Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Першабытнае грамадства як агульны этап у гісторыі чалавецтва. Каменны век на тэрыторыі Беларусі

Перыядызацыя гісторыі Беларусі | Жалезны век на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне славян і славянская каланізацыя Беларусі | Духоўная культура і мастацтва першабытнага чалавека | Усходнеславянскія плямёны на тэрыторыі Беларусі і зараджэнне дзяржаўнасці ў Усходняй Еўропе. Кіеўская Русь. Асаблівасці развіцця Полацкага і Тураўскага княстваў | Сацыяльна-эканамічнае развіццё першых дзяржаў-княстваў | Феадальная раздробленасць. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і набегамі татара-манголаў | Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага | Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага Княства Літоўскага. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель ў складзе ВКЛ | Канцэпцыі паходжання беларусаў. Развіццё беларускага этнасу | Люблінская унія 1569 года. Утварэнне Рэчы Паспалітай і яе палітычны лад |


Читайте также:
  1. Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.
  2. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі ў пасляваенныя гады. Грамадска-палітычнае жыццё і спробы рэфарміравання эканомікі ў 1950 – 1960-я гг.
  3. Адукацыя і культура ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.
  4. Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.
  5. Аперацыя «Баграціён». Вызваленне тэрыторыі БССР
  6. Барацьба супраць нацысцкай Германіі на акупіраванай тэрыторыі
  7. Бронзавы век на Беларусі. З’яўленне індаеўрапейцаў і “Вялікае перасяленне народаў”. Балты на тэрыторыі Беларусі

 

Гісторыя пачынаецца са з’яўленнем першага чалавека. На сёняшні дзень існуе шмат тэорый наконт таго, дзе і як адбылася гэта падзея. Многія з іх не маюць пад сабой ніякага навуковага абгрунтавання, як, напрыклад, тэалагічная (крэацыйная) канцэпцыя, што прыпісвае ўзнікненне чалавека божай волі, ці ўфалагічная тэорыя, якая заяўляе аб іншапланетным паходжанні людзей. Навуковая тэорыя, прынятая ў нашай краіне і ў большасці іншых, грунтуецца на эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна (1809 – 1882), які ў сваіх кнігах “Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбора” (1859) і “Паходжанне чалавека і палавы адбор” (1871) даказваў, што ў працэсе барацьбы за існаванне выжываюць тыя прадстаўнікі жывёльнага свету, якія ў найбольшай ступені прыстасоўваюцца да змяніўшыхся навакольных умоў. Пры гэтым адбываюцца біялагічныя змены як у антагенэзе (індывідуальным развіцці арганізмаў), так і ў працэсе філагенэза (развіцці асобных відаў, родаў, сямействаў, атрадаў і класаў). Чалавечая псіхіка, яго мышленне і працоўныя магчымасці, па меркаваннях Дарвіна, ёсць шматліка памножаныя натуральным адборам інстынкты.

На базе дарвінаўскай тэорыі эвалюцыі К. Маркс і Ф. Энгельс распрацавалі працоўную мадэль паходжання чалавека і чалавечага грамадства. Найбольш яскрава гэтая канцэпцыя апісана ў працах Ф. Энгельса “Роль працы ў працэсе пераўтварэння малпы ў чалавека” і “Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы”. Вялікую ролю ў з’яўленні чалавека і соцыума адыграла неабходнасць здабываць ежу ў змяніўшыхся прыродных умовах, што прывяло да пачатку выкарыстання малпамі прылад працы і да іх арганізацыі ў іерархічныя групы, дзе ў працэсе сумеснай дзейнасці выпрацавалася мова і пачало развівацца мышленне.

