Студопедия
Случайная страница | ТОМ-1 | ТОМ-2 | ТОМ-3
АрхитектураБиологияГеографияДругоеИностранные языки
ИнформатикаИсторияКультураЛитератураМатематика
МедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогика
ПолитикаПравоПрограммированиеПсихологияРелигия
СоциологияСпортСтроительствоФизикаФилософия
ФинансыХимияЭкологияЭкономикаЭлектроника

Глава 1. Люблінская унія. Утварэнне Рэчы паспалітай



Читайте также:
  1. ГЛАВА 1. УТВАРЭННЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
  2. ГЛАВА 5. ПАГЛЫБЛЕННЕ ПАЛІТЫЧНАГА КРЫЗІСУ. ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

§ 1. Гістарычныя ўмовы Люблінскай уніі

У сярэдзіне ХVІ ст. склаліся ўмовы, якія садзейнічалі ператварэнню уніі паміж ВКЛ і Польшчай з дынастычнай і персанальнай у рэальную:

· Жыгімонт Аўгуст, кароль польскі і вялікія князь літоўскі, не меў нашчадкаў і палякі баяліся, што спыніцца асабістая унія, якая злучала дзве краіны;

· у ВКЛ існаваў пласт дробнай шляхты, які падтрымліваў унію;

· дзяржаўны і палітычны лад Польшчы і ВКЛ зблізіліся;

· склаліся спрыяльныя знешнія ўмовы. У 1558 г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам. ВКЛ было ўцягнута ў гэтую вайну. Вайна выцягнула са скарбу ўсе сродкі, патрабаваўся саюзнік. Позірк быў кінуты на захад, таму што княства мела значны вопыт сужыцця з Польшчай.

Чарговая спроба заключыць унію прызначалася на сейм у Любліне, які пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся амаль 6 месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Ніхто не саступаў. Калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча княства, польскія феадалы дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. На працягу сакавіка – чэрвеня 1569 г. гэтыя землі былі ўключаны ў склад Польшчы, што аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку Вялікага княства. Яго тэрыторыя звузілася ў асноўным да літоўскіх і беларускіх зямель. Прычым на значнай частцы апошніх гаспадарыла маскоўскае войска. У такіх умовах прадстаўнікі ВКЛ вымушаны былі зноў сесці за стол перамоў.

1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт Люблінскай уніі. Згодна з ёй, ВКЛ і Польшча злучаліся ў адзін дзяржаўны арганізм – Рэч Паспалітую на чале з адным выбарным гаспадаром. Абранне павінна было адбывацца ў Варшаве, а каранацыя—у Кракаве. Абранне вялікага князя літоўскага спынялася, хаця тытул “вялікі князь літоўскі і рускі” і назва “Вялікае княства Літоўскае” захоўваліся. Спадчыннае права на княства перадавалася Польшчы. Асобныя сеймы для ВКЛ і Польшчы скасоўваліся. Агульныя сеймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Пастановы, супрацьлеглыя уніі, скасоўваліся, ліквідавалася мытня паміж краінамі. Унія абвясціла ўвядзенне адзінай манеты, дазвол усім жыхарам дзяржавы набываць маёнткі, зямлю ў любой частцы Рэчы Паспалітай. Павінна была стаць агульнай знешняя палітыка. Такім чынам, вынікам Люблінскай уніі была інкарпарацыя княства ў Польскае каралеўства.

ГЛАВА 2. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА ПАСЛЯ ЛЮБЛІНА
(другая палова XVI – першая палова XVII ст.)

§ 1. Грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай. Дзяржаўна-прававое становішча княства ў складзе Рэчы Паспалітай

Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўнай манархіяй, на чале з выбарным каралем. Заканадаўчым органам у ёй быў двухпалатны агульны (вальны) сейм, які складаўся з сената (рады) і пасольскай ізбы. У сенат уваходзілі найбольш знатныя феадалы ў колькасці каля 150 чалавек. Ніжэйшай палатай сейма была пасольская ізба, якая складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых сеймікаў. Яны склікаліся за шэсць тыдняў да агульнадзяржаўнага сейма і не толькі выбіралі паслоў на апошні, але і выпрацоўвалі інструкцыі, якія паслы павінны былі праводзіць на вальным сейме. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек.

Вальныя (агульныя) сеймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся аднагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат мог сказаць “не дазваляю” і пастанова прыпынялася. Гэта права liberum veto (свабоднае вета) разглядалася як адна з важнейшых “залатых шляхецкіх вольнасцей”.

