Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Глава 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ



Читайте также:
  1. ГЛАВА 1. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ
  2. ГЛАВА 1. УВАХОДЖАННЕ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ. ПАЛІТЫЧНАЕ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ
  3. ГЛАВА 2. ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ХІV – ХVІ стст.
  4. ГЛАВА 2. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ Ў ПЕРЫЯД ГЕРМАНСКАЙ АКУПАЦЫІ. НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЗЯРЖАЎНАЕ БУДАЎНІЦТВА
  5. ГЛАВА 3. АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ. ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКІХ КАЛАБАРАЦЫЯНІСТАЎ
  6. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная феадальная дзяржава ўсходніх славян. Палітычнае і эканамічнае становішча беларускіх зямель.

§ 1. Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу ВКЛ

К сярэдзіне ХVІ ст.у ВКЛ быў завершаны працэс фарміравання адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, а таксама форм іх землеўладання і землекарыстання. Да гэтага часу ў ВКЛ сфарміраваліся чатыры саслоўі: феадалаў, духавенства, мяшчанства і сялянства. Феадалы (свецкія і духоўныя) і феадальна залежныя сяляне складалі асноўныя класы феадальнага грамадства.

Клас феадалаў меў сваю ўнутраную градацыю. На вяршыні іерарахічнай лесвіцы стаяў уладар дзяржавы – вялікі князь (гаспадар), які лічыўся вярхоўным землеўладальнікам у краіне, а таксама меў свае ўласныя зямельныя ўладанні (гаспадарскі дамен). На прыступку ніжэй на іерарахічнай лесвіцы стаялі буйныя феадалы, так званыя магнаты – князі і паны, якія валодалі зямлёй на правах вотчыны (спадчыннага трымання). Далей ішлі баяры (сярэднія і дробныя феадалы), якія складалі самую шматлікую групу сярод пануючага класа. З пачатку ХV ст. на іх пачала распаўсюджвацца паланізаваная назва “шляхта”, якая паступова выцесніла першапачатковую. Яны валодалі зямлёй умоўна (пры ўмове нясення вайсковай службы на карысць вялікага князя або буйных феадалаў). Да шляхты адносілася таксама не толькі не толькі феадалы, а і свабодныя людзі, якія валодалі невялікімі зямельнымі надзеламі, арандавалі зямлю ў буйных феадалаў ці знаходзіліся ў іх на службе ў якасці ляснічых, канюшых і г.д.

Пануючы стан саслоўя феадалаў быў замацаваны законам. Так, у першы сістэматызаваны агульнадзяржаўны збор законаў феадальнага права Статут ВКЛ 1529 г., які меў другую (1566 г.) і трэцюю (1588 г.) рэдакцыі, быў уключаны раздзел “Аб вольнасцях шляхецкіх”. Ён замацоўваў за апошнімі ўсе правы і вольнасці, якія яны атрымалі з часоў Ягайлы і Вітаўта.

Роля розных груп феадалаў у палітычным жыцці не заставалася нязменнай. З развіццём палітычных працэсаў адбывалася пэўная эвалюцыя, якая прыводзіла да ўзвышэння новых груп зямельных уласнікаў за кошт страты прэстыжу папярэдніх. А гэта ў сваю чаргу адлюстроўвалася на развіцці палітычных інстытутаў і дзяржаўнага ладу ВКЛ, вызначала яго спецыфіку ў параўнанні з іншымі феадальнымі манархіямі.

