Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Глава 5. Паглыбленне палітычнага крызісу. Падзелы Рэчы паспалітай



Читайте также:
  1. ГЛАВА 1. ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ. УТВАРЭННЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

У канцы ХVІІІ ст. у Рэчы Паспалітай назіраўся ўнутрыпалітычны крызіс, які быў вынікам дзеяння шэрагу ўзаемазвязаных фактараў.

Першым вытокам крызісу была Люблінская унія, якая заклала аснову нераўнапраўнага становішча ВКЛ у складзе дзяржавы і паклала пачатак унутранага антаганізму паміж дзвюма складовымі часткамі краіны.

Другім вытокам стаў палітычны лад Рэчы Паспалітай, які падрываў асновы дзяржаўнасці. Найбольш небяспечным было спалучэнне “залатых шляхецкіх вольнасцей”: выбранне манарха, liberum veto і “Расtа соnventа”. У час бескаралеўя шляхецтва раз’ядноўвалася на супрацьлеглыя партыі: рускую, французскую, шведскую, аўстрыйскую, краіна апускалася ў бездань бязладдзя, анархіі.

Выбранне манарха мела адмоўнай рысай подкуп. Зніклі паняцці маральнасці, патрыятызму і інш. Асабісты інтарэс пераважаў над усім грамадскім жыццём. Каронны сейм у Рэчы Паспалітай дыктаваў каралю сваю волю. Кароль павінен быў строга выконваць як “Pасtа соnventа”, так і пастановы сейма.

Liberum veto магло паралізаваць цэнтральную ўладу. У 1652 г. дэпутат Сіцінскі ўпершыню ўжыў слова “не дазваляю” і прыпыніў пастанову сейма. Так, за 1744 – 1762 гг. усе адзінаццаць сеймаў не здолелі прыняць патрэбных рашэнняў. Любая пастанова караля ці сейма магла быць адхілена шляхтай.

У выніку асаблівасцей палітычнага ладу Рэчы Паспалітай да канца XVII ст. у дзяржаве назіралася аслабленне манархічнай улады; узмацненне шляхты, заняпад адміністрацыйнага кіравання, духоўнасці і грамадзянскага сумлення.

Трэцім вытокам палітычнага крызісу з’явілася бязглуздая рэлігійная палітыка. Берасцейская царкоўная унія не дала жаданых вынікаў. Лацінізацыя уніяцкай царквы прывяла да расколу грамадства на яе прыхільнікаў і праціўнікаў. Гэта паглыбіла існуючыя ў грамадстве супярэчнасці.

Чацвёртым вытокам было спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным. Распаўсюджанне аграрнай рэформы Жыгімонта Аўгуста на Усходнюю Беларусь выклікала супраціўленне народных мас: уцёкі ад гаспадароў, падпальванне маёнткаў, узброеныя паўстанні.

Адным з буйнейшых сялянскіх рухаў у XVIII ст. было.паўстанне пад кіраўніцтвам В. Вашчылы ў Крычаўскім старостве, уладанні князя Г. Радзівіла, у 1740 – 1744 гг. Паўстанне было жорстка падаўлена: 74 паўстанцы былі закатаваны (адны павешаны, іншыя – жывымі пасаджаны на кол).

Пятым вытокам паглыблення палітычнага крызісу была барацьба паміж магнатамі за ўладу. У другой палове XVII ст. у ВКЛ асноўнымі сапернікамі былі Радзівілы, Пацы і Сапегі.

У 1696 г. большая частка беларуска-літоўскай шляхты выступіла супраць усемагутнасці Сапегаў. Барацьбу ўзначалілі Агінскія і Вішнявецкія. Яны выдалі ў Вільні універсал, у якім абвяшчалі гетмана Казіміра Яна Сапегу і яго сяброў ворагамі Айчыны і прыгаварылі іх да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. Барацьба прыняла характар грамадзянскай вайны. У час Паўночнай вайны Сапега перайшоў на бок Карла XII і разам з ім пачаў граміць маёнткі праціўнікаў.

У часы кіравання Аўгуста III (1733 – 1763, сын Аўгуста II) у палітычным жыцці з’явілася новая рыса – зварот шляхты за дапамогай да суседніх краін дзеля вырашэння ўнутраных спраў.