На чале выканаўчай улады стаяў кароль, пры абранні якога таксама захоўвалася права вета. Кароль узначальваў сенат, “паспалітае рушанне”, склікаў сеймы, прызначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады. Улада караля была абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. З кожным прэтэндэнтам на трон заключаўся Pacta conventa – дагавор, згодна з якім кароль ускладаў на сябе шэраг абавязкаў па вырашэнні некаторых унутраных і знешніх праблем. У 1573 г., у час абрання Генрыха Валуа, былі распрацаваны “Генрыхавы артыкулы”, згодна з якімі кароль траціў права без згоды сейма ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны, склікаць агульнае апалчэнне, абавязваўся мець пры сабе пастаянную раду з 16 сенатараў, якая ажыццяўляла фактычнае кіраўніцтва дзяржавай. і г.д. Калі кароль дзейнічаў насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта мела права склікаць канфедэрацыі (саюзы ўзброенай шляхты) і пачаць рокаш – узброенае паўстанне супраць караля. Свабоднае вета і канфедэрацыі былі легальнай формай феадальнай анархіі.

У часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, якую звычайна займаў прымас польскай каталіцкай царквы. Ён склікаў сеймы для абрання новага караля: канвакацыйны, элекцыйны і каранацыйны.

Рэч Паспалітая з’яўлялася феадальна-прыгонніцкай дзяржавай. Пануючым класам былі землеўладальнікі: магнаты (паны), сярэдняя і дробная шляхта.

Толькі паны і шляхта мелі права валодаць зямлёй. Шляхціца мог судзіць толькі шляхецкі суд. Шляхта была свабодная ад пабораў. Адзінай павіннасцю яе з’яўлялася вайсковая служба.

У склад пануючага класа ўваходзіла і духавенства, якое валодала велізарнай зямельнай маёмасцю. Духавенства збірала дзесяціну з каралеўскіх і шляхецкіх маёнткаў. Прадстаўнікі вышэйшага кліру ўваходзілі ў склад сената.

Польская праграма уніі мела на мэце стварэнне унітарнай дзяржавы і ВКЛ адводзілася роля правінцыі Рэчы Паспалітай. Аднак у Люблінскім акце былі закладзены супярэчнасці, якія дапускалі магчымасць будавання як унітарнай, так і федэратыўнай ці канфедэратыўнай дзяржавы. Захоўваліся тытулы “Вялікага княства Літоўскага” і “вялікага князя літоўскага”, дзейнічаў амаль не парушаны апарат дзяржаўнага кіравання, меліся свой скарб, дзяржаўная пячатка, сваё войска і свой звод законаў – Статут ВКЛ.

Узаемаадносіны паміж дзяржавамі не спрыялі ўтварэнню унітарнай дзяржавы. Напярэдадні Люблінскай уніі Жыгімонт Аўгуст абяцаў дапамогу палякаў у вайне, але вальны сейм у 1573 г. выдаў пастанову аб вядзенні Лівонскай вайны на сродкі ВКЛ.

Пасля Люблінскай уніі ў ВКЛ дзейнічаў генеральны сеймік, які з цягам часу набываў рысы заканадаўчага органа княства. Адраджэнню яго заканадаўчай кампетэнцыі спрыялі наступныя абставіны. Па‑першае, сеймік складаўся з сенатараў і паслоў ад усіх зямель княства, што надавала яго пастановам агульнадзяржаўнае значэнне. Па‑другое, у час бескаралеўя ўсе сеймікі Рэчы Паспалітай бралі ў свае рукі і заканадаўчую, і адміністрацыйную, і судовую ўладу. Па‑трэцяе, агульны сейм з‑за сваёй слабай згуртаванасці і “liberum veto” паціху ператвараўся ў кангрэс, дзе пытанні не вырашаліся, а абмяркоўваліся. У 1673 г. сейм ухваліў пастанову: кожны трэці сейм збіраць у Гродне, а не ў Кароне. На сеймах у Гродне маршалкам выбіраўся адзін з мясцовых дэпутатаў. Гэты акт юрыдычна прызнаў існаванне ВКЛ у якасці асобнага дзяржаўнага арганізма.