Характар дзяржаўнага ладу не заставаўся нязменным. Ён таксама эвалюцыяніраваў пад уплывам барацьбы цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый. Калі спачатку ўлада вялікага князя ў межах яго дзяржавы (апрача залежных княстваў і абласцей) нічым не абмяжоўвалася і ён з’яўляўся адзінай крыніцай права, то ўжо ў ХV ст. з’явілася яе абмежаванне шляхецкімі прывілеямі, а потым і магнацка-шляхецкімі палітычнымі органамі. І, як ні дзіўна, ВКЛ пачало набываць рысы абмежаванай, канстытуцыйнай манархіі менавіта ў той час, калі былі дасягнуты найбольшыя поспехі ў справе цэнтралізацыі дзяржавы пры вялікім князю Вітаўце. Апошні ў сваёй палітыцы па дзяржаўнай кансалідацыі і барацьбе з буйнамі феадаламі абапіраўся на баярства-шляхту. На працягу ХV – ХVІ стст. ішоў працэс пашырэння яе правоў за кошт астатніх груп пануючага класа. Гэтаму садзейнічалі прывілеі 1413, 1432, 1434 і 1447 гг. Першы з іх забяспечваў не толькі маёмасныя і асабістыя, але і саслоўна-палітычныя правы шляхты. Апошнія ўраўноўвалі шляхту ВКЛ у правах з адпаведных саслоўем у Польшчы, у тым ліку вызвалялі ад падаткаў. Адзнакай шляхецтва стала абавязковая вайсковая служба і ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. Узвышэнню шляхты спрыялі войны, якія сталі амаль бесперапыннымі з канца ХV ст. Да таго ж велікакняжацкая ўлада ў гэты час па‑ранейшаму бачыла ў шляхце асноўную сілу ў барацьбе з магнатамі. Выкарыстоўваючы гэта, шляхта дабілася спадчыннага права на зямлю, стала ператвараць яе ў вотчыны. Атрымала яна і прывілеі ў гандлі. Паступова шляхта ўзвысілася палітычна. У канцы ХV – першай палове ХVІ ст. шляхта была ўраўняна ў правах з магнатамі. Усё саслоўе землеўладальнікаў стала называцца шляхтай. Шляхецкае званне стала спадчынным.

Такім чынам, паступова складваўся палітычны лад ВКЛ як феадальнай манархіі, якая мела шэраг асаблівасцей у параўнанні з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Скасаванне абласных княжанняў тут не суправаджалася пераносам функцый кіравання імі ў цэнтр, як гэта адбывалася ў Вялікім княстве Маскоўскім. У руках вялікага князя літоўскага не канцэнтравалася шмат штодзённай працы, як у маскоўскага ўладара і яго думы. Таму ў ВКЛ не стваралася амаль ніякіх цэнтралізаваных устаноў. Галоўным кіраўніком княства лічыўся вялікі князь літоўскі. Ён ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, з’яўляўся вярхоўным галоўнакамандуючым, узначальваў знешнепалітычную дзейнасць. З ХІV ст. пры асобе вялікага князя існаваў Савет па аналогіі з маскоўскай думай. Але ў адрозненне ад апошняй, Савет спачатку не быў дзяржаўнай установай. Гэта быў дарадчы орган пры вялікім князю, які ён фарміраваў па сваім меркаванні з ліку карысных і патрэбных людзей. На першым этапе галоўную ролю ў Савеце (Радзе) адыгрывалі князі. Але ў часы Вітаўта ў яе складзе пачалі пераважаць баяры, якія падтрымалі апошняга ў яго барацьбе за ўладу.

Паступова гэты дарадчы орган трансфарміраваўся ў прадстаўнічую ўстанову – Раду паноў. Паны Рады пачалі абмяжоўваць ўладу вялікага князя. Склад Рады не быў жорстка вызначаным. У яе ўваходзілі: вышэйшая свецкая і духоўная знаць (апошняя – толькі каталіцкага веравызнання), вышэйшыя службовыя асобы: канцлер (кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі), гетман (камандуючы ўзброенымі сіламі), падскарбі земскі (кіраўнік фінансаў), маршалкі земскі і дворны, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты. Гарадзельскі прывілей 1413 г. абмяжоўваў доступ у Раду праваслаўнай шляхты, але з канца ХV ст. гэта забарона пачала парушацца. У звычайны час Рада складалася з вузкага кола асоб пры вялікім князю.

У другой палове ХV – першай палове ХVІ ст. вялікія князі літоўскія часта выбіраліся каралямі польскімі, што прыводзіла да іх працяглай адсутнасці ў ВКЛ. У час адсутнасці гаспадара Рада цалкам кіравала дзяржавай. А прывілеі 1492 і 1506 гг. увялі заканадаўчае абмежаванне ўлады вялікага князя з боку паноў Рады. З гэтага моманту ўсе законы і распараджэнні агульнага характару вялікі князь павінен быў выдаваць толькі са згоды паноў Рады.