У 1768 г. сейм (пад націскам рускіх войск) прыняў пастанову аб ураўнаванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі.

У лютым 1768 г. каталіцкія фанатыкі стварылі ў Бары (на Украіне) канфедэрацыю з мэтай супрацьдзеяння ўплыву рускай імператрыцы ў Польшчы. Хутка разгарэлася грамадзянская вайна, у якой канфедэратыўны рух быў задушаны з дапамогай царскай арміі.

Па прапанове прускага караля Фрыдрыха II 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – паўднёвую Польшчу і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, болыпая частка Полацкага ваяводства, амаль усё Віцебскае, амаль усё Мсціслаўскае ваяводства і ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства.

Спроба карэнных пераўтварэнняў адбылася на Вялікам альбо Чатырохгадовым сейме (1788 – 1792 гг.). 3 мая 1791 г. на ім была прынята канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая адмяняла выбарнасць каралёў, liberum veto і права на канфедэрацыі. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сейму, які выбіраўся на два гады і павінен быў прымаць рашэнні большасцю галасоў. Каралю і радзе належала выканаўчая ўлада. Урад, войска і бюджэт былі абвешчаны агульнымі для ўсёй Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя зрабіла крок у напрамку збліжэння мяшчанства са шляхтай: шляхта атрымала дазвол займацца гандлем, а мяшчанне – набываць зямельныя ўладанні, займаць цывільныя пасады. Зусім не змянілася становішча сялян.

14 мая 1792 г. праціўнікі канстытуцыі пад пакравіцельствам Расіі ў мястэчку Таргавіцы (на Украіне) створылі канфедэрацыю і абвясцілі акт аб абароне ранейшага парадку кіравання краінай, Зноў пачалася грамадзянская вайна, кароль далучыўся да канфедэратаў.

У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Польшча, а да Расіі – частка Полацкага ваяводства, рэшткі Віцебскага і Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў, а таксама частка Правабярэжнай Украіны.

Гэты падзел выклікаў пратэст розных пластоў шляхецтва. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам. Мэтай паўстання было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

З 22 па 23 красавіка 1794 г. паўстанцы захапілі Вільню і ўтварылі найвышэйшую раду літоўскага народа на чале з віленскім камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім. Але абаронцы Айчыны не здолелі згуртавацца. Паміж імі адсутнічала дысцыпліна, працягваліся сваркі і спрэчкі. Хутка ўся Беларусь і Літва былі ахоплены паўстаннем, да якога далучылася частка сялян, што паверылі абяцанням Касцюшкі вызваліць іх ад феадальнага прыгнёту. Аднак выкананне абяцання затрымлівалася, сяляне пачалі адыходзіць ад паўстання.

Супраць Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. У бітве пад Мацяёвіцамі (ля Варшавы) Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) адрокся ад прастола.

У 1795 г. адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія захапілі карэнныя польскія землі, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель.

Такім чынам палітычны крызіс, які ўжо даўно раздзіраў Рэч Паспалітую, у сярэдзіне ХVІІІ ст. перарос у агонію і прывёў дзяржаву да канчатковай гібелі.

ГЛАВА 6. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ
(другая палова XVI – канец XVIII стст.)

У гісторыі культуры Беларусі сярэдзіны XVI – XVIII стст. можна выдзеліць тры перыяды:

1) другая палова XVI ст. – рэфармацыйна-гуманістычны рух;

2) канец XVI – першая палова XVII ст. – эпоха Контррэфармацыі і ўсталявання барока;

3) другая палова XVII – XVIII ст. – панаванне ў мастацтве стылю барока і пачатак стылю класіцызму.

Асвета і кнігадрукаванне. У XVI ст. разам з развіццём традыцый Старажытнай Русі на асвету пашырыўся ўплыў рэнесансавага гуманізму. На тэрыторыі Беларусі з’явіліся найбольш перадавыя для свайго часу пратэстанцкія і брацкія школы. У 70 – я гг. XVI ст. на Беларусі існавалі кальвінісцкія школы ў Брэсце, Нясвіжы, Мінску і г.д. У школах вывучаліся гуманітарныя навукі – лацінская, грэчаская, польская, нямецкая мовы, рыторыка, гісторыя, правазнаўства, матэматыка, фізіка. Таксама існавалі і арыянскія школы.