Адносна месца з’яўлення першых людзей да гэтага часу няма поўнай яснасці. Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэта адбылося ў Цэнтральнай Афрыцы, іншыя называюць востраў Яву магчымай прарадзімай чалавецтва. Працэс эвалюцыі пачаўся яшчэ ў эпоху міацэна, паміж 20 – 12 мільёнамі гадоў таму назад. У гэты перыяд з’явіліся арыапітэкі і дрыапітэкі – чалавекападобныя малпы, якія былі яшчэ часткай жывёльнага свету. Іх развіццё затармазілася ў эпоху пліацэну (12 – 2,5 млн. гадоў таму назад), паколькі гэта было звязана з пачаткам ледавіковага перыяду і рэзкім пахаладаннем. Але менавіта змена клімату прывяла малпаў да неабходнасці прыстасоўвацца да новых умоў існавання. У выніку каля 4 – 1,5 млн. гадоў на тэрыторыі Афрыканскага кантынента з’явіліся і шырока рассяліліся аўстралапітэкі (“паўднёвыя малпы”). Існавала 3 разнавіднасці гэтых істот, і да гэтага часу ідуць навуковыя спрэчкі, ці з’яўляюцца яны продкамі сучаснага чалавека, альбо гэта – тупіковая галіна ў эвалюцыйным развіцці чалавекападобных малпаў – рамапітэкаў. Аўстралапітэкі мелі важнае адрозненне ад папярэднікаў – яны пачалі жыць і адшукваць ежу на зямлі, а не на вяршынях дрэў. Гэта прывяло да змянення шкілету і садзейнічала развіццю прамахаджэння.

Прыкладна 3,5 – 2,5 млн. гадоў з’явілася новая істота, якую навукоўцы назвалі “Homo habilis” – “чалавек умелы”. Яго і можна лічыць першым чалавекам, бо аб’ём мозга ў яго значна перавышаў мозг малпы (ён дасягаў 550-800 кубічных см), а самае галоўнае, ён пачаў выкарыстоўваць першыя каменныя прылады працы – прыродную гальку, якую, аднак, амаль не апрацоўваў і, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваў эпізадычна. З гэтага моманту пачынаецца археалагічная перыядызацыя, якая выдзяляе ў жыцці першабытнага чалавека тры вялікіх перыяды: каменны век, бронзавы век і жалезны век. Як зразумела па назвах, гэтыя перыяды адрозніваюцца матэрыяламі, з якіх першабытны чалавек вырабляў прылады працы.

Пачатак каменнага веку датуецца прыкладна 3,5 – 2,5 млн. гадоў таму назад, а яго заканчэнне – 3 тыс. гадоў да н. э., пачатак і канец бронзавага веку – адпаведна II тыс. г. да н. э. – VIII – VII стст. да н. э., пачатак і канец жалезнага – VIII – VII стст. да н.э. – VII – VIII стст. н. э. Акрамя таго, у кожным перыядзе выдзяляюць свае падперыяды, напрыклад, каменны век у сваю чаргу падзяляецца на палеаліт (ранні – 3,2 млн. г. – 150 тыс. г.; сярэдні – 150 тыс. г. – 40 тыс. г.; позні – 40 тыс. г. – 9 тыс. г.), мезаліт (9 тыс. г. да н. э. – 5 тыс. г. да н. э.), неаліт (5 тыс. г. да н. э. – 3 тыс. г. да н. э.); жалезны век адпаведна на ранні (VIII ст. да н. э. – 4 ст. н. э) і позні (IV ст. н. э. – VII – VIII ст. н. э.).

У перыяд ранняга (ніжняга) палеаліту, у так званыя алдувайскую, дашэльскую, шэльскую і ашэльскую эпохі адбылося ўзнікненне новых тыпаў чалавечых істот: пітэкантрапа, сінантрапа, атлантрапа, гейдэльбергскага чалавека і інш. Аб’ём мозга пітэкантрапа быў каля 870 кубічных см, а ў сінантрапа яшчэ больш – каля 1040 кубічных см. Гэтыя віды актыўна выкарыстоўвалі прылады працы, знойдзеныя ў прыродзе – камяні і палкі, а таксама грубаапрацаваныя галечныя прылады (рубілы, разакі, адшчэпы), вялі статкавы вобраз жыцця, займаліся збіральніцтвам і прымітыўным паляваннем. У гэты час адбываецца пераход да новага тыпу чалавека – “Homo erektus” – “чалавек прамахадзячы”.