У ВКЛ захаваўся цалкам адміністрацыйны апарат кіравання. З 1581 г. пачаў дзейнічаць Галоўны трыбунал ВКЛ – вышэйшая судовая ўстанова. Таксама новы Статут ВКЛ І588 г. не ўспомніў аб Люблінскай уніі. Ён складаўся з 14 раздзелаў і 487 артыкулаў. У трэцім раздзеле абвяшчалася самастойнасць Вялікага княства Літоўскага, недатыкальнасць яго межаў, яго тэрытарыяльная цэласнасць. Статут ВКЛ І588 г. забараняў іншаземцам набываць у княстве землі, маёнткі, пасады. А палякі – уладальнікі падараваных у княстве маёнткаў – павінны былі несці земскую службу, у адваротным выпадку яны трацілі правы на ўладанні. Статут ВКЛ 1588 г. заставаўся галоўнай крыніцай права на Беларусі да 1840 г. Але паколькі ВКЛ уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, то неаднаразова рабіліся спробы прымаць новыя законы, якія пярэчылі нормам Статута. Але, нягледзячы на гэта, Статут ВКЛ 1588 г. падвёў заканадаўчую аснову пад новыя ўзаемаадносіны паміж княствам і Польшчай.

 

§ 2. Барацьба беларускага народа супраць польска-каталіцкай экспансіі

На шляху да рэлігійнай еднасці народаў Рэчы Паспалітай было шмат перашкод. Па‑першае, да сярэдзіны XVI ст. насельніцтва Польшчы і ВКЛ мела розныя веравызнанні. У Польшчы пануючай рэлігіяй быў каталіцызм, а ў ВКЛ – праваслаўе (Беларусь і Украіна) і пратэстантызм (Літва). Па‑другое, каталіцызм і праваслаўе перажывалі крызіс. Па‑трэцяе, былі вельмі складаныя рэлігійныя абставіны.

Праваслаўе да 1385 г. было амаль дзяржаўнай рэлігіяй. Але пасля Крэўскай уніі пануючай рэлігіяй у ВКЛ стала каталіцтва. На пачатку XVI ст. каталіцкая рэлігія ўвайшла ў паласу крызісу. Сутнасць яго зводзілася да крытычных адносін шляхты як да каталіцкага культу, так і да арганізацыі касцёла і яго палітыкі. На глебе барацьбы паміж свецкай і духоўнай уладамі прарасла Рэфармацыя.

Рэфармацыя – грамадска-палітычны і рэлігійны рух, накіраваны супраць каталіцкай царквы як ідэйнай асновы феадалізму. У Рэфармацыі можна выдзеліць тры напрамкі:

1) каралеўска-княжацкі, які абараняў інтарэсы манархаў і свецкіх феадалаў ва ўмацаванні сваёй улады і захопе зямельных багаццяў царквы;

2) бюргерска-буржуазны з яго пропаведдзю “мірскога аскетызму” і рэспубліканскага ўладкавання царквы;

3) народны, які патрабаваў ліквідацыі царквы, феадальнага прыгнёту і ўзаконення роўнасці.

Шляхту і заможных гараджан Рэфармацыя прывабіла магчымасцю падарваць магутнасць царквы, якая ўшчымляла іх правы. У адрозненне ад заходнееўрапейскай, Рэфармацыя на Беларусі праходзіла на феадальным сацыяльна-эканамічным базісе, а яе асноўнай рухаючай сілай была феадальная знаць.

Найбольшае пашырэнне ў княстве атрымаў кальвінізм, абаронцам якога стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён заснаваў у Вільні першую пратэстанцкую абшчыну. На тэрыторыі Беларусі было арганізавана больш за 50 кальвінісцкіх абшчын, а пры іх – цэрквы, школы, друкарні. Найбуйнейшымі рэфармацыйнымі цэнтрамі на Беларусі сталі Бярэсце, Нясвіж, Віцебск, Новагародак, Клецк, Іўе, Слуцк, Койданава і іншыя. Вакол іх групаваліся выдатныя вучоныя, прапаведнікі, пісьменнікі, кнігавыдаўцы.

У 60‑я гг. XVI ст. на Беларусі, у Літве і на Украіне з кальвінізму вылучыўся больш радыкальны напрамак – арыянства, ці антытрынітарызм. Яго ідэолагі (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і іншыя) патрабавалі радыкальных сацыяльных пераўтварэнняў, асуджалі прыгонніцтва, прапаведвалі агульнасць маёмасці, што прывяло іх да канфлікту з кальвінісцкай шляхтай. У сярэдзіне XVII ст. члены арыянскіх абшчын былі выгнаны з Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII ст. пад ударамі Контррэфармацыі Рэфармацыя сыходзіць з гістарычнай арэны.