У канцы XVI – першай палове XVII ст. на Беларусі адчыняліся брацкія школы, спачатку ў Вільні, а затым і ў іншых гарадах. У школах вывучаліся пяць моў (беларуская, славянская, грэчаская, лацінская, польская), арыфметыка, геаграфія і іншыя дысцыпліны. Індывідуальнае навучанне ў іх замянялася класна-ўрочным, якое дажыло да нашага часу. Навучальны год пачынаўся 1 верасня. Брацкія школы з’яўляліся і цэнтрамі кнігадрукавання. Брацкія друкарні ў Вільні, Куцейне і Магілёве выдавалі большасць кніг богаслужэбнага зместу.

Адметную ролю ў кірылічным кнігадрукаванні адыграў беларускі друкар магіляўчанін Спірыдон Собаль, які на тэрыторыі Беларусі адчыніў дзве друкарні. Адну – у Куцейне (ля Оршы) у 1630 г. і выдаў тут на беларускай мове “Малітвы паўсядзённыя”, “Буквар”, “Часаслоў”. У 1635 г. ён адчыніў друкарню і ў Буйнічах (пад Магілёвам), дзе выдаў “Псалтыр”. У літаратуры апісаны 18 яго выданняў.

У XVIII ст. на беларускіх землях пашырылася свецкая адукацыя. Гэтаму садзейнічала рэформа школ, якая праводзілася пад кіраўніцтвам С. Канарскага. Рэформа пахіснула манаполію езуітаў у галіне асветы, значную ўвагу надала прыродазнаўчым навукам. Створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія адмяніла выкладанне ў рамках школьных праграм рэлігіі.

Бібліятэчная і архіўная справа. Багацейшай у Рэчы Паспалітай з’яўлялася Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў, заснаваная ў 1600 г. У бібліятэцы налічвалася больш за 20 тыс. тамоў кніг амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах. У 1772 г. бібліятэка была канфіскавана і перавезена ў Пецярбург. У бібліятэцы захоўваліся таксама рэдкія рукапісы. Сярод іх – Радзівілаўскі летапіс, упрыгожаны 617 каляровымі малюнкамі.

Больш за 6 тыс. рэдкіх кніг, старажытных рукапісаў, геаграфічных карт Беларусі, Літвы і Польшчы знаходзіліся ў Шчорсах, у маёнтку магната Храптовіча.

У Нясвіжскім замку знаходзіўся і архіў, у якім налічвалася больш за 500 тыс. гістарычных актаў, грамат, лістоў і іншых дакументаў. Гэтыя матэрыялы былі сабраны з 1551 г., калі Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў права захоўвання ў Нясвіжы т. зв., “Літоўскай метрыкі” – дзяржаўнага архіва ВКЛ.

Літаратура. У разглядаемы перыяд агульнадзяржаўныя летапісы і хронікі паступова саступаюць месца новым літаратурным відам і жанрам: публіцыстыцы, гісторыка-мемуарнай літаратуры, палітычнай сатыры, паэзіі.

Сымон Будны (1530–1593) упершыню ў сусветнай літаратуры выдаў Евангелле (1574) з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, у якіх спрабаваў даць радыкальную рацыяналістычную крытыку кніг Новага Запавету. У творы “Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысціянскай веры” (1576 г., Лоск) ён адстойваў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць замагільнага жыцця, Боскай Троіцы. Грамадска-палітычныя погляды яго былі памяркоўна гуманістычнымі. Крытыкаваў феадальнае самавольства, захопніцкія войны, быў абаронцам верацярпімасці і інтэлектуальнай свабоды.

Васіль Цяпінскі (1540–1600) у прадмове да Евангелля, якое ён выдаў на беларускай мове, крытыкаваў палітыку акаталічвання беларускага народа, выступаў за развіццё беларускай мовы, быў прыхільнікам збліжэння славянскіх народаў. Выступаў за набліжэнне асветы да простага народа.