Надалей эвалюцыя прывяла да з’яўлення “Homo sapiens” – “чалавека разумнага”. Яго мозг набліжаўся да размераў мозга сучаснага чалавека – каля 1400 кубічных см. З’яўленне “чалавека разумнага” прыпадае на перыяд каля 200 – 150 тыс. гадоў таму назад. Да гэтага часу адносяць так званых “неандэртальцаў”. Гэты чалавечы тып атрымаў назву ад ракі Неандэрталь у Германіі, у даліне якой у 1856 годзе ўпершыню былі знойдзены яго костныя астанкі. У далейшым яны былі адкрыты і ў іншых месцах Еўропы, што сведчыць пра шырокае распаўсюджанне неадэртальцаў. Перыяд існавання неандэртальскага чалавека называюць эпохай мусцье, гэта час сярэдняга палеаліту.

Існавала некалькі тыпаў неандэртальцаў, якія мелі мозг аб’ёмам паміж 1300 – 1600 кубічных см., дасягалі росту 1,6 м., іх сярэдняя працягласць жыцця складала каля 30 гадоў (каля 40% усіх знойдзенных астанкаў – астанкі людзей, што памёрлі паміж 20 – 30 гадамі, 40% – да 20 гадоў, і толькі 20% пражылі болей, самы стары шкілет чалавека – прыкладна да 50 гадоў). Неандэртальцы мелі выцягнутую ўперад сківіцу, высокія надброўныя дугі, па знешнім выглядзе больш нагадвалі сучасных шымпанзэ. Тым не менш, яны былі ўжо зусім разумнымі істотамі, умелі не толькі карыстацца прыроднымі прыладамі працы, але і рабілі іх самі. Выяўлены груба апрацаваныя каменныя прылады з крэменю, якія рабіліся наступным чынам: ад крэмневага нуклеўса пры дапамозе другога камня адбіваліся невялікія кавалкі, у выніку з’яўлялася прылада з вострай кромкай, якой можна было рэзаць, рубіць ці скрэсці. У неандэратльцаў узніклі і першыя асобныя мужчынскія і жаночыя прылады – востраканечнікі і скрэблы адпаведна, што сведчыць пра архаічны падзел працы. Таксама гэтыя людзі маглі штучна здабываць і падтрымліваць агонь, у месцах стаянак неандэртальцаў знойдзены вогнішчы. Значыць, яны выкарыстоўвалі тэрмічную апрацоўку ежы (жарку), што не магло не адбіцца добрым чынам на паляпшэнні і ўдасканальванні іх фізічнага тыпу. Неандэртальцы былі першымі жывымі істотамі, якія сталі хаваць сваіх памерлых сародзічаў. На тэрыторыі Еўропы знойдзенна некалькі неандэртальскіх пахаванняў: гэта прыродныя ямы, вымаіны, пячоры, куды змяшчалі цела нябожчыка і прыкрывалі зверху камянямі, веткамі, зямлёй. У адным з такіх пахаванняў каля цела знойдзены букет альбо вянок з раслін. Магчыма, гэта сведчанне зараджэння пахавальнага культа і рэлігійных уяўленняў. Што тычыцца сацыяльнай арганізацыі, то хутчэй за ўсё гэта быў чалавечы статак, заснаваны на праміскуітэце – неўпарадкаваных палавых сувязях.