Папства зрабіла стаўку ў выратаванні каталіцкай царквы на ордэн езуітаў. У ВКЛ езуіты з’явіліся на наступны год пасля Люблінскай уніі, выкліканыя віленскім біскупам для барацьбы з Рэфармацыяй. Галоўным ідэолагам Контррэфармацыі на Беларусі і ў Літве стаў Пётр Скарга. Правячыя колы Рэчы Паспалітай надзялялі езуітаў вялікімі зямельнымі ўладаннямі. Эканамічная моц забяспечыла ім магутны ідэалагічны і палітычны ўплыў.

Езуіты ўзялі ў свае рукі адукацыю – адкрылі акадэмію ў Вільні і 11 калегіумаў на Беларусі, пакрылі яе сеткай сваіх касцёлаў і кляштароў, заняліся дабрачыннай дзейнасцю. Адноўлены і ўзмоцнены каталіцызм пачаў выціскаць пратэстанцкія абшчыны. К канцу XVII ст. Контррэфармацыя ў княстве перамагла.

Да сярэдзіны XVII ст. – польскія каралі практычна падпарадкавалі сабе праваслаўную царкву.

Распрацаваная Трыдэнцкім саборам праграма рэстаўрацыі касцёла прадугледжвала распаўсюджванне яго ва ўсходнеславянскім свеце. Заснаванне Маскоўскага патрыярхату ў 1589 г. узмацняла праваслаўе на рускіх землях. Таму Ватыкан паспяшаўся з набліжэннем да сябе другой часткі гэтага свету – беларуска-украінскай – праз унію. Яго намеры супалі з імкненнем палітыкаў умацаваць Рэч Паспалітую праз адзінавер’е ўсіх яе падданых.

Некаторых мясцовых праваслаўных лідэраў (К. Астрожскі, I. Пацей, К. Тарлецкі і іншыя) прывабіў сваёй жыццяздольнасцю каталіцкі захад. Яны ўбачылі шлях да пераадолення духоўнага крызісу ў заключэнні уніі з Рымам. Гэты шлях быў рэалізаваны ў выглядзе Берасцейскай уніі.

Новы накірунак хрысціянства – уніяцтва – быў аформлены на Берасцейскім саборы 6 – 9 кастрычніка 1596 г. Ён прадугледжваў захаванне праваслаўнай абраднасці, царкоўна-славянскай мовы ў набажэнстве, але прызнаваў вяршэнства папы рымскага, каталіцкае веравучэнне.

Але замест спакою унія стала крыніцай раздораў. Першым напрамкам рэлігійнай барацьбы была літаратурна-багаслоўская палеміка. Другім напрамкам была парламенцкая барацьба. На сеймах паміж праваслаўнымі і уніятамі адбываліся вострыя спрэчкі. Трэцяй формай рэлігійнай барацьбы была адміністрацыйная барацьба: закрыццё праваслаўных цэркваў, перадача іх і манастыроў уніятам.

Па Беларусі пракацілася хваля антыуніяцкіх выступленняў. Першай акцыяй стала паўстанне Севярына Налівайкі (1595 – 1596). З пачатку XVII ст. усё большую вагу пачалі набываць казакі. Яны пачалі бараніць пакрыўджаную царкву. У 1648 г. на барацьбу з прыгнятальнікамі ўзнялося запарожскае казацтва на чале з Б.Хмяльніцкім, адным з галоўных патрабаванняў паўстання была ліквідацыя уніяцкай царквы.

У ХVІІ – ХVІІІ стст. на Беларусі ўзмацнілася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх манаскіх ордэнаў – францысканцаў, дамініканцаў, базыльян, бернардзінцаў, бенедыктынцаў і інш. Яны праводзілі гвалтоўнае акаталічванне беларускага насельніцтва. Абаронцамі праваслаўя сталі праваслаўныя брацтвы, якія ўзніклі ў XVI ст. Галоўны напрамак іх дзейнасці – захаванне чысціні праваслаўнага вучэння, богаслужэння і царкоўнага кіравання.

Такім чынам, на працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай беларускі народ вымушаны быў весці цяжкую барацьбу за сваю веру, мову, культуру.

 


Дата добавления: 2015-07-11; просмотров: 225 | Нарушение авторских прав






mybiblioteka.su - 2015-2024 год. (0.009 сек.)