Лявонцій Карповіч (1580–1620) — змагар за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі – быў вядомым прадстаўніком аратарскай прозы. Яго асноўныя творы – “Казанні” – аказвалі вялікае ўздзеянне на слухача і чытача.

Афанасій Філіповіч – выступаў абаронцам інтарэсаў сацыяльных нізоў беларускага і ўкраінскага народаў. Праз свой “Дыяруш”, які з’яўляўся зборам твораў, ён крытыкаваў знешнюю і ўнутраную палітыку, а таксама духоўных і свецкіх феадалаў за іх імкненне да раскошы.

Адной з зорак старажытнай беларускай літаратуры быў аўтар “Граматыкі” Мялецій Сматрыцкі (1572–1630). Асобае месца сярод яго твораў займае “Фрынас” (1610), у якім Сматрыцкі звяртаецца да народа з заклікам еднасці ўсіх сіл у барацьбе з наступаючым каталіцызмам.

Новай з’явай у беларускай літаратуры была палітычная сатыра –“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”. Аўтары высмейвалі самавольства шляхты, прадажнасць, ваенна-палітычную бяздарнасць.

Ананімная лірычная паэма “Лямант на смерць Лявона Карповіча” ўслаўляла чалавека як носьбіта высокіх маральных якасцей, мужнага змагара за веру продкаў, узнімала яго да ўзроўню хрысціянскага святога.

Сімяон Полацкі (1629–1680) – паэт і драматург, кнігавыдавец і грамадскі дзеяч. Ён лічыў, што пашырэнне асветы ўсталюе поўную гармонію і мір, асуджаў багацце, апяваў беларускія землі. асабліва Полацк і Віцебск, пісаў п’есы на біблейскія тэмы. Адна з іх мела назву “Комедия притчи о блудном сыне”. Найбольш значнымі зборнікамі яго паэтычных твораў з’яўляюцца “Вертоград многоцветный” і “Рифмологион”.

Тэатр і музыка. Развіццё драматургіі выклікала да жыцця тэатр. Спачатку з’явіўся школьны тэатр. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі ў XVI ст. атрымаў тэатр лялек – батлейка. Сюжэты батлейкі былі заснаваны на біблейскай і евангельскай тэматыцы, а таксама бытавых матывах.

Важнай з’явай жыцця другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Многія беларускія магнаты: Радзівілы, Сапегі, Тызенгаўзы і іншыя, – утрымлівалі ў сваіх маёнтках капэлы, аркестры, тэатры, а нярэдка і самі станавіліся кампазітарамі і музыкантамі, як Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланеза “Развітанне з Радзімай”.

У свецкай музыцы ХVІ–ХVIII стст. найболын характэрным жанрам быў кант – шматгалосая песня свецкага зместу.

У Нясвіжскай друкарні быў надрукаваны “Канцыянал” – адзін з першых на Беларусі нотных зборнікаў. У Нясвіжы была створана адна з першых на Беларусі майстэрань па вырабу музычных інструментаў. Аркестры беларускіх магнатаў часам былі буйнейшыя за вядомыя заходнееўрапейскія. Напрыклад, аркестр М. Агінскага налічваў 106 інструментаў, а аркестр Гайдна толькі 14.

Асабліва цікавым быў Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Рэпертуар тэатра складаўся з опер і балетаў італьянскіх кампазітараў, а таксама твораў М.К. Агінскага. Сцэна тэатра дазваляла ставіць спектаклі барочнага тыпу з выхадам вялікай колькасці спевакоў, з паказам водных феерый. Частка сцэны затаплялася вадой і па ёй плавалі лодкі.

Не менш вядомы быў Нясвіжскі тэатр Францішкі Уршулі Радзівіл. Для свайго тэатра яна напісала 16 драматычных і оперных лібрэта. Спачатку тэатр з’яўляўся аматарскім: на сцэне выступалі члены княжацкай сям’і, госці, сваякі. У другой палове XVIII ст. выступалі ўжо іншаземныя майстры і артысты з прыгонных сялян.

