. У 1792 г. Расія з вялікай славай справілася са Швецыяй і Турцыяй, і ў пачатку гэтага года рускія войскі былі скіраваны ад турэцкай граніцы ў межы Польшчы. Генерал Крачэтнікаў ад імя імператрыцы выпусціў маніфест, у якім гаварылася пра ўсе тыя крыўды, што былі нанесены соймам Расіі. Адразу ж стварылася канфедэрацыя на чале з Феліксам Патоцкім, скіраваная супраць чатырохгадовых рэформ сойма. Гэта канфедэрацыя атрымала назву Таргавіцкай ад імя мяст., што належала Патоцкаму. 3 поўначы ў Польшчу ўступіў генерал Какоўскі. У маі Мінск і Вільня былі ў руках рускіх, і ў Вільні стварылася Генеральная Літоўская канфедэрацыя з тымі ж мэтамі.
Летам рускія войскі, рассейваючы і разбіваючы польскія, былі ўжо пад Варшавай. Тады кароль, які раней дзейнічаў разам з партыяй рэформ, раптам далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Прусія і Аўстрыя адразу ж увайшлі ў змову з Расіяй адносна падзелу Польшчы, прычым Прусія афіцыйна патрабавала сабе ўзнагароджання за няўдалую для яе вайну з Францыяй. Зімой 1792 г. быў абвешчаны другі падзел РП, прычым Расія атрымала ў межах Беларусі Мінскае ваяводства з некаторымі прылеглымі паветамі Віленскага і Гродзенскага ваяводстваў. Гродзенскі сойм 1793 г. павінен быў пацвердзіць гэту ўступку. Рускія гарнізоны засталіся ў Варшаве і Вільні.
Другі падзел адразу ж выклікаў паўстанне палякаў супраць рускага панавання. Начальнік рускіх гарнізонаў і беларускі генералгубернатар Тутолмін не заўважаў паўстання, што рыхтавалася. Яно пачалося ў сакавіку 1794 г. Рускія гарнізоны ў Варшаве і Вільні былі выразаны. Гэта паўстанне было ўзнята партыяй дэмакратычных рэформ і сустрэла прыхільнае стаўленне гарадскога мяшчанства. На чале Варшаўскага ўрада стаў гродзенскі шляхціц Касцюшка, які засведчыў свой вайсковы талент у вайне 1792 г., а ў Вільні — палкоўнік Ясінскі, які, аднак, прызнаў над сабой уладу Варшаўскага ўрада. Літоўскі ўрад звярнуўся не толькі да мяшчанства, але і да сялянства; ён абяцаў рэформы і заклікаў усіх да барацьбы з рускай уладай. Мэты паўстання былі наступныя: зварот да межаў 1772 г., выгнанне акупантаў, працяг дэмакратычных рэформаў. Да паўстання далучыліся прадстаўнікі ўсіх веравызнанняў. «Паланецкім універсалам» Т. Касцюшка скасаваў асабістую залежнасць сялян, а тыя сяляне, што будуць удзельнічаць у паўстанні, вызваляліся ім ад прыгону. Усяго ў паўстанні прыняло ўдзел 25 тыс. чалавек, самая вялікая бітва адбылася пад в. Крупчыцы.Хоць сілы літоўскага і віленскага ўрадаў былі невялікія, але ў названы час на Беларусі амаль не было рускіх войск. Аднак спробы Ясінскага ўзняць паўстанне ў Мінскай губ. закончыліся няўдачай; не здолеў ён захапіць і Мінск. Нягледзячы на нешматлікасць рускіх войск, літоўскі ўрад не змог іх адолець. Ва ўрадзе Ясінскага пачаўся раскол, і ў ліпені 1794 г. Вільня была захоплена рускімі войскамі. У кастрычніку Сувораў разбіў Касцюшку і пад Варшавай узяў яго ў палон. Расія заняла ўсю Беларусь, Літву і Ўкраіну
5. 3-ці падзел РП.Яго вынікі.
Параза паўстання 1794 прывяла да поўнай ліквідацыі Рэчы Паспалітай. 3 студзеня 1795 была падпісаная канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Аўстрыяй, а 24 кастрычніка падобная жа канвенцыя была падпісаная паміж Прусіяй і Расіяй. Да Расіі адышлі Заходняя Валынь, а таксама рэшткі ВКЛ і Курляндыя. Аўстрыя атрымала малапольскія землі з Любліным і Кракавым, Прусія – частку Падляшша і Мазавецкіх земляў з Варшавай, а таксама частка Жамойці.
У 1795 адбылося поўнае паглынанне Расійскай імперыяй тэрыторыі Беларусі.
Дата добавления: 2015-09-05; просмотров: 91 | Нарушение авторских прав
<== предыдущая страница | | | следующая страница ==> |
Шум и ярость 17 страница | | | Укрощение Шутника |