Гаспадар і Рада ў сваёй дзейнасці абапіраліся на сейм ВКЛ, на які запрашаліся прадстаўнікі прывілеяваных саслоўяў. Пачатак рэгулярнага склікання агульнадзяржаўных сеймаў прыпаў на канец ХV ст. У ХVІ ст. за імі замацавалася назва “вялікі вальны сойм”. Спачатку на ім маглі прысутнічаць усе жадаючыя шляхцічы, але з 1512 г. было ўведзена абмежаванне – па 2 паслы ад кожнага павета. На сеймах абмяркоўваліся галоўныя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, заканадаўчыя акты, устанаўліваліся падаткі, вырашаліся судовыя справы, выбіраліся вялікія князі і зацвярджаліся кандыдаты на важнейшыя дзяржаўныя пасады. Так палітычны лад ВКЛ пачаў набываць рысы парламенцкай манархіі, бо ўлада вялікага князя пачала абмяжоўвацца яшчэ і сеймам. Так, у Статуце ВКЛ 1529 г. ужо гаварылася аб неабходнасці выдаваць прывілеі выключна на вальным сейме. Так развіццё канстытуцыяналізму, пачатак якому быў пакладзены ў ХV ст., прымала ўсё больш акрэсленыя абрысы.

У выніку таго, што ў ВКЛ не склалася якіх-небудзь спецыяльных устаноў цэнтральнага кіравання, акцэнт у распарадча-выканаўчых функцыях быў перанесены на месцы. Арганізацыя мясцовага кіравання была дастаткова складанай. У краіне захоўваліся яшчэ некаторыя старадаўнія княствы на чале з князямі, праўда, пазбаўленымі былых прывілеяў. Частка княстваў была ператворана ў ваяводствы на чале з ваяводамі. Больш дробнымі тэрытарыяльнымі адзінкамі былі паветы на чале са старостамі. На месцах быў створаны і дастаткова разгалінаваны адміністрацыйны апарат: кашталяны, гараднічыя, харужыя і г.д. У вёсках выканаўчую ўладу прадстаўлялі цівуны. Прадстаўнічымі органамі мясцовага кіравання ў ваяводствах і паветах з’яўляліся сеймікі, на якіх рашаліся некаторыя пытанні мясцовага кіраванні і выбіраліся паслы-дэпутаты на вальны сейм. Толькі ў выніку рэформ 1565 – 1566 гг. былі прыняты меры па ўпарадкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Замест розных зямель, княстваў увадзіліся ваяводствы, якія падзяляліся на паветы, а апошнія, у сваю чаргу, – на воласці.

Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. у ВКЛ склалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы. Тым самым ВКЛ сваім палітычным ладам значна адрознівалася ад Маскоўскага княства, дзе к канцу ХV ст. склалася жорстка цэнтралізаваная дзяржава з манапольнай, абсалютнай уладай вялікага князя.

 

§ 2. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі і масавае запрыгоньванне сялян. Беларускі феадальны горад

У феадальную эпоху галоўным сродкам вытворчасці і галоўным багаццем краіны была зямля. Манапольнае права ўласнасці на зямлю належала класу феадалаў. Асноўным прадукцыйным класам, які працаваў на зямлі і вырабляў прадукцыю, было сялянства. Яго права ўласнасці на зямлю абмяжоўвалася адносінамі землекарыстання. Першапачаткова вялікі князь літоўскі лічыўся вярхоўным ўласнікам усёй зямлі. Але з канца ХІV ст. побач з велікакняжацкай стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю: княжацкая, баярская, царкоўная. Разам з тым землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. Аднак да ХVІ ст. (1588 г.) не існавала дакладнага падзелу на асабістыя ўладанні вялікага князя і іншыя дзяржаўныя землі. Прыватныя ж землі падзяляліся на свецкія і царкоўныя маёнткі.

Вышэй ужо казалася пра змены ў становішчы шляхты – асноўнай часткі класа феадалаў. Паступова змяняўся і прававы статус сялян. Яны страчвалі права распараджацца зямлёй і станавіліся землекарыстальнікамі ў феадалаў. Разам з тым сяляне падзяляліся на катэгорыі ў адпаведнасці са сваім маёмасным і падатным становішчам, а таксама ў залежнасці ад той ступені асабістай свабоды, якой яны карысталіся.

Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная”, якая ўяўляла сабой катэгорыю хатніх рабоў. Чэлядзь не вяла сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры дварах феадалаў. Крыніцамі набору яе былі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі, чэлядзь выконвала і іншую працу ў гаспадарцы: апрацоўвала агароды, сады, пасвіла статкі, жанчыны ткалі лён і г.д.

Асноўную частку насельніцтва складалі “цяглыя” сяляне ўсіх найменняў. Яны мелі меншую ступень асабістай залежнасці ад ўладальніка. Акрамя таго, яны карысталіся зямельнымі надзеламі, рознымі па памеры і гаспадарчым складзе. Сялянскія надзелы складаліся звычайна з сядзібнай і агароднай зямлі, поля, сенажаці, часам – бабровых і рыбных ловен.

Для сялянскага землекарыстання была характэрна надзвычайная церазпалосіца ў размеркаванні надзелаў і сядзіб. Уся зямля, як тая, што знаходзілася ў карыстанні асобнай сям’і, ці “дыму”, так і тая, якой карысталіся ўсе жыхары вёскі (лясы, балоты, азёры, рэкі і г.д.), лічылася маёмасцю складаных сялянскіх згуртаванняў – абшчын. Абшчына несла адказнасць за своечасовае выкананне сялянскіх павіннасцей, а пазней стала ўдзельнічаць і ў землеўпарадкаванні сялянства.

За карыстанне зямлёй сяляне былі абавязаны плаціць уласніку пэўную рэнту. Формы рэнты былі розныя і падзяляліся на тры асноўныя віды: адработачную, грашовую і прадуктовую.

Адработачная рэнта была адной з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, яна назавалася паншчынай. Паншчыну селянін павінен быў адпрацаваць у гаспадарскім маёнтку. Часцей за ўсё гэта былі палявыя работы, на якіх селянін быў двойчы ў тыдзень разам з канём і сваім інвентаром: сякерай, касой, бараной. Цяглыя сяляне адбывалі паншчыну не толькі на полі. Некаторая частка сялян у якасці асноўнай павіннасці абкладалася чыншам. Такія сяляне называліся асаднымі, ці чыншавымі. Чынш уяўляў сабой грашовую форму рэнты.

Разам з паншчынай і чыншам, якія былі асноўнымі павіннасцямі, сяляне выконвалі і дадатковыя: “талокі” – агульныя сязонныя гаспадарчыя работы, “гвалты”, ці “згоны” – агульныя тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў: для рамонту дарог, гацей, для аблавы на звяроў, у выпадку стыхійных бедстваў і г.д.

К канцу ХV ст. адным з асноўных відаў павіннасцей было дзякла – даніна прадуктамі. Яно было мядовым, бабровым, кунічным, збожжавым, піўным, сенным і г.д.

У залежнасці ад ступені асабістай свабоды цяглыя сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. Спачатку ўсе сяляне мелі права пераходу ад аднаго ўладара да іншага, права сыходу з абшчыны. З развіццём інстытута феадальнага права на зямлю выяўлялася акрэсленая зацікаўленасць феадалаў у яго ліквідацыі.

Прывілей 1447 г. пачаў працэс юрыдычнага абгрунтавання прыгоннага права ў ВКЛ. Ён сцвярджаў, што сяляне, якія пражылі на зямлі феадала 10 год, станавіліся “непахожымі”, старажыхарамі. Адзнакай старажыхарства было і спадчыннае валоданне зямлёй селяніна.

Разам з “непахожымі” ў феадальных маёнтках жылі і сяляне “пахожыя”, ці вольныя.

“Людзі служэбныя”, ці “служкі”, складалі трэцюю, даволі шматлікую катэгорыю насельніцтва. Па сваім эканамічным становішчы яны былі блізкія да цяглавага сялянства. Яны таксама былі землекарыстальнікамі, што сядзелі з сем’ямі на сваіх вотчынах. Але ад сялян яны адрозніваліся сваёй асаблівай службай. Галоўнай іх павіннасцю была вайсковая служба. У мірны час яны раз’язджалі па справах княжацкай і феадальнай адміністрацыі.