Для падрыхтоўкі акцёраў оперы і балета на Беларусі існавалі некалькі школ (у Слуцку, Нясвіжы, Слоніме). Прыгонныя і прыватныя тэатры таксама працавалі ў Слуцку, Шклове, Магілёве, Чачэрску, Свіслачы.

Выяўленчае мастацтва. Ідэі Адраджэння, а затым і барока, праніклі ў майстэрні мастакоў. У беларускім жывапісе акрэсліліся два напрамкі. Першы – мастацтва, заснаванае на старажытнарускіх традыцыях; другі – жывапіс, які знаходзіўся пад уплывам заходнееўрапейскай мастацкай школы. Адбывалася перапляценне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў з мясцовай беларускай школай.

У выніку сінтэзу розных школ і напрамкаў склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой уласціва вернасць канону, шырокае выкарыстанне этнаграфічных элементаў. На Беларусі існавалі некалькі іканапісных школ: магілёўская, полацка-віцебская, палеская, гродзенская, слуцка-мінская.

Другім важным напрамкам быў манументальны жывапіс. Сапраўдным творам мастацтва ў манументальным жывапісе з’яўляецца роспіс Мікалаеўскай царквы ў Магілёве – “Новазапаветная Троіца.

У пачатку XVIII ст. у манументальным жывапісе распаўсюдзіўся стыль барока, якому была характэрна маляўнічасць, багацце ўзору, прасторавасць.

Папулярным відам станкавага жывапісу ў ХУІ–ХУПІ стст. стаў партрэт. Ствараліся родавыя галерэі (партрэтныя галерэі Тышкевічаў, Радзівілаў і інш.).

Таленавітым мастаком і гравёрам XVI – пачатку XVII ст. з’яўляўся Тамаш Макоўскі. У 1613 г. у Амстэрдаме ён надрукаваў карту Вялікага княства Літоўскага. У дадатку да яе давалася падрабязнае апісанне Беларусі і Літвы: прыродныя багацці, народныя звычаі, гандлёвыя шляхі, навучальныя ўстановы Полацка і Нясвіжа, рэкі, азёры, гарады, рэзідэнцыі епіскапаў і мітрапалітаў. Тамаш Макоўскі з’яўляецца аўтарам гравюр з краявідамі Вільні, Клецка, Смаленска і іншых старажытных гарадоў.

У канцы XVIII ст. барока саступае месца новаму стылю ў выяўленчым мастацтве – класіцызму.

Архітэктура. У XVI – першай палове XVII ст. працягвалася стварэнне абарончых і культавых збудаванняў у стылі барока. Беларускі феадальны горад, як і раней, меў тыповую забудову: умацаваны замак – рэзідэнцыя феадала і размешчаны вакол замка гандлёва – рамесны пасад пад аховай замкавых сцен.

У XVI – першай палове XVII ст. былі пабудаваны: Нясвіжскі замак, Нясвіжскі фарны касцел – першы помнік барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Таксама замкі і касцелы хутка будаваліся і ў іншых гарадах Беларусі. Позняму беларускаму барока ўласцівы стромкасць і лёгкасць, хвалістыя абрысы вежаў і франтонаў. Яно атрымала назву “віленскае барока”.

У гэты час пачынаюць будаваць ратушы, будынкі навучальных устаноў, палацы. Найбольш знакамітыя палацавыя ансамблі той эпохі: палац Тызенгаўза ў Гродне і палацава-паркавы ансамбль Радзівілаў у Нясвіжы.

У пачатку XVIII ст. была заснавана ў Слуцку мануфактура па вытворчасці паясоў. Паясы ткаліся з залатых, шаўковых і сярэбраных нітак. Усяго было выраблена каля 10 тыс. слуцкіх паясоў.

Такім былі асноўныя накірункі развіцця культуры на беларускіх землях у другой палове ХVІ – канцы ХVІІІ стст.


РАЗДЗЕЛ IV. БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ. КРЫЗІС ФЕАДАЛЬНА-ПРЫГОННІЦКАЙ СІСТЭМЫ
(канец XVIII – 50‑я гг. XIX ст.)


Дата добавления: 2015-07-11; просмотров: 184 | Нарушение авторских прав






mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.011 сек.)