Менавіта неандэрталец стаў першым тыпам чалавека, што пранік на тэрыторыю Беларусі. У час шырокага рассялення першых людзей па Еўропе (каля 600 тысяч гадоў таму назад) тэрыторыя нашай краіны была непрыдатная для асваення, бо была пакрыта ледавіком. У той час адбыліся 3 абледзяненні, якія закранулі Беларусь: 1) Бярэзінскі (Окскі) ледавік доўжыўся ад 500 да 350 тыс. гадоў таму назад; 2) Дняпроўскі доўжыўся ад 300 да 110 тыс. гадоў таму назад; 3) Валдайскі – 90 – 13 тыс. гадоў да н. э. Паміж Бярэзінскім і Дняпроўскім ледавікамі існавала эпоха першага міжледавікоўя (350 – 300 тыс. гадоў таму назад), калі на тэрыторыі Беларусі ўпершыню з’явіліся расліны, падобныя на сёняшнія (хваёвыя і шыракалістыя лясы), буйныя жывёлы (маманты, шарсцістыя насарогі, паўночныя алені і інш.), але слядоў знаходжання чалавека у гэты час у дадзеным арэале не знойдзена. Толькі паміж Дняпроўскім і Валдайскім ледавікамі, у час другога (Мікулінскага) міжледавікоў’я (110 – 90 тыс. гадоў таму назад) пачалося пранікненне неандэртальцаў на паўднёвы ўсход Беларусі. Аб гэтым сведчаць грубаапрацаваныя каменныя прылады працы, знойдзеныя каля вёсак Абідавічы, Свяцілавічы, Клеевічы і Падлужжа. Аднак ні стаянак неандэртальцаў, ні іх касцяных рэшткаў на Беларусі пакуль не знойдзена.

Пранікненне неандэртальцаў адбывалася ў час сярэдняга палеаліта (эпоха Мусцье). Але апошні ледавік (Валдайскі) прымусіў людзей зноў пакінуць тэрыторыю Беларусі. На гэты раз ільдом была закрыта толькі паўночная частка нашай рэспублікі – Віцебскае Паазер’е, але ў сумежных раёнах пражыванне было немагчыма з-за суровага клімату. Некалькі разоў ледавік адступаў і зноў вяртаўся. У час аднаго з такіх пацяпленняў, у эпоху верхняга палеаліту, на тэрыторыю Беларусі пранік чалавек сучаснага тыпу – краманьёнец. Краманьёнцы (Homo sapiens – “чалавек разумны”) з’яўляюцца апошнім тыпам у эвалюцыі чалавека. Іх аб’ём мозга дасягаў больш за 2000 кубічных см., па знешняму выгляду яны поўнасцю адпавядалі сучаснаму чалавеку. З’яўленне краманьёнцаў адносяць да 50 – 40 тысяч гадоў да н. э. На тэрыторыі Беларусі яны ўпершыню пасяліся каля 35 – 30 тысяч гадоў да н. э.

Ад часоў верхняга палеаліту ў нас захавалася 2 стаянкі: Юравічы (датуецца 24 тыс. гадоў да н. э.) і Бердыж (21 тыс. гадоў да н. э.). Абедзве яны знаходзяцца на паўднёвым усходзе Беларусі, бо чалавек рассяляўся з поўдня, па цячэнні ракі Днепр і яго прытокаў. На стаянках знойдзены рэшткі жытлаў, якія ўяўлялі сабой пабудовы паўзямлянкавага тыпу з костак буйных жывёл (у асноўным мамантаў), абцягнутых скурамі. У цэнтры жытлаў знаходзіліся вогнішчы, на якіх гатавалі ежу і пры дапамозе якіх ацяплялі памяшканне. Таксама знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, нажы, скрэблы, рэтушоры і адбойнікі для апрацоўкі крэмніевых нуклеўсаў і інш.), апрацаваныя косткі жывёл, некаторыя з касцяных вырабаў аздоблены арнаментам – гэта першыя ўзоры старажытнага мастацтва. На стаянках, па падліках навукоўцаў, адначасова пражывала ўсяго па 35 – 40 чалавек, асноўнымі заняткамі якіх было калектыўнае паляванне загоннага тыпу, рыбалоўства і збіральніцтва. Існаваў архаічны падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Хутчэй за ўсё, сацыяльная арганізацыя гэтых людзей уяўляла сабой раннеродавую мацярынскую абшчыну.