У сярэдзіне ХVІ ст. велікакняжацкі двор стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці гаспадаркі. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад шляхты, бо толькі з яе згоды зараз можна было ваціраваць надзвычайныя падаткі на ўтрыманне наёмнага войска. Гаспадарскія маёнткі аддаваліся ў заставу пад вялікія грашовыя заклады. Выкупліваць іх удавалася далёка не заўсёды. Гэта прывяло да моцнага скарачэння велікакняжацкага дамену. Таму, каб павысіць прыбытковасць застаўшыхся маёнткаў, Жыгімонт Аўгуст у 1557 г. абвясціў аб правядзенні на дзяржаўных землях рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Валочная памера”. Уся зямля падзялялася на роўныя надзелы, “валокі”, памерам 21,3 га. кожны. Лепшыя ўрадлівыя землі забіраліся пад княжацкія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Сяляне гублялі права пераходу да іншага гаспадара і станавіліся прыгоннымі. З валокі вызначалася і сума розных павіннасцей. Яны былі рознымі для цяглых і асадных сялян. Так, цяглыя сяляне павінны былі за кожную валоку працаваць па 2 дні ў тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, хатняй птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княжацкіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць чынш ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маёнткаў “Валочная памера” была праведзена і ў маёнтках феадалаў. К канцу ХVІ ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней – ва ўсходніх і паўднёвых.

Зараз уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10‑, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім ВКЛ.

У ХІV – ХVІ стст. назіраўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Па памерах яны адрозніваліся, большая частка з іх былі невялікія. Гэта былі паселішчы з некалькіх вуліц з 200 – 300 дварамі. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час былі Вільня, Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Новагародак. Павялічваліся і паселішчы гарадскога тыпу – мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласніцкімі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.

Разам з прыватнаўласніцкімі былі і дзяржаўныя, ці велікакняжацкія гарады. Іх насельніцтва лічылася асабіста вольным. Аднак у ХVІ ст. у гэтых гарадах з’явіліся ўладанні свецкіх і духоўных феадалаў разам з залежным ад іх насельніцтвам. Прыватныя ўладанні ў велікакняжацкіх гарадах атрымалі назву “юрыдык”. Яны складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання. Да другой паловы ХVІ ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі.

Гарадское самакіраванне мела свае асаблівасці. Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з Рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале Рады стаяў войт, як правіла, прызначаны вялім князем. Члены Рады – райцы – выбіраліся з ліку заможных гараджан. Радзе належалі не толькі функцыі кіраванні жыццём горада, але і суда. Але ж судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Члены лавы – лаўнікі – выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання Рады ў гарадах былі адмыслова пабудаваныя для гэтай мэты будынкі – ратушы.

Насельніцтва гарадоў фарміравалася за кошт беглых сялян, з рамеснікаў, пераселеных феадаламі ў горад, а таксама за кошт натуральнага прыросту. Сярод жыхароў гарадоў большасць (каля 80%) складалі беларусы. Акрамя таго тут жылі рускія, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, немцы, татары. Большую частку насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Жыхары гарадоў і мястэчак называліся мяшчанамі.

Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаныя ў цэхі. Яны ствараліся з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў рамеснікаў. Гэта былі своеасаблівыя манапалізаваныя структуры, якія дапамагалі сваім стваральнікам пазбегнуць канкурэнцыі, а таксама засцерагчы мясцовы гарадскі рынак ад вырабаў іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. У час ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады.

У ХІV – ХVІ стст. развіваўся ўнутраны і знешні гандаль на беларускіх землях. Таргі і кірмашы сталі атрыбутам гаспадарчай дзейнасці гарадоў і мястэчак. Таргі, як правіла, наладжваліся 1 – 2 разы на тыдзень. Кірмашы існавалі толькі ў буйных гарадах і ладзіліся раз у год. На знешні рынак Беларусь пастаўляла жыта, сала, лес, паташ, футра, скуры, вырабы рамеснікаў. Імпартавалася жалеза, медзь, волава, свінец, металічныя вырабы, фламандскае і англійскае сукно, галандскае палатно, віно, соль, селядцы, прадметы раскошы.

Такімі былі асноўныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў ХІV – ХVІ стст. Мацнела феадальная залежнасць сялян ад феадалаў. Ішоў працэс іх асабістага запрыгоньвання. Цэнтрамі культурнага жыцця, развіцця рамёстваў і гандлю станавіліся гарады. Узрастала іх роля ў эканоміцы Беларусі.


Дата добавления: 2015-07-11; просмотров: 318 | Нарушение авторских прав






mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.009 сек.)