16 – 15 тысяч гадоў да н. э. пачалося чарговае пахаладанне, і людзі вымушаны былі пайсці з Беларусі на поўдзень, пакінуўшы свае стаянкі. Толькі каля 11 тыс. гадоў да н.э. ледавік канчаткова адышоў на поўнач і ўся тэрыторыя Беларусі стала прыдатнай для рассялення людзей. Ад ледавіка застаўся характэрны раўнінны рэльеф з марэннымі ўзгоркамі, у нетрах якіх захаваліся асадкавыя пароды, а на паверхні засталіся рэшткі горных парод у выглядзе шматлікіх камянёў – крэмня, граніта, базальта і інш. Таксама рэліктамі ледавіка сталі азёры, якіх асабліва шмат на поўначы Беларусі, ён жа пакінуў нам разгалінаваныя рачныя сістэмы. З апошнім пацяпленнем на Беларусі ўладкаваліся раслінны і жывёльны свет сучаснага тыпу. Вялізныя жывёлы накшалт маманта, шарсцістага насарога саступілі сваё месца бурым мядзведзям, высакародным аленям, зубрам, ваўкам і іншым больш дробным прадстаўнікам фауны, якія працягваюць сваё існаванне і да нашага часу.

Да канца 10 – пачатку 9 тысячагоддзя да н. э. адносіцца пачатак мезаліта (сярэдняга каменнага века), які доўжыўся да 5 тысячагоддзя да н. э. У гэты час адбываецца канчатковае і поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі. На гэты раз сюды прышлі адразу некалькі груп плямёнаў рознай этнічнай прыналежнасці, якія ўтварылі 4 новыя этнічныя рэгіёны. З усходнееўрапейскай раўніны прышлі людзі, якія пасяліліся на тэрыторыі Сярэдняга Падняпроў’я, з поўдня чалавек па цячэнні Дняпра і яго прытокаў – Прыпяці і Бярэзіны – засяліў беларускае Палессе і цэнтральную частку краіны, з тэрыторыі Польшчы плямёны занялі захад Беларусі, а на поўначы, у Віцебскім Паазер’і, апынуліся выхадцы з тэрыторыі Германіі, якія прышлі сюды праз Польшчу і Літву.

Новыя плямёны стварылі першыя археалагічныя культуры на Беларусі: Свідэрскую, Каморніцкую, Яніславіцкую, Грэнскую і Сожскую. Яны адрозніваліся па метадах апрацоўкі камня і падзяляліся на культуры макралітычный, мікралітычнай ці змешанай макра-мікралітычнай вытворчасці. У макралітычных культурах выкарыстоўваліся прылады працы, зробленыя шляхам раскалвання крэмніевых нуклеўсаў на некалькі вялікіх адшчэпаў, з якіх вырабляліся нажы, скрэблы, разцы і іншыя вялікія прылады. Мікралітычная вытворчасць была заснавана на выкарыстанні маленькіх завостраных адшчэпаў, якія ўладкоўваліся ў спецыяльныя асновы з дрэва ці косці і служылі ў якасці ляза, маленькага нажа, наканечнікаў стрэл і інш. Плямёны змешанай вытворчасці выкарыстоўвалі адначасова і тую, і другую тэхніку вырабу прылад працы. У мезаліце значна пашырыўся інвентар, з’явіліся каменныя сякеры, долата, адбылося вынаходніцтва першага механічнага прыстасавання – лука са стрэламі. Значна павялічылася колькасць насельнікаў на Беларусі: да гэтага часу знойдзена каля 120 стаянак. Асноўным заняткам чалавека заставалася паляванне, а рыбалоўства і збіральніцва выконвалі дапаможную ролю. Сацыяльная арганізацыя – раннеродавая мацярынская абшчына.

Перыяд з 5 па 3 тысячагоддзе да н.э. называецца неалітам – новым каменным векам. У гэты час адбыліся карэнныя змены ў жыцці чалавека, якія атрымалі красамоўную назву “неалітычнай рэвалюцыі”. Сутнасць гэтай “рэвалюцыі” заключаецца ў пачатку перахода чалавека ад прысвойваючай гаспадаркі да вытворчай. Адбываецца зараджэнне новых заняткаў чалавека: жывёлагадоўлі, земляробства і першых рамёстваў. У гэты час чалавек прыручыў першых жывёл (сабаку і каня), пачаў штучнае развядзенне некаторых злакаў і лекавых раслін. Ім былі вынайдзены ганчарнае і ткацкае рамёствы. Выраб глінянага посуду меў вялізнае значэнне, бо гэта дазволіла лепей зберагаць, транспарціраваць і прыгатаўляць прадукты харчавання і ежу. Вараныя стравы лепей засвойваліся арганізмам, што прывяло да павялічэння тэрмінаў жыцця і паляпшыння фізіялагічнага стану першабытнага чалавека.

Акрамя гэтага, чалавек навучыўся новым метадам апрацоўкі каменя: піленню, шліфаванню, свідраванню. Прылады працы сталі больш разнастайныя і дасканалыя. Знойдзена вялікая колькасць неалітычных каменных сякер з ідэальна круглымі адтулінамі і адшліфаванай паверхняй, іншыя прылады з высокай тэхнікай апрацоўкі. Аднак павелічэнне колькасці прылад (у сувязі з павелічэннем колькасці людзей) прывяло да недахопу сыравіны для іх вырабу. Колькасць крамянёвых нуклеўсаў, якія ляжалі на паверхні зямлі, рэзка скарацілася за папярэднія часы. Таму ў эпоху неаліту была наладжана здабыча крэмня шахтным спосабам. Каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці былі знойдзены шахты, дзе ў пластах крэйды старажытныя людзі здабывалі крэмень. Шахты дасягалі некалькіх метраў у глыбіню, мелі шматлікія разгалінаванні, некаторыя аб’ядноўваліся праз спецыяльныя калідоры. Гэта сведчыць аб працяглым часу карыстання дадзенымі радовішчамі крэмня. Першабытныя шахцёры выкарыстоўвалі ў якасці інструментаў прылады з косці, прымітыўныя лесвіцы з ствалоў сосен.

Рэвалюцыйныя змены ў гаспадарчай дзейнасці прывялі да паляпшэння жыццёвых умоў, што выклікала дэмаграфічны ўздым. Да эпохі неаліту адносяць больш за 500 стаянак, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі. Вынаходніцтва глінянага посуду дала магчымасць больш дакладна вызначыць арэалы распаўсюджання археалагічных культур. Своеасаблівымі адрозненнямі сталі форма посуду і арнаменты на ім. На тэрыторыі Беларусі ў неалітычны перыяд вызначаюцца 4 групы археалагічных культур. На ўсходзе, у верхнім цячэнні Дняпра, вылучалася Верхнедняпроўская культура, адметнай рысай якой стала грабенчата-ямачная кераміка. Цэнтр Беларусі і паўднёвыя раёны (Палессе) займала Днепра-Данецкая культура, асноўная частка якой размяшчалася на тэрыторыі Украіны. Яе вызначае грабенчата-накольчатая кераміка. Захад Беларусі з’яўляўся арэалам распаўсюджання Нёманскай культуры, на посудзе якой былі наколкі і насечкі. Поўнач займалі плямёны Нарвенскай групы, якіх адрознівала порыстая кераміка. Дно посуду гэтых культур было вострым ці закругленым для зручнасці карыстання на зямлі. Як і ў часы мезаліту, у неаліце працягвала сваё існаванне мацярынская родавая абшчына.

Такім чынам, каменны век быў першай гістарычнай эпохай у жыцці чалавека, у гэты час адбылося вылучэнне чалавека з жывёльнага свету, яго рассяленне і эвалюцыя. На тэрыторыю Беларусі чалавек прыйшоў даволі позна, у перыяд сярэдняга палеаліту (эпоха мусц’е), і быў прадстаўлены двумя відамі: неандэртальцам і краманьёнцам, якія паслядоўна змянілі адзін другога. У час каменнага веку адбылося вынаходніцтва першых прымітыўных прылад працы з каменю, пачынаецца архаічны падзел працы, у неаліце зараджаюцца новыя заняткі – земляробства, жывёлагадоўля і рамёствы.

 


Дата добавления: 2015-11-14; просмотров: 112 | Нарушение авторских прав


<== предыдущая страница | следующая страница ==>
Крыніцы і гістарыяграфія| Бронзавы век на Беларусі. З’яўленне індаеўрапейцаў і “Вялікае перасяленне народаў”. Балты на тэрыторыі Беларусі

mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.008 сек.)